МЯРЗОТА
Калумністу, які штотыдня выходзіць да людзей з роздумамі, даводзіцца перапрацоўваць душою зваротную інфармацыю. Чытачы шлюць лісты, тэлефануюць, падыходзяць у грамадскім транспарце, у магазіне, проста на вуліцы, каб падзяліцца тым, што ўсхвалявала, змусіла перажываць.
Нядаўна маладая жанчына, выкладчыца ВНУ, расказала мне пра жылістага, загарэлага амбала з наварочаным мабільнікам, які забалбатаўся і ледзь не прапусціў патрэбны прыпынак, а затым, нахабна ціснучыся ў аўтобусе да выхаду, малаціў налева і направа локцямі, кулакамі, наносячы пасажырам траўмы. Асабіста ёй пасля праходкі мярзотніка па салону давялося звяртацца да медыкаў.
Нехта скажа: гэта бытавая дробязь, хамства, чаго толькі не бывае ў жыцці. Але я думаю інакш. Якраз выпадак, які стаў звыклым, змушае больш пільна ўгледзецца ў стан аўтарытарнай Беларусі.
У чалавека маіх гадоў ёсць магчымасць параўнаць. Я не сумую па СССР, у якім адны бясконцыя чэргі або цэнзура даваліся ў знакі, спаганьвалі настрой. Але тады, нягледзячы на пэўныя канфлікты, не было жорсткай канфрантацыі паміж сацыяльнымі пластамі людзей. Клімат у грамадстве быў непараўнана больш мяккі, лепшы.
Гэта мярзотнікі- аўтакраты падзялілі нас на «сваіх» і «чужых» , стварылі кланы па захопу народнага багацця, увялі каласальны разрыў паміж зарплатамі «вярхоў» і «нізоў», прыдумалі прывілеяваныя пенсіянерскія касты для чыноўнікаў і сілавікоў, зрабілі ізгоямі людзей, якія выйшлі на пенсію ў савецкі час, прызначылі ўраўнілаўку для новых пенсіянераў, калі самаадданы працаўнік атрымлівае тое ж, што і лайдак. Яны пакінулі злавесную аўру прыгнёту, тэрору і рэпрэсій, бо ў вачах мільгацяць назвы вуліц — Суворава, Леніна, Дзяржынскага, Валадарскага, Свярдлова, Урыцкага і г.д., помнікі крывавым «правадырам», а школьнікаў, студэнтаў, ваеннаслужачых і гасцей краіны вязуць на «Линию Сталина». Каб зацьміць людскі розум і паслабіць адэкватныя эмоцыі, каб падзеі ўспрымаліся прытуплена-абыякава, яны абвалаклі насельніцтва шчыльным коканам прапагандысцкай хлусні. Яны пралезлі ва ўсе сферы жыцця і размнажаюцца, як вошы або прусакі. Кепска тое, што паскуднікі навязваюць свае паводзіны грамадству, а яно не дае бой, спаўзае ў багну мярзоты.
Амбал у аўтобусе — гэта родзіч бандытаў, якія па ўласнай ініцыятыве або па камандзе спадцішка падкрадаюцца да нічога не падазраваючага чалавека і б’юць яго кастэтам па галаве, а таксама правакатараў у цывільным, што апаганьваюць пратэстныя маніфестацыі і мітынгі.
Рэжым спіхвае ўзмацненне жорсткасці нораваў людзей на знешніх ворагаў і апазіцыю, нібыта гэта яны сеюць незадаволенасць, сутыкаюць ілбамі народ і ўладу. Але нават школьнік ведае тое, што ў кожнай дэмакратычнай краіне ёсць сістэмная апазіцыя, якая кантралюе дзеянні ўлады, крытыкуе яе памылкі і ў выпадку падтрымкі большасці насельніцтва на чарговых выбарах прымае на сябе кіраванне. Такім чынам забяспечваецца зменнасць улады, немагчымасць яе ўзурпацыі.
А што ёсць у аўтарытарнай Беларусі? Увесь народ трапіў у бясконцую палітычную і эканамічную залежнасць ад прыхамацяў аднаго індывіда. Сітуацыя не такая бяскрыўдная, як здаецца недасведчанаму люду. Існаванне толькі па камандзе адрозніваецца ад свабоднага жыцця, як неба і зямля. Чалавек, пазбаўлены самастойнасці і ініцыятывы, абсалютна бездапаможны. Цяпер грамадзянін практычна вядзе няроўную барацьбу з карумпіраванай уладай за элементарнае выжыванне. Ад безвыходнасці ён часта запівае, становіцца агрэсіўным або абыякавым. Калі адпрэчыць трыбунную, тэлевізійную і газетную балбатню пра высокія якасці нашага народа і глянуць у корань жыцця, то гэта назіраецца паўсюдна.
