TOP

СВЯТА ЖЫВАТА

Нягледзячы на новыя тэхналогіі і параўнаўча высокія ўраджаі ў сельскай гаспадарцы, праблема забеспячэння насельніцтва харчаваннем у многіх краінах застаецца надзённай і да канца невырашальнай. СМІ не стамляюцца паўтараць, што на планеце каля мільярда чалавек пастаянна галадае.

Высвятляць і пазначаць прычыны маштабнай бяды, якая тычыцца не нейкіх высокіх матэрый, а элементарнай фізіялагічнай патрэбы чалавека штодзённа есці для падтрымання сваіх сіл, — задача спецыялістаў. У кожнай краіне ёсць адметная спецыфіка, многае залежыць ад клімату, ад менталітэту і традыцый народа, ад колькасці ўрадлівай зямлі, ад тэхнічнай узброенасці сельскай гаспадаркі, ад прафесіяналізму працаўнікоў.

Я спынюся на псіхалагічных і сацыяльных аспектах праблемы. Думаецца, што адной з важных прычын голаду або няякаснага харчавання з’яўляецца сама недасканалая людская прырода. Гісторыя чалавецтва і наша рэчаіснасць даюць падставу для такой высновы. Слушна разважае расійскі вучоны М. Вахцін: «То есть едва только возникает ситуация, когда есть десять человек, а еды хватает на восемь, как тут же в полный рост поднимаются в человеке зверские инстинкты: самый сильный становится вожаком и забирает себе львиную долю, а остальных оделяет от щедрот своих; самый слабый обречен на гибель, и никто ему, слабому, не поможет и никто его не пожалеет, потому что о какой жалости может идти речь, когда жрать нечего. А если к этому добавить безнаказанность… или пуще того — поощрение, когда гнать и давить слабых оказывается вроде как доблестью или хотя бы выгодно, ну, тогда и вовсе кранты».

Пра тое, што такое голад і як хутка ён расчалавечвае людзей, пераканаўча расказалі ў сваіх успамінах жыхары блакаднага Ленінграда. Я перачытаў іх шмат, і, хоць у пасляваенным маленстве сам часта недаядаў, праўдзівыя, цяжкія словы ўражвалі бязлітасна. Вось радкі з «Блокадного дневника» Р. Попеля: «Голодный, исхудавший, похожий на обтянутый кожей скелет, я лежу на скамье, положив голову на колени матери. Время от времени я закрываю глаза, и сразу тело начинает расти, увеличиваться в объеме, ноги делаются гигантскими, словно стволы деревьев».

Здаецца, што галодная смерць, якая заўжды падпільноўвае чалавецтва, даўно павінна была навучыць людзей жыць сумленна і сціпла, думаць пра іншых, ды нічога падобнага не адбываецца.

Ва ўсе часы з людскіх нетраў вылазяць цынічныя аматары раскошнага жыцця за чужы кошт, агідныя марадзёры, амаральныя мярзотнікі, каб быць ля карыта першымі. Так атрымалася пасля распаду СССР, калі агульнае багацце ўсіх народаў «камуністычнай імперыі» расцягнулі злодзеі ва ўладзе, іхнія родзічы, сябры і халуі. Гэта яны распачалі «свята жывата»: нахабнае, жульніцкае абагачэнне і разгульнае, купецкае спажыванне. Такім чынам, быў дадзены імпульс татальнай грашовай ліхаманцы.

Маючы прыклад, сённяшнія кіраўнікі ўсіх рангаў працягваюць распіл бюджэту, раскраданне народнага дабра, якое набыло жудасныя памеры. Нашу партнёршу па Саюзнай дзяржаве — гіганцкую Расію — скаланаюць шматлікія арышты казнакрадаў з ведамстваў Міністэрства абароны, з іншых дзяржаўных структур, судовыя працэсы над былымі губернатарамі, мэрамі і т.д. З рыпам, цяжка, бо жулікі знаходзяць апеку ў вышэйшых эшалонах улады або адкупляюцца нацяганымі і прысабечанымі грашыма, але антыкарупцыйны працэс зрушыўся. Шкада толькі, што ён паказушны, павярхоўны, не закранае асноў аўтарытарнай сістэмы, якая дазваляе красці і жуку, і жабе, а сумленныя грамадзяне чакаюць рэальных вынікаў.

