TOP

Слова Майдана

У маю кватэру яшчэ ў час маразоў прыляцела вестка-ластаўка з братняй зямлі. У канверце ляжала кніжка «Вірші з Майдану», на якой стаяў лаканічны надпіс: «Сергієві Законнікову — Живе Беларусь! Д. Павличко. 16. І. 2014. Київ. Слава Україні!» Я разгарнуў яе, і адразу дыхнула свежасцю, блізкай вясной і неўміручай воляй. 

У Кіеве сапраўды пацяплела — у прамым і ў пераносным сэнсе. Людзі, якія кантралююць Майдан як важную тэрыторыю заваяванай свабоды, вытрымалі не толькі крывавыя наскокі раз’юшанага «Беркута» і міліцыі, мярзотныя правакацыі спецслужбаў, «цітушак», іншага чорнага зброду, але і немалую сцюжу. Яны з палёгкаю пераводзяць дыханне, хоць кіраўніцтва краіны для ўсеагульнага запалохвання спецыяльна аб’явіла антытэрарыстычны рэжым, а праўладныя дэпутаты пагражаюць вярнуцца да адмененых драконаўскіх законаў, скіраваных супраць свабоды сходаў. Нягледзячы на гэта, паўсюдна ствараюцца забастовачныя камітэты, Украіна рыхтуецца да магутнага масавага страйку.

Сілавікі, якім неаднаразова не ўдалося штурмам заняць Майдан, зларадна пасміхаюцца, кажуць, што барыкады на 80% зроблены з лёду і снегу, а таму з надыходам адлігі праблема разгону маніфестантаў рашыцца сама сабой. А змагары за лепшую долю Украіны адказваюць: «Барыкады таюць, а мы — не. Смелыя людзі не сыдуць адсюль, будуць стаяць да канца».

Думаю, не памылюся, калі зазначу, што амаль усе насельнікі Беларусі з увагаю сочаць за падзеямі, якія адбываюцца ў Кіеве, па ўсёй Украіне. Адны захапляюцца стойкасцю змагароў за свабоду і за справядлівае жыццё, шлюць ім пажаданне хутчэйшай перамогі, моляцца за такі вынік, другія здзіўляюцца смеласці і ўпартасці ўкраінцаў, але не вераць, што ім у сённяшнім, ушчэнт прадажным свеце ўдасца вырвацца з ціскоў палітычнай і эканамічнай мафіі, трэція зласліва абліваюць пратэстуючых бруднымі паклёпамі, хлуснёй. Тон у гэтым паскудстве задаюць афіцыйныя СМІ, падбрэхічы з масаў толькі паўтараюць сказанае. Датычна абыякавых людзей — дык што з іх возьмеш? Ім і свая, беларуская доля — не ў галаве!

А мой украінскі сябра, выдатны паэт, Герой Украіны Дзмітро Паўлычка заклапочаны не толькі лёсам свайго шматпакутнага і мужнага народа, але думае і пра нашу будучыню. Яскравае сведчанне — верш «Беларускі сцяг», напісаны 11 снежня 2013 года:

Вийшло сонце з голубої хлані,
Стало над людьми, і я уздрів
Білоруський прапор на Майдані
Поміж синьо-жовтих прапорів.
 
Через біле й чисте полотнище
Протікає білоруська кров.
Прапоре, здіймайся вище й вище
Над хрестами київских церков!
 
Молиться за тебе Україна,
Ждуть тебе Варшава і Париж…
Не зникай же в небі, як пір’їна,
Ти до нас печаль свою наближ!
 
Покажи нам блискотання крові,
Відданої на землі твоїй,
Щоб народ твій жив у рідній мові,
Наче в улію бджолиний рій!
 
О пречистий прапоре свободи,
Твоя правда чиста і свята,
Білорусь воскресне — й між народи
Світу прийде зі свого хреста!

Выдатныя радкі сябра я не перакладаў на беларускую мову, бо, па-першае, не хачу рабіць далікатную працу нахапок, а, па-другое, таму, што мы павінны чытаць і чуць украінскія вершы ў арыгінале, смакаваць іх хараство, далучацца да першароднай чысціні аўтарскіх пачуццяў.

