TOP

Адліга

Вучоныя сцвярджаюць, што наша планета, якая пасля касмічных палётаў страціла неабдымнасць і стала проста домам чалавецтва, увайшла ў перыяд турбулентнасці надвор’я. Анамаліі шакіруюць — снег у Афрыцы, цяпло ў Арктыцы. З надвор’ем пераклікаецца і нестабільная палітыка, у ёй таксама — то адліга, то мароз.

Сучасны кліматычны вэрхал паказвае і падкрэслівае, як цесна звязана, як невераемна залежыць усё жывое і нерухомае на Зямлі адно ад аднаго. Я часта думаў і пісаў пра тое, што людзям, якія замахнуліся на татальнае валадарства над прыродай, трэба не разбураць сваім прагным спажываннем геніяльную гармонію свету, а якраз яе падтрымліваць. Мала хто здольны прыняць мой ідэалізм, ды, як ні круці, а рэаліі сведчаць, што ў бытавым, сацыяльным і палітычным жыцці многае залежыць ад кожнага канкрэтнага чалавека, пачынаючы з элементарнай акуратнасці (утылізацыя смецця), эканомнасці (выкарыстанне вады, іншых рэсурсаў ) і да сумленнасці, мудрасці, дабрыні, спагады, міласэрнасці.

Наша рэчаіснасць скупая на сапраўдныя чалавечыя пачуцці. Агрэсіўны меркантылізм, сквапнасць чыноўнікаў, алігархаў, іншых пачварна багатых людзей і цяжкасці выжывання мільёнаў беднякоў катастрафічна дэфармуюць не толькі эканамічную, сацыяльную, але і духоўную сферу жыцця. Гламур, папса выйшлі на першы план у культуры, якая стала не асветніцкай, не душэўнай, каб падтрымліваць людзей у цяжкую хвіліну, а пераважна забаўляльнай, пошлай.

Чаму паказаны па канале АНТ шматсерыйны кінафільм В. Тадароўскага «Оттепель», які, безумоўна, небездакорны з боку рэжысуры, аператарскай працы, акцёрскіх пошукаў, які неаднойчы фальшывіць у падачы тагачаснага антуражу і нават грашыць недасканалым агучваннем, раптам выклікаў даўно нябачанае захапленне мільёнаў гледачоў, прыняты на «біс»? Ды таму, што ўжо да скрыгату зубоў надакучылі бясконцыя міліцэйска-бандыцкія баевікі, ідыёцкі рогат розных клоўнаў, яны засумавалі без добрага, чалавечнага кіно!

Майму пакаленню серыял блізкі, бо якраз у 60-я гады ХХ стагоддзя яно ўступала ў вялікае жыццё. Ён будзіць не толькі светлыя згадкі пра рамантыку юнацтва, якое не ўяўляецца без мрояў, летуценняў і кахання, але і ўзнаўляе атмасферу палітычнай «адлігі». Мы заспелі яе заканчэнне. Калі я ў 1964 годзе вучыўся на першым курсе БДУ, М.Хрушчова скандальна вызвалілі ад абавязкаў 1-га сакратара ЦК КПСС, пасля чаго жыццё хутка падмарозілася.

Шок ад антысталінскага даклада на ХХ з’ездзе КПСС быў неглыбокім, ён закрануў толькі партыйцаў, але не народныя масы. У грамадстве не было ніякіх свабодных дыскусій, а нешта не перадуманае самім чалавекам, проста навязанае яму зверху цяжка прымаецца. Пасля многае высветлілася, былі апублікаваны тысячы доказных дакументаў, але з рыпам, пад прымусам. Спецслужбы ўвесь час збівалі народнае імкненне да праўды.

Адзін з аўтараў часопіса «Знамя» з абурэннем напісаў: «Уже сорок лет длится реабилитация жертв большевистского режима. Странная, лукавая реабилитация. Вместо того чтобы выделить дела военных преступников и уголовников, а остальных реабилитировать, покаяться перед всем миром, — год за годом пересматривают бредовые измышления безграмотных следователей. Реабилитируют и самих палачей, облыжно обвиненных в шпионаже. Год за годом параллельно с реабилитацией идет процесс сокрытия преступлений.

В 1962 году в Магадане ко мне пришли работники архива: «Товарищ корреспондент, жгут архивы!» Документы уничтожались и в последующие годы. На наших глазах архивы зачищала Лубянка в 1991 году после провалившегося путча. Вот где начинается атрофия памяти, патриотический склероз. Вот почему в числе героев России народ называет имя Сталина. Вот почему урезаются льготы, особенно в регионах, бывшим политзэкам».

