TOP

«Піяністы» і «экстрэмісты»

Нядаўна прэзідэнт Расіі У. Пуцін выступаў у Нацыянальным даследчым ядзерным універсітэце. Падалося, што яго словы былі разлічаны не на эліту, а на простых шкаляроў. Ён і кіраўнік Беларусі звыклі несці ў масы прапісныя ісціны, паказваць «подзвігі» ў хакеі, на рыбалцы, быць «героямі» і «мачо». 

Каб папіярыцца, «стаць бліжэй да народа», Пуцін неяк заявіў, што ён, як і ўсе расіяне, таксама п’е ваду з іржавых труб. Чалавек нават не шманае, што такімі словамі ён зводзіць на нішто самім жа раздзімаемую на трыбунах «веліч» Расіі.

На гэты раз хор універсітэта, узрушаны візітам прэзідэнта, праспяваў яму «Многия лета», а той выступіў піяністам, паспрабаваў найграць на раялі мелодыю савецкай песні, якую нядружна, але падхапілі прысутныя: «Московских окон негасимый свет…»

Сучасныя «піяністы» і «гарманісты» выбралі для сябе бяспройгрышны варыянт гаворкі з народам — яны вяшчаюць, а той слухае. Агучыць пасланне, правесці сустрэчу з заангажаванымі журналістамі, з пэўным калектывам, адказаць на некалькі зручных, падрыхтаваных і, бывае, нават спантанных пытанняў — гэта не складае для іх вялікай праблемы. А вось весці жывую гутарку з любой аўдыторыяй, дэбаты з супернікамі ў час выбараў, дыскусіі з апазіцыяй — тут заўжды асечка. На гэта здольнасці, смеласці і мужнасці ў іх не хапае. Яны не могуць арганізаваць грамадскае абмеркаванне важных праблем або сітуацыі ў краіне ў цэлым, не здольныя цярпліва слухаць апанентаў, спакойна асэнсоўваць пярэчанні, крытыку ў свой адрас. Характарамі нашы «героі» аднолькавыя — агрэсіўныя, нахабныя, цынічныя, сквапныя і надзвычай помслівыя. Ім нібыта і хочацца быць з людзьмі, але не вочы ў вочы, а схаваўшыся ў тэлескрыню, за спіны целаахоўнікаў, супрацоўнікаў спецслужбаў, міліцыі (паліцыі) і так аж да ўзброенай да зубоў арміі.

У сённяшніх умовах абсалютнай бескантрольнасці кіраўнікі краін, іхнія халуі-чыноўнікі і абаронцы-сілавікі не зважаюць ні на людскі суд, ні на крытыку міжнароднай супольнасці. Яны баяцца толькі змены сваёй улады, рэвалюцыі. Значыць, ім ёсць за што трымацца!

А што тычыцца народа, то ўзурпатары ўлады, якія забяспечылі багаццем сябе і родзічаў на стагоддзі, не хочуць ведаць, што робіцца за асветленымі вокнамі гарадоў і вёсак, пра што размаўляюць, чым харчуюцца і лечацца, як аплачваюць «негасимый свет» звычайныя людзі.

«Піяністы» і «гарманісты» пераацэньваюць важнасць свайго кіравання, лічаць, што без іх усё разваліцца. Але рэаліі абвяргаюць іх манію ўласнай незаменнасці. Скажам, Італія спакойна жыве і працуе без былога гаваркога прэм’ер-міністра С. Берлусконі, вернага «друга Сильвио», на якога нядаўна ў дадатак да шэрагу крымінальных спраў, заведзена яшчэ адна.

У сучасным свеце справядлівасць адсутнічае. Напрыклад, былы прэм’ер-міністр Украіны Ю. Цімашэнка за «особые отношения с Россией» сядзіць у турме. А яе вышэйшыя па пасадах украінскі і беларускі калегі, якім усходняя суседка шчодра шле «дары» за «сяброўства», ходзяць кандзібоберам, глядзяць фертамі і паплёўваюць направа і налева. Але, як пішуць эксперты, яны даўно перайшлі мяжу нармальных службовых і маральных паводзін, да жудасці баяцца немінучай адказнасці, а таму не жадаюць выпускаць з рук руль.

Народы рэагуюць на палітычны гвалт, дыктат, татальную карупцыю па-рознаму. Затурканыя, замбіраваныя беларусы і расіяне пратэстуюць злоснымі выкрыкамі ў магазінных чэргах, у транспарце, мітынгамі на кухнях, лаянкай у інтэрнэце, а смелыя ўкраінцы выходзяць на вуліцы і плошчы, будуюць барыкады.

