TOP

Чые мы?

Пытанне, вынесенае ў загаловак роздуму, не такое простае, як можа некаму падацца. Не завершана самаідэнтыфікацыя народа, працягваюць блукаць у трох соснах, нават ляніва не азіраючыся на ўласную беларускасць, як кіраўнікі краіны, так і мільёны грамадзян. А калі закрануць філасофскі або палітычны аспект пытання, то ўзнікае яшчэ больш рэбусаў.

Беларусь, відаць, адзіная ў ліку новых суверэнных дзяржаў, якія з’явіліся ў канцы ХХ стагоддзя, дзе ўлада не гуртуе народ, а размяжоўвае яго, у тым ліку на моўнай глебе, што недапушчальна. Выходжу на сталічны праспект Незалежнасці, завітваю ў буйныя гарады, райцэнтры і аграгарадкі, уключаю тэлевізар, слухаю радыё — амаль няма маёй роднай мовы, мовы карэннага этнасу. Дык урэшце — чые мы? Нашчадкі Вялікага княства Літоўскага або Масковіі? Калі ж нешта зрушыцца ў галовах уладных манкуртаў і яны зразумеюць, што без рашэння нацыянальных праблем ніколі не пабудуеш вартасную дзяржаву, што ўжо амаль да канца падсечана галіна, на якой усе мы — вярхі і нізы — сядзім? А затым можа быць і падзенне беларусаў ажно ў гістарычнае небыццё!

Асіміляцыйныя працэсы, якія паглынулі сотні невялікіх народаў, цяпер, дзякуючы інтэрнэту, могуць паскорыцца, але нешта не заўважаецца сярод самагубцаў блізкіх суседзяў — украінцаў, латышоў, літоўцаў, эстонцаў, хоць у савецкай імперыі татальная русіфікацыя так або інакш закранула і іх. Я ўжо не кажу пра тое, што на англійскую мову, якой валодае шмат зямлян, не збіраюцца пераходзіць французы, немцы, іспанцы, італьянцы. Яны шануюць роднае, што не замінае актыўна асвойваць і замежнае.

Акрамя таго, у Беларусі праведзены бюракратычны падзел насельніцтва на «дзяржаўных людзей» і на астатніх, нібыта нічыіх, чаго ніколі не можа быць у прававых краінах.

Межы між рознымі пластамі грамадства нядаўна растлумачыў раздабрэлы дзяцюк гадоў 30-ці ў гламурным «прыкідзе», з вусамі «а ля прэзідэнт», які ў трамваі размаўляў па мабільніку: «Старик, тебе насчитали 15 лимонов премиальных к зарплате. Можешь завтра получить. Да брось прибедняться! Мы же — президентские люди! Не забывай об этом. Разве у нас работа? Мы не работаем, а просто общаемся. И за это неплохие бабки платят. Пусть лохи работают. У них свое поле, а у нас — свое». Гэтыя словы «прэзідэнцкага чалавека» несумненна адрасаваліся не толькі суразмоўцу, бо гучная пахвальба «працавала» і на вушы як мінімум 30-ці пасажыраў.

Катэгарычней выказваюцца прадстаўнікі праваахоўных органаў, калі іх абвінавачваюць у садысцкіх адносінах да мірна пратэстуючых грамадзян: «Мы на государство работаем. А вы — никто!» Але напрошваецца пытанне: а няўжо не на дзяржаву амаль што за «дзякуй» працуюць класныя хірургі, не адыходзячы ад аперацыйнага стала па 8 — 10 гадзін, або сапраўдныя настаўнікі, без якіх школа канчаткова звялася б да прымітыўнай бурсы?

Размежаванне прыносіць маральную шкоду, але яшчэ больш справядлівых крыўд выклікае гіганцкі разрыў у сферы матэрыяльнага забеспячэння — паміж зарплатамі, пенсіямі дзяржаўных служачых і астатніх бюджэтнікаў. Як яго абгрунтоўвае ўлада? А ніяк! Яна засакрэчвае лічбы, забараняе «дзяржаўным людзям» расказваць пра свае аклады і прэміяльныя, пра пенсіі.