Беларусь выйшла на першае месца ў свеце па спажыванні алкаголю на душу насельніцтва, катастрафічна расце наркаманія. Дзіўна, што ў краіне, дзе пад кантролем улады «жук і жаба», дзе нібыта пануюць «стабільнасць і парадак», ніяк не прывіваецца культура паводзін, эстэтычны густ, патрэба ўтульнасці і камфорту. Людзі жывуць, як на вакзале. Пра дачасніцтва ў гарадах сведчаць засмечаныя, запляваныя ганкі і пад’езды дамоў, размаляваныя ліфты, парэзаныя парэнчы лесвіц, а вёска засмучае сядзібамі, зарослымі крапівою. Прытым вінавата не беднасць (фарбу або патрэбныя дошкі купіць можна), а масавае бескультур’е, паслязапойная лянота. Затое вёска пагалоўна ўзброілася мабільнікамі. Сімвалам мадэрнізацыі па-беларуску, пра якую штодня трубіць рэжым, ды ніяк толку не дамагаецца, для мяне стаў п’яненькі, саплівы мужычок на Віцебшчыне, які ляжаў са смартфонам на дарозе ў пыльнай каляіне і размаўляў на высокіх нотах з жонкаю. Пацешны малюнак напомніў іншыя публічныя разборкі.
Тут будзе дарэчы прывесці лічбы. Колькасць «бытавых» забойстваў у Мінску павялічылася ў 3,5 разы, на Віцебшчыне — у 2 разы, праблемнай застаецца Магілёўшчына. Мільён беларусак падвяргаецца хатняму гвалту, а кожная дзясятая жанчына пераносіць пабоі ў час цяжарнасці (!). Больш паловы тыранаў маюць алкагольную залежнасць, 2% — наркатычную. 75% такіх злачынстваў здзяйсняецца ў п’яным выглядзе.
У савецкі час за рукапрыкладства давалі вымовы, выганялі з пасады, нават судзілі. Але, на жаль, не ўсіх і не заўсёды. А таму агрэсіўныя «харызматыкі» прарваліся ў сучаснасць, замацаваліся ў ёй і плодзяць сабе падобных.
Успомнім: з чаго пачынала аўтарытарная ўлада? З навядзення жорсткай дысцыпліны, барацьбы з п’янствам, хуліганствам, пакарання вінаватых. Нават высокае начальства любіла ўдзельнічаць у рэйдах па прадпрыемствах, арганізацыях, інтэрнатах, над чым просты народ пацяшаўся. Але паказуха была нядоўгай. Хутка на дысцыпліну махнулі рукой. Затое ў моду ўвайшлі легалізаваныя карпаратывы, якія нібыта «яднаюць калектывы», а практычна нічым не адрозніваюцца ад былых папоек…
У нас шмат святаў, хапае відовішчаў, ёсць хлеб і штосьці да яго, але няма галоўнага — духоўна з’яднанай, фізічна і маральна здаровай нацыі. Нам патрэбна нарэшце вызначыцца з адносінамі да сваёй гісторыі і роднай мовы. Што можа быць добрага, калі мярзотнікі закатваюць пад асфальт не толькі людзей, але і цэлыя галіны нацыянальнага жыцця: адукацыю, культуру?
Якраз па гэтай прычыне грамадства імкліва дэградуе, становіцца жорсткім, прымітыўным, падобным на жывёльны свет.
Я паважаю высокі талент Э. Хромчанка з папулярнай перадачы «Модный приговор», якую транслюе Першы расійскі тэлеканал (заўжды схіляю галаву прад любым прафесіяналам!), але яе меркаванне, што народная мудрасць «Встречают по одежке, провожают по уму» састарэла, выклікала ўсмешку. Гнюсная сутнасць чалавека не мяняецца ад таго, як ён апрануты.
Любых паскуднікаў — ад высокапастаўленых у замежных гарнітурах і да дробных у смярдзючай вопратцы — трэба, не баючыся запэцкацца, рашуча браць за каўнер, трэсці і ставіць на месца. Практыка паказвае, што яны не паддаюцца вербальнаму выхаванню, ушчуванням, а таму неабходна прымяняць народную лекавую сілу.
Сістэме, пры якой вырас велізарны пласт закамуфліраваных і адкрыта нахабных, агрэсіўных мярзотнікаў, патрабуецца лячэнне, у тым ліку і радыкальным, хірургічным спосабам.
Сяргей ЗАКОННІКАЎ