TOP

ЧАТЫРЫ ПЕДАЛІ

Не толькі знешняя палітыка, якая вельмі часта вырашаецца лакальнымі або маштабнымі войнамі, але і ўнутраныя канфлікты ў краінах свету «працуюць на сырой чалавечай крыві». Гісторыя сведчыць, што разумнае, насычанае здаровым сэнсам жыццё заўсёды абараняе не кіруючая эліта, а звычайны, праўдзівы і сумленны чалавек. 

У артыкуле «Из неотправленного» ў часопісе «Звезда» расійскі публіцыст М. Вахцін піша: «Мы ведь вообще — механизмы простые, такой себе автомобиль с четырьмя педалями. Две педали — чтобы ехать: называются интересы и идеалы. В основном, конечно, давят на интерес, в основном интерес заставляет нас двигаться, крутиться, что-то делать, чего-то добиваться. Но иногда — редко — и идеал тоже. И еще есть у нас две педали тормоза: страх и совесть. Это чтобы нас от чего-то остановить, удержать: чаще всего удерживает страх, но иногда — редко — совесть тоже. Так и едем: хочется, но страшно (или совестно). Это, конечно, упрощение, как всякая схема, но для экспресс-анализа человеческих поступков вполне годится».

Прапанаваная схема асабіста мне ўяўляецца правільнай. Але ў рэчаіснасці любая тэорыя страчвае чысты выгляд. Асабліва гэта тычыцца людзей, якія жывуць у аўтарытарнай краіне, дзе нармальна не дзейнічаюць канстытуцыйныя палажэнні і законы, дзе існуе палітычны, эканамічны і маральны абсурд.

Першая педаль пад назвай «інтарэсы», як было сказана, надзвычай важная. Дзякуючы ёй кожны чалавек пракладае жыццёвы шлях, самасцвярджаецца. На жаль, у Беларусі свабодна «націскаць» на інтарэсы не атрымліваецца. Гэта тычыцца як эканамічнай сферы, так і грамадскага жыцця.

Напрыклад, развіццё прадпрымальніцтва, малога і сярэдняга бізнесу, на якіх трымаецца эканоміка ва ўсіх развітых краінах свету, нягледзячы на дэкрэты і ўказы нібыта па яго падтрымцы, стрымліваецца бюракратамі. Чаму? Таму што ў Беларусі ў эканоміку ўмешваецца палітыка. Улада баіцца, што заможныя і параўнаўча свабодныя людзі не будуць далей трываць сістэму, якая іх душыць. Дарэчы, у Расіі, дзе пераймаюць беларускія метады кіравання, за год сталі банкротамі больш 100.000 прадпрымальнікаў!

Выключная цярплівасць прадпрымальнікаў Беларусі нядаўна лопнула па прычыне ўвядзення з 1 ліпеня 2013 г. патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы лёгкай прамысловасці», якія паралізуюць іх працу. 27 чэрвеня адбыўся аднадзённы агульнанацыянальны папераджальны страйк, у якім удзельнічалі прадстаўнікі Мінска, Гомеля, Віцебска, Брэста, Гродна, Бабруйска, Баранавічаў, Салігорска, Наваполацка, Маладзечна, Полацка, Барысава, Мазыра, Жлобіна, Пінска, Слоніма, Івацэвічаў, Ліды, Оршы, Касцюковічаў. За падзеямі пільна сачылі спецслужбы. Старшыня РГА «Перспектыва» А. Шумчанка быў затрыманы і асуджаны да пяці сутак адміністрацыйнага арышту. Так выбудоўвае дыялог з прадпрымальнікамі ўлада!

У Беларусі быць уладальнікам бізнесу, акцый, нерухомасці, зямельных участкаў няпроста і дазволена далёка не ўсім. Сярод роўных заўжды ёсць і «раўнейшыя», прытым гэта тычыцца як сваіх, так і замежных грамадзян. Галоўнае своечасова прылегчы да ўлады лаяльна пад бачок, каб прыгрэла, а затым дзяліцца з ёю набыткамі — і ўсё будзе выдатна! У краіне «социальной направленности» атрымалася так, як у вядомай казцы «Кот у ботах». Едзе тутэйшы чалавек у аўтобусе і пытаецца: «А чый жа гэта прыгожы палац?» У адказ чуе: «Маркіза Карабаса-Барабаса!» А яшчэ яму належаць палі, заводы, фабрыкі, масівы жылых дамоў. Адбылося ўсё, як казаў герой выдатнага артыста А. Папанава, «без шума и пыли».

