TOP

Сіндром халявы

У ХХ стагоддзі пасля развалу СССР «разваротлівыя» людзі ў прававым бязмежжы задарма хапанулі цэлыя галіны вытворчасці, заводы і фабрыкі, будынкі, участкі зямлі, партыйныя грошы. З таго часу сіндром халявы вырас у хранічную палітычна-сацыяльную хваробу, якая замінае суверэнным краінам развівацца, а іх грамадзянам — цвёрда станавіцца на ногі.

У нядаўна апублікаваным даследаванні Сусветнага банка ёсць такія радкі: «Страны региона погрязли в мелочных торговых войнах, спорах и интригах. Беларусь хочет посадить российского олигарха Керимова, но не прочь и дальше из-под полы продавать русскую нефть в Европу…» Думаю, што ніхто не аспрэчыць выснову: аўтарытарная ўлада трымаецца ў Беларусі дзякуючы ў першую чаргу расійскай нафта-газавай і грашовай дапамозе, а таксама ўсім замежным пазыкам. Спасылкі на тое, што ўсходнія і заходнія «дабрадзеі» думаюць пра наш народ, міласэрна ратуюць беларусаў ад галоднай смерці, не вытрымліваюць крытыкі. Свае сціплыя зарплаты большасць грамадзян «сінявокай» атрымлівае не за «прыгожыя вочы». Гэта тычыцца і мізэрных пенсій, узятых «са столі» і прызначаных ураўняльна, агулам, а не вылічаных дакладна кожнаму чалавеку за яго канкрэтную працу і заслугі. Апраўданне ўлады заўжды такое — на ўсіх у дзяржавы не хапае грошай! А таму ў нас ёсць і «больш раўнейшыя грамадзяне».

Калі правесці інвентарызацыю «ільготных» матэрыяльна-фінансавых рэсурсаў, якія займеў рэжым за амаль 20 гадоў праўлення, прасачыць адрасы іх размеркавання, то высветліцца, што на сацыяльную падтрымку асноўнай масы грамадзян адсюль перапала няшмат. Немадэрнізаваная вытворчасць, якая працуе на склады, шматлікія крадзяжы кіруючай і эканамічнай эліты пастаянна паглынаюць сродкі. А вінавата ў гэтым замшэлая, амаль што сталінская палітычная і эканамічная сістэма. Не паспявае рэжым залатаць адну прарэху, як з’яўляецца новая. Рэаліі нашага жыцця паказваюць, што патрабуецца не паляпшэнне сітуацыі ў лакальных сферах, а змены ў самім кіраванні краінай.

«Паспяховага менеджара» І. Сталіна, якому прапаганда ставіць у заслугу хуткую індустрыялізацыю і калектывізацыю СССР і прывід якога зноў пачаў блукаць па Расіі і Беларусі, «выручалі» мільёны палітычных вязняў, на чыіх касцях паўсталі гарады, заводы і фабрыкі, электрастанцыі, пралеглі каналы і дарогі, што захаваліся да нашых дзён. Крывавы тыран не плаціў пакутнікам за катаржную працу, заробкам была міса баланды.

Сёння такі нумар паўтарыць нельга. На дварэ ХХІ стагоддзе. Але і цяпер існуе неафеадалізм — закабаленне ў таталітарнай дзяржаве людзей пры дапамозе кантрактнай сістэмы, выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу на выбарах з мэтай бясконцага ўтрымання ўлады пэўнымі людзьмі і кланамі. Якраз прадастаўленне эканамічнай халявы і палітычнае патуранне з боку міжнароднай супольнасці дапамагаюць узурпатарам доўга трымацца на плыву.

