TOP

РАЗБУРАЛЬНАЯ РЭАЛЬНАСЦЬ

Адсутнасць у Беларусі развітай грамадзянскай супольнасці стала галоўнай прычынай доўгажыхарства аўтарытарызму. Насельніцтва жыве ў замкнутым коле разбуральнага гвалту. Пад адміністратыўным уціскам яно трывае ўладу, якая не будуе незалежную, дэмакратычную, прававую дзяржаву, а метадычна падточвае падмурак нацыі, ігнаруе мову, культуру, Канстытуцыю, законы. 

Стрыжнем аўтарытарызму з’яўляецца захаванне абсалютнай улады, якая забяспечвае пануючаму клану руль, а з ім і розныя ўласныя выгоды. Філосаф М. Бярдзяеў у кнізе «Истоки и смысл русского коммунизма» слушна піша: «Проблема власти была основной у Ленина и у всех следовавших за ним. Это отличало большевиков от всех других революционеров. И они создали полицейское государство, по способам управления очень похожее на старое русское государство». У ХХІ стагоддзі беларускі ўзурпатар упарта наступае на старыя граблі, паўтараючы памылкі бальшавікоў.

Асабліва выразна бачыцца бесперспектыўнасць такога шляху на прыкладзе палітычнага і эканамічнага развіцця краіны. З усталяваннем аўтарытарнага рэжыму грамадзяне Беларусі страцілі магчымасць праводзіць свабодныя, сумленныя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, мець сапраўды легітымную, законную ўладу. У такіх умовах адбываецца назапашванне агрэсіі з абодвух бакоў, што выліваецца ў «халодную грамадзянскую вайну». Больш свядомая частка грамадства не можа мірыцца з узурпацыяй улады, якая адразу прывяла да жорсткага адміністратыўнага ўціску, да рэпрэсій, да знікнення палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, журналістаў, да татальнай карупцыі чыноўніцтва, а кіруючы клан пры дапамозе міліцыі і спецслужбаў бязлітасна падаўляе мірны пратэстны рух, беспрычынна прымяняе штрафы і зняволенне, што ў сваю чаргу нараджае ў душах многіх людзей новы прыступ страху і апатыі.

Што тычыцца эканомікі, то да яе эфектыўнага развіцця не гатовы ні ўлада, ні насельніцтва. Амаль 20 (!) гадоў існавання аўтарытарнага рэжыму не прывялі да мадэрнізацыі прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці. Выключэнне складаюць сумесныя з замежнымі партнёрамі прадпрыемствы, але гэта — невялікі марафет, як кажуць, для форсу. Асноўны масіў эканомікі пад кіраўніцтвам кадраў, загартаваных «развітым сацыялізмам», як раней, «ударна» працуе па савецкіх лекалах, набіваючы склады мала каму патрэбнай прадукцыяй.

У другой палове ХХ ст. краіны Азіі і Лацінскай Амерыкі, якія былі далёкія ад перадавога эканамічнага вопыту, сталі на шлях даганяючай мадэрнізацыі.

Такім чынам узніклі «эканамічныя цуды» ў Японіі, Чылі, Паўднёвай Карэі, Сінгапуры.

У Беларусі нічога падобнага не атрымліваецца, хоць яна знаходзіцца вельмі блізка ад выдатных еўрапейскіх тэхналогій. Помніцца час, калі падкупленыя мясцовыя і замежныя піяршчыкі доўга надзімалі з яе «эканамічнага тыгра». Але радасць абарыгенаў была марнай. «Тыгр» лопнуў, як мыльны пухір, а засталася ўсё тая ж дабітая эканоміка, якая ледзь трымаецца на «халяўна-крэдытнай іголцы».

Паводзіны прадстаўнікоў правячага клана зразумелыя, іх палохаюць любыя змены. Але і насельніцтва да гэтага часу не можа зразумець прамую сувязь узроўню свайго жыцця з тымі палітычнымі і эканамічнымі інстытутамі, якія дзейнічаюць у краіне. Масавыя ўяўленні пра эканоміку застаюцца надзвычай прымітыўнымі. Капіталістычны рынак з канкурэнцыяй падабаецца нашым людзям тады, калі яны купляюць замежныя якасныя аўтамабілі, кампутары, мабільнікі, тэлевізары, халадзільнікі, пыласосы. Як толькі грошы канчаюцца, адразу цікавасць да рынкавай эканомікі прападае.

