БЕРВЯНО Ў ВОКУ
Народнае выслоўе кажа: «У чужым воку нават парушынку заўважае, а ў сваім і бервяна не бачыць». Час паказаў, што мудрае назіранне характарызуе сітуацыю, якая склалася ў Беларусі і вакол яе.
Аўтарытарны рэжым загнаў наша грамадства, замежных партнёраў і самога сябе ў тупік, бо не здольны знаходзіць выйсце з палітычнага крызісу метадамі перамоў, кампрамісаў.
Глянем на тое, што адбываецца, незашорана, адпрэчваючы прапагандысцкі туман, слоўную эквілібрыстыку афіцыйных СМІ, якія любяць надзімаць шчокі, хваліцца ўяўнымі перамогамі, шчодра «падпускаць падхалімчыкаў» галоўнаму начальніку.
Пачнем са стылю кіравання. Прэзідэнт ЗША Б. Абама кожны тыдзень наладжвае абед для лідараў кангрэса, на якім дзяржаўныя мужы не столькі харчуюцца і адпачываюць (для гэтага ў іх ёсць уласныя магчымасці!), як у неафіцыйнай, свабоднай атмасферы абмяркоўваюць важныя пытанні развіцця краіны.
Вы можаце ўявіць такое ў Беларусі? Тут правіцель праводзіць не абеды, а рэгулярныя, надта грозныя, але, як правіла, безвыніковыя прачуханкі чыноўнікам (дарэчы, кожны з іх — ягоны стаўленік!). Чаму ж няма эфекту? Таму што аднымі камандамі, якія няспынна спускаюцца зверху ўніз па чыноўніцкай лесвіцы да канкрэтнага працаўніка, падняць эканоміку немагчыма. Патрэбна мадэрнізацыя не толькі састарэлай матэрыяльнай базы, але і ўсёй дзяржаўнай сістэмы. Толькі як на такое пойдзе ўзурпатар улады?!
Вось і даводзіцца яму кіраваць пугай страху, паказваць па тэлескрынях для запалохвання свае «лупцоўкі», якія падабаюцца пэўнай частцы электарата. Маленькім людзям, загнаным у рабства, прыемна пахіхікваць, гледзячы, як вялікія начальнікі стаяць навыцяжку прад босам, як калоцяцца, заікаюцца.
А героям «разборак палётаў» не сорамна, што іх выстаўляюць недарэчнымі клоўнамі. Прывыклі! Яны выцягваюць галовы з-пад начальніцкай «гільятыны», адмакаюць у лазнях і саўнах, прымаюць любімы народам пякучы сродак, адсыпаюцца і зноў гатовы пыкаць, мыкаць, пераліваць з пустога ў парожняе.
Разумныя людзі «з’ядаць» абрыдлую балбатню, тэлевізійны «дзіцячы сад» не хочуць. Каб паказаць градус народнай нянавісці да «элітных» хлусаў, карупцыянераў і махляроў, працытую грамадзянку, якая ў інтэрнэце ацаніла чарговую «бацькоўскую» прачуханку міністрам наступным чынам: «Так им всем и надо. Грызите, грызите, крысы, друг друга. Нам на радость. Ох, и рожи, в глаза посмотришь — ужаснешься, ничего более противного не видела. Скользкие, мерзкие, ничего человеческого не просматривается, пустые, как у мертвецов». Магчыма, усхваляваная жанчына ў эмоцыях крыху перабірае, але сутнасць сітуацыі перадае праўдзіва.
Зразумела, што ўзаемаадносіны паміж грамадзянамі і ўладай такімі быць не павінны. Нянавісць — у жыцці не памочнік. Але яна вырастае не на пустым месцы. Мне тэлефануюць, пішуць чытачы з розных куткоў краіны пра тое, як іх адфутбольваюць сталічныя чыноўнікі, рэдакцыі газет, перасылаючы лісты тым, на каго скардзяцца. У выніку адбываецца не высвятленне праблем, не іх вырашэнне, а помста людзям, якія расказалі праўду пра ўладных махляроў, жулікаў, карупцыянераў, проста няўмек і боўдзілаў.
Чыноўнікі маюць ахоўны шчыт і нахабна прыкрываюцца ім: «Пожалуйста, обращайтесь в суд и выигрывайте дело!» А ў адказ насельніцтва кажа: «Ага, у вас выйграеш! Вы нават нямых людзей абвінавачваеце ў лаянцы і заганяеце ў турэмную клетку!»
Ды што казаць пра прыватныя пытанні, з якімі нельга дастукацца да ўлады!
