TOP

Пазітыўны зарад

Па сваёй пошце заўважаю, што грамадзяне Беларусі пакутуюць ад няўвагі ўлады да вырашэння набалелых праблем. У адказ на справядлівыя скаргі і прапановы чыноўнікі мыкаюць нешта няўцямнае або выключаюць тэлефон, прысылаюць адпіскі. Так расце стомленасць як асобных людзей, так і ўсяго грамадства. У крытычны момант яна абавязкова выбухне. 

Старшыня Чэрыкаўскай суполкі Таварыства беларускай мовы М. Шчэрбіч піша: «Ведаю аб Вашай заклапочанасці пра родную мову. Бачу, што наша мова гіне, так як носьбітаў мовы з кожным годам усё менш і менш, але працэс гэты цяжка прыпыніць. У гэтым кірунку штосьці робяць ГА ТБМ і ТБШ, аб чым піша газета «Наша слова». Але газету чытае каля 2 тыс.чытачоў (не ведаю колькі інтэрнэткарыстальнікаў), якія з’яўляюцца сябрамі ТБМ, і гэтыя праблемы для іх не новыя. Жыхары Беларусі мала што ведаюць аб дзейнасці суполак ТБМ, ТБШ, ТБК і іншых патрыятычных аб’яднанняў. Прашу Вас напісаць у газеце «Свободные новости плюс», наклад якой у параўнанні з «Нашым словам» значны, аб дзейнасці суполак /…/, аб іх узаемадзейнасці ў моўным пытанні».

Запэўніваю шаноўнага аўтара ліста, што цаню намаганні ўсіх патрыётаў роднай мовы і хацеў бы пра іх расказаць. Але сцісласць трохкалонніка не дазваляе гэта зрабіць. Мяркую, што чытачы змогуць знайсці ў інтэрнэце сайты названых грамадскіх аб’яднанняў і азнаёміцца з іх працай.

Цяпер зірнем у корань пытання. Пры ўсёй павазе да дзейнасці грамадскіх актывістаў, энтузіястаў, скажу пра галоўнае: ім не пад сілу вырашыць да канца такую грандыёзную праблему, як уратаванне роднай мовы. А яна сапраўды знаходзіцца ў прадсмяротным стане. Пра тое, хто і якім чынам давёў святыню народа, яго найпершую адзнаку ў вялікім чалавечым свеце да комы, гаварыць няма патрэбы — казана-пераказана, пісана-перапісана. На нашай зямлі ва ўсе часы хапала прадажнікаў, пустадомкаў і боўдзілаў. Не паменела іх і з набыццём дзяржаўнасці і незалежнасці. Калі прыйшла спрыяльная пара для адраджэння затаптанай за стагоддзі нацыянальнага прыгнёту святыні, то замест гэтага невукі-цемрашалы, якія дарваліся да ўлады, укруцілі пытанне роднай мовы (!) у сферу бруднай, папулісцкай палітыкі і пачалі яе дабіваць.

Чаму такое адбываецца? Мова — гэта не толькі душа народа, але яшчэ і падмурак самасвядомасці. Толькі з ёю цёмнае, безаблічнае, палахлівае насельніцтва адчувае сябе сапраўдным народам, які нельга задурыць або паставіць на калені. А гэта не патрэбна аўтарытарнай уладзе, бо нашмат лягчэй кіраваць несвядомымі людзьмі.

Родная мова патрэбна нам. Сёння галовы людзей затлумлены выжываннем і спажываннем. Скажу так: нават на адным маім вяку часта было то галадней, то сытней. Але нешта з’есці і апрануцца заўсёды знаходзілася. А ўспомнім, колькі «правадыроў» змянілася ў СССР? Начальнікі і цяпер будуць мяняцца!

Родная мова вышэй за лусту хлеба і за любую ўладу. Калі мы не вернем яе ў сваё быццё, то не выжывем як нацыя. Мы павінны прымусіць самагубцаў, якія атабарыліся ва ўладзе, весці нацыянальна-культурнае і найперш моўнае адраджэнне ўсімі сіламі дзяржавы, падключаць да яго партыі, грамадскія і рэлігійныя арганізацыі, творчыя саюзы. Калі націснуць на пустадомкаў згуртаванай народнай сям’ёй, чаго пакуль няма, калі настойліва патрабаваць, то толк будзе. Ужо нават святары кажуць людзям: «Мала рашучасці!»

Справядліва піша М. Шчэрбіч пра тое, што пісьменнікі рэдка ствараюць кнігі пра выдатных людзей Айчыны, якімі трэба ганарыцца, а кампазітары слаба папаўняюць рэпертуар выканаўцаў і калектываў таленавітымі песнямі, што звужае магчымасці для выхавання патрыятызму.

