TOP

«Мы скандавалі: «Міліцыя з народам!». Міліцыя стукала шчытамі ў такт»

Асэнсаванне падзей 2010 года і ўспаміны пра Плошчу ад Алеся Міхалевіча, Франака Вячоркі і Леаніда Гаравога.

Алесь Міхалевіч: «Вып’ю за здароўе Статкевіча і вызваленне ўсіх палітзвязняў»

Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, які атрымаў прытулак у Чэхіі, вечарам збіраецца выпіць за здароўе Міколы Статкевіча і найхутчэйшае вызваленне ўсіх палітвязняў. Пра гэта ён піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

— Не магу сёння асабіста прыняць удзел у акцыі салідарнасці, бо непасрэдна пасля абароны доктарскай дысертацыі ў маі 2013 года ўладкаваўся працаваць і мушу быць на працы.

Міхалевіч працуе ў міжнароднай вытворчай фірме на пасадзе спецыяліста па экспарце.

— У фірме я адзіны беларус, таму тут нават не ведаюць (ці проста не паказваюць, што ведаюць) пра маё мінулае, — паведамляе былы палітвязень.

Франак Вячорка: «Новы год сустрэў з усімі на Акрэсціна»

Франак Вячорка ўзгадвае пра тое, якім запомнілася яму 19 снежня 2010-га.

— Мы з Andruś Krečka назіралі на адным з участкаў у Савецкім раёне. У прынцыпе, нават паводле афіцыйных дадзеных у дзень галасавання, мусіў быць другі тур з удзелам Андрэя Саннікава. Калі мы пад’ехалі на Плошчу, ужо «захоплівалі» Дом ураду. Прынамсі, тады так здавалася. Шмат знаёмых і незнаёмых. Хадановіч спявае «Разбуры турмы муры».

Я меў з сабой мэгафон, які загадзя пазычыў у Івашкевіча. Ён дапамог трошкі ажывіць натоўп вакол нас, паколькі са сцэны нічога не было чуваць. Калі пачалі разганяць, мы ўтварылі двайны ці нават трайны ланцуг і скандавалі: «Міліцыя з народам!». Міліцыя стукала шчытамі ў такт. Потым нас атакавалі, ланцуг рассыпаўся, усе пабеглі.

Ззаду ўдарылі па галаве, паваліўся, але нехта дацягнуў мяне да Чырвонага касцёла. Касцёл быў зачынены, хаця святло ўнутры гарэла. Там на прыступках мы некалькі разоў запар праспявалі «Магутны Божа», але зноў прыйшоў спецназ. Тут літасці ўжо нікому не было.

З тымі, хто выбраўся, мы зноў сабраліся каля гатэлю «Менск», утварылі кола і спявалі голасна «Паветраны шар».

Раптам нехта закрычаў: «Бяжым!» Пад’ехалі два аўтобусікі, з якіх высыпаліся касманаўты ў чорнай форме. Яшчэ адна спроба была заспяваць каля ГУМа, але нас засталося толькі 10-15 чалавек, і вырашылі разыходзіцца.

Потым я хаваўся, пакуль урэшце не злавілі. І Новы год сустрэў з усімі на Акрэсціна.

«Апазіцыя і праваабаронцы ў такой жа дупе, як і краіна са сваёй эканомікай»

Гарадоцкі краязнаўца Леанід Гаравы піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

— У сумную гадавіну брутальнага здзеку за права на выбар беларускага народа з новай моцай паўстае пытанне: калі Лукашэнка перамог чэсна, то чаму не дае магчымасці назіральнікам пералічыць галасы на ўчастках? Адначасова з гэтым паўстае і пытанне: колькі тых назіральнікаў, якія патрабавалі пералічыць галасы? Колькі было судовых працэсаў па адстойванню права на чэсны падлік галасоў?

На жаль, апазіцыя і праваабаронцы тут у такой жа дупе, як і краіна са сваёй эканомікай, — лічыць ён.

Вольга СЛУЦКАЯ, Gazetaby.com

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.