Яна плюнула на думку дзесяткаў тысяч грамадзян наконт будаўніцтва АЭС, зносу сталічнага аўтавакзала «Маскоўскі», які ўнікальны і адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь, Гран-пры Саюза архітэктараў. За бадзёрымі песнямі пра расійска-беларускую дружбу доўга хавалася паўзучая каланізацыя. Цяпер беларусы ўбачылі, што ў іхнім доме ўжо кіруе расійскі чыноўны алігарх А. Мілер, які, каб камфартабельна пасяліцца з офісам у Мінску, можа цынічна выкінуць 35 мільёнаў долараў на разбурэнне амаль новага будынка. Хоць нават дурню ясна: з нічога грошы не з’яўляюцца, за імі — не столькі прадпрымальніцкі розум, як праца, пот звычайных людзей.
Улада ў Беларусі з народам не раіцца, больш таго: яна адабрала ў яго самы галоўны інструмент дэмакратыі — выбары. У час дзейства галоўнымі асобамі з’яўляюцца не выбаршчыкі, а чыноўнікі, міліцыянеры, супрацоўнікі КДБ, пракуроры, суддзі, таму гучная заява кіраўніка краіны: «Мы научились проводить выборы!» мае зразумелы падтэкст. Гэта азначае, што нязменным на троне будзе заставацца ён.
Пад пастаянным уціскам знаходзяцца праваабарончыя, недзяржаўныя грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі. У ЗША ў 1938 годзе ўвялі закон супраць нацысцкіх арганізацый, якія насаджаліся А. Гітлерам. Гэта было зразумела. А ў Беларусі і ў Расіі сёння ідзе вайна супраць прыхільнікаў дэмакратыі.
Аўтарытарныя штукарствы (хлусня, фальсіфікацыі, падтасоўкі на выбарах, крывавыя правакацыі пасля іх, пераслед палітычных апанентаў, кіданне за краты невінаватых людзей) бачны ўсяму свету. Але як толькі міжнародная супольнасць прымае супраць чыноўнікаў нават бяззубыя санкцыі, дык адразу ўсчынаецца лямант: «Вмешательство во внутренние дела страны!» На істэрыку ёсць адказ — не здзекуйцеся над Канстытуцыяй і законамі, не парушайце правы і свабоды грамадзян, не душыце іх адміністратыўным рэсурсам, не глуміцеся над роднай мовай і культурай, тады ніхто чапаць вас не будзе!
Пералічанае вышэй сведчыць, што вочы аўтарытарнай уладзе засціць надта агромністае бервяно.
А цяпер пра парушынкі, якія могуць вырастаць да бервяна. Нездарма за іх папракаюць палітычную апазіцыю. Ну ніяк не становіцца яна згуртаванай, баявітай і здольнай у вельмі цяжкіх, рэпрэсіўных умовах ісці да людзей з канкрэтнай і зразумелай праграмай! Бясконцыя інтэрнэтаўскія, газетныя і іншыя баталіі паміж лідарамі, іх яўны або таемны канфармізм у адносінах да ўлады канчаткова заблыталі насельніцтва, размылі давер і павагу да апазіцыі.
Думаю, што парушынак хапае і ў вачах еўрапейскіх чыноўнікаў, якія часта распылялі сродкі, падтрымлівалі «жука і жабу», гадавалі псеўдапалітыкаў, не дапамаглі сапраўднай апазіцыі сабрацца ў моцны кулак. Бяда ў тым, што яны ганяліся за двума зайцамі — палітыка і эканоміка, не здолелі паступіцца сваімі матэрыяльнымі інтарэсамі, а цяпер стаміліся быць дэмакратызатарамі. Народ беларускі ім шкада, але эканамічная кашуля бліжэй да цела.
А што ж народ? Якія парушынкі ў ягоных вачах? Народ не ўсведамляе, што ён — асноўная, галоўная сіла на беларускім полі, чакае, каб нехта прыйшоў і «сделал ему красиво». Тутэйшы чалавек — спажывец. Спажывец ва ўсім, і ў палітыцы таксама. Што яму падсоўваюць, тое і бярэ. Спажывецкая свабода загнала людзей у норы, куды яны цягнуць горшыя або лепшыя прыпасы, замяніла грамадска-палітычную волю, якой дыхнула на нас у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.
Беларусь ішла «особым путем» і апынулася ў тупіку. На ўладу спадзявання няма, яна аўтарытарная, а значыць, як паказвае гістарычны і сучасны вопыт, нерэфармуемая без рэвалюцыйных падзей або знешняга ўмяшальніцтва. А таму трэба хутчэй вымываць парушынкі з вачэй і брацца за розум народу, апазіцыі, міжнароднай супольнасці.