TOP

Перагнулі палку

Нянавісць аўтакратаў да народных пратэстаў, што могуць перарастаць у рэвалюцыі, зразумелая. Любой цаной трэба ўтрымаць уладу, якая шмат чаго дае ім, родзічам, падначаленым кланам, ахоўвае ад расплаты за здзейсненыя злачынствы. Таму супраць мірных людзей кідаюцца значныя сілы і сродкі. 

Тэлеканалы свету паказалі жудасныя кадры разгону маніфестацыі ў Кіеве, дзе «беркутаўцы», прабягаючы чорнай зграяй міма паваленага на асфальт чалавека, па чарзе «адзначаліся» — азвярэла малацілі нерухомае цела дубінкамі і нагамі ў цяжкіх чаравіках. Жорсткай атацы падвергліся мясцовыя і замежныя журналісты, ім былі нанесены сур’ёзныя траўмы, разбіты камеры і мабільнікі.

Пасля праліцця крыві просьбу аб адстаўцы падаў шэф кіеўскай міліцыі, а прэзідэнт і прэм’ер-міністр Украіны асудзілі «чрезмерное употребление силы», запэўнілі, што будзе праведзена следства і вінаватых пакараюць. В. Януковіч, каб знізіць накал абурэння грамадзян, ужыў трафарэтную апраўдальную фармулёўку: «Перагнулі палку».

Не ведаю, чым скончыцца «разбор палётаў» у Кіеве, магчыма, вінаватыя і атрымаюць па заслугах. А калі не цяпер, то пазней — пасля змены ўлады, бо апазіцыя мае матэрыялы, якія дапамогуць вызначыць кожнага канкрэтнага садыста і прад’явіць яму абвінавачанне.

Беларусам да пабоішчаў не прывыкаць, у нас пратэстуючых б’юць пастаянна. Якраз розніцу паміж двума грамадствамі падкрэслілі ўдзельнікі Еўрамайдану, калі заявілі: «Мы — не Беларусь!». У Мінску такія баталіі заканчваюцца тым, што «героі» ў форме і ў цывільным адзенні атрымліваюць кватэры, павышэнні па службе, зорачкі на пагоны і прэміі. У Маскве ўлада дзейнічае аналагічным чынам. Прыведзеныя факты — гэта адказ на пытанне: чаму агрэсіўна паводзяць сябе на акцыях пратэсту ахоўнікі правапарадку?

Але такі адказ — няпоўны. Галоўная прычына крывавых разгонаў у тым, што ў Беларусі, Расіі і да пэўнай ступені ва Украіне над міліцыяй (паліцыяй) і спецслужбамі няма строгага кантролю з боку парламента і грамадства, як гэта ёсць ва ўсіх дэмакратычных краінах.

Пра які самастойны парламент або дзейсную грамадзянскую супольнасць можа ісці гаворка ў дзяржаве, дзе ўлада ўзурпіравана адным чалавекам? Аўтарытарныя рэжымы не толькі неэфектыўныя, але і небяспечныя для народа. Якраз у такія перыяды жыцця краіны асаблівую важнасць набывае асабістая адказнасць людзей.

Былы першы намеснік начальніка Інстытута праблем бяспекі КДБ СССР П. Нікулін на пасяджэнні «круглага стала» на тэму «КГБ: вчера, сегодня, завтра» падкрэсліў: «…Работник несет личную ответственность за правомерность своих действий и при получении распоряжения для исполнения обязан оценить его с точки зрения соответствия закону и государственным интересам. /…/ Именно чувство индивидуальной ответственности, в какой бы трудной ситуации ни оказался человек, предохранит его и общество от преступления».

Ёсць вядомая канцэпцыя выканання загаду як прычыны, што вызваляе ад адказнасці. Яе на Нюрнбергскім судовым працэсе ў 1945 годзе прапанавалі адвакаты фашысцкіх злачынцаў. Маўляў, аўтарам ваеннага кашмару быў Гітлер, астатнія толькі выконвалі загады, а таму іх няварта судзіць. Але міжнароднае права такую канцэпцыю адвергла. Кожны чалавек асабіста адказвае за злачынствы, у якіх удзельнічаў.

Асобнай увагі заслугоўваюць правакацыі. Як у Мінску, Маскве, так і ў Кіеве ніводная народная пратэстная акцыя не абыходзіцца без «засланых казачкоў». СМІ гавораць пра сотні прафесійных правакатараў-агентаў і пра тысячы «правакатараў-аматараў», якія цяпер дзейнічаюць у сталіцы Украіны.

