TOP

Легiтымнасць крытыкі

У часткі насельніцтва Беларусі яшчэ засталося ўспрыняцце СМІ як рупараў услаўлення ўлады, фіксатараў бясконцых перамог, дасягнутых «пад яе мудрым кіраўніцтвам». На «ціхі акіян» пазітыву дапускаецца толькі «чайная лыжачка» крытыкі. Прытым пажадана, каб яе аб’ектамі зноў былі стрэлачнікі і сантэхнікі. 

Прэтэнзіі за паказ негатыву даводзіцца часам выслухваць і мне. Чамусьці пакрыўджаныя за ўладу чытачы не заўважаюць, што ў роздумах, акрамя крытыкі становішча ў пэўнай сферы жыцця, прысутнічае і падказка, як яго выправіць — меркаванні і рэцэпты спецыялістаў. Так працуюць публіцысты. Іншая справа, што выяўленне памылак і бесперспектыўнасці аўтарытарнай сістэмы не падабаецца кіраўніцтву і яго замбіраваным прыхільнікам.

У водгуку на роздум «Чые мы?» адзін з чытачоў піша: «Ожидал увидеть полезную информацию, а получил очередной обсер режима. В который раз убеждаюсь, что вместо того, чтобы заниматься реальными проблемами белорусов, оппозиция разбрасывает г… на вентилятор».

Па-першае, словам, якое пачынаецца на літару «г», аперыруюць не столькі апазіцыянеры, колькі звычайныя карыстальнікі інтэрнэта, абураныя доўгай узурпацыяй улады, абмежаваннем іх правоў і свабод, пагаршэннем якасці жыцця. Яно нядаўна прагучала і ў прамым эфіры Беларускага тэлебачання ў дачыненні да вядомай асобы. У інфармацыйным ХХІ стагоддзі закрыць рот людзям нават у аўтарытарнай краіне немагчыма!

Па-другое, напамінаю чытачу, што я пішу не навуковыя даследаванні, не падручнікі, а публіцыстыку. На сёння маецца шмат талковых кніг па гісторыі Айчыны, пра паходжанне яе насельнікаў. Калі ласка, купляйце іх у кнігарнях, бярыце ў бібліятэках — і чытайце!

Па-трэцяе, што тычыцца канкрэтнага роздуму, то ў ім ёсць «реальные проблемы белорусов» і прапановы па іх вырашэнні (раскол уладай народа на «сваіх» і «чужых», яднанне нацыі на грунце роднай мовы, належная аплата працы, справядлівы ўзровень пенсій, вызваленне ад халуйства і сквапнасці), іншая «полезная информация». Калі непрадузята яго перачытаць, то ўсё ўбачыцца.

«Чые мы?» — гэта рытарычнае пытанне. Яно мае на ўвазе не адну толькі самаідэнтыфікацыю, але і разуменне беларусамі памкненняў продкаў, іх самаахвярнасці дзеля будаўніцтва сваёй дзяржавы, умацавання нацыі, жаданне выхаваць у сабе такое ж адчуванне адказнасці за лёс народа. Якраз важнейшы аспект у нацыянальным выхаванні людзей не хоча ажыццяўляць улада, яна размывае беларускасць, не падтрымлівае родную мову і адукацыю на ёй, культуру. Дык што, за гэта яе нельга крытыкаваць?

Прывяду яшчэ прыклад. Я не раз пісаў пра тое, што рэакцыя міжнароднай супольнасці на войны дыктатараў супраць уласных народаў спазняецца. На добры розум павінна быць так — як толькі ў нейкім кутку Зямлі з’явіўся ўзурпатар улады, агульнымі намаганнямі яго трэба спыняць, «душыць» у зародку, бо інакш ён умацуецца і сам задушыць, зробіць сваім рабом цэлы народ. Дыктатары існуюць таму, што мараль і гуманізм адышлі на другі план. У палітыку ўмешваюцца эканамічны прагматызм дзяржаў, уласныя інтарэсы чыноўнікаў і бізнесоўцаў. З тымі, каму нельга падаваць руку, абдымаюцца, вершаць сакрэтныя гешэфты. Ці ж гэта не праўдзівая ацэнка сітуацыі?

Калі з болем у сэрцы глядзеў жахлівыя сцэны забойства людзей у Кіеве, то ўспомніліся вядомыя радкі паэта Н. Каржавіна:

«И усталая совесть Европы

Примирилась со смертью моей».

Добра, што ЗША, Еўразвяз нарэшце зрэагавалі на трагічныя ўкраінскія падзеі, падтрымалі барацьбітоў за свабоду, але замаруджанасць занадта дорага каштуе, забітых людзей не вернеш.

