TOP

СВЯТАЯ ПРАСТАТА

Выраз «святая прастата» гучыць у будзённасці пастаянна. Чалавек, да якога прыліпае такая характарыстыка, вызначаецца наіўнасцю, прымітыўнасцю і недасведчанасцю. Таму планка патрабавальнасці зніжаецца, маўляў, што з яго возьмеш?Але ёсць і хітраваны, якія за ратавальным ярлыком хаваюцца ад адказнасці перад народам.

Пад «святых прастачкоў» даўно «косіць» правячы клан Беларусі. Асабліва гэта заўважаецца, калі справа тычыцца зніклых людзей, палітычных вязняў, дэвальвацыі беларускага рубля, павышэння цэн на прадукты, тавары і паслугі, калі трэба адказваць на нязручныя пытанні. Прыкрываючыся святой прастатой, чыноўнікі не гавораць народу праўду, хоць выдатна ведаюць, што адбылося.

Напрыклад, трэба сумленна прызнаць, што беларусы страцілі фору, якую мелі ў эканоміцы ў канцы ХХ стагоддзя, а балбатнёй мадэрнізацыю цяпер не дагоніш.

У дзяржаве дзейнічае ручное кіраванне, ды ўлада за праколы не адказвае, бо вінаваты ворагі, якія ўзялі «квітнеючую краіну» ў аблогу і шчэраць іклы на яе межах.

Для насельніцтва з трыбун гучыць адно і тое ж: пачакайце, будзе лепш. Але чаму не чакае вертыкаль? Чаму яна, якая ненавідзіць рэвалюцыі, настроена не на эвалюцыйны, а толькі на рэвалюцыйны ўздым свайго спажывання? Пра гэта сведчыць гіганцкі разрыў паміж дзяржаўнай «элітай» і простым народам у памерах зарплат, пенсій, у рахунках, у нерухомасці. Чаму аблашчаныя правіцелем «народныя слугі» не задавальняюцца атрыманым і без супынку крадуць і крадуць, нягледзячы на грозныя папярэджанні? Чаму яны не падзяляюць з народам цяжар жыцця?

У дадатак да матэрыяльных праблем зверху ўніз перацякае гвалт, садызм. Жывёльная прырода чалавека атрымлівае падпітку жорсткасці якраз ад улады, а вертыкаль наіўна дзівіцца: адкуль столькі забойстваў, самагубстваў, скасаванняў шлюбаў, пакінутых дзяцей, п’яніц, алкаголікаў, наркаманаў? Ну не чыноўнікі, а сама святая прастата!

Цяпер, калі жыццё неймаверна ўскладнілася, калі складаныя праблемы неабходна рашаць складанымі метадамі, кіруючы клан зноў думае і дзейнічае прымітыўна, спрошчана. Гэтая загана не абмінула мясцовых паліттэхнолагаў і спецслужбы. У выніку ў краіне актыўна штрафуюць, садзяць, а зрэдку нават расстрэльваюць. «Мочаць», згодна выразу прэзідэнта Расіі У. Пуціна, спачатку гэтых, затым тых і так дабіраюцца да атачэння правіцеля.

Краіна абстаўлена шчытамі, абвешана плакатамі «Я люблю Беларусь!», дзе слова «люблю» заменена выявай сэрца. Але ці ёсць не ў віртуальных, а ў жывых сэрцах людзей адчуванне прыналежнасці да сваёй нацыі, да слаўнага ліцвінскага роду, ці поўніць іх любоў да роднай зямлі, мовы, гісторыі, культуры? На вялікі жаль — не! Якраз гэтая акалічнасць прыносіць беды, ад якіх беларусы ніяк не могуць пазбавіцца.

Апалагеты аўтарытарызму часта абвінавачваюць мяне ў нацыяналізме па прычыне таго, што адстойваю падмурак нацыі, змагаюся за родную мову, за праўдзівую гісторыю, не за лубок, а за сапраўдную нацыянальную культуру. У тым, што такая праца патрэбна, не сумняваўся ніколі, а цяпер — тым больш.

Англійская «The Oxonian Globalist» піша, што Беларусь перажывае крызіс нацыянальнай ідэнтычнасці. Згодна дадзеных, якія публікуе газета, амаль палова беларусаў не задумваецца пра тое, што краіна можа страціць свае традыцыі і адметнасць, што адсутнасць «нацыяналістычнага запалу» прывяла да абрання А. Лукашэнкі і «актыўнай русіфікацыі» краіны, што недахоп нацыянальнай самасвядомасці адрознівае Беларусь ад іншых дзяржаў СНД і ставіць пад пытанне яе здольнасць да стварэння незалежнай будучыні.