Д. Паўлычка піша: «На Майдані — з Богом тиха мова». Сапраўды, слова Майдана — гэта надзвычай унікальная з’ява. Тут палітыкі, грамадскія дзеячы выступаюць з палымянымі прамовамі, а святары — з пранікнёнымі казанямі. Тут украінскія маці прамаўляюць да сыноў, якія знаходзяцца па абодва бакі барыкад, свае пакутныя, непаўторныя словы, пасоленыя слязою. Тут гучаць паэзія, народныя і сучасныя песні, выдатная музыка. Нейкія творы выспелі тут або цяпер — літаральна ў гэтыя хвіліны — выспяваюць: «Отче наш, скажи нам, чи не досить // Наших воскресінь і помирань? // Україна на колінах просить — // Перед нами і за нами стань!» Майдан выяўляе ўкраінскі горды народны дух і малітоўна гаворыць з высокім Небам.

Майдан — гэта не толькі мужны супраціў нахабным узурпатарам улады, але і пляцоўка нараджэння новай Украіны. Новай абсалютна ва ўсім: у палітыцы, у сацыяльным жыцці, у маралі! Французскі грамадскі дзеяч Б. Леві, які пабыў у Кіеве, сказаў, што «ніякіх неанацыстаў не бачыў», што ёсць «спелы рух народа за вяршынства закона, за свае правы і свабоды», які выходзіць за рамкі Майдана. Ён падкрэсліў: з аднаго боку — для ўкраінцаў «Еўропа — не пустое слова» , а з другога — «сэнс Еўропа можа набыць тут — на Майдане», бо ён становіцца для яе прыкладам.

У Беларусі дынамічных людзей мала. Большасць хоча сядзець у зацішку або спаць. Тым не менш, мне захацелася выслухаць меркаванні пра сітуацыю ў братняй краіне з вуснаў вадзіцеляў, будаўнікоў, прадаўцоў магазінаў і рынкаў, прадпрымальнікаў, інжынераў, урачоў, настаўнікаў, выкладчыкаў ВНУ. Гэта было не апытанне, а выпадковыя або спецыяльныя гутаркі на працягу некалькіх тыдняў. Такая даверлівая, жывая, часта эмацыйная гаворка больш шчырая, чым адказы людзей на пытанні анкет або пад дыктафон сацыёлагаў. Высветлілася, што гуманістычныя каштоўнасці, сацыяльная справядлівасць стаяць вышэй за ўсё, што яны непадуладныя ні палітычнай, ні сацыяльнай кан’юнктуры. Грамадзян Беларусі, як, дарэчы, украінцаў і расіян, абураюць хлусня і бескантрольнасць узурпатараў улады, сквапнасць і цынізм палітычных і эканамічных кланаў, татальнае марнатраўства бюджэту, тое, што вярхі з імі не раюцца, не лічаць за людзей.

Забарона мірных дэманстрацый, прымяненне грубай сілы пры іх разгоне выклікаюць адваротную жорсткую рэакцыю. Людзі хапаюцца за камяні, за «кактэйль Молатава». Так адбываецца ва ўсіх краінах свету. Значыць, уладзе трэба не даводзіць сітуацыю да вогненнай мяжы, а своечасова рашаць праблемы. Калі гэта не атрымліваецца, не хапае ведаў, умення або, найперш, сумлення — сыходзь, не хапайся за сілавікоў. Усё роўна пасля кожнага змагання грамадства вяртаецца да перамоў, да слова. Да Слова, якое было ў Пачатку.

Я трымаю ў руках паэтычную кніжку, вокладкай якой стала панарамная каляровая фатаграфія Майдана. Углядаюся ў абліччы людзей. Яны натхнёныя, прыгожыя, светлыя. Тут мужна стаяць плячо да пляча мужчыны і жанчыны, маладыя, сярэдняга ўзросту і сівыя людзі. Гэта паўстала Украіна, якая хоча жыць свабодна і годна!

Расійскі цар Мікалай І некалі вынес прысуд вялікаму ўкраінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку, на даносе жандараў накрэсліў імператарскай рукой: «Под строжайший надзор и с запрещением писать и рисовать». Але ні турмы, ні ссылкі не здольныя знішчыць натхненне генія. Хто сёння ўспамінае жорсткага і помслівага цара? А неўміручы Кабзар гаворыць са сваім народам, яго слова гучыць і на Майдане…

Дэмакратычныя ўкраінцы абавязкова спраўдзяць сваю мэту, пабудуюць незалежную, прававую і ўтульную дзяржаву, бо наперад іх вядзе запавет народнага прарока: «Борітеся — поборете!»

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

«Піяністы» і «экстрэмісты»

Перагнулі палку

Поступ справядлівасці

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.