TOP

ДЗЕ ТРЭЦЯЯ СІЛА?

Па лясной сцежцы поўз клапатлівы мураш, цягнуў ігліцу ў свой недалёкі дом. Чалавек у масіўных ботах не заўважыў унікальнага працаўніка, наступіў на яго і спакойна пайшоў далей. Так бывае. Вялікая сіла — сляпая, яна часта не звяртае ўвагі на тое, што робіцца навокал, а толькі тупа сунецца наперад.

Ва ўмовах аўтарытарызму дзяржаўная машына дзейнічае якраз падобным чынам: няўклюдна, неразваротліва, жорстка, рэпрэсіўна, абыякава да патрэб канкрэтных людзей. Чыноўнікі любяць аперыраваць маштабным паняццем «народ», прыкрываючыся ім і нібыта ягонымі меркаваннямі, хоць з людзьмі даўно ўжо ніхто не раіцца. Усё падпарадкавана галоўнай мэце — захаваць на троне ўзурпатара, які надоўга прыліп да яго салідным месцам. Дзеля амбіцый уладалюбца сістэма пастаянна стараецца абылгаць, прынізіць, траўміраваць маральна або нават знішчыць фізічна іншадумцаў, непакорных грамадзян.

Большасць насельніцтва звыкла да навязанага парадку, не бачыць у гэтым вялікай небяспекі, не думае пра яе. А між тым імкненне захаваць уладу любой цаной заўсёды канчаецца крахам, прытым не толькі стратай нахабным індывідам кіраўнічых лейцаў, але маральнай дэградацыяй народа і магчымай гібеллю самой краіны.

Сілы, якія існуюць на тутэйшым палітычным полі, у прамовах жадаюць Айчыне і беларусам дабра. Але гэта на словах. Канкрэтныя дзеянні сведчаць пра адваротнае. Нядаўна вышэйшае кіраўніцтва краіны па тэлебачанні публічна распісалася ў сваёй бездапаможнасці, жывапісуючы правалы ва ўсіх сферах гаспадарання, поўную адсутнасць кантролю за махлярамі і карупцыянерамі. Заяўлена, што чыноўнікі жывуць «в ином мире», а народ існуе ў сваім закутку з мізэрнымі зарплатамі і пенсіямі, з галапіруючымі цэнамі, тарыфамі. Дык куды за 18 гадоў аўтарытарызму, маючы «бліскучыя перамогі і здзяйсненні», беларусы прыйшлі? У дэмакратычнай краіне пасля такіх крытычных заяў адразу сыходзяць у адстаўку і прэзідэнт, і ўрад!

Нічога талковага не атрымліваецца і ў апазіцыі, якая, відаць, не аб’яднаецца ніколі, бо там ідзе дзяльба замежных грашовых рэсурсаў з розных крыніц пад асобныя мэты і абрыдлае беларусам спаборніцтва: хто больш геніяльны палітык? Дарэчы, гэтая хранічная хвароба не абмінула і маладых грамадскіх дзеячаў.

Дык дзе ж сіла, якая можа разабрацца з дзвюма вышэй названымі, станоўча паўплываць на іх? Трэцяя сіла — гэта не нейкі абстрактны народ, а дзеючая грамадзянская супольнасць, якая на роўных гаворыць з уладай, з апазіцыяй і пастаянна кантралюе іх працу.

Я даўно ўглядаюся ў беларускі дзевяцімільённы чалавечы акіян, і балючыя думкі трывожаць душу. На Каляды сеў да тэлевізара, каб убачыць царкоўныя ўрачыстасці. Вось на экране рэпартаж з Расіі: прыгожыя, чыстыя, светлыя, спакойныя абліччы. Бачна, што людзі прыйшлі на вялікае свята, што ў гэтыя хвіліны яны ўзвышаюцца душою і сэрцам.

Поўная процілегласць назіралася ў Свята-духавым саборы ў Мінску. Мала таго, што тэлевізійнікі працавалі пагана, на экране ўсё мільгацела. Дык яшчэ самі вернікі нейкія затурканыя, загнаныя, безгустоўна апранутыя. Бачна адно толькі мітуслівае прыкладанне да рукі святара. Людзі паводзяць сябе так, нібыта яны не ў царкве, а ў чарзе па «сацыяльнае малако»…

У савецкі час быў прапагандысцкі выраз — «паўзучая контррэвалюцыя». Ім характарызавалі гэтак званых «унутраных ворагаў». Цяпер рэжым узяў на ўзбраенне такія вызначэнні сваіх апанентаў, як «пятая калона», «свядомыя», што з’яўляецца вялікім глупствам, абсурдам.

