TOP

Як ушчаміцца ў эліту?

Роздум «Сіндром халявы» выклікаў тэлефанаванні з удзячнасцю за разгляд балючай праблемы для краіны і грамадства, якую ў СМІ грунтоўна ніколі не абмяркоўвалі. Знайшлося месца і крытыцы. Чытач з Мінска зрабіў вымову за тое, што я назваў элітаю людзей, якія не заслугоўваюць такой ацэнкі.

Павінен згадзіцца, што журналісты, аналітыкі і эксперты часта агулам залічваюць у эліту грамадства дэпутатаў, чыноўнікаў і сілавікоў — па пасадзе, а бізнесоўцаў — згодна памераў багацця, што няправільна. Пасады і багацце — гэта адно, яшчэ невядома якім чынам прыйшлі, а розум і талент — іншае. Думаецца, што да эліты нацыі належаць людзі, якія дэманструюць найлепшыя прафесійныя дасягненні, якія здольныя ставіць важныя праблемы і прапаноўваць новыя ідэі іх рашэння.

Што тычыцца канкрэтнай публікацыі, то, пішучы пра «шматлікія крадзяжы кіруючай і эканамічнай эліты», я даў ацэнку «вярхушцы». Адзіная віна, што слова «эліта» не ўзята ў двухкоссе. Але ва ўмовах аўтарытарызму, які плодзіць фальш і сурагат, такога напісання патрабуюць і іншыя словы: «выбары», «парламент», «правы», «свабоды», «суд», «сведкі-міліцыянеры». Тады матэрыялы ў СМІ проста застракацяць ад двухкоссяў!

Якасць грамадства правяраецца ў час сур’ёзных выпрабаванняў. Заўважана, што не безаблічная маса, а якраз эліта — таленавітыя людзі, якія думаюць і заклікаюць да самастойнасці мыслення іншых, — ратуе становішча. Гэтую тэму асэнсоўваў выдатны натураліст і мысліцель У. Вярнадскі (1863 — 1945), які стварыў новыя навукі: генетычную мінералогію, геахімію, біяхімію, радыягеалогію, а таксама вучэнне пра біясферу і яе пераход у новую, пераўствораную розумам і працай чалавека сацыяльна-прыродную планетарную абалонку — наасферу (сферу розуму). У дзённіках 2 лістапада 1941 года ён піша: «Крупные неудачи нашей власти — результат ослабления ее культурности: средний уровень коммунистов — и морально, и интеллектуально — ниже среднего уровня беспартийных. Он сильно понизился в последние годы — в тюрьмах, ссылке и казнены лучшие люди партии, делавшие революцию, и лучшие люди страны. Это сказалось очень ярко уже в первых столкновениях — в Финляндской войне, и сейчас сказывается катастрофически. /…/

Цвет нации заслонен дельцами и лакеями-карьеристами.

Сейчас мы не знаем всего происходящего. Информация делается так, чтобы население не могло понять положения.

Слухи вскрывают иное, чем слова и правительственные толкования».

Чытаеш Вярнадскага і разумееш, што ў гісторыі бываюць паўторы, што радкі гучаць актуальна, нібыта вучоны аналізуе нашы рэаліі. Калі да сітуацыі з краінай і нацыяй аднесціся не на падставе звестак афіцыйнай прапаганды, а на грунце праўдзівых фактаў, то выявіцца, што яна не менш катастрафічная, чым была ў Савецкага Саюза ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Зараз адбываецца не толькі дэмаграфічная, фізічная дэградацыя беларусаў, знішчэнне роднай мовы, культуры і навукі, пагаршэнне якасці адукацыі, падзенне маралі. Пасля 19 гадоў узурпацыі ўлады пад пагрозай апынулася палітычная і эканамічная незалежнасць Беларусі. Расійскія СМІ гавораць адкрыта: «Цяпер Аляксандр Лукашэнка абсалютна залежны ад Масквы, што б ён там сабе ні думаў. Аляксандр Лукашэнка жыве на чужыя грошы, выплачвае суайчыннікам чужыя грошы і нават разганяе незадаволеных на чужыя грошы — і ўжо таму выглядае куды больш карыкатурна, чым любы апазіцыянер, якога цягнуць ва ўчастак ці б’юць палкай на мінскай плошчы. Ад былога ўмелага дыктатара, які рабіў манеўры паміж Расіяй і Захадам, палохаў Маскву Каракасам і Пекінам, застаўся толькі цень — цень марыянеткі»(politcom.ru).

