TOP

«ТРЭБА БУДЗЕ ЎСЁ ПАСТАВІЦЬ НА СВАЁ МЕСЦА»

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін размаўляе са старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанай Літвіной, адным з галоўных экспертаў у сферы сродкаў масавай інфармацыі. 

— У нашай краіне амаль усе сродкі масавай інфармацыі — пад патранажам дзяржавы. На ваш погляд, ці патрэбна такое кіраўніцтва?

— Некалькі дзён таму міністр інфармацыі адкрыта сказаў, што дзяржаўныя СМI дамінуюць у нашай інфармацыйнай прасторы, і ён лічыць гэта абсалютна нармальным становішчам. Хоць гэта не так. Ва ўсім свеце, у цывілізаваных краінах увогуле няма такого паняцця, як «дзяржаўныя СМІ», там ёсць інфармацыйныя бюлетэні, якія выдае ўрад ці парламент, але без прэтэнзіі на кантроль за грамадскай думкай. Што такое дзяржаўныя СМІ? Гэта адсутнасць плюралізму, вельмі неспрыяльныя ўмовы для канкурэнцыі. Я вось чакаю, калі ўжо знойдзецца чалавек, які патлумачыць кіраўніку краіны: сёння выдаткоўваюцца проста недапушчальна вялікія грошы на фінансаванне дзяржпрэсы. З бюджэту на 2013 год на гэта запланавана 660 мільярдаў рублёў (у пераліку — каля 60 мільёнаў еўра)! Пры праблемах, якія існуюць сёння ў сацыяльнай сферы, цалкам неапраўданая раскоша.

Мала таго, сродкам масавай інфармацыі навязаны неадпаведныя функцыі — праводзіць дзяржаўную ідэалогію. Як сказаў намеснік міністра інфармацыі, СМІ — гэта не чацвёртая ўлада, а партнёр улады.

Сёння грамадства не ўсведамляе свае правы на свабоду слова, свабоду выказванняў як рэальную каштоўнасць. Але ў 2011 годзе, калі пачаліся эканамічныя і палітычныя праблемы, мы фіксавалі неверагодны ўздым цікавасці людзей да інфармацыі, якая не праходзіць цэнзуру. Я лічу, адзіны паратунак грамадства — інтэрнэт. У сённяшняй сітуацыі гэта найбольш спрыяльнае асяроддзе для абмену інфармацыяй.

— А якое зараз становішча з незалежнымі газетамі, часопісамі? Колькі іх было 20 гадоў таму і засталося цяпер?

— Калі ствараўся БАЖ у 1995 годзе, быў росквіт інфармацыйнай прасторы, стотысячныя наклады выданняў, прычым бізнес ніколі не прыходзіў у гэтую сферу па-сапраўднаму, проста ўласныя ініцыятывы, за якімі потым паўсталі «Белорусы и рынак», «БДГ», «Імя», «Свободные новости»… Дзесяткі выданняў, запатрабаваныя грамадствам. Але пасля выбарчай кампаніі 2001 года да журналістаў упершыню ўжылі артыкулы крымінальнага кодэксу, шмат нашых калегаў прайшлі праз судовыя разбіральніцтвы і атрымалі пакаранне. Тады мы згубілі каля 25 выданняў. Хто закрываўся сам, каго прымусілі.

Афіцыйныя асобы кажуць: сёння зарэгістравана каля 1500 СМІ, і только каля 500 з іх з’яўляюцца дзяржаўнымі. Але па нашай статыстыцы ў краіне налічваецца толькі пад 30 недзяржаўных выданняў, якія могуць асвятляць грамадска-палітычныя праблемы. Сумарны іх наклад не перавышае 80 тысяч асобнікаў. Але ўсё роўна я гляджу з аптымізмам: узровень журналістаў, якія працуюць у незалежнай прэсе, іншы, яны сапраўды трымаюцца стандартаў журналісцкай дзейнасці. Гэта і адказнасць, і ўменне абыходзіцца з фактамі, і сумленнасць.

— Давайце цяпер закранём трошкі іншы аспект: эфірныя сродкі масавай інфармацыі — радыё, тэлебачанне.

— У галіне электронных масмедыя — поўная манаполія дзяржавы. І рэсурс частот, і прызначэнне кіраўнікоў тэлеканалаў… Беларускія тэлеканалы маюць шэраг ільгот, звязаных з падаткаабкладаннем, то бок сёння вельмі сур’ёзная стаўка на телебачанне і, канечне, з-пад кантролю яго ніхто не выпусціць.

Сусветная практыка — гэта прысутнасць побач і грамадскага тэлебачання, і прыватных каналаў. Павінен быць канкурэнтны асяродак. Яны нічога не выцягваюць з рэспубліканскага бюджэту, яны самі зарабляюць, і гэта абсалютна натуральна, так павінна быць.

— Ці можна лічыць інтэрнэт-СМІ паўнавартаснымі, ці гэта яшчэ справа будучага?

— Сёння насцярожваюць згадкі пра кітайскі досвед кантролю за інтэрнэтам і заявы афіцыйных асоб, што дзяржава павінна ажыццяўляць сваю палітыку ў інтэрнэце. Але пакуль ён яшчэ — месца, дзе можна знайсці інфармацыю, нават калі табе перакрыты доступ на апазіцыйныя рэсурсы. Дома ва ўсялякім разе любы грамадзянін можа пазнаёміцца з любой інфармацыяй.

Ёсць яшчэ адзін момант у сённяшніх рэаліях. Нягледзячы на выказванні пра тое, што ніколі не будуць выстаўлены на продаж нашыя дзяржаўныя СМІ, мне падаюцца непазбежнымі працэсы, звязаныя з прыходам інвестараў і замежнага капіталу — спачатку ў эканоміку, а потым і ў медыйную прастору — для лабіравання сваіх інтарэсаў і рэалізацыі палітычных амбіцый. Ва ўсім свеце медыя — гэта перш за ўсё бізнес. Наша журналісцкая супольнасць, трэба гаварыць шчыра, сёння да гэтага не гатовая. Інакш кажучы, могуць надыйсці складаныя часы, якія будуць патрабаваць кваліфікацыі, экспертных навыкаў, і рыхтавацца да гэтага перыяду мы павінны ўжо сёння.

— Адны лічаць, што журналіст павінен быць цалкам нейтральны, толькі даваць інфармацыю. Іншыя — што калі ў нас ёсць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, то незалежныя медыя павінны неяк апаніраваць ім…

— Я за чысціню жанраў у журналістыцы. Я супраць таго, каб мы блыталі, дзе паліталогія, а дзе журналістыка. Я супраць таго, каб мае калегі, няхай з незалежных СМІ, бралі на сябе ролю «ісціны ў апошняй інстанцыі». Мы павінны забяспечыць поўны спектр інфармацыі. Журналіст не мусіць быць палітычна афарбаваным. Задача журналіста — данесці інфармацыю.

І яшчэ адзін момант, пра які нельга не прыгадаць: у краіне сёння няма публічнай палітыкі і палітычнай канкурэнцыі, усё больш і больш грамадзян проста выпадаюць з сістэмы ўплыву на прыняцце рашэнняў, гэта ўсё вельмі сумна. Таму думаю, нас чакаюць даволі складаныя часы, калі трэба будзе ўсё паставіць на сваё месца…

Для «Снплюс» падрыхтавала Ганна КРАСУЛІНА