TOP

У карагодзе шэрых дзён

Заўсёды перад Калядамі і Новым годам у народнай грамадзе пасялялася неўміручае ўсведамленне цуду — прыходу любімых, радасных святаў. Яно не гублялася пры любых уладах, жыло яшчэ і ў першыя гады сучаснага аўтарытарызму. Цяпер насельнікі нашага краю, пачынаючы ад сталіцы і да глыбінкі, не свецяцца радасцю, а ўражваюць паныласцю. 

Праверыць маё назіранне проста. Няспешна прайдзіце па вуліцах і плошчах Мінска, угледзьцеся ў ягонае несвяточнае аблічча, у заклапочаныя, хмурыя твары прахожых, завітайце ў аддаленыя вёскі і пасёлкі. Прычынай шэрага настрою людзей з’яўляецца не толькі зменлівае, гнілое надвор’е, ад якога ніяк нельга дачакацца галоўнага навагодняга падарунку — чыстага снегу і бадзёрага марозіку. Але да гэтага мы прывыклі. У большай ступені на народнае самаадчуванне ўплываюць разладжаная эканоміка, нестабільная палітыка, ад якіх залежыць узровень чалавечага дабрабыту.

Кепскай сенсацыяй сталі вынікі афіцыйнага даследавання. Спецыялісты Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук правялі анкетаванне (1, 5 тысячы чалавек), якое высветліла, што толькі крыху больш за 1% насельніцтва можа дазволіць сабе набыццё дарагіх рэчаў, а ў 5% беларусаў грошай не хапае нават на ежу. Аналізуючы становішча краін СНД, расійскі эканамічны эксперт С. Наркевіч заўважыў: «Вряд ли можно сказать, что благосостояние нации в Белоруссии растет».

Я не самы стары чалавек у Беларусі, ды і мне давялося жыць пры Сталіне («Дзякуй Сталіну-грузіну, што абуў нас у рэзіну»), Малянкове («Прыйшоў Малянкоў — наядзімся блінкоў»), Хрушчове («Сказаў Мікіта: будзем есці дасыта»), Брэжневе («Наказ Леаніда Ільіча — з карыта не вымай лыча»), Андропаве («Нас не падманеш на мякіне, мы і за восем піць не кінем), Чарненку («Пакуль не склаў канькі стары, што кепска схована — бяры) і, урэшце, Гарбачове («Не хапае ўсім харчоў, кормімся валютаю, дарагі наш Гарбачоў, трэба рэвалюцыя»). Народныя выказванні выявілі як дадатныя, так і адмоўныя рысы беларусаў: цягавітасць, цярплівасць, адчуванне гумару, дасціпнасць, дурнаватую хітраватасць, пакорлівасць, схільнасць да крадзяжу, разбэшчанасць, разумовую ляноту. У гэтай грымучай сумесі не хапае самага галоўнага — смеласці, а таму даўняя мара звычайных людзей не толькі пра сытае, але яшчэ і свабоднае, годнае жыццё ніколі не спраўджвалася.

Аўтарытарны рэжым радыкальна падзяліў грамадства на багатых і бедных, чаго, скажам, няма ў Даніі, якую я часта стаўлю ў прыклад і чыя сацыяльная мадэль нядаўна ўхвалена ААН. Там няма камунізму, але ў кожнага чалавека ёсць усё неабходнае. А ў Беларусі вырас пласт недатыкальных, непадсудных, непатапляльных асобаў, якія правяць і сядзяць на кучах грошай, зрабілі сабе і родзічам рай на зямлі.

Нешта маюць і астатнія грамадзяне, толькі гэта не азначае, што чалавек можа абысціся скваркай і чаркай. Ёсць народныя святыні, якія нельга аддаваць цемрашалам на глум.

Я шмат што бачыў і сведчу, што такой антынацыянальнай, неадукаванай, жульніцкай, хамскай і подлай улады, як цяпер, на роднай зямлі яшчэ не было. Выснова не галаслоўная, яна базіруецца на фактах, якія публікуюцца ў незалежных і афіцыйных СМІ, нават агучаны з трыбун.

У тым, што жыццё застаецца шэрым, не паляпшаецца, паводле меркавання чыноўнікаў, вінаватыя беднасць Беларусі на прыродныя рэсурсы, няхватка грошай. Хачу спытаць: а як жа тады працуе Данія, дзе радовішчаў няшмат, дзе ворныя землі такія, як на Віцебшчыне — падзол, камяні, ды вынікі — выдатныя? А яшчэ цытую расійскія «Итоги», якія нагадваюць, што «за гэтыя 14 гадоў (26 студзеня 2000 года ўступіла ў сілу Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі — С.З.) Мінску выдалі датацый амаль на 100 мільярдаў долараў».

