TOP

АПОШНЯЯ КРОПЛЯ

За завесаю цяжкага выжывання большасці людзей чалавецтва ўвайшло ў эпоху дыктатуры шалёных грошай, гвалту і мілітарызацыі, хлусні і цынізму, калі дэфармацыі падвяргаюцца нават развітыя дэмакратычныя грамадствы. Народы доўга маўчаць пад сацыяльным і палітычным здзекам. Але настае імгненне, і ў чашу людской крыўды падае апошняя кропля. 

Трэба зазначыць, што ў многіх краінах свету прэзідэнты, прэм’ер-міністры, ніжэйшая кіруючая эліта, прыўладныя бізнесоўцы, банкіры, прадстаўнікі спецслужбаў сталі непадкантрольнымі грамадству, ушчэнт разбэсціліся службова і маральна ад уладарання, ад усёдазволенасці, ад сквапнасці. У іх, як заўважыў яшчэ ў «Мёртвых душах» геніяльны М. Гогаль, «нет такой охоты подвизаться для добра, какова есть для получения имущества».

Чым канчаецца ненармальная сітуацыя, паказала Бразілія, дзе народнымі хваляваннямі, у якіх штодзённа ўдзельнічаюць ад 250 тысяч да аднаго мільёна чалавек, ахоплены 80 гарадоў, дзе ў сутычках паліцыі з насельніцтвам ёсць забітыя і сотні параненых. Дэтанатарам пратэсту грамадзян стала павышэнне аплаты праезду ў грамадскім транспарце.

Улада прымяніла супраць дэманстрантаў у г. Сан-Паўлу газ, пярцовы аэразоль, гумовыя кулі, вадамёты, бронетэхніку, верталёты, кавалерыю і атрады асаблівага прызначэння (900 чалавек). Пацярпела 100 чалавек, у тым ліку 15 журналістаў. Сілавікі збівалі людзей наўмысна. На відэа ў інтэрнэце выставілі фота, на якім восем (!) узброеных да зубоў паліцэйскіх азвярэла лупцуюць бразільскага журналіста П. Нагейра.

Жорсткасць выклікала новы выбух гневу. Грамадзяне прыпомнілі ўладзе больш адчувальныя крыўды: карупцыю, развал адукацыі, медыцыны, камунальнай гаспадаркі. Яны выйшлі з лозунгамі «Прабачце за нязручнасці, Бразілія мяняецца!», «Людзі абудзіліся!» Дайшло да таго, што насельніцтва, якое каталіцкае і любіць футбол, патрабуе адмовіцца ад вялікіх выдаткаў на арганізацыю чэмпіянату свету па футболе-2014 (прыкладна 15 мільярдаў долараў), летніх Алім­пійскіх гульняў 2016 года і нават на сёлетні ліпеньскі візіт папы рымскага.

Пратэстная дэмакратыя дала вынікі. Прэзідэнт Бразіліі Д. Русэф аб’явіла, што праект новых рэформ прадугледзіць рашэнне транспартнай праблемы, у адукацыйную сферу будуць інвесціраваны прыбыткі ад нафтаздабычы, у дзяржавы знойдуцца сродкі на паляпшэнне аховы здароўя. Адразу ўстае пытанне: чаму гэта не зроблена раней? Не ведаю, ці спраўдзяцца абяцанкі, але рашучасць бразільцаў у барацьбе за лепшае жыццё радуе. Трэба ставіць на месца тых, хто зарваўся.

Народным гневам скаланаюцца Турцыя, Балгарыя, Іспанія, Партугалія. Хоць у кожнай краіне ёсць свае прычыны, якія выклікаюць хваляванні, але галоўнае — гэта гіганцкі разрыў паміж уладай і насельніцтвам, паміж багатымі і беднымі.

У кожным роздуме я паўтараю, што ўлада павінна чуць «голас плошчы», слухаць народ, улічваць разумныя меркаванні і патрабаванні. Але ў Беларусі даўно зашкальвае валюнтарызм, толькі зрэдку нейкае рашэнне абстаўляецца «грамадскімі слуханнямі», на якіх для пратаколу слова маюць «апрацаваныя кадры». Што тычыцца самых важных праектаў, то да іх абмеркавання ніхто не дапускаецца. На зло дзесяткам тысяч грамадзян, якія ставяць подпісы супраць невуцтва і самадурства, рашэнні прапіхваюцца сілком. Але ў выніку будзе зроблена непапраўнае зло нашчадкам.

