TOP

Поступ справядлівасці

У Беларусі, Украіне і Расіі слова «справядлівасць» на афіцыйным узроўні не ў пашане, яно не гучыць у трыбунных прамовах, з экранаў тэлевізараў, па радыё. Улада баіцца яго як чорт ладану. Расійскі пісьменнік-сатырык В. Каклюшкін заўважыў: «В наше время говорить о справедливости — всё равно что беспокоиться о здоровье вымерших мамонтов».

Затое ў глыбінях кожнага з трох народаў важнае слова ніколі не забывалася і ў апошні час набывае ўсё большую папулярнасць. Я ўпэўнены ў тым, што не толькі непадпісанне прэзідэнтам Украіны В. Януковічам пагаднення аб асацыяцыі з Еўразвязам стала прычынай выхаду на плошчы Кіева да 500 тысяч маніфестантаў, пратэстных акцый у іншых гарадах. Няўжо можна думаць, што для ўкраінцаў незаўважана прайшлі скандалы з дэкларацыяй у 2 мільёны долараў прэзідэнта, з аб’яўленым багаццем прэм’ер-міністра М. Азарава? А колькі яшчэ «смажаных» фактаў для абмеркавання даюць высокапастаўленыя асобы Украіны і іхнія родзічы!

Прыход да вышэйшай улады аўтакратаў, што на славянскіх абсягах стала традыцыяй, не прынёс грамадзянам абяцанага паляпшэння якасці жыцця. З голаду, безумоўна, ніхто не памірае, але на душы ў мільёнаў людзей пагана, бо кожны дзень яны сутыкаюцца з несправядлівасцю, з прыніжэннем сваёй годнасці. У параўнанні з тымі ж небязгрэшнымі савецкімі чыноўнікамі шакіруе пагалоўная зладзеяватасць, хлуслівасць, ваяўнічае бескультур’е, хамства і беспакаранасць сучасных «слуг народа».

Кіраўнікі краін публічна заклікаюць грамадзян «жить по закону!» (аўтар лозунга У. Пуцін), а самі не прытрымліваюцца нават «блатных канстытуцый», перапісаных па іхняму загаду. Яны не вядуць дыялогу ні з народам, ні з апазіцыяй, баяцца дэбатаў у час выбарчых кампаній. Любімым каньком у іх сталі пасланні, прэс-канферэнцыі, размовы па тэлебачанні, якія часта доўгія і нудныя. А яшчэ сорамна за коснаязыкасць, недасведчанасць, элементарную непісьменнасць выступоўцаў.

Далдонячы пра любоў да народа, пра стабільнасць і парадак, «слугі» ў той жа час распіхваюць па ўласных кішэнях вялікую частку агульнага набытку. За вышэйшымі кіраўнікамі, за віцэ-прэм’ерамі, міністрамі, сенатарамі, дэпутатамі выразна вымалёўваецца цень алігарха. Яны выдатна ўладкаваліся — у адной асобе спалучаны дзяржаўны служачы і бізнесмен, якія надзейна падтрымліваюць адзін аднаго.

У Расіі беспрэцэдэнтныя крадзяжы адбыліся ў міністэрстве абароны, якое шчодра напампоўваецца народнымі грашыма (у 2003 г. — 600 мільярдаў, у 2013 г. — 2 трыльёны 300 мільярдаў рублёў!). Прайшлі шматлікія арышты. Здаецца, калі сказана «а», то трэба гаварыць і «б»! Ды дзе там, крымінальныя справы развальваюцца, карупцыянеры выслізгваюць з іх, як вужы. Па ўсім відаць, што лёгкім спалохам абыдзецца і сам экс-міністр А. Сердзюкоў.

У судовы нерат трох краін трапляюць драбнейшыя па рангу злодзеі. Але канфіскацыя маёмасці ім не пагражае, а таму ў іх нарадзілася сваё разуменне сітуацыі: «За такія грошы можна пасядзець пару гадкоў і за кратамі. Затое забяспечу сябе і сям’ю на некалькі пакаленняў!»

Колькасць карупцыянераў расце, як снегавая лавіна. Але якая можа быць барацьба з гэтым злом, калі следства і суды залежаць ад каманд чыноўніцкай вертыкалі?

