TOP

СУВОРАЎСКАЯ КАША

Апошнім часам у інфармацыйнай прасторы Беларусі і Расіі зноў гучыць зацяганы лозунг: «Мы — адзін народ!» Калі прыняць яго за праўду, тады выспявае лагічная выснова: з двух народаў нейкага не існуе. Якога? Згодна шавінісцкай версіі — няма беларусаў. На гэтую вар’яцкую ідэю, як і раней, працуюць расійскія імпершчыкі («Вы же наши!») і «пятая калона» ў краіне. 

Без рэверансаў, якімі займаюцца палітолагі і журналісты, калі гаворка тычыцца «высокага начальства», трэба канчаткова выкрыць палітычную неадукаванасць беларускага і расійскага кіраўнікоў, якія ўпарта выводзяць нейкі гібрыд з двух суверэнных народаў, і паставіць кропку ў пытанні пра «пятую калону». Яны марна спрабуюць прыклеіць абразлівы ярлык на дэмакратычныя сілы, якія ва ўмовах жорсткага аўтарытарызму, наколькі ёсць магчымасць, адстойваюць для беларусаў і расіян свабоду, годнае жыццё.

Сёння ва ўсім свеце «пятай калонай» лічаць прадстаўнікоў чужых этнасаў і мясцовых прадажнікаў, што спадцішка шкодзяць інтарэсам карэннай нацыі, якая будуе суверэнную дзяржаву. А нарадзіўся тэрмін у час нацыянальна-рэвалюцыйнай вайны ў рэспубліканскай Іспаніі (1936-39 гг.), калі 4 калоны фашысцкіх мяцежнікаў наступалі на Мадрыд, а 5-я калона (тайная агентура генерала Франка) дзейнічала ў тыле. На працягу другой сусветнай вайны «пятай калонай» называлі фашысцкую агентуру ў розных краінах…

Раней нацыянальны заняпад Беларусі тлумачыўся і апраўдваўся ўціскам уладароў (ад цароў да Палітбюро ЦК КПСС). Але чаму нічога не змянілася за 22 гады незалежнасці, калі ёсць умовы для нацыястваральнага і дзяржаўнага будаўніцтва? Што ні вазьмі, усё нейкае штучнае, падвешанае ў паветры: сама аўтарытарная дзяржава, закасцянелая, на халяўных падпорках эканоміка, дэфармаваныя гісторыя, мова, культура, эклектычныя сцяг, герб, гімн. Успомнім, хто не вяртае беларусам нацыянальныя школы, гімназіі, каледжы, універсітэты і працягвае русіфікацыю адукацыі? Хто ўвёў двухмоўе, смяротнае для роднай мовы? Хто згодна службовага абавязку павінен гаварыць на беларускай мове, але не робіць гэтага і нават публічна абражае яе — святыню народа? Хто запаланяе інфармацыйную прастору антынацыянальнай прадукцыяй? Хто гандлюе народнай маёмасцю і зямлёй? Якраз гэтыя людзі і з’яўляюцца «пятай калонай»!

А цяпер цытую выказванне вядомага рускага пісьменніка К. Паустоўскага: «По отношению каждого человека к своему языку можно совершенно точно судить не только о его культурном уровне, но и о его гражданской ценности. Истинная любовь к своей стране немыслима без любви к своему языку. Человек, равнодушный к своему языку, — дикарь. Он вредоносен по самой своей сути, потому что его безразличие к языку объясняется полнейшим безразличием к прошлому, настоящему и будущему своего народа».

У святле мудрых слоў глянем на беларускія рэаліі. Пачну з нібыта дробнага факта. На паліцах прадуктовых магазінаў ляжыць «Сувораўская каша». Яе мінскія вытворцы раскладваюць пакістанскі рыс па пакетах, друкуюць на іх партрэт генералісімуса і інфармацыю: «Великий полководец граф Суворов всегда ел кашу из общего солдатского котла, чем вдохновлял подчиненных»…

Пакідаю за межамі гаворкі сілкаванне А. Суворава з салдатамі, яго заслугі перад царскай Расіяй. Ваенны геній палкаводца шырока ўшанаваны, што мне давялося бачыць у Расіі, Швейцарыі. Не маю таксама нічога супраць кашы як дэмакратычнага харчу. А вось бяздумны піяр вытворцамі суверэннай Беларусі асобы Суворава выклікае абурэнне. «Заслугі» палкаводца перад беларусамі выяўляюцца толькі ў жорсткім падаўленні народных паўстанняў, скіраваных супраць нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту. З гэтай прычыны не трэба прыўладным гісторыкам прыкрывацца экспансіяй Польшчы, рабіць з Суворава ратавальніка беларускай нацыі, варыць, як той казачны салдат, ідэалагічную кашу «з сякеры», сыплючы ў кацёл усё: хлусню, паўпраўду, фальсіфікацыі, падтасоўкі.

