TOP

Дэфіцыт творчасці

Мала хто з людзей нараджаецца ў кашулі або са срэбнай лыжкай у роце.Будучыня кожнага — у яго руках. У развітых краінах добрая адукацыя, прафесіяналізм чалавека — гэта аснова прыбытку і сацыяльнага статусу ў грамадстве. Для аўтарытарнай Беларусі, наадварот, характэрна прыніжэнне прафесійнай адукацыі, усе імкнуцца быць не творцамі, а «начальнікамі».

Некалі ў інтэрв’ю выдатнага амерыканскага фізіка С. Вайнберга я вычытаў словы, якія вельмі спадабаліся: «Трэба прывучыць сябе да дысцыпліны, неабходнасці сядзець за сталом і карпець над ідэямі, якія амаль ніколі не спрацоўваюць, і жыць дзеля таго рэдкага моманту, калі ідэя нарэшце спрацоўвае». Падумалася: выключная самаахвярнасць дзеля вызначанай мэты — гэта і ёсць сапраўдная навуковая або мастацкая творчасць! Але ж у чалавечым жыцці ёсць творчасць іншая, больш масавая, не такая прыкметная і заўважаная, ды не менш каштоўная для грамадства. Расійскі філосаф і публіцыст Р. Памеранц (1918 — 2013) у артыкуле «Творчество и нажива» піша: «Творчество может быть скромным, незаметным: творчество учителя, творчество библиотекаря, работающего с читателем и т.п. Но в любом случае оно требует чуткости, воли, настойчивости, ухода от суеты… А если воли и настойчивости нет, то ленивое большинство тянется назад, к утраченным иллюзиям. К иллюзии светлого будущего или к иллюзии посмертного блаженства». Вядома ж, гаворка вядзецца пра сапраўдных настаўнікаў і бібліятэкараў, якіх цяпер становіцца ўсё меней і меней! Да катэгорыі творчых людзей можна дадаць яшчэ ўрачоў, інжынераў і кваліфікаваных рабочых, у якіх ёсць вынаходніцкая жылка, і, безумоўна, прадпрымальнікаў, бо малы і сярэдні бізнес, на якім трымаецца эканоміка ўсіх развітых краін, патрабуе не толькі арганізатарскіх здольнасцяў, волі, настойлівасці, але і творчага духу.

Што тычыцца ініцыятыўнасці, прадпрымальніцтва і паводзін «ленивого большинства» ў Беларусі, то над імі вісне тая ж адміністратыўна-камандная сістэма, якая з савецкай адразу трансфармавалася ў аўтарытарную: ніякай самастойнасці, на ўсё трэба дазвол. Гэты настрой дакладна перадаў расійскі пісьменнік М. Успенскі: «Как же без разрешения! Никак нельзя. Да и боязно как-то: нужен же контроль. Зачем нужен? то есть как зачем? без контроля, без хозяйского пригляда мы тут хрен знает каких дров наломаем!

Санитарный контроль нужен? нужен. Пожарный нужен? нужен. Налоговый нужен? нужен. Иначе мы сами себя в грязи утопим, некачественными продуктами отравим, в огне сгорим и налогов платить не будем.

Точно утопим? или все-таки нет? Точно не будем налогов платить? или все-таки будем — те, которые понимаем зачем они и считаем полезными?»

Татальнае дзяржаўнае рэгуляванне і жорсткі кантроль за 70 гадоў савецкага сацыялізму ўшчэнт разбурылі самастойнасць людзей. Як гэта можна ім самім рашаць дзе і як жыць, нешта прыдумваць і рабіць? На любую самадзейнасць, акрамя мастацкай, якая ў прыпеўках хваліла савецкае жыццё, улада заўжды глядзела падазрона, знішчала яе пад корань. Людзі развучыліся дамаўляцца наўпрост нават з суседам.

З другога боку, у нас ёсць шмат пярэваратняў не толькі ў пагонах, але і ў цывільным адзенні. Цынізм начальнікаў зашкальвае. У працоўнай кніжцы пазначана пасада, якая абавязвае яго дапамагаць развіццю малога і сярэдняга бізнесу, а ён спакойна, рэгулярна займаецца хабарніцтвам, нахабна «доіць» прадпрымальнікаў, адбіваючы ў людзей ахвоту быць ініцыятыўнымі, самастойнымі, творчымі.

