TOP

Нястомны дзядзька Рыгор

Гэты артыкул мне дапамог зрабіць вядомы журналіст Сяргей Шапран, за што яму — чарговы дзякуй. Як і за здымкі Рыгора Барадуліна, бо ўсе яны ўзятыя з асабістага архіва Сяргея.Пазней тэкст друкаваўся ў кнігах «Лёсы» і «Найноўшая гісторыя ў асобах». Сумная нагода прымусіла надрукаваць яго яшчэ раз. Перш за ўсё для таго, каб зноў пачуць голас народнага паэта Беларусі. 

Памяць дзяцінства

«Нарадзіўся я на на Ушаччыне, на хутары Верасоўка, ці, як ласкава ў нас называлі, Верасовачка, 24 лютага, 35-га года, дакладней, 1935-га (я ўжо ў двух стагоддзях жыву, а калі гаварыць «35-га», дык можна падумаць пра 2035-ты; я, канешне, не дацягну да гэтага часу). А чаму дакладна ведаю (многім жа пасля вайны давалі столькі гадоў, колькі яны скажуць), бо маці ў час вайны закапала маё пасведчанне ў нейкім гаршку ў зямлю, і пасля мы яго адкапалі.

Калі ж у 1939 годзе хутары пачалі зносіць, перабраліся ва Ушачы.

Бацька мой, Іван Рыгоравіч Барадулін, быў цесляром у райкамгасе, мама, Акуліна Андрэеўна Барадуліна, працавала па гаспадарцы дома. Але бацьку памятаю слаба, таму што ўвесь час ён быў на працы. Калі ж прыходзіў, я, малы, любіў расшпільваць яго куртку, бо з-за пазухі абавязкова «вылятаў» нейкі гасцінчык…

Калі пачалася вайна, бацька пайшоў у партызаны. Там і загінуў — падчас так званага прарыву, калі чалавечым мясам затрымалі немцаў пад Полацкам. Кіраўніцтва самалётамі было вывезена за лінію фронту, а астатнія паляглі ў балотах. У тым ліку і мой бацька.

Пра маму ж можна гаварыць доўга. Мама мая была выключным чалавекам, карэннай крывічанкай. Дзякуючы ёй я вырас натуральным беларусам (хай гэта не будзе пахвальбой). Яна выдатна ведала беларускія песні, казкі і нашу крывіцкую, ушацкую мову. Дарэчы, у свой час Васіль Быкаў расказваў, што, вярнуўшыся з арміі (ён жа доўгі час жыў па-за межамі Беларусі), ён узнавіў мову, успамінаючы, як гаварыла яго маці. Я і дасюль памятаю матчын голас і арыентуюся не на слоўнікі, не на граматыку, а на маміна вымаўленне, на яе лексіку.


Рыгор Барадулин з мамай

Мама дала мне і жыццё, і лёс. Як і кожны чалавек, я не ўяўляю сябе без мамы. Калі б не яна, нічога з мяне не атрымалася б.

Мае ўспаміны: на хутары заходзіць сонца, а мама расказвае нейкую страшную казку, і мне неяк жудасна і трывожна. І, зразумела, першыя ўспаміны — гэта маміны вочы, маміны словы, мамін голас».

Выбар шляху

«Я не марыў стаць паэтам, мне проста хацелася нешта пісаць. Пасля вайны ўсе многа чыталі, у тым ліку і паэзію. Кніжка была на вагу золата. А маці і кроку не рабіла без таго, каб не вымавіць якую-небудзь прыказку, прымаўку, спець песню ці нейкую папеўку. Мама спявала душой. Я і сёння чую беларускае слова, акрыленае голасам маці. Але ўсё, што я ўзяў, — толькі тысячная доля таго, на што была багата мама.

Скончыў Ушацкую сярэднюю школу, у якую пайшоў пасля вайны крыху пераросткам. Тады людзі дужа цягнуліся да вучобы і ў школу хадзілі з вёсак за пяць-сем кіламетраў, у снег і ў дождж. Школа была беларуская, усё выкладанне вялося на беларускай мове — не тое, што цяпер.

