TOP

ТАЛАКА Ў КУРАПАТАХ ПАЧАЛАСЯ СА СХОДУ І МАЛІТВЫ

25 траўня ва ўрочышчы пачынаецца шматдзённая агульнанацыянальная талака. Мэта — прыбраць сьмецьце, хмызьняк і сухое гальлё, расчысьціць сьцежкі паміж магіламі.

На Талаку ва ўрочышчы Курапаты сабраліся блізу трох дзясяткаў чалавек, сярод іх — Вінцук Вячорка, Андрэй Дзьмітрыеў, Сяргей Ханжанкоў, Уладзімер Раманоўскі, Ігар Кузьняцоў. Сярод удзельнікаў шмат моладзі.

Каардынатарка ініцыятывы «Абронім Курапаты» Ганна Шапуцька абвесьціла пра парадак працаў. Удзельнікі групы «Абаронім Курапаты» падзяліліся на дзьве «каманды» — адна застаецца непасрэдна ва ўрочышчы «Курапаты», другая ідзе прыбіраць на тэрыторыі, прылеглай да «Бульбаш холу» .

Яшчэ да пачатку Талакі, якую арганізоўвае група «Абаронім Курапаты», адбыўся невялікі канфлікт з прадстаўнікамі КХП БНФ: удзельнікі не маглі вызначыць месца для пасадкі кветак.

Актывісты групы «Абаронім Курапаты» плянуюць прыходзіць сюды кожны тыдзень. Мяркуецца, што талака будзе доўгатэрміновай, першы яе этап завершыцца 3 чэрвеня.

Ганна Шапуцька паведаміла Свабодзе, што ўсё магчымае, каб талака прайшла належным чынам, з боку сяброў ініцыятывы зроблена: «Запрошаныя людзі, на ахвяраваныя грошы закупленыя інструмэнты для прыборкі, адбыліся перамовы з прадстаўнікамі Менскага райвыканкаму і лясьніцтва, якія пагадзіліся нам дапамагаць. Добра, што далі згоду ўдзельнічаць прадстаўнікі розных партыяў і арганізацыяў».

 

З 27 да 31 траўня валянтэры будуць працаваць зь 17 гадзіны. 1 чэрвеня — пачатак працы зноў а 12-й. А 3 чэрвеня будзе зладжаны круглы стол, на якім падвядуць вынікі першага этапу талакі і абвесьцяць пра тэрміны наступнага.

Усяго ў гэтым годзе плянуецца правесьці тры тыднёвыя заходы, каб зрабіць у Курапатах парадак.

Радыё Свабода

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.