TOP

ЧАРВЯК ХАЛТУРЫ

Калі гаворка заходзіць пра халтуру, то звычайна ўспамінаюць сантэхнікаў, якія не могуць якасна адрамантаваць вадаправодны кран, будаўнікоў, што здалі заказчыку дом з дзіравым дахам, рабочых, якія кепска паклалі асфальт або плітку. Але ў аўтарытарнай дзяржаве гэтая з’ява глядзіцца па-іншаму, яна пранікае ва ўсе сферы жыцця і набывае маштаб эпідэміі. 

У людзей, нягледзячы на тое, што яны займаюць найвышэйшую прыступку ў жывым свеце, маецца шмат адмоўных якасцяў. Доктар біялагічных навук Цукатаў, герой рамана расійскага пісьменніка П. Крусанава «Валасатая сутра», заўважыў: «Из всех паразитов, пожирающих человека, после предательства, я больше всего не терплю червя халтуры — плохо сделанную работу, выдаваемую за сделанную как надо…»

Першае, што з прыходам незалежнасці кожнаму народу належыць зрабіць «як трэба», — гэта арганізаваць нармальную, дэмакратычную дзяржаву, якая будзе яму служыць. Беларусы не справіліся з самай важнай задачай, яны выканалі яе халтурна, бо дазволілі прыйсці да ўлады аўтарытарнаму рэжыму.

Вынік такой глабальнай халтуры — гэта перапісванне Канстытуцыі ва ўгоду паталагічнаму ўладалюбству індывіда, гэта непадкантрольныя грамадскасці, непразрыстыя выбары парламента і прэзідэнта, несумленныя суды, хлуслівыя СМІ.

Насельніцтва амаль за два дзесяцігоддзі пераканалася, што на хвалі эмоцый спрацавала вельмі няякасна, але нічога не вернеш. Вось і жыве яно цяпер па ўказах, дэкрэтах правіцеля, а яшчэ па законах, прыдуманых ягоным кланам, да якіх прышпілены дзесяткі інструкцый, падінструкцый, тлумачэнняў.

Сапраўды, у мясцовым заканадаўстве нават чорт можа нагу зламаць. Затое ім задаволена выканаўчая ўлада. З’едлівую народную прымаўку пра закон і дышаль чыноўнікі ўспрымаюць як кіраўніцтва да халтурных дзеянняў, а таму спакойна ўсё паварочваюць, падкручваюць на сваю карысць. Яны нікога не баяцца, бо кантралююць сябе самі.

Суды заўжды глядзяць у рот вышэйшаму начальству, таму ў іх дзеяннях можа прысутнічаць і быць апраўданым любы абсурд. Іх халтурную сутнасць выяўляе нават такі факт: прадстаўнікі праваахоўных органаў выступаюць сведкамі, якія нахабна, цынічна хлусяць, каб абылгаць і затым асудзіць невінаватых людзей толькі за тое, што яны — іншадумцы.

Жудасная халтура ўварвалася ў інфармацыйную сферу. У афіцыйных СМІ тэматыка, падбор і падача матэрыялаў скаціліся практычна да пары, калі правіў вусаты генералісімус. Ідзе не толькі аплёўванне дэмакратыі, але і рэанімацыя культу Сталіна, бо некаму вельмі карціць прымерыць ягоны шынэль. Тэлебачанне, якое ўплывае на значную частку насельніцтва, апанавалі міліцэйска-бандыцкія баевікі, гламурныя меладрамы, абсалютна далёкія ад рэальнага жыцця людзей. Што тычыцца ўварвання тутэйшых халтуршчыкаў у расійскія каналы або пастаяннага парушэння тэлевізійных праграм перадач, то яны даводзяць мільёны гледачоў да абурэння і нянавісці, якія скіроўваюцца на ўладу.

У атмасферы заканадаўчай, выканаўчай і судовай халтуры вярхоў няблага пачуваюць сябе нізавыя халтуршчыкі. Напрыклад, аварыя з ахвярамі на «Пінскдрэве» (14 чалавек загінула, 3 атрымалі цяжкія раны), якую ўлада спрабавала схаваць ад насельніцтва, адбылася па прычыне «парушэння правіл эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўляна-паліўных гранул». Дзякуй Богу, што такія трагедыі рэдкія, але ў гарадах пастаянна ёсць праблемы з халтурна збудаванымі аб’ектамі, часта б’юць з зямлі фантаны гарачай вады. Кожнаму зразумела, што цеплатрасы зношваюцца, іх трэба рамантаваць, але ж не штолета на адным і тым жа ўчастку на працягу дзесяці (!) гадоў.

