TOP

Маштабны кантрафакт

Роздум выклікалі ўрачыстасці з нагоды Дня беларускага пісьменства, якія прайшлі ў старажытным, гераічным Быхаве. Свята вызначылася колькасцю чырвоных стужак, якія пераразалі прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама, Быхаўскага райвыканкама, міністэрстваў культуры і інфармацыі, а яшчэ тым, што з вуснаў чыноўнікаў не прагучала ніводнага (!) беларускага слова.

Любы замежны госць, калі пабудзе на такім мерапрыемстве, абавязкова спытае: «А чаму ў вас на Дні беларускага пісьменства не гучыць родная мова? Яна зусім вынішчана? Дык як жа тады жыць вашым дзецям, унукам, праўнукам? Якая будучыня чакае нацыю?»

Каб хоць нечым супакоіць прысутных, на расцяжцы назва свята была пазначана па-беларуску, праўда, слова «пісьменства» чыноўнікі ўсё роўна ўмудрыліся напісаць праз рускае «и» (см. стр. 8).

Як бы ні займаліся «спяцы» рэжыму нацыянальным макіяжам, але нічога людскага ў іх не атрымліваецца. Беларусы бачаць, што ім падсоўваецца не сапраўдны прадукт, а кантрафакт. Нагадаю, што кантрафакцыя (ад лац. сontrafactio — падробка) — гэта незаконнае выкарыстанне фірмамі на сваіх таварных знаках абазначэнняў, якія змяшчаюцца на папулярных таварах вядомых фірмаў, з мэтай нядобрасумленнай канкурэнцыі і падману спажыўцоў.

Тэлебачанне часта паказвае, як у розных краінах бульдозеры бязлітасна трушчаць кантрафакт: дыскі, цацкі, цыгарэты, бутэлькі з напоямі, парфуму. «Нацыянальныя мерапрыемствы», якія праводзяць тутэйшыя манкурты, не ведаючы айчыннай гісторыі, роднай мовы, культуры, народных традыцый, таксама знаходзяцца ў кагорце такіх падробак.

Аўтарытарнай уладзе не трэба ніякіх крытыкаў і ворагаў, яна пастаянна падстаўляецца сама і, як кажуць, па поўнай праграме. Не дзіўна, што пасля такога «свята» інтэрнэт і незалежныя СМІ адразу выбухнулі справядлівым абурэннем грамадзян…

Тое, што ў Быхаве адрамантавалі Дом культуры, кінатэатр, чыгуначны і аўтобусны вакзалы, вельмі добра. Але, прабачце, гаспадарчай, руціннай працай трэба займацца не да святаў, а пастаянна, па меры неабходнасці, як гэта робіцца ў любой краіне. Ды і жыхары Беларусі рэгулярна займаюцца рамонтам кватэр, але з такой прычыны маніфестацый не наладжваюць, стужак не пераразаюць. А чыноўнікі ўзвялі рамонт у ранг падзеі дзяржаўнага маштабу, бо нічога значнага, а тым больш у галіне роднай мовы і культуры, прад’явіць народу не могуць.

Практыка паказвае, што зрабіць рамонт і нават узвесці новыя заводы, фабрыкі, жылыя дамы можна параўнаўча хутка, а вось народны дух, які грунтуецца ў першую чаргу на роднай мове, адбудоўваецца доўга і цяжка. Пра гэта яскрава сведчыць лёс беларусаў. Самым небяспечным для нацыі з’яўляецца духоўнае разбурэнне, маральны заняпад.

У час правядзення Свята славянскага пісьменства і культуры ў Беларусі мне выпаў гонар адкрываць 24 мая1990 года шматтысячны мітынг на плошчы Перамогі ў Мінску. У прамове былі і такія радкі: «Дарагія беларусы! Давайце на імгненне ўявім, што ва ўсіх нас на далоні ляжыць «Біблія» Скарыны, які «избрал оставити в науце и в книгах вечную славу и память свою…», і паклянёмся на ёй, што зробім усё, каб адрадзіць родную мову і культуру, захаваць духоўнае і фізічнае здароўе нацыі, /…/ з годнасцю несці праз вякі сваё імя ў вялікай слаўнай сям’і славянскіх народаў». Памятаю, якой радасцю і надзеяй тады свяціліся вочы абуджаных людзей.

Прайшло 23 гады. Сітуацыя з роднай мовай не палепшылася, а значна пагоршылася. Прытым адбылося гэта не ў СССР, а ў суверэннай беларускай дзяржаве, якая найперш абавязана дбаць пра свае святыні!