Сын рускіх эмігрантаў, мітрапаліт Антоній Суражскі (1914 — 2003), які скончыў біялагічны і медыцынскі факультэты Сарбоны, быў хірургам у французскай арміі, удзельнічаў у легендарным Супраціве, займаўся рэабілітацыяй былых вязняў канцлагераў, стаў святаром і 54 гады адслужыў у Англіі, у гутарцы «О насилии» , праведзенай для слухачоў Каралеўскага ваенна-навуковага каледжа, кажа: «…Есть одна вещь, которой всем нам необходимо научиться, потому что она не дается легко и естественно: смотреть, с тем чтобы видеть, и слушать, с тем чтобы слышать. Нам это не удается, особенно духовенству. (…) Нам нужно научиться смотреть на людей без боязни, но и не примеряясь, как бы ими поживиться». Калі самакрытыка гучыць з вуснаў уладыкі, то як жа старанна павінна засвойваць гэты ўрок свецкая ўлада?!

Дзе там! Мясцовыя ідэолагі і афіцыйныя СМІ, гаворачы пра хваляванні ў іншых краінах, скажам, у Бразіліі, абавязкова падкрэсліваюць, што на вуліцы выйшлі «просто люди». А хто ж тады пратэстуе ў Беларусі? Атрымліваецца, што тысячы студэнтаў, прадпрымальнікаў, настаўнікаў, інжынераў, урачоў, творчых працаўнікоў, пенсіянераў, якіх бязлітасна разганяе чорная сіла, гэта — не «проста людзі», а засланыя ворагі? У Беларусі, Расіі, цяпер у Турцыі ўлада якраз і спрабуе спіхнуць народны пратэст на дзейнасць спецслужбаў ЗША.

Але хто праводзіць сфальсіфікаваныя выбары, якія абураюць людзей, або інфармуе народ пра «полный обвал»? Няўжо амерыканскае ЦРУ? Ды не! Сам прэзідэнт малюе катастрафічную сітуацыю. Усюды: у Мінскім гарвыканкаме, у будаўніцтве, у энергетыцы, нават у цырку — адны карупцыянеры, дайшло нават да «организации с элементами мафии и банды». Дык як жа такое можна трываць?

Узяць хоць бы той жа спорт, дзе ўсё прадаецца і купляецца, які становіцца прычынай пратэстаў. Згодна паведамлення КДБ, неаднаразова атрымліваў хабар былы намеснік міністра спорту і турызму: «Злачынствы мелі працяглы характар і адбываліся да 2012 года». Яшчэ ніхто не склаў разам крадзяжы, адкаты пры ўзвядзенні спартыўных аб’ектаў, подкуп чыноўнікаў і хабар, які яны вымагалі самі. Думаю, што выведзеная лічба ўразіла б электарат болей, чым спартыўныя дасягненні Беларусі.

Большасць беларусаў змушана абмяжоўвацца «хлебам», а за іх кошт «эліта» наладжвае «відовішчы» міжнароднага ўзроўню. Але задайце сабе пытанні: колькі грамадзян наведае матчы чэмпіянату свету па хакеі? Колькі каштуюць білеты і хто туды можа трапіць? Дык для чыйго задавальнення ўбухваюцца каласальныя сродкі?..

Рэформы трэба рабіць своечасова. Але нават дэмакратычныя ўлады заўсёды з гэтым спазняюцца. А тутэйшы рэжым наогул ходзіць як сляпы цыркавы конь па абрыдлым крузе хлусні, сацыльнага прымітыву амаль 20 гадоў.

Цытую выказванні пра нашу рэчаіснасць: «У Беларусі стала менш свабоды, больш бюракратыі, горшымі сталі міжасабовыя адносіны», «Няма нармальных умоў для працы, людзі з’язджаюць за мяжу». Гэта з назіранняў замежных журналістаў, гасцей краіны…

Старэнькі масквіч, які нядаўна згадваў пачатак Вялікай Айчыннай вайны, заўважыў: «НКВД мы боялись больше, чем немцев». Сучасных садыстаў у форме, у чорных масках і арміі цывільных карупцыянераў нашы грамадзяне таксама палохаюцца мацней, чым выдуманых знешніх ворагаў. Міжволі задумаешся над тым — дзе ж «много-много диких обезьян»: у Бразіліі або ў Беларусі і Расіі?

У Бразіліі людзі на вуліцах свабодна даюць інтэрв’ю, абмяркоўваюць усе сацыяльныя і палітычныя праблемы. А беларусы баяцца карэспандэнтаў як чорт ладана. Шчырыя словы можна знайсці толькі ў незалежным друку, у інтэрнэце, ды і то пад псеўданімам.

Вось гэта і ёсць вялікая розніца паміж грамадствамі! Але апошняя кропля народнай крыўды ўпадзе абавязкова.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.