TOP

Ад колькасці да якасці

Пасля распаду СССР адначасова з будаўніцтвам суверэнных нацыянальных дзяржаў адбываецца радыкальны пералом у разуменні правільнага развіцця вытворчасці. Акцэнты пераносяцца з колькасці прадукцыі на якасць, з вялікіх маштабаў на эфектыўнасць, але складаны працэс ідзе з цяжкасцямі, марудна.

У савецкай эканоміцы доўга панаваў неаспрэчны культ колькаснага росту, а сімвалічнай кропкай адліку для параўнання «сацыялістычных поспехаў» з царскім часам быў абраны 1913 год. Хуткімі тэмпамі будаваліся камбінаты, заводы і фабрыкі, якія па камандзе зверху «гналі вал». Спачатку паказчыкам эканамічнай магутнасці Савецкага Саюза была выплаўка чыгуну, якога штогод выраблялася на мільёны пудоў больш у параўнанні з 1913 годам, а затым такім вымярэннем зрабілі мільёны тон сталі, вугалю, нафты, збор збожжа, кілават-гадзіны, колькасць спецыялістаў. Вал уладарыў і ў лёгкай прамысловасці.

Цытую даўні верш з папулярнага сатырычнага часопіса «Крокодил», які дакладна перадае рэаліі таго часу, надта няўважлівага да спажыўцоў:

«Не очень удобны,

А просто штиблеты,

Не очень съедобны,

А просто конфеты,

Не очень красиво,

А просто пальто.

Посмотришь — пальто.

Приглядишься — не то!»

Практыка паказала, што можна набудаваць безліч прадпрыемстваў, але іх прадукцыя не будзе патрэбнай. Нават закупка замежнага абсталявання не ратуе становішча: раптам высвятляецца, што да яго не купілі праграмнае забеспячэнне, не падрыхтавалі спецыялістаў, каб на ім працаваць, або яно наогул не выкарыстоўваецца, ржавее, а кіраўніцтва прадпрыемства ці ўстановы дакладвае наверх, што ўсё дзейнічае выдатна. Мне вядома гэта з асабістага вопыту, бо на літаратурных сустрэчах за мяжой зарабляў грошы для закупкі імпартнага медыцынскага абсталявання, якое патрабавалася пасля Чарнобыльскай катастрофы. Праблемы з яго эксплуатацыяй узнікалі часта. Абсталяванне класнае, а арганізацыйная, тэхналагічная культура — тутэйшая. Вось і атрымліваецца нестыкоўка!

Даўно адышла ў мінулае сталінская індустрыялізацыя, няма ўжо і самога СССР, а культ колькасці застаецца. У Беларусі ён прысутнічае ў прамовах кіраўнікоў, рэкамендацыях эканамістаў і рашэннях урада. Мудры пастулат: «Лепш менш, ды лепш» ніяк не даходзіць да вертыкалі. Чыноўнікі не могуць усвядоміць тое, што ў 70-х гадах мінулага стагоддзя зразумеў Л. Брэжнеў, які казаў міністру лёгкай прамысловасці Тарасаву: «У вас на складах миллион пар обуви валяется. Их уже никто никогда не купит, потому что фасоны лапотные… так ведь можно скупить всё заграничное сырье и пустить под нож. Людям нужны не деньги, а товары».

Сёння таварны дэфіцыт, які панаваў у савецкі час, ліквідаваны. Але зноў выбраць патрэбную рэч або харч няпроста. Замест вырабу якаснай, хадавой прадукцыі ідзе тупая загрузка складскіх памяшканняў непатрэбным валам.

Заклік «Купляйце беларускае!», які пастаянна гучыць з вуснаў правіцеля і яго падручных, крута ўпакованых ва ўсё імпартнае, не спрацоўвае. Нават калі яны стануць карыстацца сваім, нічога не зменіцца. У магазінах пакупнікі аддаюць перавагу замежным халадзільнікам, тэлевізарам, прасам, чайнікам, каструлям і патэльням не з-за адсутнасці патрыятызму, а таму што ў іх лепшы дызайн, вышэйшая якасць і, як правіла, меншы кошт.

Інтэрнэтаўская супольнасць рагатала, чытаючы інфармацыю пра музычны гурт «Дрозды», які сваёй песняй, прысвечанай кедам, дапамагае вытворцам рэалізоўваць прадукцыю. Не буду цытаваць водгукі, дзе часта ўжывалася слова «дурка». Ясна адно, калі не павысіцца якасць прадукцыі, то ні песні, напісаныя пра тэлевізары «Гарызонт», «Віцязь» або халадзільнік «Атлант», ні гурты, якія будуць іх гарланіць, не ўратуюць айчынную вытворчасць.

