TOP

ЧАС ДЭМАГОГІІ

Ад Сталіна і да нашага часу ніяк не пераводзяцца аматары думаць пра нас, а папраўдзе — пра захаванне сваёй улады. А сёння ўлада — гэта прывілеі, грошы, нерухомасць, а таксама ўцёкі ад адказнасці за злачынствы. 

Слова «дэмагогія» замацавалася ў лексіконе, які характарызуе адмоўныя з’явы. Энцыклапедычны слоўнік дае тлумачэнне: «1) Падман наўмысным скажэннем фактаў, хлуслівымі абяцаннямі, ліслівасцю; крывадушнае падладжванне пад густы маласвядомых масаў для дасягнення палітычных мэтаў. 2) Напышлівыя развагі, якія прыкрываюць якія-небудзь карыслівыя мэты».

Для параўнання я зазірнуў у слоўнік замежных слоў, выдадзены ў сталінскі час. Ён ацэньвае з’яву таксама негатыўна, але падкрэслівае, што дэмагогія — «асноўны метад буржуазных, фашысцкіх партый». Маўляў, у савецкай краіне ад яе раз і назаўсёды пазбавіліся. Тым не менш, рэчаіснасць сведчыла пра іншае.

Разгул сталінскага тэрору ў СССР, залічэнне ў шпіёны і шкоднікі мільёнаў грамадзян, паказальныя суды, расстрэлы вядомых партыйных і дзяржаўных кіраўнікоў выклікалі асуджальную рэакцыю замежных СМІ. У адказ І. Сталін выдаў узор тыповай дэмагогіі: «Слушая этих иностранных болтунов, можно прийти к выводу, что если бы оставили на воле шпионов, убийц и вредителей и не мешали им вредить, убивать и шпионить, то советские организации были бы куда более прочными и устойчивыми».

Прыўладны паэт, адзін з аўтараў тэкста гімна СССР С. Міхалкоў на такія сталінскія пасажы адгукнуўся кан’юнктурнымі «Стихами о шпионах»:

Спит Москва. В ночной столице

В этот поздний темный час

Только Сталину не спится,

Сталин думает о нас…

А выдатны пісьменнік М. Прышвін, гледзячы на ўсё гэта, піша ў дзённіку: «Правда» коммунизма похожа на трухлявый пень, обрастающий цветами, закрывающими пень-правду или саркофаг фараона».

Не менш было дэмагогіі ў перыяд валюнтарызму М. Хрушчова, у эпоху панылага застою пры Л. Брэжневе і іншых састарэлых генсеках. Каб у гэтым пераканацца, хопіць аднаго знаёмства з матэрыяламі тагачасных пленумаў і з’ездаў КПСС.

З прыходам галоснасці і перабудовы, калі адкрыліся праўдзівыя дакументы савецкай гісторыі і можна было пераасэнсаваць мінулае, мне думалася, што змрочны, хлуслівы час не вернецца, у грамадстве будзе больш адкрытасці, шчырасці, гуманнасці, здаровага сэнсу. Але асвяжальная паўза была нядоўгай. У суверэнных Беларусі і Расіі, якія на паперы лічацца нейкай саюзнай дзяржавай, махлярская практыка, закладзеная яшчэ бальшавікамі, паспяхова ажыла.

Сутнасць планаў дэмагогаў даўно раскрыў любімы мною геніяльны рускі пісьменнік М. Салтыкоў-Шчадрын: «А программа наша вот какова:

Чтобы мы, мерзавцы, говорили, а все прочие молчали.

Чтобы наши, мерзавцев, затеи и предложения принимались немедленно, а прочих желания чтобы оставались без рассмотрения.

Чтобы нам, мерзавцам, жить было повадно, а прочим всем чтобы ни дна ни покрышки не было.

Чтобы нас, мерзавцев, содержали в неженье, а прочих всех — в кандалах.

Чтобы нами, мерзавцами, сделанный вред за пользу считался, а прочими всеми, если и польза была принесена, то таковая бы за вред считалась.

Чтобы о нас, мерзавцах, никто слова сказать не смел, а мы, мерзавцы, о ком вздумаем, что хотим, то и лаем».

Актуальнае выказванне, і не ў брыво, а ў вока!

