TOP

У любым узросце

Міжнародны дзень пажылых людзей, які адзначаецца першага кастрычніка, дае падставу глянуць, як жыве гэтая катэгорыя насельніцтва. Згодна версіі ўлады, дзяржава дасягнула мэты, сфармуляванай яшчэ ў савецкай песні «Широка страна моя родная», дзе ёсць бадзёрыя радкі: «Молодым везде у нас дорога, старикам везде у нас почет». Але ці так гэта?

Я пабыў у многіх краінах (Германія, Францыя, Італія, Швейцарыя, ЗША, Венгрыя, Сербія і інш.), прытым не турыстам, які слізгае па паверхні, а дзейным удзельнікам літаратурных сустрэч, творчых або гуманітарных праектаў. У буйных гарадах і ў пасёлках, вёсках жыў у розных сем’ях, мог вывучаць незнаёмае жыццё знутры, як кажуць, памацаць яго рукамі, узяць на зуб. Пашчасціла ўбачыць не мясцовую прапагандысцкую агітку, а рэальнае быццё сапраўды сацыяльна арыентаваных краін. Павучальным у гэтым сэнсе падаецца прыклад Даніі. Тут больш мільёна пенсіянераў, якім забяспечана нармальнае, годнае жыццё. Галоўнае ў тым, што старыя людзі знаходзяцца ў сваім звыклым асяроддзі, нават калі яны адзінокія. Дзяржаўная служба дапамогі замяняе ім родных, дзейнічае не казённа, а якраз атуляе належным клопатам. Толькі ў выпадку поўнай нямогласці такому чалавеку прадастаўляецца месца ў доме састарэлых. Я невыпадкова пішу назву ўстановы з вялікай літары. Сведчу, што ў апошнім прытулку датчан ёсць не толькі камфорт, але пануе атмасфера ўвагі, павагі, добразычлівасці, гуманнасці, міласэрнасці.

Важна, што ў Даніі вопыт, мудрасць пажылых грамадзян перацякае да моладзі, пастаянна будуецца мост паміж пакаленнямі. Робіцца гэта не так, як у нас, калі выхаваўчая праца звялася да расказаў ветэранаў пра вайну. А там створана шмат клубаў, аб’яд­нанняў, гурткоў, дзе дзяды і бабулі перадаюць дзецям, юнакам і дзяўчатам сваё рамяство, творчыя навыкі самага рознага кшталту.

Увогуле, толькі 5% насельніцтва краіны з’яўляюцца членамі якой-небудзь палітычнай партыі, затое практычна кожны чалавек удзельнічае не ў адным, а ў некалькіх грамадскіх аб’яднаннях. Датчане — актыўныя людзі. Яны пастаянна ўносяць прапановы ў кіруючыя і іншыя дзяржаўныя органы, не праходзяць міма непаладкаў. Скажам, фермер, з якім я і перакладчык аб’язджалі на машыне нашпігаваныя класным абсталяваннем кароўнікі, патэлефанаваў у Капенгаген у службу збору інфармацыі, каб паведаміць пра пашкоджаны начным шквальным ветрам дах аўтобуснага прыпынку.

Улада абуджае ініцыятыву людзей, вывучае іх пажаданні і абавязкова ўлічвае ў кожным канкрэтным дзеянні. Напрыклад, дзіцячыя яслі, садкі, школы не будуюцца без уліку думкі бацькоў, якія жывуць у гэтым раёне. Дасканала абмяркоўваецца сам праект пабудовы, месца, асяроддзе. А ў Беларусі не толькі дробныя аб’екты, але і ўзвядзенне АЭС прымаецца без абмеркавання грамадствам.

Я так падрабязна расказваю пра станаўленне ў Даніі актыўнай асобы, пра дыялог улады з людзьмі і пра зваротную сувязь, пра згуртаванасць нацыі, бо хачу падкрэсліць, што заслуга ў стабільнасці жыцця, якое грунтуецца на дэмакратыі, чалавечнасці і гуманізме, на добразычлівых адносінах паміж дзяржавай і грамадзянамі, належыць менавіта старэйшым пакаленням, якія забяспечваюць разумную пераемнасць выдатных традыцый.

Цяпер згадаем: чым займаюцца пажылыя людзі ў Беларусі? Думаю, што пашана да іх заключаецца не столькі ў запрашэннях на парады і шэсці, на ўрачыстыя пасяджэнні, ва ўручэнні грамат, значкоў, медалёў (маюцца на ўвазе ветэраны вайны), як у галоўным — забяспечанай, спакойнай старасці. На жаль, толькі былая цывільная і сілавая наменклатура мае больш-менш нармальнае сацыяльнае забеспячэнне.

