TOP

«Мертва система!»

Жыхары старога дома, дзе даўно не было капітальнага рамонту, часта выклікалі сантэхніка. Яму гэта надакучыла, і ўсё ж ён дапамагаў людзям. Але настала часіна, калі майстар, які прыйшоў на выклік, не стаў нічога раскручваць. Ён няспешна пастукаў па металу і глыбакадумна зазначыў: «Мертва система! Все соржавело. Трубы и батареи надо менять».

Словы маладзечанскага сантэхніка ўспомніліся, калі чытаў інфармацыю пра скандальнае вызваленне ад пасад намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта А. Тура, старшыні Мінаблвыканкама Б. Батуры, старшыні канцэрна «Беллеспаперапрам» А. Пераслаўцава, пра вынясенне строгай вымовы з апошнім папярэджаннем кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта А. Кабякову. Чарговае «збіццё» высокіх чыноўнікаў суправаджалася звыклымі пагрозамі, якія ўжо набілі аскоміну, ператварыліся ў фарс: «Сейчас надену наручники и пойдете в камеру!» Аднак як ні пагражай, куды ні перастаўляй старыя кадры ў межах аўтарытарнай сістэмы, змен да лепшага не будзе.

У СССР на працягу 70-ці гадоў руль быў у «жалезных» руках прыхільнікаў адміністратыўнай, казарменнай мадэлі кіравання краінай. У суверэннай Беларусі амаль 20 гадоў існуе яшчэ больш заціскаючая правы і свабоды людзей аўтарытарная ўлада. Здаецца, што і ў першым, і ў другім выпадку было дастаткова часу і магчымасцяў, каб даказаць уласную правату. Тады чаму кіраўнікі, як раней, так і цяпер, здольныя толькі на словах расказваць пра вялікія перавагі сваёй мадэлі? Даўно прыйшла пара прад’явіць народу не ружовыя абяцанкі, а «канечны прадукт», практычныя вынікі. А вось іх-то і няма!

Сучасныя службоўцы адрозніваюцца ў горшы бок нават ад затурканых савецкіх чыноўнікаў. Тыя маглі абмяркоўваць спушчаныя зверху загады, распараджэнні, разважаць, пярэчыць, калі бачылі памылкі, нешта рабіць самастойна, а гэтыя — ні ў якім разе. Цяпер не трэба думаць, толькі слухай каманды і бяры пад казырок! Смяротны страх перад вышэйстаячымі ўшчэнт паралізуе ніжэйшых. Уявіце, каб сёння нехта запярэчыў правіцелю, прытым нават не публічна, а сам-насам. Успомнім угнутыя ў плечы сівыя галовы прэм’ер-міністра і яго намеснікаў, міністраў, губернатараў, генералаў. Страшэнную знявагу назірае кожны дзень электарат, частка якога — самая неразвітая — яшчэ і пасміхаецца, радуецца ганебнаму відовішчу. Такое дзікунства, без сумнення, магчымае толькі ў нас!

Калі ў дзяржаве дэспатычныя адносіны да высокапастаўленых асобаў, то што тады чакае простых людзей? У мяне саркастычную ўсмешку выклікаюць развагі «RFI» (Францыя): «Лукашэнка трымаецца ва ўладзе толькі праз гвалт і пагрозы? Гэта не так. Гэта аўтарытарны рэжым, які абапіраўся і да некаторай ступені абапіраецца і цяпер на падтрымку электарату. Падтрымка, якая была звязана з эканамічнымі фактарамі. Павышэнне заработнай платы ў Беларусі апошніх гадоў вельмі моцна было звязана з электаральным цыклам. У іншых краінах таксама так бывае. Але трэба мець на ўвазе, што апошнія 15—16 гадоў узровень жыцця, узровень рэальнай зарплаты ў Беларусі нашмат вырас. І падтрымка прэзідэнта заснавана, перш за ўсё, на гэтым. Гэта не проста дыктатура, якая трымаецца толькі на страху. Гэта нашмат складаней».