Тутэйшае кіраўніцтва выдае «крутыя» ўзоры дэмагогіі, пачынаючы з казкі пра рускіх, якія ў Беларусі ў 90-х гадах ХХ стагоддзя «сядзелі на чамаданах». Дэбілізуючае ідэалагічнае меню рэгулярна паднаўляецца. У пасланні кіраўніка народу і Нацыянальнаму сходу спічрайтары стараліся зрабіць з яго прасунутага, адукаванага манарха, але нічога не атрымалася. Яны так і сяк абыгрывалі аб’яўлены ў краіне «Год беражлівасці», націскалі на ідэі чалавекалюбства, беражлівасці адно да аднаго, а бос гэтую «лірыку» паклаў у дамавіну і забіў вялізнымі цвікамі: «Будут бомбить (маецца на ўвазе апазіцыя. — С.З.) — получат по мозгам.

Что тут непонятного?! Мы действуем так же, как и вы (краіны Захаду. — С.З.). Абсолютно так».

Так, ды абсалютна не так! Улада ў дэмакратычных краінах не засылае правакатараў са спецслужбаў на мітынгі, маніфестацыі, шэсці, каб там наладжваць патасоўкі і мець затым зачэпку хапаць невінаватых людзей, прымяняць рэпрэсіі да мірна пратэстуючых грамадзян. Паліцыя і спецслужбы на Захадзе дзейнічаюць жорстка толькі ў адносінах да канкрэтных тэрарыстаў, вандалаў, падпальшчыкаў, хуліганаў, але ніколі не правакуюць маніфестантаў, наадварот — аберагаюць. Калі стары чалавек стаміўся або некаму стала кепска, яго адвозяць дадому, аказваюць медыцынскую дапамогу. Гэта я неаднаразова бачыў у Германіі, Італіі, Францыі, Швейцарыі.

У тумане дэмагогіі ў Беларусі плаваюць усе вострыя праблемы: правядзенне адкрытых, сумленных выбараў, наданне незалежнасці судам, вяртанне роднай мовы ў паўсядзённае жыццё праз дзіцячыя садкі, школы, універсітэты, выхад на годны ўзровень зарплат і пенсій, празрыстасць цэнаўтварэння і аплаты паслуг, што ў першую чаргу тычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Языком без касцей іх вырашыць немагчыма…

Як і ў савецкі час, нас хочуць пераканаць, што мы жывем у лепшай на свеце краіне і ў самым перадавым грамадстве. Але варта толькі пераехаць мяжу з Польшчай, як афіцыйным казачкам — канец. Тут любая крама, дзе адборная свініна, ялавічына, мяса птушкі, якасныя малочныя прадукты, гародніна, садавіна каштуюць танней, чым у Беларусі пачарнелы, заляжалы харч, кожная гаспадарка, будоўля, якія вызначаюцца парадкам і акуратнасцю, сведчаць, што краіна не толькі скіравана ў лепшую будучыню, а ўжо мае адчувальныя вынікі.

Вядомы мясцовы прапагандыст публічна заявіў, што пра свой уплыў на масы ён думае «24 часа в сутки и еще — следующую ночь». Ды не трэба, гаротнік, ніхто ж не просіць, а так і надарвацца можна!

Ад Сталіна і да нашага часу ніяк не пераводзяцца аматары думаць пра нас, а папраўдзе — пра захаванне сваёй улады. А сёння ўлада — гэта прывілеі, грошы, нерухомасць, а таксама ўцёкі ад адказнасці за злачынствы.

Улада павінна кіраваць згодна Канстытуцыі і законаў, а СМІ даваць людзям дакладную інфармацыю — і не больш таго. Думаць, разбірацца, выбіраць людзі павінны самі.

У час дэмагогіі кожнаму грамадзяніну трэба выпрацоўваць стойкі імунітэт супраць ідэалагічных спекуляцый, хітрых палітычных тэхналогій і подлага, цынічнага падману. Бачу, што гэта няпростая задача нават для адукаваных, культурных людзей, а тым больш для электаратных нізоў, якія маюць толькі адны інфармацыйныя крыніцы: «Па цілявізару, па радзіве казалі!». Але без яе вырашэння мы ніколі не выпаўзем з аўтарытарнага балота на свабоду.

Аглядаючы гісторыю чалавецтва, бачыш, што нахабныя палітыканы, якія карыстаюцца дэмагогіяй, былі заўсёды. Тым больш становіцца радасна, калі ў палітыку, навуку, культуру, літаратуру прыходзяць знакавыя асобы з разумнымі думкамі і дзеяннямі. Тады краіны ўступаюць у светлыя, плённыя перыяды свайго развіцця. Без гэтага чалавечае жыццё даўно б стала жывёльным і поўнасцю страціла высокі сэнс.

На завяршэнне напомню чытачам, што слова «дэмагог» паходзіць з грэцкай мовы: demagogos, (ад demos — народ і ago — вяду), літаральна яно азначае — «правадыр народа». Ці не праўда: канцоўка роздуму атрымалася вясёленькая?

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72). 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.