TOP

ВЯЧЭРНІ ЗВОН

З надыходам часу перабудовы, галоснасці, а затым атрымання Беларуссю незалежнасці актыўна пачалося адраджэнне разбураных і ўзвядзенне новых храмаў. Цяпер над гарадамі і вёскамі плыве вячэрні звон. Нават той, хто ўсёй душою не адгукаецца на ягоны голас, усё ж мусіць спыніцца, каб засяродзіцца, задумацца…

Гісторыя стасункаў паміж царквой і савецкай дзяржавай, у якой давялося жыць большасці сучасных беларусаў, складаная і трагічная. Адным з камянёў у падмурку ідэалагічнай сістэмы стаў атэізм. Ён не быў вольнадумствам, а, наадварот, гвалтаваў свабодную думку. Створаны тады ўладай «Саюз бязбожнікаў» (!) налічваў каля 3 мільёнаў чалавек.

Бальшавікі пачалі вайну супраць царквы, бо ім не патрэбна была канкурыруючая арганізацыя. Разбураліся храмы ўсіх веравызнанняў, а святароў знішчалі, заганялі ў турмы і лагеры. Старшыня Савета народных камісараў У. Ленін пісаў паплечнікам: «Чем больше нам удастся черносотенного духовенства расстрелять, тем лучше».

Карнікам царквы стаў 6-ы сакрэтны аддзел УНК, які ўзначальваў Я. Тучкоў. Пра яго патрыярх Ціхан, якога паважалі і любілі мільёны вернікаў, сказаў так: «Придет ко мне некто в сером и будет меня мучить». Чэкісты цкавалі шаноўнага па ўзросце і ўчынках іерарха, які смела заявіў: «Я не могу отдать церковь в аренду государству». Доўгі хатні арышт пасля адмянілі, але працягвалі кантраляваць, ціснуць маральна. Вынікам гвалту стала пагаршэнне здароўя і смерць.

Пахаванне патрыярха Ціхана стала ўсенародным, у ім удзельнічала каля мільёна чалавек, якіх ніхто па разнарадцы не зганяў. Калі хавалі Леніна, людзей было значна менш.

Рэпрэсіі супраць царквы працягваліся і пры І. Сталіне. Толькі ў 1939 годзе выйшла сакрэтная пастанова пра адмену ленінскіх дакументаў. НКУС было загадана спыніць пераслед вернікаў, выпусціць святароў з турмаў…

60-я гадавіна з дня смерці І. Сталіна выклікала чарговую хвалю халуйскага адмывання ад людской крыві, заўзятага адбельвання і ліслівага ўслаўлення самага жорсткага і помслівага тырана ў ХХ стагоддзі.

Няпраўда, што Сталін пайшоў у 1941 годзе насустрач царкве з мэтай мабілізацыі краіны на адпор ворагу. Выбранне патрыярха, пацяпленне ў адносінах дзяржавы і царквы адбылося толькі ў 1943 годзе, калі стала рэальнай магчымасць уступлення Чырвонай Арміі ў Еўропу. Якраз тады трэба было «выправіць» уяўленне пра савецкі рэжым як ганіцеля веры, каб «прыручыць» праваслаўныя, каталіцкія і пратэстанцкія народы Усходняй Еўропы і заходняй часткі СССР.

Адбыўся подкуп царквы. У 1947 годзе ёй перадалі для выкарыстання ў спецыяльных мэтах 820 000 «инвалютных рублей». Для падарункаў Анціахійскаму і Александрыйскаму патрыярхам выдзелілі залатыя крыжы, адзенне з залатой парчы, якія раней у той жа царквы канфіскавалі. Калі прасавецкія рэжымы ў Еўропе ўмацаваліся, то націск на царкву аднавіўся.

У СССР царква не была аддзелена ад дзяржавы, як гэта дэкларавалася. Свецкая ўлада, якая кантралявала рэлігійных дзеячаў, змушала іх супрацоўнічаць з дзяржаўнымі структурамі, не выключаючы спецслужбы, а сама ставіла бар’ер паміж народам і верай.

А што адбываецца сёння? Свецкія і царкоўныя іерархі, якія звязаны сяброўствам у барацьбе за ўладу і багацце, на трыбунах, на амвонах бядуюць: чаму ў грамадстве катастрафічны заняпад маралі? Ім можна параіць: вы, калі ласка, гляньце збоку на саміх сябе, ацаніце ўласныя паводзіны, учынкі, і ўсё будзе ясна.

