TOP

Задушаная дэмакратыя

У Беларусі слова «дэмакратыя», якое перакладаецца як «улада народа», на здзіўленне міжнароднай супольнасці выклікае ў людской масе раздражненне, а ў кіраўнікоў — нянавісць. Адны не адказваюць за свой лёс, застаюцца вінцікамі, другія, не бачачы супраціву, «закручваюць гайкі да ўпору».

Абыякавасць насельніцтва, з якой яно сустракае чарговы нацыянальны, сацыяльны або палітычны ўціск, нагадвае мне словы выдатнага французскага пісьменніка і смелага лётчыка Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, які загінуў у 1944 годзе ў разведвальным палёце, пра палахлівыя паводзіны народа ў час гітлераўскай акупацыі: «Дзе была жывая Францыя? Я верыў, што ў адзін цудоўны дзень яна прачнецца. Але такі вобраз народнай Францыі, якая разлютавана ненавідзіць уладу, што асудзіла яе на… перамір’е, — ах, якая ўсё гэта хлусня! З прыходам немцаў гэты статак абазваўся пачварным уздыхам палёгкі». Аўтар вядомай філасофскай казкі «Маленькі прынц» адзначаў, што ў краіне ёсць антыфашысцкі Супраціў — падпольныя групы і адзінкавыя героі, але сапраўдная мужнасць была выключэннем з ганебнага правіла прыслужніцтва захопнікам.

Я не параўноўваю згоду звышпамяркоўных беларусаў з узурпацыяй улады нахабнымі індывідамі і іх падручнымі, што мае месца цяпер, з праявамі калабарацыянізму ў другой сусветнай вайне, чым вызначалася «вішысцкая» Францыя. Гэта працэсы неадназначныя. Але грунт для іх узнікнення адзін — нязбытны жывёльны страх прад змрочнай сілай, жаданне адсядзецца ў сваім куце, момніць і размнажацца пры любой уладзе.

Здрада нацыянальным інтарэсам, канфармізм, недавер да дэмакратыі катастрафічна выявiліся ў мінулым Беларусі, што павінна было б служыць перасцярогай сучасным пакаленням. Але тутэйшы люд не хоча вучыцца на памылках, хоць ведае, што ўпомненыя з’явы не менш разбуральныя, чым калабарацыянізм.

Народу прасцей выстаяць у адкрытым узброеным змаганні ці ў падпольным супраціве чужынцу-захопніку, яўнаму ворагу, бо спрацоўвае патрыятызм, прага свабоды. Больш складана ваяваць з мясцовымі «акупантамі», якія прыходзяць да ўлады дэмакратычным шляхам, але потым яе ўзурпіруюць і выкарыстоўваюць бескантрольна. Пелька сучаснага закабалення зацягнулася на шыі беларускага народа з дапамогай адміністратыўнага рэсурсу, жорсткіх дзеянняў разбухлага сілавога блоку. У выніку пабудовы паліцэйскай дзяржавы ў дэмакратыі застаецца толькі адна доля — быць задушанай.

Перыяд пасля распаду СССР расійскі пісьменнік А. Сталяроў аналізуе так: «Процесс установления в стране демократии — это именно долгий неоднозначный процесс, а не быстрый триггерный переход (пераключэнне з аднаго стану ў іншы. — С.З.) по принципу «ноль» — «один». Демократия не может возникнуть сразу, во всем объёме, «из ничего». Она утверждается постепенно, этап за этапом, на каждом из них наращивая и укрепляя свою «корневую систему». Причина здесь заключается в том, что к демократии оказывается не способной не только авторитарная власть, но и в преобладающей массе своей сам народ. Это, вероятно, главная трудность всех структурных реформ. Перемены произошли, но в стране нет людей, умеющих жить в новой реальности. Мир изменился, но изменения еще не стали нормой социального бытия. Должно пройти время. Должно вступить в жизнь поколение, для которого демократия будет не инновацией, а традицией. Между тем ситуация в стране, как правило, ухудшается: старые механизмы разрушены, новые еще не работают, нарастает хаос, падает уровень жизни — именно поэтому в постреволюционный период так сильны пассеистические настроения (любоў да мінулага. — С.З.), приводящие к диктатуре и реставрации».

