TOP

У Чарнігаве скінулі Леніна, а з ім — і мясцовую ўладу

21 студзеня жыхары Чарнігава звалілі вечарам з пастаменту Леніна. Сцягнулі лябёдкамі. Ідал бразнуўся аб брудную зямлю. «Аказалася, што ніякі ён быў не бронзавы, а з самага таннага чыгуна, прычым яшчэ і пусты ўнутры. Такі, як наша ўлада», — расчаравана канстатавала маладая жыхарка гораду. 

22 студзеня і мы накіраваліся ў бліжэйшы да Гомеля ўкраінскі горад, каб на ўласныя вочы зірнуць, што там робіцца на тым мяцежным баку мяжы, у той прыгожай краіне-Украіне.

Цягнік быў амаль пусты і маўклівы. Беларускія памежнікі не спыталіся ні слова, а вось іх украінскі калега знервавана хацеў ссадзіць нас з цягніка. Яму падалося, што мы едзем у Кіеў, хітра так — праз Чарнігаў. Ён пагрозліва нас папярэдзіў, што ў Кіеў зараз нельга, маўляў, «вы што — тэлевізар не глядзіце?» (не, не глядзім, у нас яго няма).

Мы запэўнілі таго памежніка, што з Чарнігава — ні-ні! Нікуды, туды — і назад сюды, у РБ. За грэчкай. Ці чым там яшчэ. Ён папярэдзіў, што праверыць. Ці купілі грэчку, напэўна.

Яшчэ з гэтага цягніку хацелі ссадзіць і расіяніна аднаго нефармальнага выгляду, з вялікім заплечнікам. Амаль ссадзілі. Бо ён не мог назваць дакладнага адрасу, куды едзе ў Кіеў. Памежнік сказаў коратка: «Так, выходзім!». «За што яго?», — напалохана спыталіся мы ў правадніка. «Здаецца, пасажыр той, расійскі, з сілавых структур, з арганізацыі «Зямля і воля», — выказаў сваё меркаванне праваднік. Мы такой арганізацыі не ведаем. Але ўсё-такі, хто б ён не быў, той рускі, што хацеў там, ва Украіне — зямлі ці волі, але дазволілі яму ўсё-такі ехаць да Кіева.

Тым часам цягнік прыехаў, але на вакзале з вагонаў нікога не выпускалі. Праваднік казаў, што не ведае, чаму, але дзверы пакуль адчыняць забаронена. «Да загаду. А загаду не было. Калі будзе загад — не ведаю!» — «Эй, выпусціце нас! Мы хочам на вакзал! Чаму нас не выпускаюць?!» — пачала істэрычна абурацца адна маладая прыгожая пасажырка (гэта была я, натуральна).

Урэшце на пероне памежнік адвязаў нейкую вяровачку, і пасажыраў, чалавек пяць, выпусцілі ў Чарнігаў. І мы пайшлі на барыкады да абласной адміністрацыі. Там яны былі ў студзені. Але зараз пацяплела, а барыкады былі са снегу, і яны вось так прыродным чынам зніклі.

Тады мы пайшлі шукаць мітынг. І знайшлі іх — два. Адзін быў — палітычны, каля абласнога Савету. Другі — проста грамадскі, каля скінутага ўчора Леніна.

Правадыр ляжаў у брудзе, з расколатай галавой і без падэшваў. Усе цікаўныя (а іх было шмат) зазіралі туды, у дзіркі падэшваў, зачаравана разглядалі чыгун, мацалі яго, стукалі, казалі расчаравана, што «глупства, не метал гэта, абы-што».

Тым часам ля пастаменту, абмаляванага рознымі лозунгамі, было масавае паломніцтва мясцовых. Усе фатаграфаваліся каля ляжачага чурбана.

Шлі гарачыя дыскусіі. Пенсіянеры з тварамі былых функцыянераў з чырвонымі тварамі даводзілі, што Леніна нельга было чапаць, гэта помнік, і ён нікому не перашкаджаў. Дайшло ледзь не да бойкі, як адзін гарачы прыхільнік правадыра пралетарыяту (ды і сам пралетарыят) нават за валасы жанчыну схапіў, якая была супраць помніка. Але расцягнулі хутка. А так проста спрачаліся. Але горача.