Яшчэ больш наглядна праблема якасці бачыцца на прыкладзе харчу, які мільёны людзей спажываюць штодзённа. Хутка чарсцвее і пакрываецца плесняй хлеб. Задоўга да канца тэрміну ўжывання псуюцца каўбасы, ёгурты, хлоп’е, мука. Значыць, парушаецца тэхналогія вырабу прадукцыі, няма належнага кантролю за ўсімі працэсамі. Дарэчы, што тычыцца мучной і крупянай прадукцыі, то яе непрыгоднасць для ўжывання наўпрост звязана з санітарным станам элеватараў, мелькамбінатаў, дзе даўно патрэбна навесці сапраўдны парадак. Лічынкі прадуктовай молі, якіх пакупнікі знаходзяць у герметычных (!) пакетах, пасля чаго выкідаюць купленае ў смецце, сведчаць, што яны ўжо былі ў складскіх сховах.

Можна, безумоўна, смяяцца над былым галоўным санітарным урачом Расійскай Федэрацыі Г. Анішчанкам, якога часта ўкручвалi ў палітычныя разборкі і гандлёвы шантаж, але ён працваў. Пэўны толк ад гэтага ёсць. А беларускага санурача нешта ніколі не чуваць, як бы яго ў нас і няма!

Цяпер ад матэрыяльнага боку жыцця пяройдзем да заканадаўчай, судовай, праваахоўнай, ідэалагічнай, інфармацыйнай і культурнай сфер, дзе якасць мае не менш важнае значэнне.

Рэчаіснасць сведчыць, што грамадства жыве не па Канстытуцыі і законах, а па ўказах, дэкрэтах і інструкцыях, якіх выдаецца столькі, што нават чорт зломіць галаву, разбіраючыся ў іх.

Дзейнасць праваахоўных органаў (як і ў час масавых сталінскіх рэпрэсій!) падпарадкавана колькасным паказчыкам, якія трэба выконваць, нягледзячы на складанасць асобных злачынстваў, на неабходнасць забеспячэння якасці расследаванняў.

Гіганцкі вал прымітыўных агітак, хлуслівых, дэмагагічных тлумачэнняў унутранай і знешняй палітыкі, усіх падзей абрынаюць на галовы грамадзян ідэалагічная служба, афіцыйныя СМІ. Яны плодзяць зомбі, людзей з адной звілінай у галаве.

Што тычыцца тэлебачання, то яно з ранку да ночы корміць насельніцтва інфармацыяй пра бліскучыя перамогі Беларусі «на ўсіх франтах», крывавымі міліцэйска-бандыцкімі баевікамі, прапагандуючы грубую сілу, гвалт, здзек, не пакідаючы на экране месца роднай мове, якаснай літаратуры і мастацтву, сапраўднай нацыянальнай і сусветнай культуры.

Між тым, прыйшла новая эпоха, якая адпрэчвае культ колькасці. Расійскі пісьменнік Л. Каганаў у эсэ «Обезьяна из прекрасного далека» выходзіць на сучасныя праблемы: «Изголодавшееся по энергии человечество уже наелось, как тот нищий на фуршете. Теперь нас не впечатляет сила и масса. Мы знаем, что самый мощный компьютер — не тот, что больше размером. А самый сильный и самый умный человек — не тот, кто больше съедает на завтрак. Но в наших фантазиях развитая цивилизация — это все-таки та, что захавала целую звезду. Если герою Ефремова (пісь­меннік-фантаст. — С.З.) для связи с дальней галактикой пришлось задействовать на пару минут все электростанции Земли, то современному школьнику, способному позвонить на другой конец земного шара лишь силой батарейки своего мобильника, идея покажется бредовой. Уже сейчас понятно, что мощь всех новых технологий не в тупой механической силе, а в чем-то ином». Гэтым «нечым іншым» і заняты сёння лепшыя розумы на планеце.

Для Беларусі важная не толькі «тонкая настройка» эканомікі, але найперш кардынальная пераналадка дзяржаўнага механізма, якая тычыцца выбарчай сістэмы, палітычных партый, заканадаўчых органаў, судоў, СМІ. Без яе не будзе ўдасканалення ўсіх сфер жыцця, не завершыцца шлях ад колькасці да якасці.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.