А прэм’ер-міністр Расіі Д. Мядзведзеў заклікаў украінскую ўладу «не позволить вытирать о себя ноги». Бач, як увайшоў у смак «царавання», як расперазаўся той, хто заяўляў: «Свобода лучше, чем несвобода». Як толькі трон, а разам з ім і накрадзеныя грошы, нерухомасць могуць выслізгнуць, тады ўзурпатары ўжываюць сілу, не зважаючы на ахвяры. Але хто вінаваты, што крытыка на іх не ўздзейнічае, што выбары ўкрадзены і вызваліць трон здольная толькі рэвалюцыя? Самі! Бясслаўны палітычны крах В. Януковіча — гэта званок суседнім узурпатарам.

Крыважэрнасць выявілася ў афіцыйных СМІ, у выказваннях палітолагаў, экспертаў і нават у лісце прадстаўнікоў расійскай эліты на імя В. Януковіча. А якімі мярзотнымі былі опус «Чикатило на Майдане» і ананімны пасквіль пра «бандеровцев» на тэлеканале НТВ! Сумленным расіянам сорамна за тое, што нагаворана і напісана ў адрас мужных украінцаў за тры месяцы. Гэта яны засведчылі ў незалежных СМІ.

Лепш за ўсё сітуацыя высвечваецца ў выказваннях грамадзян Украіны. На пытанне маскоўскага тэлеканала: «Што адбываецца ў Кіеве?» мясцовы журналіст праўдзіва адказвае: «Бандыты забіваюць людзей пад прыкрыццём міліцыі». Загад СБУ правесці антытэрарыстычную аперацыю па ўсёй краіне жыхар Кіева каменціруе так: «Гэта ж да чаго трэба дайсці, каб у тэрарысты залічваць цэлы народ. Дармаедам няма чаго рабіць, засядзеліся. А цяпер будуць безабаронных людзей лавіць і знішчаць». А жанчына ў Львове, дзе пратэстуючыя знаходзяць з уладай агульную мову, з палёгкаю ўздыхае: «Мы перамаглі рабоў у нашых душах».

А цяпер свежы прыклад з іншай сферы. Разам з усімі беларусамі я радуюся бліскучым перамогам на зімняй Алімпіядзе-2014 у Сочы Дар’і Домрачавай, выдатным дасягненням Алы Цупер, Антона Кушніра і Надзеі Скардзіна. Сапраўды малайцы! Але смешна, калі бачу, як да поспеху, які залежыць ад фізічных і духоўных сіл, прафесіяналізму канкрэтных спартсменаў, вялікай працы трэнераў, а не ад начальніцкіх павучанняў, прымазваюцца палітычныя і спартыўныя «босы», як расце прапагандысцкая істэрыя.

Піярыцца на фоне залатых медалёў, безумоўна, прыемна, але ж гэта толькі біятлон і фрыстайл. А дзе чэмпіёны, якія павінны падрастаць у лядовых палацах? На чыё ўтрыманне ідуць гіганцкія сумы народных грошай?

Нягледзячы на «высокую апеку», стратэгічна беларускі спорт змізарнеў, яго адзінкавыя перамогі не могуць засланіць вострых праблем, пра якія гавораць як спецыялісты, так і аматары.

Акрамя таго, хачу зазначыць, што спорт — гэта гульня, рэальнае жыццё важней. Рэвалюцыйны Кіеў перакрыў міжнародную ўвагу да Алімпіяды. А дзікунскі ўчынак казакоў у Сочы, якія прынародна лупцавалі дзяўчат з «Pussy Riot», выявіў непадмарафечаны твар Расіі, звёў на нішто фантастычныя лазерныя «Сны о России» К. Эрнста, шалёныя грошы, кінутыя на мегапраект.

Фальш, хлусня, надзіманне шчок перашкаджаюць разумнаму жыццю. У Беларусі з прычыны закрытасці выбараў, фальсіфікацый і падтасовак пры падліку галасоў пад сумненнем застаецца легi­тымнасць кіраўніка краіны, урада, парламента, суддзяў. Недавер да паўнамоцтваў прадстаўнікоў улады адмоўна ўплывае на функцыянаванне дзяржаўнага механізму, на працу і быт грамадзян, стварае атмасферу падазронасці. Так можна толькі існаваць, а жыць па-чалавечы — нельга!

Што тычыцца праўдзівай, справядлівай крытыкі, то яна, як вечны рухавік развіцця, як лекі ад застою, прысутнічае ў грамадстве любой краіны свету. Яе неаспрэчная легітымнасць скіравана на тое, каб палепшыць жыццё людзей, прынесці карысць народу і Айчыне.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.