Даўно настаў час разабрацца з набалелай праблемай, якая рана ці позна выкліча магутны сацыяльны выбух. Чыноўнікі і кіраўнікі не маюць права атрымліваць зарплату ў 10 разоў большую за сярэднюю па краіне, заробак прыбіральшчыцы ў Савеце міністраў не можа перавышаць зарплату выкладчыка ВНУ, а ўсе пенсіі павінны залежаць толькі ад узроўню заробку, стажу і ўзросту (значыць, і адлічэнні дзяржаве былі большыя!). Нельга выкарыстоўваць адміністратыўныя карэктывы для «сваіх людзей» і ўраўнілаўку, якая абражае астатніх грамадзян. Хранічная нестабільнасць, імпульсіўнае павышэнне зарплат і пенсій таксама дадаюць сацыяльнага напружання, бо разрыў кожны раз павялічваецца: 5 % або 15% ад 2 — 4 мільёнаў рублёў — не тое, што ад 12 — 30. Улада магла б за прыклад у выплаце справядлівых заробкаў і пенсій узяць сацыяльна скіраваныя краіны — Данію, Швецыю, Нарвегію, Фінляндыю…

Беларусь — аўтарытарная дзяржава. Гэты змрочны факт пасля доказных высноў незалежных айчынных і замежных экспертаў даўно пацвердзіў і сам галоўны стваральнік рэжыму. Калі дзяржава звужаецца да аднаго толькі ўласнага «я», пра што заяўляў пыхлівы французскі кароль Людовік ХІV, праўленне якога было пазначана масавымі народнымі паўстаннямі, то не чакай дабра. У пэўнай ступені сёння ў Беларусі паўтараецца прыгоннае права, якое было адменена ў царскай Расіі ў 1861 годзе, але вярнулася пасля кастрычніцкага перавароту ў выглядзе савецкіх будоўляў індустрыі, калгасаў, сталінскага ГУЛАГу. Пра гэта сведчаць кабальная кантрактная сістэма, немагчымасць звальнення на прадпрыемствах дрэваапрацоўчай прамысловасці. Краіна аблытана кіруючымі і прыўладнымі бізнесоўскімі кланамі, у якіх кучкуюцца людзі, правераныя на асабістую адданасць «важаку».

Трэба прызнацца, што наша грамадства вельмі павярхоўна адукаванае, ёсць пласт людзей, у якіх галовы начынены афіцыйнай дэмагогіяй і казкамі пра заслугі І. Сталіна, пра тое, як ім здабывалася перамога ў вайне 1941 — 1945 гадоў. Расійскі публіцыст У. Якабсон заўважае: «…Мы пели «…ни бог, ни царь и ни герой», но сделали своим героем, царем и едва ли не богом недоучившегося семинариста, кровожадного и властолюбивого убийцу, а потом — его прямых наследников». Між тым, каб выбіцца ў «бацьку ўсіх народаў», тыран, калі рабіў заўвагі і ўстаўкі на сваёй «Краткой биографии», уласнаручна напісаў наступнае: «Как принято говорить в народе, Сталин — это Ленин сегодня». Ён займаўся фальсіфікацыяй партыйных дакументаў, уласнай біяграфіі, увогуле, быў цынічным хлусам.

Гісторыя паўтараецца, перспектывы таксама змрочныя. Відаць, што нам давядзецца целяпацца ў неафеадальным балоце дзесяткі гадоў. Чаму так доўга? Ды таму, што за пакаленнем, якое малілася на Сталіна, вырасла падобнае, якому трэба новы «бацька». Тут няважна асоба правіцеля, ім можа быць хто заўгодна. Сутнасць у тым, што самі людзі няздольныя жыць свабодна.

Выдатны пісьменнік Д. Гранін піша: «Хотелось бы сделать фильм — какие мы были, документальный, из старых пленок, из кинохроники, чтобы там были наши овации Горбачеву — его приезд в Ленинград, а потом такие же овации Ельцину.

Уличать не начальников, а нас самих: какие мы легковерные, как нас обманывали и как мы обманывались. Демагоги на трибунах, на экранах — их обещания. Как наш съезд освистывал Сахарова, как мы выбрали Яковлева вместо Собчака. Все это осталось, имеется в деле, заведенном Историей на каждого из нас».

Што ж, гэта праўда. Этычны і палітычны канфармізм, дурны меркантылізм у беларусаў і рускіх — звычайная з’ява. Як кажуць: «И нашим, и вашим за копейку спляшем!»

Дык чые мы? У філасофскім разуменні кожны — дзіця Вышэйшай Волі, якое нараджаецца свабодным. А затым мы — грамадзяне Беларусі, што ў ідэале азначае — па-дзяржаўнаму мыслячыя людзі. Якраз клопат пра сваю Айчыну, пра долю нашчадкаў, магчыма, навучыць нас плённа карыстацца неацэнным дарам — свабодай.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Восем бульбін

Дэфіцыт творчасці

Дэтэктар хлусні


Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.