Што тут скажаш? Беларусы пад уздзеяннем савецкай і новай ідэалагічнай апрацоўкі не бачаць свой ганебны стан, ніяк не могуць уцяміць, што, жывучы ў гістарычным бяспамяцтве і абыякавасці да нацыянальных каранёў, яны падышлі да трагічнай развязкі. А людзям збоку — відней.

Рускі паэт А. Фет неяк падзяліўся назіраннямі за чалавечай натурай: «Раз сложившиеся, хоть бы и совершенно неосновательные убеждения преимущественно руководят всеми действиями человека даже вопреки нагляднейшей очевидности…» Словы, сказаныя ў ХІХ стагоддзі, дакладна высвечваюць сённяшні стан беларускага, расійскага і ўкраінскага грамадстваў.

Абарыгены былога СССР наведваюць развітыя краіны, бачаць перавагі дэмакратычнага ладу жыцця, але ўсталёўваць яго ў сябе не спяшаюцца. Прасцей перакласці адказнасць за ўласны лёс на аўтарытарнага правіцеля. Людзі лічаць любыя перамены небяспекай для асабістага жыцця: трэба прыкладаць большыя намаганні, рызыкаваць, нечым нават ахвяраваць, а так не хочацца. Пануюць страх і лянота. Нядаўна на маёй сустрэчы з чытачамі малады чалавек заявіў: «Колькі таго жыцця! Я наогул хацеў бы не вучыцца і не працаваць, а толькі мець ад жыцця асалоду, задавальненне».

Краіна ператвараецца ў суцэльнае таварыства з абмежаванай адказнасцю, дзе ў куце замест абразоў вісіць грашовая купюра. У беларусаў адсутнічаюць роднасць, салідарнасць, узаемавыручка, памяць пра вялікія народныя ахвяры, пакладзеныя на працягу стагоддзяў на алтар свабоды і незалежнасці.

Людзі, канешне, адчуваюць палітычны і сацыяльны падман, але застаюцца няздольнымі на пратэст супраць яго, на грамадскія ўчынкі і толькі шэпчуць на кухнях: «Ой, дураць нашага брата! Ой, дураць!» Самае смелае, што яны могуць зрабіць — прымусіць замаўчаць тэлевізар. Але і яго не выключаюць, бо іншай інфармацыі ў іх няма. А таму перамагае тэлевізар!

Дзіўна бачыць, як у шэрагах тых, хто падтрымлівае аўтарытарны рэжым, побач з тутэйшымі бабулькамі-працаўніцамі, якія ўсё жыццё не вылазілі з ватовак і гумовікаў, стаяць рэспектабельныя чыноўнікі заходніх краін. Яны таксама прыкідваюцца святымі прастачкамі, малымі дзецьмі, гуляючы ў дэмакратызацыю таго, хто ніколі не дэмакратызуецца. Ніхто не аспрэчвае, што народ, які тапталі стагоддзямі, нялёгка ўзняць з каленяў і павесці да свабоды. Але чаму ў кожны адказны момант адбываецца хуткая капітуляцыя Захаду, як, напрыклад, з правядзеннем сусветнага хакейнага чэмпіяната 2014 года?

Прорва паміж уладай і грамадствам з кожным днём паглыбляецца. Мільёны людзей пазбаўлены права жыць свабодна і годна, каб спакойна, без заклікаў і надрыву любіць сваю Радзіму. Але пад ёй чыноўнікі сёння падразумяваюць дзяржаўную машыну. Калі чалавек выступае з крытыкай улады, то ён — не патрыёт, а вораг.

Любоў да Айчыны — гэта перш за ўсё любоў да чалавека. Беларусь любяць валанцёры, якія працуюць у хоспісах, дамах састарэлых, бальніцах, дзіцячых дамах. Беларусь любяць грамадзяне, якія выходзяць на маніфестацыі супраць фальсіфікацый і падтасовак на выбарах, каб іх дзеці і ўнукі жылі свабодна.

Пра такія намаганні хораша сказаў расійскі літаратурны крытык А. Уланаў: «Мир не может быть спасен добром, красотой или чем бы то ни было, и не может быть спасен окончательно, но каждый может в какой-то степени спастись сам и спасти другого — своими усилиями, ежечасно и ежесекундно».

…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72).

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.