Сіндром знешняй халявы, які апанаваў кіраўніка Беларусі і яго памагатых, вылазіць бокам грамадзянам. Калі паступленні з-за мяжы скарачаюцца, то менавіта простыя людзі забяспечваюць для ўлады ўнутраную халяву. Мала таго, што сціплыя зарплаты і пенсіі не могуць асіліць цэны на прадукты, тавары, лекі, якія імкліва растуць, а таксама аплату камунальных паслуг, электраэнергіі, школьных падручнікаў і г.д., дык яшчэ прэзідэнт нядаўна заявіў: «…Мы цябе на мяжы абслугоўваем — 100 долараў з носа плаці і едзь за мяжу. Тады ён прыйдзе ў нашу краму і купіць наш халадзільнік, а не будзе цягнуць з Еўрасаюза барахло невядома якой вытворчасці». Але ў таго, хто сам носіць замежнае адзенне і адначасова ахайвае яго вытворцаў, хто хоча адным заходам злавіць адразу двух зайцоў: садраць пошліну і разгрузіць свае склады, нічога не атрымаецца. Жартаўнік-пенсіянер у размове дасціпна заўважыў: «Я не супраць купляць беларускае, ды каму патрэбны тэлевізары, халадзільнікі, якія праз месяц пасля набыцця выходзяць са строю, або хлоп’е, крупы з лічынкамі молі? Акрамя таго, набудзеш рэч ці прадукты, а паспрабуй завалачы іх у кватэру на сёмы паверх, калі магілёўскія ліфты псуюцца па два-тры разы на тыдзень? Куды ні кінь, а з якасцю ў нас — усюды клін!»

Песімістычны настрой пенсіянера падтрымліваюць прадпрымальнікі, якія кажуць: «Нягледзячы на нібыта спрыяльныя дэкрэты і ўказы, чыноўнікі працягваюць «кашмарыць» малы і сярэдні бізнес. У нас для людзей без нейкіх сувязяў, з самых нізоў, якія маюць ініцыятыўную, стваральніцкую жылку, перспектывы няма». Я веру ім, бо сам ведаю шмат бізнесоўцаў, якія закрылі сваю справу, пайшлі на дзяржаўную службу, дзе хлебна і надзейна. Вось чаму беларускія юнакі і дзяўчаты не хочуць авалодваць патрэбнымі грамадству прафесіямі, жадаюць быць не стваральнікамі, а «начальнікамі».

Смялейшыя, самадастатковыя людзі з такім падыходам да жыцця не згодныя. Яны выязджаюць на вучобу, на заробкі ў іншыя краіны (больш мільёна чалавек!), многія знаходзяць там працу або ствараюць уласны бізнес і пасяляюцца назаўсёды.

А дома застаюцца тыя, чыя пазіцыя — «сделайте мне красиво!», хто спадзяецца на ўсемагутнасць кіраўніка краіны, хто чакае манны нябеснай. Запомніўся рэпартаж з Брэста ў ліпені гэтага года: «Около 5000 брестчан собрались на открытие торгового дома «Миллионный» в надежде получить халявные конфеты. Ни одна акция оппозиции или митинг в поддержку властей не собирали здесь столько народа! Пространства улицы Советской оказалось недостаточно для того, чтобы вместить всех желающих, поэтому многие вынуждены были взбираться на крыши, подниматься на соседние здания, расположиться в прилегающих дворах и улочках. Из-за огромной толпы возникли сложности с передвижением транспорта. Причина такого ажиотажа — обещанный организаторами дождь из конфет. Шары, конфетти и конфеты выбрасывали из специальных пушек с открытой площадки на четвертом этаже.

Многие брестчане захватили с собой зонтики, раскрыли их и держали перевернутыми ручками вверх, ожидая леденцов с неба. Всего на головы брестчан было выброшено около 800 килограммов конфет, еще 200 кг раздали за 2 часа внизу в качестве призов в различных конкурсах.

Такого количества участников акции не ожидали и сами организаторы. Люди в борьбе за конфеты забывали о своих детях, дети убегали от родителей. В результате со сцены периодически раздавались просьбы отыскать того или иного ребенка. К счастью, обошлось без жертв».

Калі чытаў рэпартаж, то з болем думаў, да якога ж дзікунства могуць давесці людзей дурны ажыятаж і сквапнасць! Няўжо без жмені халяўных цукерак у некага рухне сямейны бюджэт, дзеці застануцца без ласункаў?

Гаворачы пра халяву, я не хацеў пакрыўдзіць тых жыхароў Беларусі, якія свой надзённы хлеб зарабляюць няпростай інтэлектуальнай або нялёгкай фізічнай працаю. Яны тут ні пры чым. Але ў краіне ёсць значны пласт апалагетаў нахлебніцкай палітыкі, да істэрыкі ўлюбёных у «прэзідэнта-героя», які шантажом, інтрыгамі, скандаламі здабывае халяву: «Молодец! Пускай доит Россию! Она большая, от неё не убудет».

Калі скласці ўсё разам, то паўстае маштабная панарама спажывецкага, бязмэтнага жыцця цэлай краіны, якую аўтарытарная ўлада «затачыла на халяву», у якой з гэтай прычыны не прадбачыцца прыстойнай будучыні.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