Фальш і падробка пачынаюцца яшчэ з дзіцячага садка, са школы, калі юным беларусам дзяржава падсоўвае не сваю мову. Міністр адукацыі С. Маскевіч кажа: «Асабіста я пажадаў бы, каб вучні выбіралі мовай вывучэння школьных прадметаў беларускую. Мне здаецца, гэта было б вельмі добра і для Беларусі, і для іх саміх. На сваіх сустрэчах рознага ўзроўню я звяртаю ўвагу загадчыкаў розных аддзелаў адукацыі, кіраўнікоў абласных упраўленняў на тое, каб яны праводзілі нарады і размаўлялі з бацькамі, выкладчыкамі наконт таго, каб весці работу па большым ужыванні беларускай мовы, агітавалі размаўляць на ёй сваіх дзяцей».

Безумоўна, гэта добра, што міністр разумее праблему, але трэба не нарады і гутаркі праводзіць, а рашуча адкрываць беларускія школы, гімназіі, ліцэі, каледжы, універсітэты, рыхтаваць для іх высокакласныя кадры. Такой апантанасці можна павучыцца ў выдатнага педагога і славутага вучонага Б. Кіта: «Усе 10 год, як я настаўнічаў, я праводзіў беларускасьць. Нават у клясе па матэматыцы чытаў беларускія вершы, каб захапіць вучняў».

Можна яшчэ дапусціць, што беларусы страчваюць мову на чужыне або на тэрыторыях, якія адышлі пад нейчае ўладаранне, бо там цісне асяроддзе, уздзейнічае асіміляцыя. Але пляваць на родную мову, жывучы на той зямлі, дзе яна разліта ў паветры, гучыць у шэпце рачных і азёрных хваляў, у гомане лясоў і пушчаў, — гэта яўны дэбілізм, якога няма нідзе ў свеце.

Тым не менш, якраз у татальнай адлучанасці ад беларускасці гадуюцца сённяшнія «кантрафактныя беларусы». На маё такое азначэнне не трэба крыўдаваць, бо я ніколі не абражаю людзей, а кажу праўду. Гэта ва ўлады сем пятніц на тыдні, яна то падлізваецца да народа перад выбарамі і на святах, то бэсціць і чыхвосціць яго за «няправільныя паводзіны», калі абрынаецца беларускі рубель або ідуць чуткі пра чарговае павышэнне цэнаў. Я ж дзейнічаю згодна выразу вядомага пісьменніка Ф. Іскандэра: «Надо щадить людей, но мыслить беспощадно».

Беларусь — гэта запаведнік кантрафакту. Ва ўмовах непразрыстых выбараў немагчыма быць упэўненым у легітымнасці прадстаўнікоў усіх галін улады: ад прэзідэнта да дэпутатаў і суддзяў. У дэмакратычным свеце прадстаўнік парламента — гэта асоба, чалавек вядомы ў краіне сваімі выступленнямі з трыбуны, у СМІ, прапановамі і грамадскімі дзеяннямі. А ў нас дэпутатаў ніхто не ведае. «Народныя слугі» сядзяць як мышы пад венікам і штампуюць законы, падрыхтаваныя ўрадам або адміністрацыяй прэзідэнта. Калі яны выязджаюць за мяжу, то мала хто з імі сустракаецца. А што гаварыць з тымі, хто ніякай вагі і ўласнага голасу не мае, хай сабе на здароўе шапінгуюць «па парыжах».

Да кантрафакту зведзена барацьба з карупцыяй. Я не раз пісаў пра тое, што кантралюючым органам неабходна рэгулярна рабіць як ацэнку дзеянняў кіруючай і прыўладнай эканамічнай эліты, так і інвентарызацыю яе нерухомасці, рахункаў, акцый. Пры жаданні можна даведацца пра ўсё.Толькі ніхто гэтага не робіць і рабіць не будзе, таму што ў кожнага апекуна народа «рыльца ў пушку», а ў некаторых нават і «рукі ў крыві». Справядлівы лозунг: «Злодзей павінен сядзець у турме!» застаецца пустой балбатнёй.

Сёння кантрафактная ўлада асядлала шыю кантрафактнага народа і нахабна эксплуатуе яго. Па вялікім рахунку, адзін аднаго вартыя, але ад гэтага нікому лягчэй не становіцца.

А таму паўстае і бярэ загрудкі кожнага беларуса галоўнае пытанне: будзем мы нарэшце будаваць суверэнную краіну з разумнай знешняй палітыкай, з канкурэнтнай эканомікай, са сваёй мовай і культурай або так і працягнем фарбаваць гнілыя платы, драпіраваць вясковыя і гарадскія развалюхі, латаць дзіркі ў асфальце да чарговага свята, да прыезду губернатара або прэзідэнта?

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.