TOP

Воз завіс над канавай?

Тэлежурналісты дзвюх суседніх краін стараюцца адшукаць незвычайныя сюжэты. Так, у поле іхняй увагі траплялі коні, запрэжаныя ў аглоблі, якія прымацаваны да старых аўтамабіляў «масквіч» або «жыгулі». Рэпарцёры захапляюцца кемлівасцю вяскоўцаў, а для мяне гэтыя няўклюдныя агрэгаты сталі сімвалам сучасных Беларусі і Расіі.

Некалі ўсесаюзны стараста «дзядуля» М. Калінін, якога лічылі прасцячком, а маршал К. Варашылаў дык і наогул — ёлупам, назіраючы за дыктатарскімі, крыважэрнымі дзеяннямі І. Сталіна, прароча сказаў: «Этот конь заведет когда-нибудь нашу телегу (меўся на ўвазе СССР. — С.З.) в канаву». Так яно і сталася. Тыран не толькі знішчыў дзесяткі мільёнаў грамадзян кулямі і голадам, зламаў лёсы, не толькі заварыў ідэалагічную кашу, якую не могуць расхлябаць некалькі пакаленняў, але і стаў выдатным настаўнікам для сучасных узурпатараў улады.

Заўважана, што чым менш адукаваны і культурны чалавек (дыпломы ні пры чым, ацэнка ідзе па глыбокіх крытэрыях!), тым з большым нахабствам і вераломствам ён робіць кар’еру. Прытым прымітыўны індывід паводзіць сябе ў грамадстве, як слон у пасуднай краме. У такіх людзей заўжды не стае ні сумлення, ні сораму, а манія ўласнай велічы, завышаная самаацэнка ўпэўніваюць , што выказаная імі хлусня — гэта праўда, што любое рашэнне — геніяльнае. Сапраўды, калі надта не задумвацца, то цяпер быць начальнікам зусім не цяжка.

Расійскі пісьменнік М. Успенскі ў артыкуле «Как сделаться темным властелином» кажа: «А приемы хождения во власть просты и доступны каждому. Любой может стать начальником — впрочем, на своем уровне: ефрейтором, десятником, бригадиром, завотделом, генеральным секретарем, президентом… Достаточно дать понять вышней власти, что ты свой, что ты с ними по гроб жизни, что ты маму родную не пожалеешь…

И нет необходимости выпускать для них брошюрки типа «Как украсть миллион, трахнуть королеву и утопиться в шампанском». /…/ Если уж человек вступил на эту стезю, он и так все знает. Случайные люди во власти не задерживаются: либо вылетают, либо приспосабливаются.

А почему он на стезю власти вступил? Да потому, что он не умеет работать ни головой, ни руками. Наук не превзошел, ремеслом не овладел. И, главное, не хочет работать ни головой, ни руками. Но ведь не клей же «Момент» нюхать с другими неудачниками в подвале! Это бесперспективное занятие. Вот и приходится бесталанному бедняге садиться на нашу не слишком толстую шею и нами же руководить. Мало того, что мы эту братию кормим, мы еще должны выполнять ее указания и подчиняться ее законам».

Беларускі аўтарытарны воз паўзе па каляінах палітыкі і эканомікі няроўна, хістаючыся, перавальваючыся з боку на бок, спыняючыся ў гразкіх выбоінах, і ў любы момант можа кульнуцца ў канаву. Казаць, што ён незалежны, нельга. Як толькі воз са скрыгатам нахіляецца, яго падпіраюць расійскія і заходнія «дабрадзеі», якія маюць у розных гешэфтах з афіцыйным Мінскам прагматычны інтарэс. Такое ганебнае становішча не бачаць толькі вар’яты і дэбілы. А нібыта больш-менш нармальныя людзі ведаюць пра штодзённую хлусню, махлярства і жульніцтва, але згаджаюцца з тым, што ў аглоблях амаль 20 гадоў знаходзіцца адзін і той жа конь, што ён вывез іх у скупаватае, убогае і, што найгорш, няпэўнае жыццё. Сёння 80% грамадзян эканомяць, ламаюць галаву, як звесці канцы з канцамі. Асабліва гэта тычыцца тых, каму трэба лячыцца. А ў пажылым узросце такіх — 100%. Тым не менш, прапаганда крычыць пра «громкие победы Беларуси».

