• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

Дзе ўсмешкі, улада?

Госці Беларусі па-рознаму ставяцца да рэалій нашага жыцця. Тыя, якія слізгаюць позіркам па паверхні, захапляюцца чысцінёй на вуліцах гарадоў, дысцыплінаванасцю пешаходаў, а больш дапытлівым і ўдумлівым у вочы найперш кідаецца адсутнасць усмешак, пахмурныя твары людзей. 

Чалавеку, які жыве ў свабодным, прававым свеце, якому не даводзілася ўшчыльную сутыкацца з аўтарытарнай сістэмай, няпроста арыентавацца ў тутэйшым адміністратыўным і бытавым абсурдзе, калі дзейнічаюць не законы, а распараджэнні і прымусы. Яму цяжка паверыць, што такое можа быць. Больш дакладна ацэньваюць наш лад суайчыннікі, якія з нядаўняга часу знаходзяцца ў замежжы. У знаёмай жанчыны, што прыехала на VІ з’езд беларусаў свету, я спытаў: «Ну і якой жа праз гады расстання вам убачылася радзіма?» Тая ўздыхнула і адказала: «Радзіма як быццам і няблага выглядае: грамадскі транспарт працуе, шмат будоўляў. Але многія новыя будынкі бянтэжаць аляпаватасцю, эклектыкай, а найбольш уражваюць змрочныя абліччы людзей. Пры нейкіх, нават самых дробных, эксцэсах на вуліцы або ў аўтобусе імгненна выяўляюцца злосць і нянавісць. А яшчэ я была ў мінскай паліклініцы, даўно такога бедламу не бачыла».

Сапраўды, аўтарытарны рэжым хоць і аб’явіў, што пойдзе ўласным шляхам, але стараецца капіраваць заходняе жыццё. Маўляў, мы таксама не лыкам шытыя, так, як і вы, «магём»! Але там будаўніцтва вядзецца не дзеля понту, а каб зрабіць жыццё камфортным, утульным, лепшым. Напрыклад, зручныя пад’ёмнікі, каб дапамагчы інвалідам, старым, хворым або проста стомленым людзям, пастаянна працуюць на вакзалах ад сталіцы да любога маленькага гарадка або пасёлка.

У нас жа форма нібыта ёсць, але жывой душы ў ёй — няма. Успомнім гадамі не працуючыя эскалатары на параўнаўча новых вакзалах, у метро, у вялікіх магазінах, альбо тое, што ўсюды ў грамадскіх будынках палова дзвярэй наглуха зачынена. Навошта тады іх планавалі?!

Заходзіш у аптэку, а там вялікая чарга, бо працуе адзін касір. Затое побач вісіць прыгожая таблічка: «Извините, окно временно не работает. Просьба обращаться в другое окно». А ў многіх магазінах, банках ніхто прабачэння не просіць, звычайна з усіх касаў функцыяніруюць адна-дзве. Нядаўна было паведамленне, што ў Мінску хочуць заварыць у дамах люкі смеццеправодаў. Няўжо «крутыя нанатэхнолагі» з гарвыканкама не ўяўляюць, якой гіганцкай звалкай смецця пасля гэтага стане сталіца? А ў Гомелі ажыццявілі ноўхаў — зачынілі ў маркеце туалеты па той прычыне, што наведвальнікі… крадуць мыла, паперу.

Што ж, бывае і такое. Гэта мы — жыхары Беларусі з усімі як дадатнымі, так і адмоўнымі якасцямі. Да таго ж, калі кіраўнікі крадуць сотні мільёнаў, мільярды рублёў, то чаму б падначаленаму не прыхапіць рулон туалетнай паперы? Замест таго, каб з малых гадоў з дня ў дзень вучыць людзей культуры, беражлівасці да грамадскай маёмасці, добразычлівасці да іншых, у нас толькі забараняюць, зачыняюць, заварваюць, забіваюць дошкамі.

Прытым нічога не робіцца для духоўнага ўмацавання нацыі: вывучэння айчыннай гісторыі, адраджэння роднай мовы, развіцця культуры. Такім чынам, пры аўтарытарызме беларусы пражываюць не сваё, а чужое і абсалютна пустое жыццё.

У апошніх спічах кіраўнік краіны сказаў, што «время щелкать каблуками закончилось», што «всё зависит от нас, всё в нас самих». Словы нібыта правільныя, але як іх ажыццявіць?