Раю чыноўнікам зрабіць інвентарызацыю і падлічыць, колькі змарнавана і раскрадзена сродкаў (падтрымка стратных прадпрыемстваў, спартыўныя і іншыя палацы, якія вісяць валуном на шыі бюджэту, катэджы дзяржаўных служачых, пабудаваныя за кошт адкату або распілу казённых грошай, валюта, укладзеная ў вытворчасць, нерухомасць, акцыі, рахункі ў замежных краінах). Калі б яны пайшлі на мадэрнізацыю вытворчасці, сучасныя тэхналогіі, перавучванне кадраў, стварэнне новых працоўных месцаў, то эканоміку не трэсла б ліхаманка і заможна жылі б не толькі «абранцы», а ўсё насельніцтва краіны.

Знясільваючы савецкі дэфіцыт знік, ды чэргі ўсё роўна засталіся, беларусы стаяць у іх, каб купіць самыя танныя прадукты, тавары і лекі. Ці зразумее клопат простых людзей — скажам, бібліятэкара, медсястры, выхавацелькі — ашчасліўлены рэжымам чыноўнік, дэпутат або прыўладны бізнесмен, які думае не пра надзённую лусту хлеба і лекі для хворай маці, а дзе правесці навагодняе свята: у рэстаране, на Канарах, у Вене?

Прытым у Беларусі прадстаўнікі «эліты» кавалкі «заробленага непасільнай працай» і накрадзенага «сала» ядуць «пад коўдрай». Уладанні яны абносяць высокімі платамі, для фізічнага зберажэння сваёй любімай, дарагой персоны наймаюць дзесяткі, а нехта і сотні целаахоўнікаў. Каго і чаго вы баіцеся? Народа? А пасля трыбунныя крумкачы заліваюцца салаўямі пра дэмакратыю, якой у краіне столькі, што аж праз вушы цячэ.

Добра разумею, што мае невясёлыя думкі ля навагодняй ёлкі не супадуць з тымі, якія прыйдуць у галаву прадстаўнікам новага пакалення, што нарадзіліся пасля 1994 года. Акрамя аўтарытарызму, яны ніякага іншага ладу не бачылі, прымаюць яго з маленства як нейкую непарушную дадзенасць, прывыклі да камандна-адміністратыўнай сістэмы, гвалту над правамі і свабодамі чалавека, татальнай хлусні, страшэннай карупцыі, непісьменнасці, безгустоўнага гламуру. Ім няма калі зважаць на гэта, бо, як і папярэднікам, вельмі хочацца напоўніцу пакаштаваць усіх дароў шчаслівай пары — юнацтва і маладосці, якія самі па сабе ўяўляюць неацэнную каштоўнасць, але, на жаль, хутка мінаюць.

Тым не менш, як бы ні хацелі хлопцы і дзяўчаты жыць лёгка, бесклапотна, не заўважаць уціску і несправядлівасці, што трушчаць чалавечую годнасць, ды трагічныя памылкі старэйшых беларусаў, якія купіліся на танны папулізм, здрадзілі мудрым і мужным продкам, давядзецца выпраўляць ім. Адказнасць не толькі за сваё каханне, створаныя маладыя сем’і, уласных дзяцей, але і за захаванне ў свеце незалежнай Айчыны, нацыянальнай культуры, роднай мовы кладзецца на іх плечы.

Мае думкі не перарве ракетна-петардавая какафонія, якую наладжваюць у Навагоднюю ноч падагрэтыя алкаголем боўдзілы. Яны ляцяць да сапраўдных герояў нашага часу, такіх як Мікола Статкевіч і маладзейшыя палітвязні. Спадзяванне на змены жыве, пра што нагадваюць радкі:

Як на досвітку ў горадзе ціха!
Выпаў снег,
Навакол — чысціня.
І здаецца:
За ноч сыдзе ліха,
Светла жыць станем з новага дня.
 
Ёсць раздолле,
Каб смела спачатку
Пракладаць толькі праўдзе сляды.
Лёсу ў твар можна кінуць пальчатку
І зыначыць яго назаўжды.

Нягеглы лёс можна змяніць, а нам усё не хапае рашучасці. Мы плывем у карагодзе шэрых дзён. Тым не менш, нягледзячы ні на што, трэба спяліць смеласць і мужнасць, каб зрабіць прарыў да лепшага жыцця. Жадаю ўсім сумленным, добрым людзям у 2014 годзе моцнага здароўя і ўдачы!

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Поступ справядлівасці

Чые мы?

Дэтэктар хлусні

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.