TOP

Адчуванне меры

У будзённасці адчуванне меры зводзіцца да простага: кожны чалавек ведае ўласную натуру, магчымасці, што дазваляе яму стрымлівацца, культурна паводзіць сябе на працы, у грамадскіх месцах, кампаніях. Але гэта не ўсё. Адчуванне меры павінна прысутнічаць у любой галіне людской дзейнасці. 

На жаль, рэаліі сведчаць, што ў многіх постсавецкіх краінах сітуацыя з адчуваннем меры ў палітыцы, эканоміцы, сацыяльным жыцці, культуры, духоўнай сферы склалася катастрафічная. Асабліва нахабныя злоўжыванні, якія ўціскаюць правы і свабоды мільёнаў людзей, адбываюцца ў верхніх эшалонах улады. З прычыны адсутнасці сумленных, адкрытых выбараў легітымнасць тых, хто правіць, пастаянна застаецца пад сумненнем.

У жыццёвай мітусні грамадзяне пра гэта ўспамінаюць не часта, але горыч ад несправядлівасці, ад таго, што іх нахабна і цынічна разводзяць як лохаў, не прападае, крыўда ў душах да канца не гасне, у крызісным выпадку разгараецца з новай сілай.

Здаецца, пакіраваў краінай, а затым пераканаўся, што больш не можаш перамагчы, — сыходзь без скандалу. Але ўзурпатары ўлады ўключаюць на поўную моц адміністратыўны рэсурс, «мочаць» безабаронных канкурэнтаў з дапамогай СМІ і сілавікоў. А з трыбун кормяць замбіраваны электарат старой дэмагогіяй пра тое, што без іх дзяржава разваліцца, што «подавляющая часть граждан хочет перемен, но никто не хочет революций».

Размовы ўлады з насельніцтвам нагадваюць тэатр абсурду: ваўкі вучаць авечак, як трэба сябе гуманна паводзіць. Доўгачасовы правіцель Беларусі, звяртаючыся з навагоднім віншаваннем да «богатых и не очень», паміж якімі ў нас — глыбокая прорва, зрабіў націск на тое, што «мир стоит /…/ не на деньгах, как некоторые думают сейчас», што трэба «стать более чуткими, заботливыми, внимательными и милосердными». Адразу ўявілася, як мільёны людзей перад экранамі зарагаталі: во заляпіў, ці яму гаварыць пра такое!

А нязменная кіраўніца ЦВК падзялілася «сакрэтам»: «Сейчас мы обладаем, слава Богу, возможностью делать себе праздники каждый день», відаць, мела на ўвазе вярхі, і заклікала сустракаць Новы год «со светлыми чувствами, с отсутствием зависти и с отсутствием этакой злобной неудовлетворенности, которую проявляют зачастую наши некоторые сограждане». Вось і зразумей: адкуль у людзей бярэцца зайздрасць, незадаволенасць, калі ў Беларусі кожны дзень святочны?

Узурпатары ўлады і іх халуі цынічнай хлуснёй і сквапным абагачэннем самі нагнятаюць выбуховую сітуацыю, калі сыход ужо не зможа абысціся без узрушэнняў і людской крыві. Пачатак ХХІ стагоддзя яскрава сведчыць пра часты паўтор такіх сцэнарыяў у розных рэгіёнах планеты.

У цывілізаваных краінах маецца моцная самастойная заканадаўчая ўлада, над якой ніхто не стаіць з пугай. Практыка паказвае, што ў Беларусі, Расіі, Украіне няма свабодна абраных, незалежных ад «вертыкалі» парламентаў. Мой кіеўскі сябра, гісторык В.Ткачэнка кажа: «Народ у нас палітычна больш спелы і больш сумленны, чым дэпутацкі корпус». Трэба ўдакладніць: гэта тычыцца Украіны, а ў Беларусі і Расіі сітуацыя іншая. Калі ўспомніць, якім чынам фарміруюцца парламенты ў трох краінах, то стане ясна, што шмат «народных абраннікаў» знаходзіцца там, каб прыслужваць выканаўчай уладзе і задавальняць уласныя інтарэсы. Яшчэ славуты філосаф старажытнай Грэцыі Арыстоцель, які заўсёды ўхваляў чалавечыя разумныя паводзіны, умеранасць, сказаў: «Тыя, хто купляе ўладу за грошы, прывыкаюць атрымліваць за кошт яе прыбытак». Сёння многія чыноўнікі, дэпутаты і сілавікі якраз такім чынам выкарыстоўваюць свае пасады.

