TOP

Сувязь пакаленняў

У развітых еўрапейскіх краінах вялікая ўвага надаецца не толькі асяроддзю, у якім жыве і дзейнічае чалавек (утульнае жыллё, зручнае месца працы), але і пераемнасці пакаленняў, зліццю вопыту старэйшых людзей з сілай і энергіяй моладзі. Тутэйшыя рэаліі такога падыходу да яднання нацыі не выяўляюць.

Наладжваць сувязь пакаленняў у сучасным разварушаным і няўстойлівым свеце складана. Нават на Захадзе, дзе застаюцца моцнымі традыцыі павагі да сваёй краіны, грамадзянскай актыўнасці, культу сямейных каштоўнасцяў, у гэтай сферы ўзнікаюць пытанні.

У суверэннай Беларусі праблем, звязаных з гуртаваннем нацыі, паўстала болей, чым у яе суседзяў, але ад іх адмахваюцца як улада, так і грамадзяне. Мы не ўсведамляем таго, што ні ў царскай Расіі, ні ў СССР, у складзе якіх былі беларусы, не мелася ўмоў для замацавання нацыянальных традыцый пераемнасці пакаленняў. Прадзеды імкнуліся да аднаго, дзяды — да другога, бацькі — да трэцяга, дзеці — да чацвёртага, а ўнукі — наогул ні ў што не хочуць верыць, нават у сваю нацыю, у яе прыстойную будучыню.

Рэвалюцыі, войны, рэпрэсіі, на якія было багатым ХХ стагоддзе, бязлітасна расшкуматалі беларусаў, раскідалі іх па свеце, выбілі эліту. Нацыя зведала прыніжальны прыгнёт у Расійскай імперыі і пад Польшчай, белы і чырвоны тэрор, розныя эксперыменты. Па бальшавіцкай камандзе ідэалагічна апрацаваная моладзь арганізоўвала сталінскія калгасы, раскулачвала дзядоў, бацькоў, заганяла іх на Салаўкі, у Сібір. У другую сусветную вайну адзін брат ваяваў у Чырвонай Арміі, а другі прыслужваў фашысцкім акупантам. Расколіна перарэзала не толькі родную зямлю на ўсходнюю і заходнюю часткі, яна прайшла па пакаленнях і па чалавечых сэрцах.

Крывавае мінулае не пакідае нас і цяпер, бударажачы пакаленні, з якіх складаецца грамадства. У дзяржаве, дзе афіцыйныя СМІ вядуць патрэбную аўтарытарнай уладзе апрацоўку людзей, а жменька незалежных выданняў і журналістаў, пераадольваючы ўціск, нясе горкую, але вельмі неабходную праўду, на чытачоў абрынаецца настолькі супрацьлеглая інфармацыя пра гісторыю роднага краю, што ў галовах поўны сумбур. Маладое пакаленне беларусаў апынулася ў хісткім стане. Як жа тады было? Каму можна верыць? Дзе ісціна, а дзе цынічная хлусня? У такой сітуацыі хлопцам і дзяўчатам часта не хочацца слухаць нікога!

Але без ведання айчыннай гісторыі нельга выхаваць сапраўдную асобу, чалавека, які любіць свой народ і нясе за яго асабістую адказнасць. Нагадаю словы гітлераўскага ідэолага Ё. Гебельса: «Отними у народа историю — и через поколение он превратится в толпу, а еще через поколение им можно управлять, как стадом».

Аўтарытарнай сістэме асобы не патрэбны. Яна задавальняецца робатамі, якія выконваюць любую каманду. Такіх у нас шмат — засталіся з савецкага часу, нараслі пры аўтарытарызме. Яшчэ Гітлер, да дзейнасці якога з піетэтам ставіцца кіраўнік Беларусі, карыстаўся абыякавасцю насельніцтва да прыватнага жыцця: «У людей нет возлюбленных, они не садятся за книгу, не хотят выкроить часок, чтобы поспать после обеда, но они всегда готовы к церемониям, массовым актам, парадам и проч.». Такі казарменна-парадны лад існавання перажывае сучасная Беларусь.

У нас усюды, пачынаючы ад адміністрацыі прэзідэнта, міністэрстваў і да сельсаветаў, маюцца ўнушальныя шыльды, у кабінетах сядзяць шыкоўна апранутыя, па модзе прычасаныя чыноўнікі з надзьмутымі тварамі, але за гэтай «грунтоўнасцю» няма здаровага сэнсу ў планах і якасці зробленага, пануюць колькасны хаос і прымітыў, пра што сведчаць склады з нікому не патрэбнай прадукцыяй.

