TOP

ПРОРВА ПАГЛЫБЛЯЕЦЦА

Маёмаснае і фінансавае размежаванне людзей нарастае. Адзін абсталёўвае пампезны, мільённадоларавы дом пазалочанымі ўнітазамі, якія да таго яшчэ і спяваюць (!), купляе ў прыватнае карыстанне самалёты, верталёты, гіганцкія яхты, а другому не хапае грошай, каб купіць лекі для хворага дзіцяці. 

Разумныя і адказныя аналітыкі з вялікай трывогай гавораць, пішуць пра імклівае пашырэнне і паглыбленне прорвы паміж беднымі і багатымі людзьмі, якая несумненна разбурае стабільнасць у кожнай асобнай краіне і ў цэлым на планеце.

Расійскі пісьменнік М. Бутаў заглядае яшчэ далей: «Я думаю, что самые существенные изменения, перевороты в ближайшем будущем произойдут в области биологии и медицины. Они будут связаны с увеличением продолжительности жизни, омоложением, избавлением от телесных страданий. И предполагаю, что эти разработки будут рассчитаны далеко не на всех людей, даже в «цивилизованных» странах. Возможно, роль барьера будет играть не только цена на медицинское ноу-хау, но и выстроенная изначально особая система распределения. В результате между элитой и всеми остальными образуется пропасть уже биологического свойства. То есть отличаться они станут не уровнем потребления, а продолжительностью и безболезненностью существования, и отличаться сильно. Я помню, что на эту тему есть много фантастических романов, но теперь мне такая картина уже не кажется фантастической».

Але вернемся ад арыгінальных прадбачанняў да жыццёвых рэалій. На працягу многіх гадоў я пісаў пра тое, што ў Беларусі скрытна ад народа, ціхай сапай адбываецца імклівы рост алігархічнага класа. Чыноўнікі з пенай на вуснах аспрэчвалі назіранне. А потым на табе, высветлілася: па колькасці доларавых мільянераў на беларускую душу «сінявокая» ў паўтара разы перагнала Расію, мае іх каля 10 тысяч, хоць мясцовыя алігархі па вядомых прычынах сядзяць «у падполлі», стараюцца не засвечвацца.

А па Расіі лічбы такія: маецца100 тысяч доларавых мільянераў,1% ад насельніцтва кантралюе 71% багацця, на долю 95% расіян прыпадае 4,5% шчадротаў. Суадносіны валодання дабротамі паміж багатымі і беднымі ў Беларусі засакрэчаны, яны могуць адрознівацца ад суседскіх, але нязначна.

Пагоня за раскошай стала такая, што з-за грошай многія людзі ідуць на любыя злачынствы, проста «злятаюць з катушак» і нават не заўважаюць гэтага. Нездарма ў Беларусі і Расіі з’явіліся выразы: «нелігітымная эліта», «парад жулікаў», «дэманстратыўнае спажываннне». Аўтарытарная ўлада дазваляе красці, яна сама падштурхоўвае да гэтага падначаленых.

Згодна меркаванняў спецыялістаў, рост няроўнасці прыбыткаў багатых і бедных нясе пагрозу для развіцця вытворчасці ў асобных краінах і ўвогуле для сусветнай эканомікі, бо ў большасці людзей прападае магчымасць набыцця прадуктаў і рэчаў.

Калі я кажу пра «прорву», то маю на ўвазе розныя аспекты жыцця. Скажам, той жа разрыў у сацыяльным забеспячэнні. Гэта бачна на прыкладзе розніцы паміж пенсіямі простых людзей і былых чыноўнікаў, дэпутатаў, сілавікоў. Памер пенсій у Беларусі ўжо з моманту іх прызначэння адрозніваецца ў 3-4 разы, што абсалютна несправядліва і чаго ніколі няма ў дэмакратычных краінах. Пасля з кожным новым павышэннем, якое робіцца ў выніку эканамічнай нестабільнасці, разрыў імкліва павялічваецца, бо 10% ад 2 і ад 8-10 мільёнаў рублёў даюць розныя прыбаўкі.

На невясёлыя думкі наводзяць узаемаадносіны ў постсавецкіх дзяржавах улады і народа, бо ўспамінаецца, як праводзяць інаўгурацыю прэзідэнта ў Беларусі, як на чарговае ўрачыстае дзейства ехаў У. Пуцін па пустых вуліцах Масквы. Народ для аўтакратаў — гэта тыя, каго збіраюць па строгім спісе ў парадную залу, хто ліжа ім адно месца, хто глядзіць у рот за «косткі» з барскага стала ў выглядзе пасадаў, нерухомасці, грошай.

