TOP

Вучыцца ніколі не позна

Кожны год, калі бачу дзяцей, якія ўпершыню крочаць з букетамі кветак па гарадскіх і вясковых вуліцах да школ, ахоплівае не толькі светлы настрой, але і сум ад таго, што наша дарослае грамадства знаходзіцца яшчэ як бы ў першым класе чалавечага жыцця і прытым лянуецца добра вучыцца. 

Адкуль узялася хранічная хвароба? Яе карані сядзяць не толькі ў мінулым, дзе ўладарнічалі «правадыры», пачынаючы ад крыважэрных Леніна, Сталіна і да маразматычнага Чарненкі, але і задушліва аплялі сённяшні дзень. Таму, як невыводнае пустазелле, прарастаюць нацыянальны нігілізм, сацыяльная і грамадзянская абыякавасць, бяздумнасць, лайдацтва, чаканне халявы.

Паварот нашага рэгіёна ў бок дэградацыі прадбачыў да кастрычніцкага перавароту і тым больш да развалу СССР выдатны вучоны Д. Мендзялееў: «Социалисты могут прийти к власти с помощью мало развитых и мало имущих по своей лености или разгильдяйству сил. Они породят чудовище в лице хищнического аппарата государственного управления. /…/ Вместо коллегиальности установится авторитарный тип власти. Всё будет зависеть от мозга одного человека. Средством воздействия на человека станет демагогия. Вождь наденет на народ ярмо и будет господствовать от имени этого народа».

Рэаліі аўтарытарнай Беларусі пацвярджаюць прароцтва сусветнавядомага хіміка. Чытаючы творы Д. Мендзялеева, І. Паўлава, я думаў: чаму вучоныя пасля сваіх геніяльных адкрыццяў звярталіся раптам да праблем грамадскага і сацыяльнага развіцця? Адказ знайшоўся ў тым, што ад палітычнай сістэмы, якая пануе ў краіне, залежыць усё. А найперш паводзіны грамадзяніна, якія пры аўтарытарызме зведзены да рабскіх, пра што гавораць папулярныя радкі:

Был не глупее Галилея,
Он знал, что вертится Земля,
Но у него была семья.

Грамадства павінна імкнуцца да ўсталявання такога ладу, які дае чалавеку свабоду, які не стрымлівае прагрэс, а спрыяе эфектыўнаму гаспадаранню, навуцы, адукацыі, культуры. Сёння для беларусаў асноўнай стратэгічнай задачай з’яўляецца ўмацаванне суверэннай краіны, павышэнне дабрабыту людзей. А гэта патрабуе новых фінансава-эканамічных і навукова-тэхнічных магчымасцяў, якія ніколі не прыйдуць без шырокай мадэрнізацыі.

Прытым, калі эканоміку можна ўдасканальваць і намаганнямі ўлады, то палітычную сістэму, ад якой залежыць агульны прагрэс, змяняе ў лепшы бок сам народ. Аднак ні ў чыноўнікаў, ні ў насельніцтва поспехаў у справе мадэрнізацыі пакуль няма. Задумаемся, чаму?

У сучасным свеце галоўным багаццем любой краіны сталі адукаваныя, інтэлігентныя людзі. Расійскі навукова-метадычны часопіс для настаўнікаў дае такое вызначэнне: «Интеллигентность определяется не хорошими манерами, красноречием, привлекательной внешностью, а богатством внутреннего духовного мира. Это богатство частично предопределено генетически унаследованными задатками и талантами, но главный духовный капитал приобретается в процессе получения образования (как в учебном заведении, так и вне его) и особенно — самообразования и самовоспитания. Интеллигент — это самоопределившийся, эрудированный, творчески одарённый человек, готовый к осуществлению профессиональной деятельности». Але ці створаны ўмовы для з’яўлення як мага большай колькасці такіх людзей у Беларусі?

Важную праблему неабходна разглядаць комплексна. Трэба прызнаць, што ў многіх сем’ях дзецям не даюцца азы адукацыі і выхавання, імпульс на далейшую вучобу. Бацькі, згодна ўласных ведаў, не здольныя такое зрабіць. Што тычыцца школы, то і тут на першы план павінен выходзіць якасны ўзровень педагагічных кадраў. Пра гэта слушна кажа вядомы пісьменнік Д. Гранін: «Профессия учителя, наверное, более трудная и сложная, чем профессия врача, врачу помогают лекарства, помогают законы медицины, общие законы для всех организмов, несмотря на их индивидуальность. Для учителя этих законов почти нет, он должен вслепую нащупывать, определять свой путь к душе класса и к душе каждого ученика. /…/ Мы все признаём, что профессия учителя трудна и ответственна, но до сих пор учитель в нашей стране наименее почитаемая, может быть, самая невыгодная работа».