Дзяржаўная сістэма сёння прасякнута духам махровага чынашанавання, адкрытага халуйства. Аўтарытарызм без гэтага не можа існаваць. Варта згадаць, як высокія чыноўнікі на нарадах у прэзідэнта з угодлівымі мінамі крэмзаюць блакноты. І не толькі тады, калі ідуць даручэнні, называюцца лічбы, факты. Іх рукі не спыняюцца пры агучванні грозным босам тысячу разоў чутай банальшчыны. Гэта прафанацыя прафесіяналізму і маралі. На вас жа, сівыя начальнікі, глядзіць краіна! Акрамя таго, ствараецца ўражанне, што там сядзяць зомбі, на працягу нарады — ніводнай усмешкі. Проста нейкі тэрарыум! Адкуль жа ўзяцца аптымістычнаму настрою ў насельніцтва?

А яшчэ правіцель рэгулярна расказвае пра непрыяцеляў, якія паўзуць з усіх бакоў на Беларусь, і запэўнівае, што ён пераможа іх. Дык якія могуць быць усмешкі, калі вакол адны ворагі?

Нядаўна ў Мінску адзначалі 1025-годдзе Хрышчэння Русі. Дзясяткі тысяч людзей імкнуліся на ўрачыстую літургію, да крыжа Андрэя Першазваннага, каб пацалаваць яго, паспавядацца перад ім. Ажыятаж быў невераемны. Урачы дапамагалі вернікам, якія пад спякотным, бязлітасным сонцам нават страчвалі прытомнасць. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, хвіліны яднання вакол святыні здаваліся многім людзям момантам ісціны. Сапраўды, лепшага часу не знайсці, каб падумаць над сваім жыццём, над лёсам народа і Айчыны. Але, на жаль, насельніцтва, якое не стала сапраўдным народам, не здольнае на высокі роздум, на ўзвышэнне душы, яно проста збягаецца на відовішчы. Канцэрты папсы, ваенныя парады або царкоўныя літургіі ідуць у тутэйшага люду на адным узроўні.

У суботу, 3 жніўня, мне давялося паўдня правесці ў Заслаўі. Раніцай старажытны горад прад вачыма беларускіх і замежных турыстаў, якіх тут было шмат, выглядаў вельмі непрэзентабельна. Каля царквы і касцёла стаялі на парапетах або валяліся ў газоннай траве пляшкі з-пад гарэлкі, «чарніла», піва, паўсюль дол усцілала іншае смецце. Сярод звалкі блукалі змрочныя цені неапахмеленых абарыгенаў.

Далейшы турысцкі маршрут таксама быў не ў лепшым стане. Рукатворны бруд і зялёная атрутная ціна спынілі праточную ваду ў артэрыі, якая акаляе гістарычнае замчышча. Адтуль непрыемна патыхала густой затхласцю, застойным смуродам.

Так і жывем. Спачатку цалуем крыж Святога Апостала, просім у яго дапамогі, а затым да страты пульсу жлукцім спіртное, канчаткова запаскуджваем ледзь жывое прыроднае асяроддзе…

Рэжым не зважае на інфраструктурныя, сервісныя і бытавыя недарэчнасці, бо хоча паказаць сябе, прагне ўвагі і славы. Якраз з такімі мэтамі ён вырываў права правесці чэмпіянат свету па хакеі 2014 г. у Беларусі, хоць прапаганда кажа ўслых пра прасоўванне краіны на міжнародную арэну, пра ўзняцце іміджу. А хто і якія выгоды мае і будзе мець ад мерапрыемства ў грашовым плане, народ толькі здагадваецца.

Безумоўна, можна «падаіць» падаткаплацельшчыкаў і набудаваць лядовых палацаў, гасцініц, крыху навучыць змабілізаваных куратараў, валанцёраў, экскурсаводаў, афіцыянтаў замежным мовам. Але ведаеце, з якой простай, ды невырашальнай праблемай сутыкнецца рэжым пры правядзенні чэмпіянату? З дэфіцытам прыбіральняў!

Чыноўнікі, напэўна, думаюць, што замежныя балельшчыкі будуць усюды хадзіць гуртам і ў рэдкія ў нашых гарадах туалеты маршыраваць строем так, як крочаць мясцовыя вайскоўцы, студэнты і школьнікі на «Линию Сталина».

А яшчэ: як схаваць ад гасцей, куды падзець пахмурных жыхароў? Відаць, давядзецца тэрмінова арганізоўваць спецыяльныя курсы па аднаўленні ўсмешак на тварах, або вывозіць усіх падчыстую гараджан «за 100 кіламетр».

Гледзячы на тутэйшую фантасмагорыю, успамінаецца вядомы радок выдатнага барда У. Высоцкага: «Где деньги, Зин?». Следам за ім я задаю пытанне ў падноўленым выглядзе: «Дзе ўсмешкі, улада?»

Сяргей ЗАКОННІКАЎ