Усе апісаныя працэсы характэрныя для Беларусі. На першы погляд тут як бы маюцца атрыбуты цывілізаванасці, пэўнае падабенства з дэмакратычнымі, развітымі краінамі. Ёсць дзяржаўны механізм, працуюць прадпрыемствы, якія выпускаюць прадукты і тавары, будуюцца дамы і дарогі, вучацца дзеці і моладзь. Замежныя госці любяць адзначаць чыстыя вуліцы нашых гарадоў, хоць гэта не дасягненне рэжыму, а даўняя традыцыя. Але ўсё пералічанае — толькі знешні бок жыцця. А што робіцца ўнутры грамадства, у якім стане знаходзяцца людзі? Каб праўдзіва адказаць на гэтыя пытанні, трэба не прыязджаць, а самому пажыць у аўтарытарнай Беларусі.

Выдатны рускі пісьменнік В. Астаф’еў, з якім мне даводзілася размаўляць на розныя тэмы, неяк падзяліўся з чытачамі такім назіраннем: «Я, например, недавно /…/ в женской колонии побывал. Двадцать две тысячи преступниц, по третьему-четвертому разу сидят девчонки. На порядки их посмотрел. Часа три с ними разговаривал, а потом вынужден был им сказать: «Девчонки, пожалуйста, как-то возвращайтесь сюда, на волю, а то я вижу, вам тут понравилось». Потому что у них там и школа, и мастерские. Они живут отрядами. Есть и плитки, и радио, и телевидение. Чистенькие простыни, чистые занавески. Пить не дают, наркоманией заниматься не дают, но они тайно там что-то выделывают.

Вот чтоб нам не превратиться в такую лагерную чистоту, в этот ГУЛАГ наоборот. Не привыкнуть к нему».

Трывожная засцярога Віктара Пятровіча, на жаль, спраўдзілася. У Беларусі «лагерная чысціня» пануе ўсюды: на выбарах любога ўзроўню, у парламенце, дзяржаўных установах, афіцыйных СМІ. Гулагаўскія правілы, пазбаўленне людзей самастойнасці, жыццё па камандзе прывялі грамадзян да сацыяльнага інфантылізму і ўтрыманства.

Частка тутэйшага люду пад уплывам прапаганды прыпісвае сабе выдатныя рысы, якія даўно страчаны, услед за кіраўніком краіны прэтэндуе на ролю месіі ў славянскім свеце. Гэта выклікае ў разумных мясцовых грамадзян і тым больш у замежжы саркастычны рогат.

Смешна па прычыне таго, што людзі будуюць фантастычныя планы, а самі не здольныя вырашыць простых жыццёвых праблем, зрабіць разумны выбар пры галасаванні, уратаваць ад знікнення родную мову — душу нацыі.

Замбіраваны электарат паводзіць сябе, як маленькі сабачка: на любы зварот да яго — кладзецца на спіну, падымае лапкі ўгару і ліжа гаспадару рукі.

А дэмакратычны рух стаў унікальнай супольнасцю перабежчыкаў з партыі ў партыю, змаганцаў за міфічнае першынство ў палітыцы. Ён такі няспелы і няўстойлівы, што адшукаць тут рацыянальнае зерне проста немагчыма. Усе ваююць адзін з адным.

Калі ў людзей няма палітычнай волі, то ці можа быць волевыяўленне? Калі ў грамадстве адсутнічае запатрабаванне дэмакратыі, то хто будзе за яе змагацца?

Задушыць парасткі дэмакратыі, сілай зварганіць прымітыўную копію сталінскай сістэмы было нескладана. А на ўваскрашэнне разумнага ладу жыцця беларусам спатрэбяцца немалыя намаганні.

Нават Украіна, якая выяўляе сапраўдны гераізм у змаганні за дэмакратыю, ніяк не вырвецца з пасткі, у якую яе загналі палітычныя і эканамічныя карупцыянеры. Але рабіць рывок да свабоды давядзецца. Аўтарытарны рэжым — гэта чорная дзірка ў космасе чалавецтва, з якой трэба вырывацца.

Знешнія сілы — нам не памочнікі, бо Усход адкрыта падтрымлівае свайго пабраціма-узурпатара палітычна і матэрыяльна, а Захад спявае заўсёдную песню пра абарону дэмакратыі, але вядзе з аўтарытарным рэжымам меркантыльныя эканамічныя гульні. Спадзявацца можна толькі на саміх сябе.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:
«Піяністы» і «экстрэмісты»
Сталінскі тупік
Поступ справядлівасці

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.