Астатнія пажылыя людзі стараюцца любымі спосабамі зарабіць даважак да мізэрнай, ураўняльнай пенсіі. Калі б гэтага не было, то яны не змаглі б (нават на сціплым узроўні!) адужаць выдаткі на ежу, камунальныя паслугі, тэлефон, электраэнергію і асабліва на лекі, кошт якіх узляцеў за воблакі.

Тое, што здароўе нацыі пасля Чарнобыльскай катастрофы пахіснулася, нібыта ведаюць усе: улада і народ. Але ратаваць саміх сябе беларусы не спяшаюцца. Асабіста я вельмі спачуваю аслабленым дзецям і жанчынкам, якім ударыў па нагах, па ўсіх суставах стронцый-90. Паглядзіце, колькі прыгажунь ходзіць сёння з кавенькамі, з кастылямі!

Наступствы Чарнобыля не адменіш скасаваннем ільготаў людзям. Ёсць канкрэтная праблема са здароўем насельніцтва — і яе трэба рашаць, а не ўбухваць народныя грошы на спрэчныя аб’екты, на ўтрыманне арміі чыноўнікаў, на разбухлыя сілавыя структуры, якія не абараняюць народ, а наадварот, ваююць з ім на пратэстных мітынгах, цягаючы за валасы нават бабулек.

Сказаць, што ўлада не помніць пра старых людзей, нельга. Рэгулярна яна адкрыта або ціхай сапай залазіць да іх у кішэні. А пацікавіцца, адкуль у «слуг народа» шыкоўная нерухомасць дома і за мяжой, салідныя рахункі, вярхі «саромеюцца». Правільна піша расійскі публіцыст В. Косцікаў: «Налицо не только круговая порука чиновников, депутатов и управленцев, но и круговая оборона. Прорвать ее пока не удается. /…/ Чиновники и депутаты находят новые и новые лазейки, чтобы избежать разоблачений. Переводят «нажитое непосильным трудом» на родственников, создают фиктивные, якобы принадлежащие «дяде Васе» компании по управлению имуществом. Уловки для всех очевидны. Но прокуратура никак не прозреет».

Калі глядзець збоку, то ў нас нібыта ёсць дзяржава з усімі атрыбутамі, але як зірнеш у корань, становіцца ясна, што сутнаснай, унутранай напоўненасці ў ёй якраз і няма. У тым стане, які пры аўтарытарнай уладзе маюць выбары, парламент, суды, афіцыйныя СМІ, народу падсоўваецца эрзац. Такія ж адносіны кіраўніцтва і да дробных праблем. За прыкладамі хадзіць далёка не трэба. Нават добрую справу выканаўцы ператвараюць у пасмешышча і здзек. Ля майго пад’езда нібыта ёсць з’езд для дзіцячых і інвалідных калясак, ды пабудаваны так, што ўпіраецца ў парэнчы, і такі стромкі, што не кожны атлет наважыцца спусціцца па ім. Пандус стаяў абламаным, зараз яго неахайна, крыва зацэментавалі, але ён па-ранейшаму для эксплуатацыі непрыгодны. Тое ж адбылося з эканоміяй электраэнергіі ў пад’ездзе: паставілі рэле, але яно часта не працуе, а пра верхнія паверхі нават і не падумалі: загараецца святло толькі на рух унізе.

Выбух абурэння выклікала знішчэнне ў гарадах «зялёных зон» дзеля камерцыйных забудоў. Чаму пажылыя людзі чапляюцца за скверы, паркі, за дрэвы ў двары, абараняюць іх? Многія не могуць пабыць на волі: у лесе, на рэчцы, для іх лапічак жывой прыроды — адзіная аддушына ў гарадскім смогу. Гнеўна зрэагавалі пенсіянеры і на знос лавачак, бо абязножанаму або стомленаму чалавеку няма дзе прысесці.

Чыноўнікі-знішчальнікі, якія жывуць адным днём, не думаюць пра тое, што самі неўзабаве стануць старымі і нямоглымі і на сабе адчуюць цяжар такога існавання. Магчыма, некалі яны раскаюцца, але будзе позна і да слёз крыўдна…

Пішучы балючы роздум, я хачу, каб жыхары Беларусі ў любым узросце, нават зыходзячы з сучасных няпростых умоў, мелі значна большую ўвагу з боку дзяржавы, адчувалі сябе камфортна і годна, каб на схіле гадоў не думалі пра марна загубленае жыццё, якое даецца толькі адзін раз.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.