У мінулую нядзелю прагучалі ўзаемныя прэтэнзіі. Міністр МУС Украіны заклікаў маніфестантаў не цвяліць міліцыю, спецназ, а партыя» Батькивщина» не без падстаў сказала пра правакацыі, якія падрыхтавала ўлада, каб увесці надзвычайнае становішча. Калі ж украінцы, беларусы і расіяне дажывуць да пары, у якой прадстаўнікі праваахоўных органаў будуць не збіваць людзей, не ладзіць супраць іх правакацыі, а выконваць непасрэдную функцыю — ахоўваць маніфестантаў, нават развозіць па кватэрах аслабелых старых або жанчын, як заведзена ў цывілізаваных краінах? А пакуль было б справядліва, каб любыя правакатары траплялі за краты.

Паўстае пытанне і наконт правамернасці вызначэння праз мабільныя тэлефоны месцазнаходжання грамадзян, каб затым караць іх за ўдзел у мітынгах пратэсту, як гэта адбылося ў Мінску ў снежні 2010 года. Наша грамадства тады не абурылася самавольствам спецслужбаў і ўгодніцтвам мабільных аператараў, а таму людзей арыштоўвалі, цягалі па кабінетах следчых, запалохвалі.

Не толькі ў час маніфестацый, а заўсёды славутая «палка» перагінаецца ў нашай краіне не на карысць народа. Дзеля раскошнага жыцця ўзурпатара і яго хеўры яна гнецца ў бок фальсіфікацый і падтасовак на выбарах, шалёнага росту коштаў на тавары, прадукты і лекі, павелічэння тарыфаў ЖКГ. Краіна не стала прававой, яна жыве па падзаконных актах і па «паняццях». Дзе ёсць што-небудзь жывое, свабоднае, туды кідаюцца, як шакалы, халуі і душаць.

У адносінах да беларусаў палку перагіналі не адно стагоддзе як чужыя, так і ўласныя гвалтаўнікі. Таму і маем ушчэнт запалоханых, без усведамлення нацыянальнай годнасці людзей. Тутэйшыя могуць многае: становяцца мультымільянерамі, вялікімі начальнікамі ў Расіі і іншых краінах, выдатна спяваюць пад баян рэпертуар А. Ваенгі, вынаходзяць нейкія карысныя рэчы, але самае галоўнае ім пакуль што не пад сілу — стаць сапраўдным народам.

Аргенцінскі пісьменнік Х. Борхес у дзённіку піша: «Диктатуры пользуются тем, что никто не любит признавать свой страх. Действительно, обделавшись от страху, ты изображаешь энтузиазм, пылкое участие в общем великом деле. Потом скажешь, что заблуждался, это вроде не так стыдно… Fooling who? (Кого мы дурачим? — англ.)»

Сапраўды, спытайце любога беларуса, ці любіць ён сваю Айчыну, ці смелы, ці можа пастаяць за сябе, за сваю сям’ю, і ў адказ пачуеце: «А як жа!» Але дзе гэта бачна?

Пасля распаду СССР кожная з трох суседніх рэспублік ідзе ўласнай дарогай, але пакуль не ў бок сапраўднай дэмакратыі. Найбольшы шанц стаць прававой, цывілізаванай дзяржавай мае Украіна, дзе ёсць свабодныя СМІ, сістэмная апазіцыя, якая прадстаўлена палітычнымі партыямі, дэпутатамі ў Вярхоўнай Радзе, кіраўнікамі малых і вялікіх гарадоў, такімі, як, напрыклад, мэр Львова А. Садовы, ёсць жаданне людзей не толькі геаграфічна, а рэальна быць у Еўропе.

Расія, маючы багатыя прыродныя рэсурсы, буксуе на шляху аўтарытарнага «сыравіннага распілу», а сваёй ідэалогіяй аб’явіла сумніўную «суверэнную дэмакратыю». Але ў грамадстве расце імкненне да сацыяльных і палітычных перамен.

Беларусь зайшла ў глухі аўтакратычны тупік, з якога не выйдзе шляхам рэфармавання, бо на такі прымальны варыянт няздольны рэжым, яго не ў стане забяспечыць ні ўнутраная апазіцыя, ні знешнія сілы.

Аднак аналіз развіцця свету (ХVІІ — ХІХст.ст. — Англія, Францыя, ХХ ст. — Расія, ХХІ ст. — Туніс, Егіпет, Лівія) паказвае, што ў выпадку аўтакратычнага праўлення адзіным механізмам набліжэння да дэмакратыі з’яўляецца рэвалюцыя. Усё роўна давядзецца прыслухацца да голасу свайго народа. Але каб не было позна!

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.