«Самае галоўнае — зікурат павалілі, нячыстую сілу, якая стаяла пасярод гораду. Ідала гэтага, канцэнтрацыю негатыву, — патлумачыў нам малады чалавек. — Адзін з Руху (Народны Рух Украіны, была такая партыя) казаў, што ён 25 гадоў чакаў, пакуль зваліцца гэты зікурат. Галоўнае — зараз людзі духоўна адраджаюцца, гэта радуе».

Тут жа побач закрычала нейкая кабета: «Слоў няма! Дзе ўлада?! Што робіцца? Навошта Леніна скінулі?! Гэта дзяржаўны пераварот! Хто за гэта адкажа? Раскол! Плакаць хочацца!».

На лаўцы каля пустога пастаменту сядзелі пенсіянеркі. «А мы вось падтрымліваем! Правільная звалілі!», — горача запярэчылі яны.

Наталля Іванаўна, пенсіянерка, патлумачыла мне коратка сэнс палітычных падзей у краіне, не падобнай да суседніх РФ і РБ: «У Расіі — сакралізацыя ўлады, а ў нас такога няма, мы гетмана выбіралі самі, цароў у нас не было, і таму мы свабодалюбівыя. Мы дваццаць гадоў уздымалі свае пласты гісторыі, жахлівай часам, такой, як Галадамор, пра які ўсе ведалі, а нават баяліся казаць раней. У вас (у РБ) гісторыяй так не займаліся, як у нас. У вас свабоды няма. Але пенсіі ў вас лепшыя».

Тут на сцэну выйшаў новы «герой» — п’яны нейкі мясцовы ў чырвоным вайсковым берэце. Які абвясціў, што ён служыў ва ўнутраных войсках, а зараз прыйшоў Леніна абараняць. Прыйшоў ён з вянком, які напружана трымаў у руках. І сказаў, што «да апошняга стаяць буду! Я помнік абараню!».

Image 3168

Людзі смяяліся, маўляў, глянь — каго ты абараняеш? Пастамент жа — пусты! Няма помніка! Але той упарта хістаўся ля пастаменту з вянком. Жанчыны абураліся: «Ты каго абараняеш? Уладу, якая нашых дзяцей у Афганістан на смерць паслала? Ты сабе вянок прынёс?!».

Той жа працягваў несці «ганаровую» варту пад здзеклівы смех падлеткаў.

Маладая жанчына разважала, стоячы над ляжачым правадыром: «Ну і куды яго зараз? Ён жа цяжкі, як яго куды перацягнуць? А на яго месца каго паставіць?».

Малы гадоў трох скакаў вакол бацькі: «Тата, тата, а чаго ён ляжыць, а чаго яго скінулі? Тата, хачу на Леніна залезці! Тата, ну чаму нельга? Ну дзядзька ж вунь залез!» (у гэтую хвіліну на ляжачым помніку стаяў нейкі мужчына, пазіраваў). Бацька малога неяк разгублена пазіраў, потым проста ўзяў малога за руку і павёў.

 

Тут жа з іншага боку помніка (былога) мы заўважылі іншага малога, таксама гадоў 3-4, які самааддана махаў жоўта-блакітнай стужкай і радасна крычаў: «Банду — гэць! Банду — гэць!».

Малы перавёў дух,і пачаў пытацца ў бацькі: «Тата, а дзе наш прэзідэнт? — Не ведаю. — Ён уцёк? — Ён уцёк ад нас. — А ён яшчэ вернецца? — Не ведаю».

Мы тым часам пагаварылі з людзьмі. Пенсіянерка Антаніна сама была на Майдане ў Кіеве: «Вам не перадаць словамі. Вось кажуць — моладзь такая-сякая! А я, як пабыла на Майдане… Гэта такія хлопцы нашы, героі. Да апошняга стаялі за свабоду, да смерці! Прыйдуць у намёт — валяцца спаць без сілаў, падаюць, але як толькі трывога дзе, заваруха — устаюць, бягом бягуць на барыкады! Я плакала. Нашы хлопцы — наша будучыня! Яны — героі. А тыя, хто іх забіваў — проста звяры, ірады!».