Нядаўна адбылася аварыя на ТЭЦ-5, для якой паставіла турбіну і займалася мантажом Кітайская нацыянальная карпарацыя. Так што халтура мае размах інтэрнацыянальны. Калі людзі працуюць не для сябе, не для грамадства, а для начальства, то ў такім выпадку і ўзнікаюць датэрміновыя здачы аб’ектаў, халтура, прыпіскі, паказуха.

Але аўтакраты ўсё роўна не задаволены масамі, якімі кіруюць. Апошнім часам у Беларусі з трыбун загучала «адкрыццё» пра «дэградацыю народа». Але чаму ён дэградуе, начальства «не здагадваецца». Ды таму, што людзі працуюць толькі на элементарнае выжыванне, на падтрымку фізічных сіл, на ежу і лекі, а ўсё астатняе застаецца марай!

Аўтакратаў мала цікавіць узровень адукацыі, культуры, маральны стан людзей, якія, дарэчы, яшчэ да гэтага часу ў незалежнай дзяржаве вучацца па прасавецкіх халтурных падручніках, дапаможніках, слоўніках роднай мовы. Для іх самымі важнымі з’яўляюцца такія паказчыкі, як паслухмянасць, дысцыплінаванасць, лаяльнасць да ўлады, а яшчэ лепш — абагаўленне «правадыра». Наменклатура прывыкла да таго, што насельніцтва павінна глядзець на яе знізу ўверх, прытым, хоць і пад страхам, але з захапленнем і нават з любоўю.

На жаль, ідэалагічнае замбіраванне насельніцтва не праходзіць бясследна. Дурное заклінанне «Толькі б не было вайны!», якое далдоняць, бы тыя папугаі, не толькі вясковыя дзяды і бабулі, але і гарадскія дыпламаваныя мужы і дамы, апраўдвае самаўпраўства ўлады, засланяе прымітыўны быт. Людзі прывыклі да няякасных прадуктаў і тавараў, да халтурнага абслугоўвання, да дзіравых дахаў і сырых сцен, да запляваных пад’ездаў.

Як ні круці, а з усталяваннем аўтарытарызму беларускае жыццё стала закончана халтурным. Хто сёння адкажа: у нас заканадаўчая і выканаўчая ўлады легітымныя або не? Хто заявіць, што верыць у справядлівасць судоў? Нездарма людзі не давяраюць сваёй дзяржаве, дзесяткі тысяч суайчыннікаў працуюць за мяжой на пастаяннай аснове, а каля мільёна выязджае на «шабашку».

Халтура, якая наскрозь пранізвае дзяржаву, даводзіць яе да стану, апісанага вядомым расійскім паэтам І. Ірценьевым:

У государственной машины
Давно перекосило стойки,
И ржавые торчат пружины,
Как из матраса на помойке.
 
Все, что не криво в ней — то косо,
А что не косо в ней — то криво,
Хотя еще скрипят колеса
Законам физики на диво.

Чытаючы дасціпныя радкі пра стан суседняй краіны, я ўсміхнуўся. Законы фізікі не спрацоўваюць у дачыненні да Расіі, пакуль у яе ёсць галоўная падпорка — газ і нафта. Каб забраць Беларусь у імперскія абдымкі, суседнім аўтакратам даводзіцца дзяліцца, карміць «братні» адыёзны рэжым, трымаць яго на плыву. У пачатку ХХІ стагоддзя ўзурпатарам надта пашанцавала, але хутка халява скончыцца. Без мадэрнізацыі вытворчасці, без новых тэхналогій дзве краіны будуць выглядаць так, як у пушкінскай казцы бабуля ля разбітага карыта.

Але ў Беларусі мадэрнізацыя заключаецца толькі ў «ператрахванні» кадраў, якое часам даходзіць да абсурду, калі мяняюць «быка на індыка», «шыла на мыла».

У мяне ёсць і свае асацыяцыі. Аўтарытарная Беларусь, дзе функцыянаванне ўсіх службаў скіравана на ўтрыманне ўлады адным чалавекам, падобна на яблык, у якім завёўся тлусты, ненажэрны чарвяк. Звонку плод выглядае нібыта нармальна, за выключэннем дзіркі на паверхні, яшчэ захоўваюцца форма, колер, але галоўнага — сакавітага нутра — няма, яно выедзена даастатку, замест яго — экскрэменты. 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.