TOP

ЯК ПРЫЙШЛА ПЕРАМОГА?

Пытанне, якое стала назвай артыкула, сёння мала каго хвалюе. Свята Перамогі, загорнутае ў коўдру суцэльнага гераізму, часта заснаванага на фальсіфікацыях, у Беларусі і ў Расіі перарадзілася ў прапагандысцкае шоў, забаўляльнае мерапрыемства. Ды ўсё ж яго галоўным складнікам павінна быць не глянцавая, а праўдзівая памяць. 

Аўтарытарныя рэжымы напоўніцу выкарыстоўваюць ваеннае мінулае для ўтрымання ўлады. Ёсць трыбунны пафас і рыторыка, грукат на парадах, бравурная музыка аркестраў і салюты, але на задні план адыходзяць жывая сувязь часоў, разуменне як гераічных, так і жахлівых фактаў вайны, клопаты пра нямоглых ветэранаў…

З прыходам да ўлады ў СССР І. Сталіна, а ў Германіі А. Гітлера нагнятанне ваеннага псіхозу ўзмацнілася. Трэба помніць, як на гэта рэагавала мацнейшая дзяржава свету. Амерыканскі прадпрымальнік і палітык, які быў прэзідэнтам ЗША (1929 — 1933), Г. Гувер пасля паездкі па Еўропе ў 1938 годзе сказаў: «Калі вайны не будзе, то Злучаным Штатам давядзецца змірыцца, што побач з дэмакратыямі будуць жыць дыктатуры, гітлераўская і сталінская. Іх не сабраць на адным шляху, і нам не варта ўвязвацца ў еўрапейскую кашу».

У лютым 1941 года амерыканская разведка даведалася, што Гітлер рыхтуе напад на СССР. Дзяржсакратар Халл па-сяброўску сказаў пра гэта Гуверу. «Ну што ж, — адазваўся той, — гэта, магчыма, уратуе Брытанію. Мудрасць раіць нам устрымацца ад вайны і надалей і чакаць, пакуль вялікія дыктатары сажруць адзін аднаго».

Праз дзень пасля гітлераўскага нападу Ф. Рузвельт аб’явіў, што ЗША акажуць дапамогу СССР па ленд-лізу. Гувер выступіў па радыё з пратэстам: «22 жніўня 1939 года Гітлер і Сталін дамовіліся знішчыць дэмакратыю ў Еўропе. Яны напалі на Польшчу і расчлянілі яе. Сталін захапіў Латвію, Літву і Эстонію, уварваўся ў Фінляндыю. Калі мы пойдзем далей і пераможам, мы дапаможам Сталіну ў распаўсюджванні ў свеце камунізму».

Што і казаць, выказванні жорсткія і нават кашчунныя, калі згадаць людскія і матэрыяльныя страты, прынесеныя другой сусветнай вайной. Але яны зыходзілі ад чалавека, які кіраваў гуманітарнай арганізацыяй «АРА» (1919 — 1923), ратаваў ад голаду расіян і іншыя народы. Гувер памятаў квітнеючую Еўропу 1913 года і пасляваенны хаос, галечу. Да любой вайны ён ставіўся з нянавісцю, не хацеў, каб яго народ і краіна былі зноў уцягнуты ў еўрапейскія беды.

Затое два псіхічна неўраўнаважаныя, амбітныя дыктатары крэслілі карту свету. Ім было не шкада ні сваіх, ні чужых людзей, бо глядзелі на народы, як на гарматнае мяса.

Мяне не могуць падмануць агіткі, якія да Дня Перамогі ўвішна «кляпаюць» і паказваюць кіношнікі, тэлевізійнікі Беларусі і Расіі. Я помню аповеды пра вайну маці-партызанкі і бацькі-франтавіка з жахлівымі дэталямі, з уласнымі справядлівымі абагульненнямі. А яшчэ звяртаюся да архіўных матэрыялаў, да сведчанняў пісьменнікаў-франтавікоў В. Астаф’ева, І. Мележа, з якімі меў гонар быць знаёмым.

Бяру з паліцы кнігу В. Быкава «Крыжовы шлях», якую давялося рэдагаваць і друкаваць у незалежным выдавецтве, збіраючы рэсурсы. Пасля подлага цкавання ўладаю аўтар быў змушаны з’ехаць і ў гэты час жыў у Фінляндыі. На першай старонцы напісана: «Дарагому выдаўцу і сябру — Сяргею Законнікаву. Зноў шлях крыжовы. Але будзе і п’ета! З надзеяй! В. Быкаў. 20.ХІІ.99».