Але ўсё, што адбываецца, «да лямпачкі» новым кар’ерыстам — выхадцам як з багатых, так і з бедных пластоў насельніцтва. Ставячы прад сабой задачу: «Як ушчаміцца ў эліту?», сучасныя «хлестаковы» (герой камедыі М. Гогаля «Рэвізор») і «гарлахвацкія» (герой камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім») выкарыстоўваюць для гэтага любыя спосабы.

Прасцей тым, хто нарадзіўся ў сям’і буйнага наменклатуршчыка або бізнесоўца. Агаваруся, што сярод такіх «удачлівых» ёсць сапраўды разумныя, таленавітыя юнакі і дзяўчаты, але не пра іх гаворка. Увогуле, прад «залатой моладдзю» аўтаматычна адкрываецца «зялёная вуліца» лёгкага ўваходжання ў шэрагі эліты: гарантаванае паступленне ў ВНУ, забяспечаны працэс вучобы, уладкаванне на прэстыжную пасаду. Практыка сведчыць, што для гэтага дастаткова мець некалькі звілін, толькі закончаныя лайдакі, п’яніцы, наркаманы і дэбілы застаюцца за бортам «карабля шчасліўцаў».

Без грошай прарываюцца ў эліту не толькі самыя разумныя, вынослівыя, мужныя, але і нахабныя, зайздросныя. Прытым, у аўтарытарнай дзяржаве ў час вучобы і на любой службе нікому з іх немагчыма абмінуць канфармізм, які звязаны з падаўленнем свабоды думкі, халуйствам, стукацтвам.

Мне агідна слухаць кіраўнікоў, якія агітуюць моладзь любіць Айчыну, не шукаць шчасця ў грашах, а займацца любімай, хай і непрыбытковай справай, а самі крадуць, як толькі могуць, і «змываюцца» за межы краіны. Невуцтва і крымінальны ўхіл такіх «дзеячаў» не прыкрываюць дыпломы, кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, скляпаныя для понту. На тэрыторыі СНД з’явіўся нават новы тэрмін: «бандыдаты навук».

Калі думаю пра будучыню Беларусі, то ўспамінаю сімвалічную сцэнку на плошчы Перамогі. Малады чалавек, раздзімаючыся ад пачуцця ўласнай значнасці і захлёбваючыся ад захаплення важным момантам у сваім жыцці, расказваў знаёмай дзяўчыне, як ён папраўляў стужку на вянку, які ўскладаў сам прэзідэнт. Казаў гэта вельмі гучна, каб чулі ўсе людзі, якія на прыпынку чакалі аўтобус. Адначасова непадалёку ішла група школьнікаў з папяровымі сцяжкамі. Місію статыстаў на плошчы яны адбылі, а таму дружна падышлі да сметніцы і кінулі ў яе маленькія копіі дзяржаўнага сцяга. Вось ён — цяперашні беларускі патрыятызм!

Адбываецца такое па прычыне засілля цынічнай хлусні, хоць вядома, што з яе дапамогай выхаваць патрыятычную эліту нельга, можна толькі напладзіць прыстасаванцаў, кан’юнктуршчыкаў, халуёў, што мы і назіраем. У іх няма нічога свайго, а любімая фраза ў вуснах: «Як скажа начальства!». Але часам, каб дагадзіць, яны нават «лезуць папярод бацькі ў пекла» і трапляюць у няёмкае становішча, як гэта здарылася з элітнай газетай.

Дзеля справядлівасці зазначу, што каля талковай апазіцыі таксама круціцца шмат папяровых рэвалюцыянераў, прафесійных лайдакоў, якія залічваюць сябе ў эліту.

Ад тутэйшай «эліты» не патыхае «Тройным» адэкалонам, яна прызвычаілася карыстацца еўрапейскай парфумай, але, калі прынюхацца, то адчуеш, што над Беларуссю стаіць густы пах «Красной Москвы»…

Нам трэба будаваць нармальную дзяржаву, дзе дзейнічаюць і няўхільна выконваюцца Канстытуцыя і законы, дзе ўлада адкрыта для грамадзян і рэгулярна мяняецца, дзе яна не наладжвае прапагандысцкія шоу на зборышчах наменклатурных лакеяў, а робіць справаздачы перад народам за сваю дзейнасць, дзе забойцу, мярзотніку, злодзею, жуліку, хабарніку не падаюць рукі. Тады мы зможам мець не распіяраны чалавечы фальшак, а сапраўды інтэлектуальную, культурную нацыянальную эліту.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