• Погода
  • +19
  • EUR3,0149
  • USD2,4892
  • RUB (100)3,4455
TOP

Некалькі непрыемных, некалькі страшных і некалькі аптымістычных высноваў з Крымскага крызісу

Гісторыя не скончылася. Расія паказала сваё аблічча, нагадала пра сябе як пра пагрозу для свету, і свет гэтую пагрозу без адказу не пакіне.

1. Захад не чакаў, што Расія ўвядзе войскі ва Украіну, не быў гатовы да такога развіцця падзей і нават не мог паверыць, што такое здарылася. «Я не магу сабе ўявіць вайны ў Еўропе ў ХХІ стагоддзі», — сказала Меркель. Спатрэбіўся амаль тыдзень, каб Захад пачаў рэагаваць. А што было б, калі б Масква рашыла нанесці атамны ўдар па Вашынгтоне і Берліне без папярэджання?

2. Расія нанесла ўдар у момант, калі ва Украіне была аслабленая кіраванасць у выніку наступстваў (амаль) мірнай рэвалюцыі.

3. Фармальнай падставай для ўдару стала адхіленне ад улады слабога і карумпаванага прэзідэнта, які давёў краіну да эканамічнага банкруцтва. Пры гэтым Расія сама не ставіцца да Януковіча ўсур’ёз. «Так, аўтарытэт прэзідэнта Януковіча практычна ніштожны», — сказаў Мядзведзеў. І тым не менш…

4. Украіна — 46-мільённая дзяржава з істотнымі ўнутранымі крыніцамі энергарэсурсаў — не здолела аказаць практычна ніякага супраціўлення захопу Расіяй Крыма. Яна нават не здолела не дапусціць прыезду ва ўсходнеўкраінскія гарады тысяч «турыстаў», якія на апошніх выхадных сталі ў авангардзе стварэння карцінкі «пратэстаў рускамоўнага насельніцтва».

5. Францыя ў 1940-м абаранялася месяц. Польшча ў 1939-м — тры тыдні. Чэхаславаччына здалася без бою. У той жа час Фінляндыя ў 1940-м змагла адстаяць сваю незалежнасць і не дапусціць «урад Куусінена» ў Хельсінкі. І, як паказала гісторыя, яна моцна выйграе дзякуючы гэтаму. Улады Украіны стаяць перад цяжкім выбарам у выпадку, калі расійскія войскі ўступяць не толькі ў Крым, але і на ўсход краіны.

6. Нават калі войскі Расіі не зоймуць усход Украіны зараз, гэтая пагроза будзе захоўвацца ўвесь час, пакуль у Кіеве не будзе створаны прарасійскі, марыянеткавы ўрад або, наадварот, моцны незалежны ўрад не стабілізуе абстаноўкі і не даб’ецца эканамічнага росту.

7. Рускамоўнае насельніцтва краін былога СССР застаецца схільным да змены дзяржаўнай лаяльнасці і так будзе, дакуль узровень жыцця ў гэтых краінах будзе ніжэйшы, чым у Расіі. Адпорнымі ёсць толькі тыя супольнасці, якія адчуваюць выразную культурную іншасць ад рускіх.

8. Незалежнасць усходнееўрапейскіх дзяржаў стала магчымай дзякуючы магутнасці ЗША і слабасці Расіі. Як паказвае рашэнне Пуціна ва Украіне, Расія не прыняла існавання ўсходнееўрапейскіх дзяржаў і іх межаў як дадзенасці і ў выпадку аслаблення ЗША можа паспрабаваць іх цалкам ліквідаваць.

9. Еўрасаюз не паспеў замяніць сабой ЗША ў якасці ваеннай супердзяржавы.

10. Расійская прапаганда цяпер вельмі падобная да прапаганды нямецкіх нацыстаў у 1930-я. Ідзе гаворка аб «праве рускага народа на ўз’яднанне». Тую самую прапаганду вядзе Руская праваслаўная царква.

11. Падставай для ўварвання стала «абарона рускамоўнага насельніцтва», хоць не было ніводнага факта пераследу кагосьці за рускамоўнасць, ніводнага выпадку гібелі кагосьці праз рускамоўнасць. Такія факты былі ў Махачкале і Грозным, а не ў Данецку! Тым не менш, крытычнае мысленне ў расійскай грамадскай думкі адключанае.

12. Нягледзячы на поўную адсутнасць фактаў пераследу ці дыскрымінацыі рускамоўных ва Украіне, некаторыя на Захадзе прызнаюць права Расіі на абарону рускамоўных. Генсак НАТА Расмусэн «заклікаў улады Украіны ўлічваць інтарэсы ўсіх сваіх грамадзян і не забываць аб правах нацменшасцяў».

13. Ключавую ролю ў стварэнні «падставы» для ўмяшання адыгралі прарасійскія арганізацыі тыпу «Рускага адзінства», «Аплоту», «Дазору», якія фінансаваліся з Расіі. Многія з іх былі цесна звязаны з крымінальнымі групоўкамі і былі гатовыя да ўжывання фізічнага гвалту як метада палітычнай барацьбы («цітушкі»).

14. Захад схільны да палітыкі ўміратварэння, як і ў 1936-1939 гадах. Ці таму што не мае жадання парушаць свой спакой, ці таму, што патрабуе часу для мабілізацыі рэсурсаў для змагання.

15. Паступовы захоп Расіяй краін Усходняй Еўропы з выхадам на межы Румыніі і Польшчы можа стварыць лінію глабальнага сутыкнення, у якое будуць уцягнутыя краіны захаду Еўропы. Гэты сцэнар найстрашнейшы для нас, бо паставіць пад пагрозу само існаванне беларусаў.

16. Маўчанне афіцыйнага Мінска пра падзеі ў Крыме і рашэнне Рады Федэрацыі — гэта знак некаторай нязгоды. Тым не менш, ступень самастойнасці Беларусі цяпер такая малая, што, нягледзячы на гэтае маўчанне, афіцыйныя СМІ вядуць прапаганду ў рэчышчы расійскай.

17. Захад па-ранейшаму на парадак мацнейшы за Расію і па эканамічным патэнцыяле, і па вайсковай сіле, і ў «мяккай сіле» — эфектыўнасці і прывабнасці свайго дэмакратычнага ладу. Але мабілізацыя рэсурсаў Захаду можа заняць час, а ваяваць Захад не схільны, акрамя выпадкаў, калі гаворка ідзе пра хірургічныя ваенныя аперацыі.

18. Іншыя краіны здольныя прыйсці на дапамогу тады, калі краіна можа сама выступіць на сваю абарону першай.

19. Расія дзейнічае тапорна, яе прапаганда карыстаецца гебельсаўскімі метадамі. Яна можа заваяваць ці перакупіць, але не можа пераканаць.

20. Гісторыя не скончылася. Расія паказала сваё аблічча, нагадала пра сябе як пра пагрозу для свету, і свет гэтую пагрозу без адказу не пакіне.

Мікола БУГАЙ, «Наша Ніва»