У Беларусі кіруючых жулікаў на душу насельніцтва не менш, чым у Расіі. Схемы раскрадання прыкладна аднолькавыя, адбываецца тое ж самае, але, нягледзячы на грозныя абяцанні правіцеля, пасадкі ў нас не такія частыя. Прытым хцівых мярзотнікаў хаваюць ад людскога гневу, суды праводзяцца закрытымі, інфармацыі няма зусім альбо яна мінімальная.

Свята жывата бывае рознае. Калі высокапастаўленыя махляры могуць есці любыя далікатэсы, піць шампанскае, вывальваючы за бутэльку сотні і нават тысячы долараў, то звычайны чалавек прыцэньваецца да сасісак. У асноўным расійскую халяву і замежныя пазыкі, якія давядзецца аддаваць дзецям і ўнукам, праядаюць сёння чыноўнікі, дэпутаты, сілавікі, прыўладныя прадпрымальнікі.

Акрамя таго, вырасла племя бізнесменаў з арыгінальным падыходам да сваёй працы: на табе, Божа, што мне нягожа! У іх асобнае свята жывата. Адзін уладальнік разрэкламаванай харчэўні ў інтэв’ю па тэлебачанні заявіў: «Я не ем в своем ресторане. Я продукты в Италии покупаю». Відаць, баіцца атруціцца ўласнай прадукцыяй. Вось яны якія — расхвалены народ і высокі беларускі «патрыятызм»!

Тутэйшы люд не выходзіць на вуліцы змагацца за свае правы, як гэта пад кіраўніцтвам прафсаюзаў робяць італьянцы, іспанцы, партугальцы, французы, бо яму дастаткова сціплай падачкі з барскага стала — мізэрных зарплат і жабрачых пенсій. Нейкае свята жывата забяспечана, ну і ладна!

Сапраўды, голаду ў Беларусі няма, але ўзровень якасці жыцця насельніцтва пастаянна зніжаецца, што фіксуюць нават афіцыйныя органы. Галоўнае статыстычнае ўпраўленне г. Мінска сцвярджае, што ў мінулым годзе сталічныя сем’і на закуп прадуктаў і харчаванне па-за домам штомесяц выдаткоўвалі ў сярэднім больш за 2 мільёны беларускіх рублёў, што складае 42,4% агульнага спажывецкага расходу.

Не ведаю, якім чынам выводзілі лічбу, але я хацеў бы ўбачыць шчасліўца-статыстыка, які ўціскаецца ў пазначаныя рамкі. Як пакупнік, рэгулярна наведваючы прадуктовыя магазіны і рынкі, бачачы рэальныя цэны, хачу ўсё ж верыць незалежным экспертам-эканамістам, якія сцвярджаюць, што выдаткі на харчаванне ў большасці сем’яў даходзяць да 60—70 працэнтаў.

Такім чынам, свята жывата забірае дзве траціны сямейнага бюджэту, а рэшту падчышчаюць жыллёва-камунальныя паслугі, выдаткі на дзяцей, лекі. Каб купіць прамысловыя тавары, трэба месяцамі паднатужвацца, эканоміць. Ці ж гэта нармальна?

Людзі змагаюцца за фізічнае выжыванне, ім некалі і няма на што павышаць свае веды, адукаванасць, культурны ўзровень. Пасля свята жывата беларусы абмяжоўваюцца танцам жывата, пад якім падразумяваюцца і спажываюцца маскультура, папса.

Нідэрландскі гісторык і філосаф Ё. Хейзінга ў кнізе «Цені заўтрашняга дня» пісаў: «Дзве вялікія культурныя заваёвы, якімі асабліва прывыклі ганарыцца, — усеагульная адукацыя і сучасная галоснасць — замест таго каб рэгулярна весці да павышэння ўзроўню культуры, наадварот, нясуць з сабой яўныя праявы выраджэння і ўпадку».

Думка, выказаная перад другой сусветнай вайной, засталася актуальнай, а ў ХХІ стагоддзі нават набыла рысы апакаліптычнага прадбачання. Дарослыя людзі кідаюцца на злом галавы да раскошы, да радасцяў жывёльнага статку, да дзіцячых забаў, выразна дэманструючы адмову ад сталення духу. З гэтай прычыны народны артыст Расіі А. Макарэвіч у роспачы заявіў: «По моим ощущениям, мы катимся черт знает куда!»

Беларускаму грамадству трэба ўзяцца за розум і пачаць рашуча выпраўляць становішча, каб свята жывата і танец жывата дарэшты не знішчылі ў нашых краях сапраўднае чалавечае жыццё.