Пакаленні беларусаў розняцца ва ўспрыняцці не толькі далёкай і блізкай гісторыі, але і сучаснага жыцця. Прытым раскол грамадства па палітычных поглядах, які правакуе ўлада, ёсць, а яднання старэйшых, сярэдніх і маладых людзей на ідэі будаўніцтва дэмакратычнай, цывілізаванай дзяржавы, умацавання нацыянальнага духу — няма. Напружанне, народжанае пры распадзе СССР, засталося, безсэнсоўныя палітычныя спрэчкі перарастаюць нават у агрэсію. Як у такой неспрыяльнай атмасферы вяртаць у грамадства належны ўзровень культуры, маральныя нормы, ратаваць ад смерці родную мову, ладзіць прыстойную нацыянальную адукацыю?

Упадак нораваў заўважае вядомая расійская актрыса Л. Чурсіна: «Свобода порочно воспринимается как вседозволенность. А свобода — это прежде всего ответственность за свои поступки и чувство границы другого человека. /…/ Встречаю прелестных юных девушек и парней. Но… Во-первых, все курят. Во- вторых… Ну хоть бы одно живое слово! Только мат… Так уродливо пользуются нашим прекрасным русским языком».

Нашмат горшая сітуацыя склалася ў Беларусі, дзе многія думаюць, што яны карыстаюцца дзвюма мовамі, але па праўдзе не ведаюць ніводнай. Акрамя паўсюдных граматычных памылак, на тэлебачанні, па радыё гучаць фразы: «Нашы жанчыны апранаюцца са смакам (трэба — з густам)», «Ён упаў і страціў свядомасць (трэба — прытомнасць)». А па мату тутэйшы люд можа таксама канкурыраваць на роўных з расіянамі.

Маладыя людзі не ведаюць таго, што некультурна першым падаваць руку старэйшым, што нельга сядзець вярхом на паркавых лавачках або заходзіць у дзверы, дзе напісана «выхад», а дамы на хаду не могуць паліць цыгарэты.

Простыя навыкі выхоўваюцца ў сям’і. Але занятым выжываннем бацькам няма калі выхоўваць дзяцей словам і прыкладам. Акрамя таго, многія з іх самі ў маладосці не дабралі адукацыі і культуры.

Яшчэ адна расійская актрыса Н. Белахвосцікава кажа: «Сейчас в семьях люди очень разобщены: ты видишь близкого человека рано утром, поздно вечером и практически забываешь, как он выглядит. Мне кажется, что это просто катастрофа. Я вспоминаю своих бабушек, дедушек, родителей и в какой-то степени им завидую. Завидую их душевной, духовной наполненности. Помню, как мой отец читал вслух книжки: слушала я, слушала мама, мой маленький брат. И это было потрясающе…»

Новы разрыў паміж пакаленнямі прынеслі навукова-тэхнічны прагрэс, новыя інфармацыйныя тэхналогіі, за якімі не могуць угнацца старэйшыя людзі.

А між тым на пераемнасці пакаленняў трымаецца любая развітая цывілізацыя, бо так перадаюцца не толькі вопыт, мудрасць, але і важнейшыя маральныя правілы. Як заўважае адзін з аўтараў часопіса «Октябрь», «именно потому только и держится (цывілізацыя. — С.З.), что распоследнему парижскому босяку, пьяненькому и оборванному, доподлинно известно, что красть и драться — это нехорошо».

Пасля выяўлення балючых кропак прапаную просты і эфектыўны прынцып існавання Беларусі і яе грамадзян — нельга жыць на шкоду сабе. Прынцып гэты — не новы, але намі забыты. Думаю, што варта яго яшчэ раз пачуць і ўсвядоміць, каб усё ў грамадстве хутчэй пачало станавіцца на свае месцы.

Магчыма, мой роздум падасца не надзённым ва ўмовах чарговага перыяду элементарнага фізічнага выжывання беларусаў, але запэўніваю, што без яднання нацыі на грунце роднай мовы, гісторыі, культуры, без узаемнай павагі і любові паміж усімі пакаленнямі нічога не адбудзецца, нітачка нашай роднасці перарвецца. Тады наперадзе — пустата…

Акрамя ўласнай долі, у нас ёсць яшчэ і агульны лёс. А можа, у беларусаў яго ўжо няма?

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Сталінскі тупік

Як ушчаміцца ў эліту?

У любым узросце