А вось паўзучы канфармізм, прыстасавальніцтва сталі ў Беларусі прыкрай рэальнасцю. Яны растуць не проста так, не на пустым месцы. Вельмі хутка мізарнее і выветрываецца натуральная, здаровая сіла, дух народа, калі яго пачынаюць метадычна апрацоўваць узурпатар, уладная чэлядзь, ідэолагі, міліцыя і спецслужбы!

Дзве маладыя выкладчыцы едуць у тралейбусе, спакойна размаўляючы па-беларуску, на роднай мове, якая асноўная на іхняй працы. Змрочная дама доўга назірае за імі з падціснутымі вуснамі, а затым, выходзячы, выкрыквае з нянавісцю: «Вы что, говорить нормально не можете? На каком языке вы разговариваете?» Што і каму хацела даказаць раз’ятраная кабета? У якой краіне свету, акрамя Беларусі, такое можа быць?

У магазіне пакупніца зрабіла заўвагу, што выбар прадуктаў прыкметна змізарнеў. Прадавец за прылаўкам згаджаецца. Падбягае начальніца: «В «Евроопте» ассортимент на 50% уменьшился. Ничего не будет, если только Лукашенко не займется и не наведет порядок». Пакупніца кажа: «Няўжо ён і тут спецыяліст? Без яго ні капусту, ні агуркі вы прадаць не можаце?» Дама, аднолькавая ў шырыню і ў вышыню, адразу пранізліва вісчыць: «Нечего тут митинговать! Намекать! Мы знаем вашу направленность. Сейчас вызову милицию!»

Гэтыя тыповыя сцэнкі з тутэйшага жыцця змусілі мяне згадаць словы класіка рускай літаратуры М. Горкага: «Мы привыкли ко многому, что пагубно для нас. Века жили мы со связанными руками, с закрытым ртом. Мы плохо умеем говорить правду, мы трусливы, мы не любим труда. У нас не развито чувство личной ответственности за безобразие и позор нашей жизни. У нас нет гордости собою, нет уважения к ближнему…

Источник наших несчастий — наша малограмотность. Чтобы хорошо жить, надо хорошо работать, чтобы крепко стоять на ногах, надо много знать».

Вельмі цяжка нараджаецца ў Беларусі ва ўмовах аўтарытарызму трэцяя сіла. Я ведаю настаўнікаў, якія падчас выбараў адмовіліся без пісьмовага загаду збіраць подпісы за дзеючага прэзідэнта. Калі іх за гэта пачалі выганяць з працы, то яны сказалі начальству: «Калі ласка, але ў працоўнай кніжцы пішыце праўдзівую прычыну звальнення — «адмовіўся збіраць подпісы за кіраўніка дзяржавы». Школьныя цэрберы ад такой прапановы былі ў смяротным жаху!

Смелыя людзі, як правіла, таленавітыя рознапланава, яны знайшлі месца ў іншых сферах, матэрыяльных даброт атрымліваюць болей, чым раней. Затое прыроджаных, выдатных педагогаў згубіла школа, якая пры аўтарытарызме перарадзілася ў прымітыўную бурсу з сумніўным ідэалагічным акцэнтам для дзяцей, а для дырэктара і настаўнікаў — у кантору па напісанні справаздач і службовых запісак…

Бяспамятная Беларусь перажывае пакуты «дурных повторений», яна зноў гадуе кан’юнктуршчыкаў, падхалімаў, халуёў, зайздроснікаў, стукачоў. Пра гэта радкі майго верша «Ахвяры і каты:

 
Калі палыхалі хатынскія хаты,
То ясна было: хто ахвяры, хто каты.
 
Але час праходзіць… У новай аблудзе
Нібы ў цёмнай пушчы, губляюцца людзі.
 
Хатынь б’е ў званы, ды маўчаць Курапаты…
І зноў пасміхаецца ідал вусаты.
 
Хоць катаў між нас і не надта ўжо многа,
Чаму ж сэрца трушчыць нямая трывога?
 
Чаму не цішэюць балючыя ўдары?
Трывожаць не каты, а болей — ахвяры.
 
Гвалт хіжы клыкастую пашчу ашчэрыў,
Нам, як у вайну, трэба ўзняцца яшчэ раз.
 
Але, пазіраючы ў страху на хмары,
Сабе сталі катамі самі ахвяры.
 

Каб апраўдаць страх, баязлівасць, усе спасылаюцца на тое, што яны паднявольныя людзі. Замест таго, каб прымаць адказнасць на сябе, трэцяя сіла ў Беларусі пасіўна затаілася. Мой старэйшы сябра Васіль Быкаў казаў: «Таленавіты чалавек, але такая нясмелая душа!»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.