Але ж мы пастаянна бачым хвалюючыя сюжэты выяўлення сапраўднай павагі да кіраўнікоў у ЗША, Англіі, Францыі, Германіі?А як тады быць з навагоднімі зваротамі тутэйшых лідэраў з тэлескрыні да народа: «Только вместе!»?

Рэакцыя чыноўнікаў на пратэсты грамадзян, на крытычныя выступы незалежнага друку заўжды аднолькавая: «Пусць клявешчуць, а нам напляваць!» З прычыны абурэння жыхароў Мінска пабудовай казіно, якое можа нанесці шкоду «зялёнай зоне» і крыміналізаваць тэрыторыю ля дзіцячага парка, адзін з высокіх архітэктурных начальнікаў заявіў, што зямлёю распараджаюцца яны, а народ да гэтага ніякіх адносін не мае. Вы збірайце подпісы, наладжвайце грамадскія абмеркаванні, мітынгуйце, а мы зробім так, як захочам, як выгадна нейчай кішэні…

Справядліва рашыць праблему нармальнага чалавечага дабрабыту дазваляе ўзаемапранікненне двух прынцыпаў — сацыялістычнага і капіталістычнага. Гэтая ідэя, як мне здаецца, удала ажыццяўляецца ў Паўночнай Еўропе. У Даніі, дзе я знаёміўся з арганізацыяй вытворчасці ў горадах і вёсках, з рашэннем сацыяльных праблем, быў у дашкольных установах, гімназіях, бальніцах, дамах састарэлых, турмах лёгкага, сярэдняга і строгага рэжыму, ёсць неблагія вынікі. Мне пашчасціла ўбачыць, як дзяржава клапоціцца пра грамадзяніна, як давярае яму, але і правярае яго, а той у сваю чаргу адчувае адказнасць за сябе, за сям’ю і за ўсю дзяржаву, а таму кантралюе ўладу, сілавыя структуры.

Беларусам трэба таксама заваяваць права быць сапраўднымі грамадзянамі, дайсці да стану, калі асобны чалавек адчувае сябе актыўным удзельнікам развіцця грамадства і краіны, абмяркоўвае ўсе праблемы і лічыць, што яго меркаванне мае важнае значэнне.

Дэмакратыя, якую ў Беларусі значная частка замбіраванага насельніцтва ніяк не можа прыняць, не звальваецца на галовы людзей аднекуль. Яна — лагічны вынік развіцця гістарычных перадумоў. Згодна Канстытуцыі народ павінен быць гаспадаром сваёй краіны, і ўрэшце ён гэтага дасягае. Маючы прыватную ўласнасць, кожны чалавек становіцца фінансава незалежным ад улады. На гэтым грунце вырастае і палітычная незалежнасць. Людзі перастаюць быць прыслужнікамі, рабамі.

У дэмакратычных умовах у нас вырастала б іншае пакаленне беларусаў. Гэта былі б не прыстасаванцы, не кар’ерысты, не зайздроснікі, а свабодныя, ініцыятыўныя, смелыя і добрыя людзі.

Пра «закручванне гаек» расійскі спявак і музыка А. Градскі кажа:»Власть пытается прощупать уровень допустимого терпения народа. Но можно ведь один раз так надавить, что не успеешь проверить. Прибегут, побьют стёкла, все вынесут и макнут головой в прорубь… Это может произойти в любой момент и с любым режимом, даже с сегодняшним».

Беларусь цяпер актыўна супрацоўнічае з Кітаем. Можна павучыцца ў кіраўніцтва гэтай краіны, якое самакрытычна канстатуе, што «чыноўнікі пачалі аддзяляцца ад народа», і заклікае іх «захоўваць сувязь з масамі», «свабодней мысліць, жыць больш адкрыта». Яшчэ напомню, што ў кітайцаў, на вялікія поспехі якіх са здзіўленнем глядзіць сёння свет, ёсць крылаты выраз: «Нельга доўга хаваць агонь пад паперай».

Тым, хто ў Беларусі спрабуе схавацца ад народа за спінамі і мускулатурай сілавікоў, за высокімі агарожамі «царскіх» Драздоў і іншых «элітных» пасёлкаў, трэба абавязкова прыслухацца да мудрых слоў!

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.