Яе муж патлумачыў, што ўсе праблемы ў краіне ад таго, што «зрасліся ўлада, міліцыя і крымінал»: «Яны ўсіх палохалі, але гэта ж як спружына! І народ нарэшце ўзняўся. І ён пераможа, і перамог — 100%, іншага шляху ў нас не было. У людзей ужо няма страху, у нашых хлопцаў на Майдане страху не было! Людзі ўжо не баяцца!».

Адкуль корань бяды, мужчына патлумачыў таксама.

«Гэта ўсё мы атрымліваем за грэчку тую, за муку, што раздавалі жабрацкаму народу на выбарчых участках. Вось тая грэчка бокам нам зараз вылазіць, потам і крывёй», — журботна заўважыў мужчына.

«Ды проста дасталі нас усе яны! — горача дадаў яго зямляк. — Дасталі ўсіх тут, вось у нас з Луганску начальнікаў паставілі — мы ім купілі ўчора квіткі на цягнік да Луганску — хай едуць дахаты, зарабітчане, а то набудавалі ў нас тут палацаў сабе вакол Чарнігава».

Ленін ляжаў у брудзе, людзі ішлі і ішлі да яго, дзівіліся, горача спрачаліся.

Тым часам праходзіў мітынг і каля абласнога Савету. Там было чалавек 300. выступалі прамоўцы. Праходзіла пазачарговая сесія Савету. Дэпутаты адракаліся ад Партыі рэгіёнаў, начальнікі выракаліся пасад, людзі на вуліцы ўносілі прапановы. Нейкі чалавек прапановы заносіў у Савет, той іх ухваляў.

Сваімі думкамі з намі падзяліўся мясцовы праваабаронца, палкоўнік міліцыі на пенсіі Аляксандр Машыр: «Мяне хвалюе, што мы зменім аблічча, а не сістэму — і тады нічога не зменіцца. Улада і апазіцыя ў нас — яйкі адной формы, толькі ў профіль, вось у чым справа. Да ўлады павінны прыйсці новыя людзі, маладыя».

Image 3169

Тым часам ішоў мітынг. Выступала нейкая жанчына. Яна нагадала, што кіраўніцтва міліцыі — з Луганску, і сказала, звяртаючыся да іх: «Казлы вы ўсе! Я вас нікога не баюся! Убірайцеся адсюль!».

Наступны прамоўца сказаў: «Будзем уладу трусіць да трусоў! Пакуль адны лапці з яе не застануцца!».

У кавярнях круцілі прамыя эфіры з Кіева. Паказвалі рэзідэнцыю ў Міжгор’і. Кажуць, там былі залатыя ўнітазы. На вуліцах, на рынку, на вакзале людзі горача абмяркоўвалі апошнія падзеі.

Мы паехалі дахаты. На гэты раз да нас прычапіліся беларускія памежнікі. Маўляў, куды ездзілі, з якой мэтай. «На Леніна скінутага паглядзець ездзіла!», — буркнула я.

«Ну што — наглядзеліся? З самага ранку глядзіце!», — пагрозліва заўважыў той невядома хто ў форме. Падурыўшы яшчэ галаву, ён адчапіўся.

На вакзале ж у Гомелі да нас падышоў і пачаў чапляцца яшчэ невядома хто ў форме. «Што — у Чарнігаў ездзілі? З якой мэтай?! Як вас выпусцілі?», — нахабна спытаўся ён.

Я кажу: «А вы хто?». А ён: «Я проста пытаюся!». Я, хапнуўшы трохі вольнага духу ля пабітага Леніна, раззлавана адказала: «А калі я ў вас проста спытаюся?!».

Той нават не знайшоўся што адказаць і хутка пайшоў у бок прыбіральні (2,5 тысячы яе кошт, у Чарнігаве на тысячу танней, калі што).

Мяжу з Украінай закрыюць, як думаеце? То як паедуць такія розныя на пабітага Леніна глядзець…

Алена ГЕРМАНОВІЧ, Naviny.by