А з наступным пасажам Міколы згадзіцца ніяк не магу: «Мяркую, што апазіцыйныя СМІ, у тым ліку і «СН», «давяць» чытача змрочным песімізмам, а дзяржаўныя СМІ даюць пазітыўны зарад. А што любіць народ?! Даруйце, але і ў Вашых артыкулах на старонцы «СН» яго я не бачу. Знайдзіце некалькі пазітыўных тэм. Ну, напрыклад, будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі».

На мой погляд, «пазітыўны зарад» заключаецца не ў слоўнай дэмагогіі, якая гучыць амаль кругласутачна і адцягвае грамадства ад рашэння самых важных праблем, а якраз у выяўленні і затым выпраўленні сур’ёзных памылак у палітыцы, эканоміцы, культуры, сацыяльным жыцці. Упэўнены, што народ любіць не «зарад» у выглядзе прапаганды, а само адладжанае, заможнае жыццё. Пра што б я ні пісаў, у кожным роздуме прысутнічае пазітыўны зарад.

Што тычыцца бібліятэкі і лядовых палацаў, то сёння, маючы сабраныя народам або забраныя ў народа бюджэтныя грошы, такіх аб’ектаў можна набудаваць процьму. Толькі сутнасць заключаецца ў наступным: колькі скрадзена сродкаў пры ўзвядзенні, якая якасць будынкаў і хто імі карыстаецца? Раю зацікавіцца такімі простымі пытаннямі.

Памылкова думаць, што падняць стваральны настрой, патрыятызм можна суцэльнай пахвальбой. Не спрацоўвае і прымітыўная да дэбільнасці рэклама, якая расказвае, што Еўропа ўзахлёб п’е беларускае піва, нарасхват купляе нашу мэблю. Людзі з іншых крыніц ведаюць пра затавараныя склады, самі штодня бачаць і набываюць няякасныя прадукты, тавары, лекі.

Напомню, што пры дыктатуры Сталіна ў СМІ таксама трапляла толькі пазітыўная інфармацыя. Абсалютна нічога негатыўнага не перадавалася па радыё, не друкавалася ў газетах. Таму ў савецкіх грамадзян было ўражанне міру, спакою і шчасця. А ў краіне адбываліся маштабныя крывавыя рэпрэсіі і тое ж, што цяпер: забойствы, карупцыя, крадзяжы, махлярства, прыпіскі, амаральшчына вярхоў. Не трэба забываць, што праз СМІ запалоханым людзям можна навязаць што заўгодна.

А ёсць жа яшчэ паліттэхнолагі! Беларускія майстры падману засакрэчаны, працуюць у падполлі, яны публічна не расказваюць пра тонкасці ў справе абдурвання электарату. А расійскі спец Г. Паўлоўскі, які любіць папіярыцца, расказаў з канкрэтнымі, шакіруючымі сваім цынізмам дэталямі пра тое, як працаваў у камандзе У. Пуціна на выбарах. Уражаны карэспандэнт спытаў: «Нас вам не жалко?» Суразмоўца дэманстратыўна не звярнуў увагі на вострую маральную сутнасць пытання і, міла ўсміхаючыся, адказаў: «Я делаю свою работу хорошо». Гэта рэдкі прыклад , калі прафесіяналізм прыносіць зло.

Шэрыя маніпулятары чалавечай свядомасцю, якія актыўна дзейнічаюць перад выбарамі, не надта адрозніваюцца ад людзей «у цывільным» і ў чорных масках, што па ўказцы зверху праводзяць правакацыйныя акцыі, гвалтоўныя выпады на пратэстных манефістацыях, мітынгах і шэсцях.Такім чынам нараджаецца матывацыя для выбараў: галасуем за гэтага, бо калі прыйдзе нехта іншы, то будзе кепска. Народ пастаянна нацэльваюць на тое, каб не да лепшага імкнуцца, а баяцца горшага. Пра які аптымістычны зарад у такім выпадку можа ісці гаворка?

Эканамічны крызіс, які закрануў чалавецтва, трохі прамыў беларусам вочы, збіў з іхніх вушэй пыл прапагандысцкай хлусні. Людзі бачаць сумныя рэаліі тутэйшай палітыкі, эканомікі, сацыяльнага жыцця.

Але нацыянальны крызіс, які цягнецца стагоддзямі, для нас намнога больш небяспечны. Без яго пераадолення нельга паспяхова ажыццявіць ніводзін тактычны і стратэгічны праект краіны, мець прыстойную будучыню.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