Пра высокі ўзровень спажывання беларусы марылі яшчэ з савецкага часу, крыху зазіраючы на Захад праз «жалезную заслону» з дапамогай «забугорных радыёгаласоў», забароненых кніг, кінафільмаў, рэдкіх турпаездак, але тое, што цяпер спажывецкі рай трэба фарміраваць самім, што неабходна ствараць такія палітычную і эканамічную сістэмы, дзякуючы якім дасягаецца жаданы дабрабыт, ім не падабаецца. Яны зноў глядзяць з надзеяй на начальства, а тое блытаецца ў палітычных і эканамічных «трох соснах», выпрошвае новыя і новыя пазыкі.

З сумнай усмешкай назіраю, як расійска-беларускія газетныя гібрыды, афіцыйны мясцовы друк, тэлебачанне і радыё стараюцца абяліць рэжым, вышукваюць хоць нейкія станоўчыя прыклады яго дзейнасці, выдаюць правалы і праколы за перамогі. Вось тыповая інфармацыя з «АиФ», якая, цытуючы кіраўніка краіны, вымушаную меру выдае за «бацькоўскі клопат»: «Технику, которая не будет реализована на экспорт и находится на складах, направить в колхозы и совхозы. Это не бесплатно. Может быть, в рассрочку. Если кто-то сразу будет покупать, мы ему сделаем хорошую скидку до 25%, а может, и 30%. Губернаторы решат, сколько и какой техники им необходимо». Гэты тэкст паказвае ручное кіраванне ва ўсёй «красе». Зноў тых, хто канкрэтна працуе на зямлі, гаспадарамі не лічаць…

Піяршчыкі проста са скуры вылузваюцца, каб прыпудрыць аўтарытарызм з ягонымі валюнтарызмам, фанабэрыстасцю, дурнотай, тупасцю. А весялей становіцца, калі ўспамінаю словы сына вялікага песняра, цудоўнага чалавека Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча: «Якуб Колас пісаў праўду і толькі праўду. Сказаць у нас дома няпраўду было недапушчальным. Таму я вельмі балюча стаўлюся да таго, што з тэлебачання і радыё ідзе страшэнная хлусня. Часам хочацца ўзяць палена і стукнуць гэтых аглядальнікаў, калі яны пачынаюць брахаць». Добра, што не ўсё грамадства замбіравана і маральна разбэшчана ўладай, што мільёны сумленных людзей сустракаюць хлуслівую афіцыйную інфармацыю з грэблівасцю і смехам.

Адзін з персанажаў аповесці братоў Стругацкіх «Трудно быть богом» казаў: «Умные нам не надобны, надобны верные». Якраз гэтую формулу ўзяў на ўзбраенне аўтарытарны рэжым, насаджаючы ўсюды «сваіх людзей». Але з вернымі, ды бяздарнымі кадрамі, як паказвае гісторыя чалавецтва, зрабіць нешта талковае ніколі не ўдаецца. Усе «грандыёзныя» праекты канчаюцца пшыкам.

Папа рымскі Францішак І у казанях часта падкрэслівае: «Сапраўдная сіла — у служэнні». Гэтае чалавечае асэнсаванае дзеянне вырастае з працы на самога сабе, на сям’ю і так — да служэння Айчыне. Заўважце, сіла не ў выкананні ўладных каманд, не ў халуйскім, тупым прыслужванні начальству, як таго патрабуе аўтарытарны або дыктатарскі рэжым, а ў шчырым служэнні, якое прадугледжвае высокія мэты і слаўныя здзяйсненні. А яно немагчыма без дэмакратычных перамен.

Пакуль што наша грамадства нагадвае спалоханага звярка, які схаваўся ў нару. Усе чакаюць толькі нечага кепскага: бюджэтнікі — скарачэння штатаў, спынення фінансавання, прадпрымальнікі — праверак падатковай інспекцыі і штрафаў, чыноўнікі — сачэння і кайданкоў на рукі, апазіцыянеры — новых рэпрэсій і арыштаў. А дзе ж неабходны пазітыў?

Разбуральная рэальнасць абступае нас з усіх бакоў, раструшчвае фізічна і маральна. Хто ж яе стварае? Самі людзі! Калі яны не рашаюцца спыніць аўтарытарны гвалт, змяніць сваё жыццё да лепшага, то гэта азначае, што вірус разбуральнасці знаходзіцца ўнутры нас. Кожнаму жыхару Беларусі трэба пазбаўляцца ад яго, і як мага хутчэй.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.