Нельга сказаць, што «дзяржаўныя людзі», якія жывуць у «раі», не помняць пра народ. Помняць, але своеасабліва. Ненасытныя вялікія і дробныя акулы ўлады не задаволены, што насельніцтва мала плаціць за камунальныя паслугі, праезд у грамадскім транспарце, прадукты і лекі. Паміж міністэрствамі і ведамствамі даўно наладжана спаборніцтва — хто здолее вышэй задраць цэны, каб абабраць пакупніка, кліента.

Нягледзячы на «вечны плач» пра беднасць, арганізацыі, якія абслугоўваюць насельніцтва, за «нешта» прыхопліваюць гарадскія тэрыторыі, узводзяць велічныя гмахі з рэспектабельнымі кабінетамі, аўтастаянкі і гаражы. На багатым Захадзе такога не ўбачыш. Там ёсць сціплыя памяшканні для офіснай працы, але няма раскошы, высокіх платоў забароненых зон.

Ад «дзяржаўных людзей» не адстаюць прыўладныя прыхватызатары, якія разбагацелі з дапамогай «смачных» кавалкаў народнай маёмасці, а цяпер поспех залічваюць на рахунак сваёй «геніяльнасці». Багацце не з’яўляецца з паветра. Каб яго атрымаць, патрэбны не толькі розум, арганізатарскія, камерцыйныя здольнасці, але перш за ўсё прыродныя, матэрыяльныя і людскія рэсурсы. Як у нас ставяцца да працаўніка, расказвае RFI (Францыя): «Беларусь на ўсякіх міжнародных арэнах і на ўнутраным узроўні пастаянна падкрэслівае тое, што лічыць сябе сацыяльным раем, сацыяльнай дзяржавай, у якой сацыяльнае становішча грамадзян нашмат лепшае, чым у суседзяў. Гэты сацыяльны рай, які так часта падае міжнароднай супольнасці беларускі ўрад, будуецца на пастаянным і паўсюдным парушэнні працоўных правоў грамадзян Беларусі і выразна выяўленых элементах прымусовай працы».

Узровень адчування меры ў розных па маральнасці грамадствах самым непасрэдным чынам уплывае на іх развіццё. Важную выснову ў кнізе «Все было не совсем так» зрабіў расійскі пісьменнік Д. Гранін: «У нас погоня за богатством привела к появлению бесчестных деляг, казнокрадов, жуликов. В Европе — к появлению менеджеров, новаторов».

У перадкалядным інтэрв’ю Папа Рымскі Францішак, які вызначаецца выключным адчуваннем меры, сціпласцю, аналізуючы адносіны Царквы і ўлады, сказаў: «Калі збліжэнне адбываецца не дзеля людзей, калі пра іх забываюць, тады пачынаецца зрошчванне, якое разбэшчвае, Царквы з палітычнай уладай: здзелкі, кампрамісы… Адносіны Царквы і ўлады ператвараюцца ў карупцыю, калі збліжэнне адбываецца не дзеля агульнага дабра».

У канцы мінулага года ў Кітаі расстраляна некалькі высокапастаўленых карупцыянераў, а 500 дэпутатаў, якія займаліся махінацыямі ў час выбараў, вымушаны былі падаць просьбы аб адстаўцы. Грандыёзны скандал скалануў Турцыю, дзе сыны міністраў вялі разгульны лад жыцця, актыўна ўдзельнічалі ў карупцыі. Скончылася следства тым, што 10 міністраў ураду звольнены.

Сячы рукі за крадзеж дзяржаўнай або прыватнай маёмасці, за карупцыю, як робіцца ў мусульман, або расстрэльваць злодзеяў, як практыкуюць кітайцы, у Беларусі не абавязкова. Пакаранне можа быць не крывавым, але дзейсным.

Трэба няўхільна канфіскоўваць у злодзеяў маёмасць, грошы, у тым ліку аформленыя на родзічаў, на падстаўных асобаў, і яшчэ абкладаць іх вялікім штрафам. Тады чалавеку будзе зразумела, што красці — гэта кепска для яго самога, для сям’і. Калі такое ў краіне не робіцца, то нават дурню становіцца ясна, што ўлада сама пагрузла ў карупцыі і яе трэба тэрмінова мяняць.

Завяршыць роздум хачу словамі чалавека, якога ведае кожны жыхар Зямлі. Гіпакрат (V век да н.э.) на ўсе часы сказаў: «Ніхто не павінен перавышаць меры. Мудрасць жыцця — ва ўсім ведаць меру».

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Адліга

Перагнулі палку

Чые мы?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.