ІНКУБАТАРЫ «ГЕРОЯЎ»
У савецкі час прапаганда часта карысталася афарызмам: «В жизни всегда есть место подвигу». Выкоўванне герояў для натхняльнага прыкладу іншым адбывалася, як на канвееры. Калі абраны аб’ект не дацягваў, то ў ход ішлі прыпіскі, нацяжкі. Традыцыя жыве. Яшчэ больш адыёзнымі інкубатарамі «герояў»сталі сучасныя аўтарытарныя краіны.
Самай паказальнай па «героях» з’яўляецца Паўночная Карэя, якая нядаўна аб’явіла вайну ЗША, прапанавала эвакуіраваць дыпламатычныя місіі, а сама паставіла народ пад ружжо. Мужчыны, жанчыны і дзяўчаты ў ваеннай форме маршыруюць пад бравурныя маршы і як мага гучней гарланяць песню «Абаронім камандуючага Кім Чэн Ына цаною нашых жыццяў». Ніхто на КНДР нападаць не збіраецца, але яна займела ракету «Мусудан», ядзерны зарад і цяпер, каб набіць сабе цану, займаецца атамным шантажом. За грошы, затрачаныя на зброю, можна было б цэлы год карміць галоднае насельніцтва. Ды «военная составляющая» паглынае сродкі, а харчам карэйскі інкубатар «герояў» забяспечваюць Кітай і «галоўны вораг» — ЗША (!).
Для таго каб убачыць дэградацыю паняцця геройства ў Беларусі і Расіі, трэба па дзяржаўнай іерархічнай лесвіцы спусціцца з самага верху ўніз. Гледзячы на тое, што адбываецца, успамінаюцца дзённікі 1933 — 1936 гадоў класіка нямецкай літаратуры Т. Мана, якія перадаюць працэс палітычнага, матэрыяльнага і маральнага гвалтавання Германіі нацыстамі. У першую чаргу ў «преступном, омерзительном безумии», «лжи и низости», «одичании», «кровавом позоре» немцаў (цытаты з дзённікаў падаюцца ў перакладзе на рускую мову М. Харытонава — С.З.) былі вінаватымі верхаводы, якія дзеля абсалютнай улады пачалі прапагандысцкую вайну супраць свайго народа, замбіравалі яго, а затым выкарысталі ў маштабнай знешняй агрэсіі.
Пісьменнік піша пра А. Гітлера: «Этот человек, представитель мелкого среднего класса с неполным средним образованием, ударившийся в философствование, — явление поистине курьезное. /…/ Мысли, которые он выстраивает, беспомощно, без конца повторяясь, все время соскальзывая в сторону и совершенно убогим языком, — мысли беспомощно пыжащегося школяра. Это было бы даже трогательно, если б не свидетельствовало о столь ужасающей нескромности. Никогда еще власть имущие, мировые деятели, занявшиеся политикой, не изображали из себя таким образом учителей народа и всего человечества. Ни Наполеон, ни Бисмарк этого не делали».
Падобныя ўчынкі і прамовы ёсць і ў ХХІ стагоддзі. У «героі» выходзяць тыя, хто мільгаціць на тэлеэкранах, расказвае, павучае, хваліць, ушчувае, лаецца, словам, «галовы, якія няспынна гавораць». Іхняе самалюбаванне, агрэсія супраць апанентаў зашкальваюць. Напрыклад, кіраўнікі Беларусі і Расіі ад доўгага сядзення ва ўладзе так «замацярэлі», што не звяртаюць увагі на любую крытыку, выплюхваюць злосць, нянавісць, якія іх распіраюць, на «ворагаў», зрываюцца са звыклага лексікону на зэкаўскую тэрміналогію. Безумоўна, такія паводзіны не да твару першым асобам.
Пасля нядаўняга замежнага ваяжу беларускі начальнік натхнёна расказваў, як ён на экватары ў страшэнную гарачыню гераічна пракладаў грудзьмі дарогу да пазык («самый главный вопрос — деньги»), да інвестыцыйных грошай, да рынкаў, як яму самому даводзілася за руку весці неразваротлівых міністраў і «акул бізнесу» ў кабінеты «патрэбных людзей».