60 гадоў савецкія людзі і новыя пакаленні, якія нарадзіліся пасля распаду СССР, існуюць без Сталіна. Нягледзячы на масавыя істэрычныя рыданні ў сакавіку 1953 года — «А што ж цяпер будзе? А як жа нам без яго!», — аказалася, што можна жыць і без «отца всех народов». Наадварот, яго смерць дала штуршок вызваленню ад даўняга страху, хоць яно яшчэ не закончылася. Перашкаджае тое, што на хвалі папулізму на троны ўскараскаліся новыя «бацькі», якія ўсхваляюць і прапагандуюць крывавага папярэдніка.

Пратэстны народны рух супраць узурпатараў улады, які шырыцца ў свеце, падводзіць да галоўнай высновы — патрэбна абавязковая зменнасць кіраўнікоў. Акрамя таго, адзін чалавек не можа рашаць важнейшыя пытанні народнага жыцця за ўсіх, асабліва калі ён слаба адукаваны, маральна няўстойлівы. Крыніца ўлады — народ, а кіраўнікі — гэта нанятыя ім на пэўны час менеджэры. Не больш таго!

Беларусы такую простую ісціну ўцяміць ніяк не могуць, сталі закончанымi мазахістамі, зноў і зноў наступаюць на старыя граблі, ад чаго на лбах месца жывога няма, усе ў гузаках. Гэта тычыцца не толькі недасведчаных людзей, але і тых, хто мае па два дыпломы аб вышэйшай адукацыі.

Тутэйшы люд не прэтэндуе на палітычную адлігу, на змены да лепшага, ён задавальняецца падачкамі ў выглядзе нязначнага павышэння зарплат і пенсій. Амаль 20 гадоў шэрае жыццё манатонна цягнецца ад адной «шчаслівай» падзеі да наступнай. Некалькі дзесяткаў тысяч рублёў, зрэдку падкінутых «шчодрай» уладай, і нястрымны рост цэн — гэта галоўныя тэмы размоў беларусаў.

А многія людзі засталіся сам-насам з замбіруючым тэлевізарам. Мясцовыя тэлевізійнікі не вызначаюцца культурнымі манерамі. Яны нахабна ўварваліся ў расійскія каналы, здымаюць зусім або няшчадна кастрыруюць перадачы, якія няўгодныя ўладзе. Уласныя тэлеканалы запаўняюцца бяздарным плагіятам, прымітывам, старызнай, бясконцымі рапартамі пра перамогі «на ўсіх франтах» у духу прапаганды Паўночнай Карэі. Нудная рэклама не мае павагі да гледачоў. Яна можа напалову перакрываць экран у час перадач або паказу фільма. Увогуле, тэлепраграма на тыдзень мяняецца без папярэджання і прабачэння ў любы час.

На жаль, хамства, бескультур’е закранулі нават пласт творчай інтэлігенцыі. Гэта выявілася ў час сустрэчы стваральнікаў серыялу «Оттепель» з гледачамі. Галоўны рэжысёр В. Тадароўскі адказваў на пытанні з жуйкай у роце. Можа, так ён паказваў грэблівасць да перадачы А. Малахава? Але навошта тады было ісці на яе?

«Советский энциклопедический словарь» характарызуе «адлігу» канца 50-х і пачатку 60-х гадоў ХХ стагоддзя так: «…Новые задачи /…/ решались волюнтаристскими методами, с помощью старого политического и экономического механизма, без опоры на широкое развертывание демократизации». А што адбылося ў нас пасля 1994 года? Адкат у далёкае мінулае!

Незалежная Беларусь знаходзіцца ў аўтакратычным тупіку. Цытую радкі расійскага журналіста В. Портнікава, які наведаў пратэстуючы Кіеў: «Беркут» отошел от киевской мэрии. Бросаются в глаза белорусские национальные флаги у сцены. Наши соседи живут в схожем кошмаре почти 20 лет. Я много писал об этом, но только сегодня понял, как это бывает».

Хачу нагадаць словы класіка нямецкай літаратуры Т. Мана: «Хто не супраць зла рашуча і да канца, той у якойсьці ступені за яго». У Беларусі мужны супраціў па-ранейшаму застаецца ў дэфіцыце. Да вясны яшчэ так далёка!

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.