Амаль штодзённыя «пасадкі» службовых асобаў за выкарыстанне пасад (прабачце за каламбур!) для ўласнага абагачэння выклікаюць у насельніцтва не задавальненне пэўным пакараннем (канфіскацыя маёмасці і рахункаў прымяняецца рэдка), а саркастычны рогат і справядлівае лабавое пытанне: хто ж пастаянна падбірае і прызначае кадры казнакрадаў, жулікаў і махляроў? Ці лепшы ён за іх?

На Захадзе маецца зусім іншы вопыт. Я зноў прывяду ў прыклад Данію, дзе адладжаная, эфектыўная сістэма мясцовага самакіравання, грамадзянская актыўнасць, высокая арганізацыйная, прававая і вытворчая культура людзей дазволілі гэтай краіне заняць першае месца ў свеце па адсутнасці карупцыі.

У Беларусі адносіны дзяржавы да грамадзян і адваротны працэс застаюцца складанымі. Пануе нізкі ўзровень узаемнага даверу, няма механізму саўдзелу насельніцтва ў рашэнні ўласных праблем на ўзроўні мясцовага самакіравання, не выпрацаваны паважлівыя ўзаемаадносіны паміж суб’ектамі гаспадарання, адсутнічаюць інстытуцыянальныя сістэмы, якія гарантуюць выкананне абавязацельстваў.

У апошнія гады я сустракаўся з дзесяткамі людзей, якія займаліся не проста перакупкай нечага, а стваралі вытворчасць з мэтай далейшай рэалізацыі прамысловых тавараў або сельскагаспадарчай прадукцыі. Адзін рабіў зрубы і дачныя домікі «пад ключ», другі — мэблю, трэці — слясарны рыштунак, чацвёрты — запчасткі для сельскагаспадарчай тэхнікі, пяты — рамантаваў аўтамабілі, шмат было тых, хто пайшоў у фермерства, спрабуючы яшчэ і перапрацоўваць вырашчанае і выкармленае. Скажу адразу: у большасці гэта былі расчараваныя, знявераныя людзі. Адны з іх ліквідавалі або згарнулі сваю справу да мінімуму, каб клопатаў было нашмат меней, другія пайшлі ў дзяржаўны сектар, у чыноўнікі, папоўнілі армію тых, хто не стварае, а камандуе і кантралюе.

Чаму так атрымліваецца? Людзі проста смяротна стамляюцца, ім абрыдае бясконцая вайна з дзяржаўнай сістэмай за выжыванне бізнесу.

Свабода для прадпрымальнікаў — гэта найперш разумныя законы, якія не мяняюцца кожны дзень, гэта вынішчэнне квазіканкурэнцыі, якая адбываецца паміж «абранымі бізнесоўцамі» пад страхой улады, і ўсталяванне на вялікім полі гаспадарання сапраўднай, справядлівай і сумленнай канкурэнцыі.

Трэба таксама ў маштабах усёй краіны спыняць даўно састарэлую пагоню за колькасцю ва ўрон якасці і дамагацца эфектыўнасці ўзаемадзеяння вытворцы са спажыўцом. Якраз у прыватных прадпрымальнікаў гэта атрымліваецца лепей, чым у дзяржаўнага сектара. Яны не падуладны інерцыі, бо разумеюць, што меркай развіцця вытворчасці ў наш час становіцца ўжо не колькасць вырабленага тавару або паслуг, а здольнасць максімальна эфектыўна задаволіць індывідуальныя патрэбы канкрэтнага спажыўца або кліента.

У гэтай сувязі праблема творчасці ўладна выступае ва ўсіх краінах на першы план. Правільна казаў упомнены вышэй філосаф Р. Памеранц: «А если душа закрыта для него (для духу творчасці. — С.З.) и даже тоски о нем не чувствует — остается жажда наживы. Нажива денег, дающих власть. Нажива власти, дающей деньги. Или, на худой конец, — недолгий чувственный восторг, водка, героин и смерть. Выбор простой и жестокий: творчество — или нажива со скрытой в ней, как в портрете Дориана Грея, смертью».

Сёння на постсавецкай прасторы пануе культ грошай. Гучыць абразлівая выснова зладзюкаватых нуварышаў : «Если у тебя нет миллиона долларов — ты г…!» Але нажыва і вялікія грошы ніколі не былі сінонімам душэўнага спакою і шчасця. А натхнёная творчасць застаецца навечна сапраўднай меркай сутнасці чалавека і чалавецтва.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.