Зараз Украіна ахоплена маштабнай народнай рэвалюцыяй, але адарваныя ад нізоў, «забранзавелыя» вярхі гэтага не разумеюць, чапляюцца за ўладу рукамі, нагамі і зубамі.

Парушэнне канстытуцыі і законаў з боку кіраўніцтва абавязкова цягне за сабою масавую незадаволенасць насельніцтва. Калі не даюць мяняць уладу на сумленных выбарах, тады народу не застаецца нічога іншага, як звяргаць яе метадам пратэсту.

Прэзідэнт В. Януковіч і прэм’ер-міністр М. Азараў у спалоху патрабуюць ад пратэстуючых «европейских норм поведения». А што: татальная карупцыя ва ўладзе, сфальсіфікаваныя выбары, пераслед за крытыку, несправядлівыя суды — гэта еўрапейскія паводзіны?

Адразу трэба падкрэсліць адну важную акалічнасць: кожны народны рух абрастае рознымі «цітушкамі» . А што ж вы хочаце? Да пратэстуючых, акрамя засланых уладай прафесійных правакатараў са спецслужбаў, якія нацэлены задаваць патрэбны імпульс, абавязкова прымазваюцца хуліганы, марадзёры, іншая людская сволач і мярзота. Пры грандыёзным узрушэнні народнай масы ад гэтага нікуды не дзенешся. Помню, як у 90-х гадах ХХ стагоддзя на маніфестацыях у Мінску даводзілася лавіць «засланых казачкоў», якія гайкамі, балтамі разбівалі шкло ў вокнах дамоў паабапал праспекта Незалежнасці. Мы здавалі правакатараў у міліцыю, а іх праз 10—15 хвілін выпускалі, і ўсё паўтаралася зноў.

Калі на вуліцы Кіева выходзіць да мільёна пратэстуючых людзей, калі гневам бурляць сотні іншых гарадоў і пасёлкаў, то як паварочваецца язык у ўзурпатараў і прапагандысцкіх рупараў Украіны, Расіі і Беларусі называць іх «экстрэмістамі». Гэта грамадзяне, якім абрыдла жыць пад уладай «пахана». Яны кажуць адкрытым тэкстам: «Мы вядзем вайну з бандыцкім рэжымам і яго крамлёўскім гаспадаром». А прадстаўнік Еўразвязу Р. Луіс заявіў: «Гаворка ідзе пра супраціў народа аўтарытарнаму ўраду, які аддаўся ў рукі мафіі. Рэаліі сумныя, але гэта сапраўды так».

Дапытлівы народ у Беларусі і Расіі чухае патыліцу і таксама задумваецца: чаму індывід, які на 15—20 гадоў узурпіраваў уладу ў краіне, не з’яўляецца экстрэмістам, а чалавек, што выйшаў пратэставаць супраць парушэння канстытуцыі і законаў, адразу залічваецца ў «оголтелые экстремисты», «неонацисты» або «погромщики»?

Дыктатарскі або аўтарытарны рэжым у краіне ўсталёўвае канкрэтная асоба або клан. Яны і павінны адказваць за негатыўныя наступствы перад судом народа і гісторыі. Але справядлівае патрабаванне мільёнаў людзей памяняць уладу сёння афіцыйна называецца «покушением на государственный строй». Што тут скажаш — замураваліся!

Паводзіны «слуг народа» сапраўды нагадваюць царскія: захачу — пасаджу ў турму, захачу — памілую. Януковіч думаў, што на яго «царскую ласку» — амнісціраваць затрыманых, ператасаваць урад, змякчыць драконаўскія законы — пратэстуючыя знімуць патрабаванне правядзення датэрміновых выбараў прэзідэнта. Але ўкраінцы не купляюцца на падачкі з «барскага стала». Яны бачаць, што, нягледзячы на паказныя амністыі, ні з Крамля, ні з «ружовага дома» ў Мінску не вее ніякім змякчэннем і лібералізмам.

Смешна, што імперская Масква раптам захацела быць пасярэднікам між В. Януковічам і пратэстуючымі. Расійскія палітыкі, тэлеканалы, друк спачатку нагнятаюць сепаратысцкія настроі ва ўсходніх і паўднёвых рэгіёнах краіны, а затым плачуць: «С болью глядим на Украину». Успамінаецца класічнае: пусці казла ў агарод!

Добры наказ у гэтыя дні даў украінцам іх зямляк, пісьменнік М. Жванецкі: «Держитесь, как только можно, за свою свободу!» А між іншым, ён родам не з «нацыяналістычнага» Львова або Роўна, а з інтэрнацыянальнай Адэсы.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.