Ад кашы нітачка цягнецца далей. У Мінску, на плошчы З. Бядулі, стаіць рэкламны шчыт: «Традиции служения Отечеству. Белорусский Суворовско-Нахимовский союз». Чытаю і не магу даўмецца: пра якія традыцыі, пра служэнне якой Айчыне гаворыцца? Па ўсім відаць, на ўвазе маецца Расія, але, прабачце, гэта сталіца незалежнай Беларусі!

Тут жылі людзі, пра якіх граф Агінскі пісаў цару Аляксандру І: «Часть Польши, присоединенная к Российской империи, составляла некогда особое самостоятельное владение — Литву… Жители его (Нашы продкі — С.З.) исстари… заботились о своем праве и были верны своим монархам, отличались мужеством и любовью к отечеству. Гордые своим происхождением, литвины… сохранили свои обычаи, свой гражданский кодекс, местное управление, свое войско, верховный суд… и даже сойм, который собирался по очереди в Варшаве и Гродно». Усё гэта ліквідавала Расія. Царыца Кацярына ІІ тлумачыла, што Літва з’яўлялася на працягу стагоддзяў галоўным ворагам Расіі, а таму яе захоп павінен азначаць не прыналежнасць да імперыі, а ліквідацыю як пастаяннай пагрозы рускім.

Гісторыя нашай зямлі багатая на геапалітычныя выкрутасы. Быць паміж Расіяй і Польшчай няпроста. Таму музеі ў Беларусі могуць быць і такія, як Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава, але з праўдзівай унутранай напоўненасцю. Калі пад «решением все новых практических задач, которые ставит жизнь», хаваецца русіфікацыя, прыкрытая балбатнёй пра адзіны народ, пра міфічную саюзную дзяржаву, то такога «учреждения культуры» беларусам не трэба. Дзікунскім нонсенсам з’яўляецца тое, што вайсковыя кадры для суверэннай Беларусі рыхтуюцца ў вучылішчы, якое носіць імя Суворава.

Увогуле, патрэба рашуча ачысціць назвы вуліц, плошчаў, прадпрыемстваў, устаноў краіны ад імёнаў адыёзных людзей, якія не зрабілі нічога карыснага для Беларусі, а фізічна і духоўна знішчалі наш народ, застаецца. Зрабіць гэта неабходна было з прыходам незалежнасці, але лепш позна, чым ніколі. Крывавая аўра прыгнятае людзей. Няўжо не хапае сваіх герояў, якіх трэба ўшанаваць? Дзе ў Мінску вуліца або праспект імя Васіля Быкава? Прытым, спасылкі на выдаткі, звязаныя з перайменаваннем, не прымаюцца. Калі ўладзе захацелася змяніць назву праспекта П. Машэрава, то праблем з фінансамі не ўзнікла.

Рэальнасцю стаў палітычны абсурд, калі з трыбун кіруючы клан Беларусі клянецца ў вернасці незалежнасці, аўральна будуе свой жалезабетонны сімвал — Палац Незалежнасці, а ў той жа час ціхай сапай ідзе яе здача. За гэтым даўнім працэсам мільгацяць цені «інтэгратараў» і з другога боку: Б. Ельцына, Б. Беразоўскага, В. Чарнамырдзіна, Г. Селязнёва, Я. Строева, К. Касачова, У. Пуціна, Д. Мядзведзева, А. Мілера. Апошні адчувае сябе ў Беларусі поўным гаспадаром, што пацвярджае знішчэнне Маскоўскага аўтавакзала ў Мінску, адкрыццё карпаратыўнага фестывалю ў Віцебску…

Ратаваннем нацыі не займаюцца ні ўлада, ні царква. А таму плодзяцца праімперскія рухі, якія дабіваюць самасвядомасць беларусаў.

Выправіць ганебнае становішча можа сам народ, у якога разам з мовай і незалежнасцю адбіраюць будучыню. Хоць беларусы прыдушаны ўладай, матэрыяльнай галечай, але, мяркую, што ўсім забіць галаву «сувораўскай кашай» і заціснуць рот не ўдасца.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.