У кнізе змешчаны артыкул «Вайна і перамога», дзе былому камандзіру ўзвода, зраненаму франтавіку ўдалося пераканаўча паказаць, якой цаною аплочаны дзень 9 мая 1945 года. Ён піша: «Людзей не шкадавалі. Усё на фронце было лімітавана, усё дэфіцытна і нармавана, апроч людзей. /…/

Наступалі, як заўжды, перамагаючы не так уменнем, як колькаснай перавагай галоўным чынам у жывой сіле, справіцца з якой не маглі ўжо і немцы. Нямецкі генерал і ваенны гісторык Ціпельскірх пісаў, што калі суадносіны сіл на фронце склаліся 1:10 на карысць рускіх, стала зразумела, што вайна прайграна. І сапраўды, да сорак чацвёртага года на поўную магутнасць запрацавала ваенная прамысловасць, на фронт няспынным патокам пайшлі не толькі людскія папаўненні, але і ўзбраенне, тэхніка, боепрыпасы. Вельмі дапамагалі саюзнікі, асабліва ЗША, іх славутыя пастаўкі па ленд-лізу. Амаль увесь наш франтавы аўтатранспарт складаўся з амерыканскіх аўтамабіляў /…/. Куды горш было з прадуктамі харчавання, з хлебам; нярэдка арміі і нават франты харчаваліся ў літаральным сэнсе з падножнага корму. У канцы 1943 года 1-шы Украінскі і 1-шы Беларускі франты апынуліся без хлеба і змушаны былі раскопваць у Сумской вобласці няўбранае ўлетку, завеянае снегам жыта, сушыць яго, абмалочваць і з таго пячы хлеб, карміць войска».

На фатаграфіі, дзе ўзнімаецца сцяг Перамогі над рэйхстагам у Берліне (такіх сцягоў было 9. — С.З.), у салдата на руцэ бачна чатыры гадзіннікі. Потым іх зарэтушыравалі. Але ад праўды не схаваешся. Хлопец рабіў запас трафейных гадзіннікаў, бо дома нічога не было. Савецкія людзі жылі ў беднаце.

Неймавернай цаною, сцякаючы крывёю на франтах, натужваючы жылы ў тыле, народы СССР разам з саюзнікамі вырвалі Перамогу. Нягледзячы на ідэалагічную балбатню і бадзёрыя маршавыя песні, Чырвоная Армія ў 1941 годзе не была гатовая да цяжкіх выпрабаванняў ні кадрава, ні матэрыяльна, ні псіхалагічна. За выключэннем асобных выяў стойкасці (на беларускай зямлі — абарона Брэсцкай крэпасці і Магілёва), войскі адступалі, здаваліся ў палон. Вось чаму сучасныя спробы абяліць палітычныя, эканамічныя і ваенныя пралікі Сталіна выклікаюць у разумных людзей агіду і грэблівасць.

Такія ж пачуцці ахопліваюць душу, калі СМІ рэгулярна прыносяць звесткі пра крадзяжы ў беларускай і расійскай арміях. «Патрыётка» са структуры Міністэрства абароны Расіі заявіла: «Однажды рискнув, можно остаться счастливым на всю жизнь!» Цяпер яна носіць на правай назе электронны браслет. У міністэрстве раскрадзена грошай столькі, што на падрыхтоўку следчых матэрыялаў спатрэбіцца цэлы год (!). А ў гэты час адна з праверак у арміі паказала: 2 штурмавікі СУ-25 не змаглі скінуць бомбы, 5 верталётаў не ўзляцела ў паветра, палова баявых машын пяхоты не завялася. Як пасля такіх фантастычных крадзяжоў і сораму на вучэннях можна праводзіць пампезны ваенны парад у Маскве?

У Мінску ў святочны дзень зноў загучала: «Мы отстояли страну!» Кажу ў адказ: не вы, а палеглыя прадзеды, дзяды і жменька яшчэ жывых, дзякуй Богу, ветэранаў. А вы паспрабуйце цяпер, калі няма вайны, адбіцца ад расійскай недасканалай АЭС, ад ваеннай базы, адстаяць незалежнасць Беларусі, займець сумленныя выбары, непадкантрольныя суды і СМІ.

Нядаўна з вуснаў маладой жанчыны пачуў знішчальную, але справядлівую ацэнку беларусаў: «Палахлівыя і лянівыя ва ўсім!» А яна — смелая, ініцыятыўная прадпрымальніца, прыгожая, самадастатковая асоба. Толькі такія актыўныя грамадзяне змогуць пабудаваць нармальнае жыццё…

Перамога над нямецкім фашызмам — не глянцавая, як гэта паказваюць для новых пакаленняў халуі-піяршчыкі аўтарытарызму і мілітарызаванай сілы. Байцы не ішлі ў атаку ў адпрасаваных гімнасцёрках і наваксаваных да бляску ботах.

Аблічча Перамогі бачыцца ў акрываўленых бінтах, пасечаным раннімі зморшчынамі, прасоленым потам і слёзамі ўдоў і сірот. Якраз таму яно роднае і дарагое сучаснікам. 

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.