Насельніцтва бярэ прыклад з тых, хто сядзіць у высокіх крэслах, красуецца на экранах тэлевізараў. Пахіснулася мараль не толькі свецкіх начальнікаў, але і рэлігійных іерархаў. Пад выглядам міратворчай і гуманітарнай дзейнасці яны рашаюць фінансавыя праблемы, задавальняюць свае меркантыльныя інтарэсы. Адбыўся шэраг скандалаў у Ватыкане, звязаных з карупцыяй, крадзяжамі, пашырыліся абвінавачванні святароў у педафіліі. За прысабечванне дзяржаўных грошай арыштаваны архімандрыт Яфрэм з Грэцыі. У непрыемную сітуацыю з кватэрай і з гадзіннікам трапіў патрыярх Кірыл. Прытым уласныя прамашкі іерархі хочуць прыкрыць самой царквой. Адразу загучалі выказванні падручных: «Выпады против церкви!»; «За патриархов взялись!»

Сутнасць праблемы не ў тым, што нехта носіць гадзіннік за дзесяткі тысяч долараў. Напрыклад, буйныя бізнесоўцы, якім не хапае выхавання і густу, любяць пахваліцца, павыпендрывацца адзін перад адным раптоўным багаццем, з асалодаю купаюцца ў пошлым гламуры. Абмежаваных, маральна незагартаваных людзей, якія нечакана пераскочылі з аскетычнага савецкага сацыялізму ў дзікі капіталізм, дзе не дзейнічаюць ніякія законы, нельга апраўдаць, ды можна зразумець. Вельмі ж ім хацелася недасяжнага!

Калі ж аналагічная хвароба спасцігае святара вышэйшага рангу, то ягоную чалавечую слабасць таксама прыняць можна, але ў цэлым сітуацыя выклікае негатыўную рэакцыю.

Свецкія і рэлігійныя іерархі ўсё пераблыталі. Улада і царква маюць вялікі ўплыў на насельніцтва. Навошта ім, як пры Сталіне, яшчэ арганізоўваць «поддержку трудящихся»? Царква заклікае прыняць удзел у пратэстах. Супраць каго? У Расіі байкеры праводзяць акцыі ў падтрымку то У. Пуціна, то патрыярха Кірылы. Дурдом!

Царква ўшчыльную занята прадпрымальніцтвам, а, як вядома, буйны бізнес у Беларусі і ў Расіі без супрацоўніцтва з уладай немагчымы.

Па Беларусі ў магазінах, у падземных пераходах збіраюцца ахвяраванні на храмы, больш за ўсё ў скарбонкі падаюць зялёныя купюры наміналам сто рублёў («беларускія долары»), бо насельніцтва жыве бедна, а ў гэты час святары будуюць сабе катэджы за сотні тысяч долараў. Яны ціснуцца ў прэстыжныя месцы, бліжэй да самых высокіх свецкіх кіраўнікоў. Як зразумець такія «духоўныя парывы»?

Мы прывыклі да таго, што за руль аўто п’янымі садзяцца і збіваюць людзей на пешаходных пераходах, на прыпынках чыноўнікі, міліцыянеры, суддзі, пракуроры. Не менш небяспечнымі сталі падвяселеныя алкаголем царкоўныя «шумахеры», якія папаўняюць спісы ўдзельнікаў дарожна-транспартных здарэнняў.

А ўвогуле, аўтарытарныя рэжымы настроены на «дзяржаўную рэлігію», якая адпавядае мэтам улады і з імпэтам абслугоўвае яе. Дысідэнтка са стажам В. Навадворская грубавата, але праўдзіва кажа пра некаторых рэлігійных дзеячаў: «Только что сапоги не чистят нынешней власти!»

Між тым хрысціянства мае ў сабе вялікую духоўную сілу, якая дазваляе выявіць нязгоду з самым жорсткім рэжымам. Але для гэтага трэба кіравацца толькі адным сумленнем. Часта гучыць пытанне: «А что, нам всем идти на плаху?» Так, за веру, за праўду можна ісці і на плаху, як гэта зрабілі тысячы ксяндзоў, праваслаўных і мусульманскіх святароў!

Мне ўспамінаюцца радкі Р. Дабравенскага:

Что, обезбоженным дотла,
Вернули нам вечерний звон?
Нет, брат, — не те колокола,
Не тот алтарь, не тот амвон.

У сувязі з абраннем папы рымскага Францішка І, які вылучаецца сваёй сціпласцю, душэўнасцю, у людскім акіяне, у СМІ ідзе напружаная дыскусія пра ролю і месца рэлігіі ў сучасным свеце. Ёсць спадзяванне на ачышчэнне і адраджэнне царквы. А я проста ведаю адно — хрысціянская надзея на лепшае не памрэ ніколі. Толькі надта шмат цяжкіх дум выклікае вячэрні звон…

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.