Рэжым ідзе нават далей. Ён замахваецца на тое, што беларусы, калі ўлічыць усе сацыяльныя льготы і дапамогі, жывуць так, як сярэдні грамадзянін у развітых краінах Еўропы. Рэжыму няважна, што гэтыя разлікі ўшчэнт разбіваюць эксперты, што па росту цэн краіна лідзіруе ў СНД, а сярэднія зарплаты і пенсіі ў нас у 7—8 разоў меншыя, чым, напрыклад, у Германіі. Прэзідэнт у радаснай, пераможнай оперы натхнёна саліруе, а падбрэхічы падцягваюць хорам. Прытым гэта не толькі дзеючыя і былыя чыноўнікі, сілавікі, якія, доячы народ, сапраўды атрымліваюць (па беларускіх мерках) высокія зарплаты і пенсіі. Нават некаторыя простыя, замбіраваныя людзі з пенай на вуснах стараюцца некаму даказаць, што беларусы жывуць лепш, чым іншыя. Пра такое ачмурэнне расійскі бард Л. Сяргееў спявае: «Страшное, блин, дело — пенье в унисон».

Дакладную ацэнку сённяшняму неафеадалізму праз гісторыю рускай літаратуры дае наша зямлячка, праваабаронца і публіцыст В. Навадворская. Часам Валерыю Ільінічну крыху заносіць, але па вялікім рахунку яна заўжды адстойвае праўду. Вось яе характарыстыка аповесці І. Тургенева «Муму»: «Вещь страшная и доказывающая, что особого умиления в адрес народа этот «диссидент» не испытывал. Барыня со своей вздорностью, праздностью, истерией и полным юридическим беспределом (сущность крепостничества) вызывает настоящую ненависть. Но и Герасим не сахар. Вот вам народ: и «тверезый», и работящий, но при этом нем, безгласен и склонен подчиняться самым чудовищным приказам. Эта рабская исполнительность хорошо сочетается с господской жестокостью. И доходит у обоих, у госпожи и у слуги, до палачества. На Нюрнбергском процессе осудили бы всех: барыню — за приказ, Герасима — за исполнение преступного приказа. Да и вся дворня готова была исполнить барскую волю. Так что с такими господами и с таким народом Муму все равно было не жить».

Гаворка ідзе пра ХІХ стагоддзе, але як падобна склаліся ўзаемаадносіны паміж уладарамі і простым народам у сучасных Беларусі і Расіі. Што там лёс нейкага сабачкі! Хто злічыць, колькі людзей сёння пакутуе ад самадурства новых узурпатараў? Цяпер яны нахабнымі магчымасцямі вышэй цара. Усё ж самадзержцу трэба было ўзгадняць рашэнне з Дзяржаўнай думай, а тут: свая рука — уладыка. Вось «богатейший человек России, Керимов — хозяин всего калийного рынка в России» звяртаецца з просьбай да кіраўніка Беларусі. А яму ў адказ: «Пожалуйста, бери деревню, хоть две, хоть три». Але эканоміка дае збой, і расійскі госць, якога афіцыйна запрасіў наш прэм’ер-міністр, трапляе за турэмныя краты. А рэжым гукае: «Інвестары, дзе вы?»

Рэаліі сведчаць, што прэзідэнт, патэтычна паўтараючы: «На этом клочке белорусской земли», — не даражыць ім. А для мяне наша зямля — вялікая. Я жыву не «на этом клочке», а ў еўрапейскай краіне, якая ні тэрыторыяй, ні колькасцю насельніцтва не саступае многім іншым. Што тычыцца якасці жыцця, то дбаць пра яе трэба самім беларусам. Але не толькі ім, бо ёсць рэчы, якія ад нас не залежаць.

Было б карысна, каб заходнія палітыкі глянулі на Беларусь не праз акуляры нейкіх інтарэсаў, а нацэленымі на праўду вачыма. Тады б яны зразумелі, што трэба своечасова спыняць узурпатараў, пакуль не зайшлі далёка. Будаваць дэмакратычную краіну, дзе паважаюць Канстытуцыю, законы, нормы маралі, усё ж прасцей, чым расхлёбваць крывавыя і разбуральныя вынікі народнага гневу, як гэта здарылася з Іракам, Лівіяй, Сірыяй.

Жыццё дынамічна мяняецца. Але беларускі рэжым не можа пахваліцца зменамі да лепшага, ён займаецца шантажом і скандаламі. А вакол яго разявакі — хто са страхам, хто з нянавісцю — чакаюць: калі ж беларускі воз кульнецца ў канаву? Прыкрае відовішча!

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.