У размове з нямецкім журналістам У. Пуцін заявіў, што разведслужбы ЗША выкарыстоўваюць расійскія недзяржаўныя грамадскія арганізацыі, выказаў прадбачанне, што замежныя кампаніі і асобныя ўкладчыкі на Кіпры, у якіх Еўразвяз змог «отстричь 60%» грошай, «придут в наши финансовые учреждения». Журналіст слухаў прэзідэнта і ад яўных «заляпух» смяяўся яму проста ў вочы, а той, не чырванеючы, працягваў баяць казкі.
Узурпатары не адступаюць ад нахабнай ідэалагічнай лініі, бо ведаюць, што самаўсхваленне, балбатня пра ўласныя «геройствы» заўжды дапамагаюць закалыхваць і аблапошваць электарат, а ў выніку — бясконца трымацца на троне.
Новым «героям» выгадна таксама міфалагізацыя і фальсіфікацыя мінулага, таму дагэтуль у нас няма праўдзівай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яна падаецца як набор толькі гераічных перамог Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў пад «мудрым» кіраўніцтвам І. Сталіна. Новыя пакаленні (80% насельніцтва!), якія нарадзіліся пасля вайны, маюць пра яе прыблізнае ўяўленне. Па-за іх свядомасцю застаюцца жудасная народная трагедыя, жорсткія палітычныя і чалавечыя ўзаемаадносіны на акупіраванай тэрыторыі, дзесяткі мільёнаў ахвяр, велізарныя матэрыяльныя і маральныя страты.
У сваіх дзённіках расійскі літаратар Ю. Кубланоўскі запісаў: «Сталинские полководцы делали из войны — бойню для наших солдат. И продляли жизнь коммунизму. А теперь смершевцы — герои телеэкрана».
Сапраўды, месца герояў вайны, якія ляжаць у зямлі на прасцягу ад Волгі да Берліна, і тых, хто дажывае зямны век без спецыяльных медыцынскіх ложкаў, без камфартабельных інвалідных калясак, без якасных лекаў, без здаровага харчавання, занялі псеўдаветэраны, збіральнікі юбілейных медалёў і значкоў, аматары ваенна-спартыўных парадаў, вынаходнікі агітацыйных «сталінобусаў», а таксама экранныя міліцыянеры і бандыты.
У СССР бадзёра спявалі: «Когда страна быть прикажет героем, у нас героем становится любой». Аўтарытарная Беларусь мае іншую завядзёнку, тут героямі становяцца не за заслугі, а за асабістую адданасць і паслугі. Таму зорка славы можа спакойна зіхацець на пінжаку ардынарнага чыноўніка і нават на адзенні царкоўнага іерарха (!).
Як ні дзіўна, але нават незалежныя выданні часта робяць «героямі Айчыны» былых высокіх начальнікаў, якія выконвалі місію звычайных халуёў, дапамагалі ператвараць краіну ў «загон для жывёлы», знішчалі родную мову і культуру, даілі дзяржаўны бюджэт, хабарнічалі, а потым збеглі з нахапаным дабром у Маскву, Санкт-Пецярбург. Яны кансультуюць цяпер расійскі бізнес, як лепей адхапіць «смачныя кавалкі» ў Беларусі, а заадно вучаць цярплівасці тутэйшы люд.
Са старэйшых кан’юнктуршчыкаў і карупцыянераў бярэ прыклад моладзь. Апытанні паказваюць, што юнакі і дзяўчаты хочуць быць чыноўнікамі, дэпутатамі, сілавікамі, каб мець уладу і грошы. А ў краіне, згодна заявы намесніка міністра сельскай гаспадаркі, не хапае 6 тысяч звычайных механізатараў…
7 красавіка 2013 года грамадскасць развіталася з Ф. А. Піскуновым.На фоне «герояў», высмактаных з пальца, гэта быў сапраўдны волат нацыянальнага духу. Хімік па адукацыі, ён палову свайго жыцця прысвяціў роднаму слову, падрыхтаваў і выдаў на ўласныя грошы лепшы на сёння «Вялікі слоўнік беларускай мовы».
Дзюдаістаў, хакеістаў, футбалістаў, баксёраў у нас хапае. Але беларускаму народу трэба распраўляць перш за ўсё не плечы, а душу, якая страчана разам з роднай мовай. Тады сын не будзе гвалціць састарэлую маці, а ўнук не задушыць дзеда, як гэта нядаўна адбылося ў зрусіфікаваным Барысаве.
На завяршэнне роздуму працытую мудрыя словы вядомага пісьменніка В. Ерафеева: «Я согласился бы жить на земле целую вечность, если бы прежде мне показали уголок, где не всегда есть место подвигу».