ПАЛ ТАМАШ: У БЕЛАРУСІ СВОЙ ШЛЯХ…
Пазітыўныя і негатыўныя фактары, што ўплываюць на развіццё Украіны, Малдовы і Беларусі, а таксама перспектывы Усходняга партнёрства для нашай краіны — пра гэта адзін з вядучых еўрапейскіх спецыялістаў па праблемах сацыяльна-палітычных трансфрамацый на постсавецкай прасторы Пал Тамаш.
Выступаючы ў Мінску з адкрытай лекцыяй, арганізаванай у межах «Еўрапейскага кафэ», прафесар сацыялогіі венгерскага універсітэта Корвінус вылучыў стос негатыўных і пазітыўных фактараў, якія трэба мець на ўвазе, плануючы рэформы, у тым ліку ў рамках «Еўрапейскага дыялогу на тэму мадэрнізацыі Беларусі».
— Раней лічылася: калі ў краіне хаця б штосьці паляпшаецца, гэта паступовы прагрэс, так і павінна быць. Аднак потым прыйшоў час імклівага прарыву на Тайвані , у Сінгапуры. І стала зразумелым , што часам прагрэс можа быць хваляпадобным, нават пасля шматгадовага застою, — адзначыў Пал Тамаш.
Што дае Беларусі перспектывы?
Калі звярнуцца да перспектываў Беларусі, Украіны, Малдовы (БУМ) — а менавіта ў гэтым звязку еўрапейскія сацыёлагі найчасцей разглядаюць нашу краіну, пазітыўным момантам навуковец лічыць высокую адукаванасць насельніцтва.
— Нягледзячы на крытыку сучаснай сістэмы адукацыі, людзі не проста мараць мець дыплом аб заканчэнні ВНУ, але і гатовыя выдаткаваць на гэта грошы, — адзначыў Пал Тамаш.
Сярод іншых станоўчых фактараў сацыёлаг назваў каркас сацыяльных інстытутаў і праграм, што захаваліся з савецкіх часоў:
— Чалавек ведае, што ён можа разлічваць на медыцынскае абслугоўванне, бясплатную сярэднюю адукацыю. Зразумела, у гэтых інстытутах шмат праблем, але тое, што яны існуюць, у будчым спрашчае механізм мадэрнізацыі — прынамсі, ёсць што выпраўляць , не трэба ствараць бальніцы і школы нанова.
Яшчэ адным істотным фактарам для перамен у краіне з’яўляецца стварэнне рэальных кантактаў з дыяспарай у Еўропе і Маскве. Украіна і Малдова ў гэтым сэнсе больш паспяховыя за Беларусь.
— Можна ўшчуваць стыпендыятаў, якія не вярнуліся пасля вучобы дадому , але гэта «залаты запас» нацыі . Як толькі будуць створаныя спрыяльныя ўмовы, яны вернуцца на радзіму і будуць моцным інструментам для ажыццяўлення рэформаў. Пакуль жа яны з’яўляюцца мастом паміж краінамі БУМ і вялікім светам — Еўропай , ЗША, Расіяй, — лічыць Пал Тамаш.
Беларусы не ведаюць, што такое рэзкія перамены
Што датычна негатыўных фактараў, то перш за ўсё эксперт звяртае ўвагу на праблему карупцыі, якая пераўтварылася у стыль жыцця. А таксама імперскі сіндром , што характэрны для краінаў , якія доўгі час знаходзіліся пад уплывам вялікіх дзяржаваў і цяпер не ахвотна ідуць на інтэграцыю, баючыся страціць сваю незалежнасць.
У параўнанні з Украінай і Малдовай, на думку эксперта, у Беларусі нашмат у меншай ступені прысутнічае фактар нацыяналізму. Акрамя таго, беларусы пазбаўленыя ілюзій, што іх чакаюць у Еўразвязе.
Спецыфіка нашай краіны палягае ў тым , што рэформы расцягнутыя на дзесяцігоддзі .
— Беларусы не ведаюць, што такое рэзкія перамены. Няма вопыту шокавай мадэрнізацыі, калі тысячы людзей на некалькі гадоў застаюцца без працы. І хаця, на першы погляд, гэта падаецца станоўчым момантам, пазней гэта адыграе злы жарт, — лічыць Пал Тамаш. — У Беларусі вельмі шмат праціўнікаў резкіх рэформаў, гэта падмацоўваецца ўяўнай стабільнасцю. Людзі насамрэч не галадаюць, неяк занятыя на працы. Але менавіта з-за гэтага і немагчыма ўявіць резкую змену рэжыму — не ў палітычным сэнсе, а як звычайную рэч . Час паказаў, што ў Беларусі якасна іншае грамадства, таму тут нельга выкарыстоўваць чэскія альбо польскія сцэнары пераменаў.
Усходняе партнёрства — перліна, якую кідаюць у смецце
Адказваючы на пытанне, як будуць развівацца стасункі паміж Беларуссю і Еўразвязам, Пал Тамаш крытычна паставіўся да праграмы Усходняга парнёрства.
— Усходняе партнёрства — гэта перліна , якую кідаюць у смецце. Першапачаткова гэтая супольнасць стваралася, каб замацаваць пазіцыі Польшчы ва Усходнім партнёрстве і заспакоіць Украіну, якая хацела далучыцца да Еўразвязу. На той момант ключавым пытаннем было — пашырацца ЕЗ альбо ўмацоўвацца знутры. Канцэптуальна быў абраны другі варыянт, таму саюз развіваецца пакуль па гэтым сцэнары. Магчыма, праз 10-15 лет прыхільнікі пашырэння будуць мець большую вагу і тады пытанні аб далучэнні новых краінаў будуць больш актуальнымі, — зазначыў эксперт .
Адар’я ГУШТЫН. Zautra.by