TOP

Мой дом

У нашым грамадстве, нягледзячы на сціплыя заробкі большасці людзей, заўважаецца выразная агульная скіраванасць на стварэнне сабе, сваім сем’ям камфортных, зручных умоў жыцця. Добра, што многія гараджане і вяскоўцы дбаюць пра якасць жылля, стараюцца давесці яго да ладу. Але паняцце «мой дом» не абмяжоўваецца сценамі кватэры або хаты. 

Асабліва важным застаецца пашырэнне паняцця «мой дом» на ўсю краіну для нас — жыхароў незалежнай Беларусі. У канцы ХХ ст. мы ўвайшлі ў эпоху будаўніцтва суверэннай Айчыны духоўнымі жабракамі: з вынішчанай нацыянальнай свядомасцю, без неабходнай салідарнасці і згуртаванасці, не валодаючы палітычнай, эканамічнай і прававой культурай.

Прайшло больш дваццаці гадоў з дня набыцця незалежнасці Беларуссю, але яна яшчэ не стала для насельніцтва родным домам. Ваенныя парады, на якія прыходзяць самі або зганяюцца начальствам разявакі, шчыты і расцяжкі на вуліцах з намаляванымі «любячымі» сэрцамі, дэмагогія ў афіцыйных СМІ, лозунгі з трыбун, выдрэсіраванае скандзіраванне на сходах, канцэртах папсы і іншых тусоўках, выкананне па камандзе гімна, калі адзін спявае, а сто маўчаць, не выяўляюць душэўнага патрыятызму. Як прадстаўнікі ўлады, так і грамадзяне дагэтуль не разумеюць, што жыццё ў суверэннай краіне патрабуе свабоды мыслення, ініцыятыўнасці, асабістай адказнасці, якая тычыцца ўсяго: палітыкі, эканомікі, адукацыі, культуры, маралі.

У ідэале неабходна, каб клопаты людзей пра ўласную кватэру або дом ішлі паралельна з якаснай прафесіянальнай працай, з беражлівым захоўваннем грамадскай маёмасці, з патрэбай дапамагчы ў добраўпарадкаванні пад’ездаў, двароў, дзіцячых пляцовак, з натуральнай цягай да выхаванасці, да высокай культуры паводзін, каб усе добрыя памкненні зліваліся ў адну плынь. Тады агульнымі намаганнямі ствараецца прыгожая, утульная краіна, спелая розумам і душою грамадзянская супольнасць.

А што адбываецца ў нас? Глянем на знешні выгляд вялікага беларускага Дома. Ён мае паказушную сутнасць. Дагледжаны толькі цэнтры вялікіх гарадоў, фасады дамоў у населеных пунктах каля галоўных дарог, аграгарадкі, якія ўключаны ў гасцявыя маршруты. Астатняя тэрыторыя пакідае сумнае ўражанне.

У першую чаргу бянтэжыць фантастычная забруджанасць. Растуць ушыркі шматлікія велізарныя палігоны для смецця, што ўплывае на стан экалогіі, на здароўе людзей, а праблема ўтылізацыі дзесяцігоддзямі не рашаецца. З шасці запланаваных смеццеперапрацоўчых камбінатаў у краіне пабудаваны толькі адзін.

Раней лясы вакол буйных гарадоў былі татальна засмечанымі ў радыусе 15—20 кіламетраў. З набыццём вялікай колькасці асабістых аўтамабіляў аб’ек­там варварскіх наездаў стала і глыбінка, практычна нідзе не засталося жывога, чыстага месца. Усюды бачны сляды «культурнага» адпачынку «аматараў прыроды»: пластыкавыя бутэлькі, бляшанкі, пакеты, абгорткі. Да іх яшчэ дадаюцца скінутыя самазваламі рэшткі цэментнага раствору, жалезабетонных вырабаў, бітум, нават каштоўны металалом. Дарэчы, пастаянна прычынай лясных пажараў становяцца як непатушаныя кастрышчы, так і пакінутая шкляная тара. Няпроста на Купалле юнакам і дзяўчатам шукаць у такім бедламе чароўную папараць-кветку!