У сучасным свеце самае важнае і дарагое — гэта разумная ініцыятыва і час, які адпушчаны на яе ажыццяўленне. Калі дзяржава абслугоўвае інтарэсы толькі адзінак, а мільёны грамадзян змушаны біцца лбом у сцяну, то абавязкова настае апатыя, сіндром нахлебніцтва, халявы. Прытым ён апаноўвае не толькі асобных людзей, але і краіны. Напрыклад, дырэктар Інстытута эканомікі РАН Р. Грынберг заявіў: «Пока бочка нефти стоит выше 100 долларов, нам не надо беспокоиться». Расійская ўлада і алігархічны бізнес па-дзікунску рабуюць матухну-прыроду, а Беларусь, як вядома, жыве збольшага тым, што перападае з барскага стала суседзяў.

Калі казаць пра другую педаль руху — ідэалы, то яны сёння заменены імкненнем да вялікіх грошай. Жаданне людзей жыць заможна — зразумелае. Але павінна быць разумная мера спажывання. Прытым прыклад хцівасці падаюць «народныя слугі», якім не да службовых абавязкаў, бо думаюць не пра разумнае развіццё дзяржавы і грамадства, не пра навуку, адукацыю, культуру, родную мову, а пра гіганцкія барышы.

Яшчэ горш беларусы карыстаюцца педалямі, якія тармазяць. Страх спрацоўвае не тады, калі трэба асцерагацца ўласных кепскіх учынкаў (алкагалізм, наркаманія, пакінутыя дзеці, забойствы), а менавіта ў выпадку патрэбы рызыкі для добрых спраў, для карысных перамен. Чаму ў Беларусі няма спелай грамадзянскай супольнасці, якая здольная прарвацца ў лепшую будучыню? Ды таму што ўлада, спецслужбы на нешта жывое, на любую грамадскую ініцыятыву адказваюць рэпрэсіямі. Сістэма, асяроддзе ціснуць на асобнага канкрэтнага чалавека, які не такі моцны духам, як гэта здаецца. Ідзе тыповае ўдушэнне грамадства, а яно, за выключэннем самых смелых і мужных людзей, падстаўляе шыю і заплюшчвае вочы.

Найгорш суайчыннікі карыстаюцца самай важнай педаллю — сумленнем. У многіх яна наогул адсутнічае. «Аўтамабіль-беларус» вельмі падобны на савецкую матэрыяльную базу, якая рыпела, але няблага служыла нам, а цяпер развальваецца. Яшчэ больш сумна ад таго, што ржавеюць і развальваюцца душы. Трансфармацыя прыстойных людзей у апалагетаў аўтарытарызму суправаджаецца ростам сквапнасці і цынізму, прадажнасці і канфармізму, а гэта не лепшыя рысы чалавечага характару.

Людзям патрэбна свабода, бо гэта — вышэйшая каштоўнасць. Калі яе няма, то ніколі не будзе і чалавечай годнасці.

Побач з намі ёсць выдатны прыклад. Не забываючы жорсткіх урокаў панавання Польшчы на беларускіх землях і нашых страт, звязаных з тым часам, трэба аддаць належнае суседзям, павучыцца ў іх патрыятызму, любові да сваёй Айчыны. Малады салдат, які паміраў у другую сусветную вайну пад легендарным італьянскім Монтэ-Касіна, ціха прамовіў: «Колькі ж крыві патрабуе ад нас гэтая Польшча…» Палякі пралілі крыві за свабоду столькі, колькі ім вызначыў бязлітасны лёс. Затое маецца вынік!

А сучасныя беларусы, маючы ад продкаў не менш слаўную спадчыну, страцілі нават інстынкт самазахавання. Цяпер патрабуецца гераічны рывок у пустых душах да нацыянальнай і чалавечай годнасці, да свабоды, да разумення галоўных задач развіцця незалежнай Беларусі. Калі мы такога намагання не зробім, то невядома колькі часу прабоўтаемся ў аўтарытарным балоце, зайздросцячы багатым прайдзісветам і жулікам, жуючы лагерную пайку хлеба і слухаючы расійскую папсу.

Надзённым лозунгам для нас застануцца іранічныя словы з бардаўскай песенькі: «Жизнь — дерьмо, но перспективы очень хороши!»

…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72).

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.