Калі чытаю падобныя высновы, узнікае безліч пытанняў. Можна пагадзіцца, што ва ўмовах татальнага прапагандысцкага запалохвання і задурвання пэўная частка беларускага электарату падтрымлівае дзеючага кіраўніка, баючыся, што пры новай уладзе жыццё стане больш цяжкім. Але, па-першае, як могуць несумленныя, закрытыя ад кантролю назіральнікаў, ад народа выбары выявіць дакладную колькасць прыхільнікаў прэзідэнта: больш паловы, палова, трэць або чвэрць? Хто гарантуе праўдзівасць лічбаў Цэнтрвыбаркама, якім нязменна кіруе Л. Ярмошына? Па-другое, дзе вы ўбачылі павышэнне ўзроўню жыцця ў Беларусі? У параўнанні з чым? Відаць, са змрочным часам распаду СССР? Дык так можна перакінуцца яшчэ далей — у часы сталінскага галадамору.

17,8% апытаных грамадзян Беларусі лічаць, што іхняе матэрыяльнае становішча ў параўнанні з 2012 годам значна пагоршылася. Прычынай гэтага яны называюць рост цэн, па якім краіна пастаянна лідзіруе ў СНД.

Асабіста мне хочацца, каб французскія «філосафы» завіталі да нас, пажылі на тутэйшыя зарплаты і пенсіі, сутыкнуліся з мясцовымі судамі, паглядзелі тэлебачанне, пачыталі афіцыйныя газеты. Тады б яны многае зразумелі. У тым ліку і тое, што «складанасць» і «жывучасць» мясцовай казарменнай сістэмы, якія бачацца ім, стварылі і падтрымліваюць ніхто іншы, як Расія, зацікаўленая рознымі эканамічнымі падачкамі трымаць Беларусь у імперскай аброці, Еўразвяз, які актыўна купляе ў аўтарытарнага рэжыму прадукты перапрацоўкі расійскай нафты, і «шчодрыя» міжнародныя фонды. Гэтак званы «больш рэалістычны падыход» еўрапейскіх уплывовых структур да Беларусі пастаянна заканчваецца банальнай падтрымкай доўгай узурпацыі ўлады адным чалавекам.

Пра фарысейства, якое выяўляецца ў міжнародных адносінах, праўдзіва сказаў эстонскі журналіст Э. Калдоя: «В иностранных новостях (…) не забывают упомянуть о многочисленных инвестициях Литвы и Латвии в Беларусь. Беларусь входит как по экспорту, так и по импорту в первую десятку партнеров Эстонии. Поэтому противостояние государств Балтии экономическим санкциям можно понять. Но если мы позволим терроризировать белорусов в интересах своих крупных предпринимателей, то как мы можем проявлять недовольство, если западноевропейцы точно так же строят совместно с русскими трубопроводы или продают им военные корабли?»

Многія замежныя «дабрадзеі» жывуць з заплюшчанымі вачыма. А між тым, пры аўтарытарнай сістэме імкліва нарошчваецца колькасць чыноўнікаў, а таксама велізарны сілавы блок: міліцыя, супрацоўнікі дзяржаўнай бяспекі, прэзідэнцкая ахова, спецыяльныя падраздзяленні, армія. Яны хапаюцца за дыктатара і адзін за аднаго мёртвай хваткай, каб супрацьстаяць астатняму грамадству.

Пра беларускі аўтарытарызм пісана-перапісана, гаворана-перагаворана. Не думаю, што яго абаронцы, якія на пустапарожнай балбатні зарабляюць свае долары, спыняцца. Маральнасць журналісцкага заробку даўно адпала. Але губляць час на опусы заангажаваных шчоўкапёраў няварта. Лепей прачытаць справядлівыя і даходлівыя словы выдання «Главком» (Україна): «Дзяржава без унутранай свабоды становіцца некантралюемай сістэмай, яна не проста небяспечная, а небяспечная ўдвая — і для знешняга, і для ўнутранага свету. Лукашэнка менавіта гэта і зрабіў».

Дадам яшчэ ад сябе: калі будуецца дзяржава, якая не мае гістарычнага падмурку, не апіраецца на Канстытуцыю, законы, мараль, на родную мову і культуру, то яна можа абрынуцца ў любы момант.

Расійскі журналіст Ю. Рост кажа пра правячы клан сваёй краіны так: «Они все мертвяки. Это неживой материал. Они ничего не могут породить!» Гэтыя словы выдатнага майстра слова і фотакамеры, які пільна ўглядаецца ў аблічча сучаснай Расіі, у твары і душы яе насельнікаў, можна перанесці і на беларускую рэчаіснасць.

Можна займацца імітацыяй бурнай дзейнасці, але гэта — марная справа. Сантэхнік, з выразу якога пачаўся роздум, сказаў трапна: «Мертва система!»

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.