Складаная прафесія настаўніка стала непрыстыжнай у другой палове ХХ стагоддзя. Прычына — адсутнасць матэрыяльнай і маральнай падтрымкі з боку ўлады, нагрузкі, не звязаныя з асноўнай працай. У суверэннай Беларусі кола дэградацыі замкнулася: у педагагічныя ВНУ ідуць слаба падрыхтаваныя выпускнікі школ, а затым яны самі пачынаюць вучыць дзяцей. Дайшло нават да недабору абітурыентаў на бюджэтныя (!) месцы. У выніку — маладыя настаўнікі маюць малы аб’ём ведаў, не займаюцца самаадукацыяй. Такіх «спецыялістаў» нельга падпускаць да вучняў, але лепшых проста няма. Пасля нядаўняга павелічэння тыднёвай вучэбнай нагрузкі настаўнікам і педагогам дадатковай адукацыі з 18 да 20 гадзін, а выкладчыкам ліцэяў і каледжаў з 720 да 800 гадзін у год, прафесіяналаў у айчыннай педагогіцы стане яшчэ менш.

Шмат сур’ёзных недахопаў маецца ў атрыманні вышэйшай адукацыі і па іншых прафесіях. Для чаго маладыя людзі масава паступаюць у ВНУ? Вопытны выкладчык Ю. Вашкевіч дзеліцца назіраннямі: «В западном обществе свои мотивы: престижно быть лидером в своей узкой сфере, и существует прямая зависимость качества жизни от уровня образования. В нашей стране такой зависимости не прослеживается. К тому же сегодня у нас наметилась тенденция: диплом ради диплома, а не ради профессионализма. А нет мотивации — нет и качества обучения». Эксперт мяркуе, што трэба скарачаць колькасць месцаў у ВНУ, падрыхтоўку спецыялістаў праводзіць эканамічна абгрунтавана, што ільготнае залічэнне ў студэнты выпускнікоў вясковых школ зніжае якасць кадраў.

Я дадам сваё назіранне: жаданне рэжыму мець ад платнай адукацыі болей грошай у бюджэце даводзіць дзяржаўную справу да прафанацыі. Па колькасці студэнтаў у разліку на 10 тысяч жыхароў Беларусь займае ў СНД другое месца пасля Расіі і, як радуецца прапаганда, «опережает ряд развитых государств». Каго ж пакінулі ззаду? Нічога сабе — Фінляндыю, Швецыю, Нарвегію, Англію, Аўстрыю, Францыю! Але колькасць аўтаматычна не прывядзе да якасці. Асабіста я задаволюся сферай адукацыі тады, калі ў Беларусі ўсталюецца дэмакратычны лад, калі ўзровень жыцця стане такім, як у гэтых краінах.

А пакуль трэба вучыцца ўсім: вярхам, пра якія расійская «Независимая газета» піша: «Ва ўладзе — непрафесіяналы, якім абыякава ўсё, акрамя ўласнага дабрабыту»; нізам, бо тут нават людзі з дыпломамі ўражваюць неразвітасцю, тупізмам, пра што сведчаць іх публічныя выступленні, удзел у розных гульнях і шоў. Асаблівага папроку заслугоўвае непісьменнасць тэлевізійнікаў, рэкламшчыкаў.

Колькі б дыфірамбаў ні спяваў аўтарытарны рэжым бяздумнай большасці, ды любое грамадства па шляху прагрэсу вядзе адукаваная меншасць, якая хоча не імітацыі, а сапраўднага развіцця краіны.

Роздум завяршу радкамі са сваёй паэмы «Per aspera ad astra (Праз церні да зорак)», прысвечанай выдатнаму сыну Беларусі, таленавітаму педагогу і вучонаму, слаўнаму чалавеку Барысу Кіту:

Жыцця млын шчыруе завозна,
Млынар пасміхаецца ў вусы…
Вучыцца ніколі не позна…
Вучыцеся, беларусы!

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.