А ў заходніх краінах поступ справядлівасці намнога больш упэўнены. Былы прэзідэнт Германіі К. Вульф некалі затраціў на ўласныя патрэбы казённыя грошы — 719 еўра 40 цэнтаў, і яго судзілі. Скандальна вядомага былога прэм’ер-міністра Італіі С. Берлусконі за шэраг махінацый і амаральныя паводзіны выключылі з сената, яго таксама чакае суд…

Маючы шалёныя грошы, расіяне і ўкраінцы пастаянна шыкуюць. Нядаўна ўкраінскі мільярдэр купіў падземную станцыю метро ў Лондане за 50 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. У спаборніцтве на аўкцыёне ён апярэдзіў нават прадстаўнікоў каралеўскай сям’і з Катара. Беларускія алігархі на такія «рамантычныя» ўчынкі няздольныя. Менталітэт не той, дый парадкі ў краіне непрадказальныя. Яны сядзяць на кучах грошай, якія падгрэблі пад сябе пры аўтарытарным «распіле», і моцна калоцяцца ад страху, бо багацце ў любы момант можа быць адабрана мацнейшымі драпежнікамі.

Назіраючы за паводзінамі такой «нацыянальнай эліты», звычайныя людзі робяць свае высновы. Аўтакраты хочуць спісаць народнае абурэнне і гнеў на ўнутраную апазіцыю і хітрых замежных ворагаў, якія нібыта падбухторваюць насельніцтва, аплочваюць выхад на плошчы доларамі і еўра. Сапраўдную прычыну пратэстаў ім называць не з рукі. А яна ляжыць на паверхні — народам надакучыла слухаць хлусню, ім агідна глядзець на розныя «шахеры-махеры» кіраўнікоў. Адмова ўлады ад мадэрнізацыі палітычнай сістэмы, ад канструктыўнага дыялогу з грамадзянамі, выкачванне востра патрэбных дзяржавам грошай не з алігархаў, а з бедных пластоў насельніцтва за кошт павышэння аплаты жыллёва-камунальных паслуг, праезду ў транспарце, росту коштаў на тавары, прадукты і лекі вядзе да радыкалізацыі настрояў.

Калі няма сапраўднай палітыкі, тады сітуацыя даходзіць да глупства. Вось У. Пуцін на брыфінгу з усмешачкай заяўляе: «У нас за мысли, за позицию никто не хватает». Прабачце, мякка кажучы, гэта падман. Хапаюць, надта жорстка хапаюць! Пра гэта сведчаць рэгулярныя зачысткі перад любымі пратэстнымі акцыямі і пасля іх у Расіі, Украіне, а ў Беларусі ў дадатак могуць яшчэ і за тое, што на роднай мове размаўляеш, аддубасіць.

Праваахоўныя органы (улічваючы іх садысцкія паводзіны ў час разгону мірных дэманстрантаў у Мінску, Маскве і зараз у Кіеве, язык нават не паварочваецца да такой назвы!) сёння дзейнічаюць на мяжы фолу. Яны яшчэ ў пратэстуючых людзей не страляюць, але з задавальненнем прымяняюць газ, шумавыя гранаты, фізічную сілу, б’юць безабаронных, ляжачых на асфальце юнакоў і дзяўчат, нават падлеткаў не толькі дубінкамі, але і нагамі. Расійскі кінарэжысёр А. Прошкін дае такое тлумачэнне: «В ХХІ веке стрелять в свой народ не получится. Основные капиталы наших власть имущих находятся на Западе. И если эти власть имущие прикажут стрелять по своим, Запад этого не простит — не вернет ни цента, не даст убежища». А жанчына на Майдане са слязьмі на вачах кажа проста і метафарычна: «Яны забіваюць будучыню нашых дзяцей!»

Спакутаваныя, знявераныя беларусы, украінцы і расіяне часта кажуць, што ў зямным свеце наогул ніякай справядлівасці няма. Гэта няпраўда! Яна ёсць ва ўсіх краінах, дзе існуе згуртаваная грамадзянская супольнасць, якая надзейна кантралюе ўладу.

Якраз многае залежыць ад падрыхтаванасці людзей, ад іхняй адукаванасці, культуры, маральных якасцей, якія дапамагаюць усталёўваць справядлівасць, абараняць яе. Маючы прад вачыма гісторыю крывавага таталітарнага ХХ стагоддзя, трэба быць закончаным мярзотнікам або ідыётам, каб наступаць на старыя граблі — падтрымліваць узурпатараў улады.

Бурлівыя, сапраўды рэвалюцыйныя падзеі ў самых блізкіх па мове, па песнях, па традыцыях суседзяў паказваюць, што імкненне да свабоды, да лепшага жыцця ніколі не спыніцца…

Я ведаю дакладна адно: калі поступ справядлівасці ў Беларусі, Украіне, Расіі палахліва заціхне пад жалезным абцасам грубай сілы, то нашчадкам жыць будзе яшчэ цяжэй, чым нам.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

«Мертва система!»

Воз завіс над канавай?

Дзе ўсмешкі, улада?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.