Асаблівай увагі патрабуюць гарадскія і вясковыя могілкі. Калі вызначаць узровень культуры грамадства паводле іх стану, як гэта прынята ва ўсім свеце, то нас можна лічыць пяшчэрнымі дзікунамі. Любыя могілкі, нават ля апусцелых вёсак, нельга пакідаць запушчанымі. А ў нас жа маюцца проста ўнікальныя месцы пахавання, якія налічваюць не адно стагоддзе…

У краіне, нягледзячы на разбуральныя войны і ўласны нігілізм, захавалася шмат палацаў, панскіх сядзібаў, старых паркаў, але ў якім жахлівым стане яны знаходзяцца. Спадзявання на рэстаўрацыю, рамонт будынкаў або паднаўленне насаджэнняў няма, бо дзеля камерцыйных выгод высякаюцца нават зялёныя зоны (Мінск, Гродна, Барысаў і інш.), створаныя ў савецкі час.

Чаму сёння чыноўнікі і прыўладныя бізнесоўцы не дбаюць пра нармальнае асяроддзе пражывання ў гарадах, за якое мужна, але амаль беспаспяхова змагаюцца простыя людзі, не баючыся дубінак амапаўцаў? Ды таму што яны даўно пабудавалі сабе шыкоўныя палацы-катэджы «на прыродзе», далей ад людскога тлуму і смогу.

Нават на адным такім прыкладзе высвечваецца сацыяльная няроўнасць у дзяржаве, якая дэкларуецца «сацыяльна скіраванай», «дэмакратычнай». Аўтарытарны правіцель не паставіў галоўнай мэтаю яднанне нацыі, каб згуртавана прарывацца да агульнага прыстойнага жыцця, а наадварот, дзеля ўласных інтарэсаў падзяліў яе, стварыў халуйскія кланы і групы, якія апякуе, выкарыстаў незалежнасць, нібы хутарскі плот, для ўзурпацыі і бясконцага захавання ўлады.

Дэмакратыя па-беларуску, якую кіраўнік высока ацэньвае і любіць пра яе разважаць, па праўдзе выглядае так: ваўкі сытыя, а авечак ніхто ні пра што не пытае.

А як паводзяць сябе «авечкі»? Многія прадстаўнікі старэйшых пакаленняў Беларусі — гэта прадукт артадаксальнай, сталінскай прапаганды, а новая людская плынь з’яўляецца невераемным сімбіёзам. Трэба не забываць, што каля 30% насельніцтва краіны нарадзілася ўжо не ў СССР, а яшчэ 20% хоць і з савецкай радзільні, але выхоўваліся ў іншых умовах. На маю думку, нягледзячы на аўтарытарнае ідэалагічнае абалваньванне, новае пакаленне беларусаў больш прыдатнае для правядзення палітычных і эканамічных рэформ, таму што яно інфармаванае, прагматычнае, разумее, пры якой сістэме чалавеку жыць вальней, зручней і камфортней. Перамены будуць. Хоць раблю агаворку: пры ўмове, што не ўся моладзь уцячэ з «процветающей и сильной» Беларусі.

Цяпер ідзе супрацьстаянне, ад выніку якога залежыць існасць Беларусі, Расіі, Украіны. Расійскі вучоны М. Вахцін дае яму такую характарыстыку: «Это противостояние — тех, кто считает себя взрослыми, ответственными людьми, способными самостоятельно принимать решения относительно своей жизни, а там, глядишь, и жизни страны, — и тех, кто считает только начальство способным на осмысленные действия на благо страны, а прочих считает малыми детьми, за которыми глаз да глаз, а то они не только страну, но и собственную жизнь под откос пустят, — это противостояние исключительно важное. Наверное, это главное сейчас у нас противостояние и единственная — последняя — надежда».

Я спадзяюся на моладзь, якую заклікаю любіць Айчыну пры любой уладзе, засвойваць родную мову, культуру. Кіраўнікі прыходзяць і сыходзяць, а яна застаецца навечна. Другой Беларусі ў свеце няма!

Некалі я вандраваў па Італіі. Душу кранула любоў народа да архітэктурнай спадчыны, да роднай мовы, у якой поруч з агульнаітальянскім варыянтам захоўваюцца дзесяткі дыялектаў. Сведчу, што гэтак жывуць Германія, Францыя, Данія.

Бальшавікі, нішчачы беларускую мову, прыкрываліся інтэрнацыяналізмам, а сённяшнія пустадомкі — глабалізмам. Што скажаш: кепскаму танцору заўжды нешта замінае…

Мне падабаецца даўні італьянскі выраз: «Casa mia puo sostituire il Mondo. Il Mondo non puo sostituire casa mia» (Мой дом можа замяніць цэлы свет. Цэлы свет не можа замяніць мой дом»).

Сяргей ЗАКОННІКАЎ