Пасля заканчэння школы выбраў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Дужа хацеў туды патрапіць, таму што ведаў, што ва ўніверсітэце вучыліся ўсе нашы паэты. Паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта. Памятаю, у заяве напісаў: «Прашу прыняць мяне на беларускае аддзяленне, а калі не на беларускае, дык хоць на рускае», паколькі лічыў, што беларускае аддзяленне больш важнае і туды большы наплыў абітыруентаў. Але ва ўніверсітэце, у адрозненне ад Ушацкай школы, беларускага ўжо было мала…»


Рыгор Барадулін у маладосці

Творчасць

«Добрых вершаў напісана мала, а ўсялякіх — шмат. Але я ніколі не лічыў, колькі. Як гавораць, усе — мае. Хоць ёсць і такія, хто падлічвае і думае, што даследчыкі будуць вывучаць іхнюю творчасць. Я пра гэта не думаю. Бо здараецца, што ад нейкага паэта, які пры жыцці выдаваў зборы твораў, у выніку застаецца толькі адзін верш, а можа, і ніводнага. Час — такі дзядзька, які ўсё расставіць па сваіх месцах.

Мой першы верш быў надрукаваны ў 1953 годзе ў газеце «Чырвоная змена», якая ў той час была для маладых варотамі ў літаратуру. Надрукавацца ў «Чырвонай змене» лічылася за вялікае шчасце і гонар. Усе туды імкнуліся. Мне таксама пашанцавала.


З Уладзімірам Караткевічам

У той час пры «Чырвонцы» дзейнічала літаб’яднанне, якое было на ўзроўні калі не Літінстытута, дык, ва ўсякім разе, міні-літінстытута: тут мы вучылі адно аднаго і вучыліся самі. Гэта была вельмі цікавая школа. Не хачу пакрыўдзіць сённяшніх маладых, але тое пакаленне было хай менш адукаваным, затое больш шчырым. Сучасная ж моладзь больш камп’ютарызаваная, механічная. Хутка з’явіцца ўжо камп’ютарная паэзія і нават камп’ютарнае мысленне. Можа, я зусім ужо не сучасны, але не ўяўляю, каб Біблія была напісана на камп’ютары…


З Генадзем Бураўкіным

Выдаваліся ж мае вершы на многіх мовах, але я не ведаю, як яны на іх успрымаліся. Тым больш што ў савецкі час пераклады нярэдка рабіліся ў рэчышчы «дружбы народаў». Магу толькі сказаць: мне дужа прыемна, што зараз мае кнігі выйшлі па-чэшску і па-польску. І асабліва грэе душу, што мая паэзія ёсць цяпер і на японскай мове. Ушацкі малец і — на японскай мове! Гэта ўжо не па пратэкцыі «дружбы народаў» і не па «культурным абмене». Гэтаму паспрыяў айцец Уладзіслаў Завальнюк.

Калі я вучыўся ў школе, у нас кватаравала дзяўчына па прозвішчы Быкава, родам якая была з Бычкоў. Яна яшчэ гаварыла, што Васіль (Быкаў. — Заўв. аўт.) маляваў у школе яе партрэт. Так што пра Васіля Быкава я даведаўся раней, чым пазнаёміўся з ім. А знаёмства адбылося ў той час, калі я працаваў у газеце «Советская Белоруссия». Памятаю, паехаў у камандзіроўку ў Гародню, прамачыў ногі, а Васіль запрасіў мяне ў свой дом, напаіў гарбатай і даў сухі абутак. Дарэчы, якраз у той прыезд ён падарыў мне зборнік «Ад шчырага сэрца» з вершамі, прысвечанымі Сталіну. Сказаў: «Чытай, вучыся і не паўтарай памылак старэйшых!»


З Васілем Быкавым і Андрэем Вазнесенскім

Быкаў да апошніх дзён быў для мяне ўсім — і сябрам, і старэйшым братам, і бацькам. Ён быў для мяне і роднымі мясцінамі, і Ушаччынай, і наогул усім беларускім. Нават калі ён жыў у замежжы, я ўсё роўна ведаў, што ён ёсць — мы ж і перапісваліся, і сазваньваліся.

А цяпер мне без Васіля дужа самотна і няўтульна. Але галоўным для мяне застаецца вось гэтае трыадзінства: Бог, мама і Быкаў. Яны былі і па-ранейшаму застаюцца ў маім жыцці.


З Папам Іаанам Паўлам ІІ

Галоўнае — жыць і памерці чалавекам. Хоць, здаецца, гэта занадта вядомая фраза, але сэнс яна мае глыбокі, таму што жыць і застацца чалавекам вельмі цяжка, ва ўсіх адносінах. Мы, малыя, жартавалі, што ў жыцці, як у казцы: чым далей, тым страшней. Мы думалі, што гэта не больш чым жарт. Але цяпер я разумею, што гэта зусім не жарт. І адзінае, што трэба берагчы, — сваю душу. Будзе душа — будзеш ты, не будзе яе — і цябе не будзе».

Сям’я і захапленні

«З жонкай Валяй я сустрэўся падчас вучобы ва ўніверсітэце: пайшоў знаёміцца з першакурсніцамі і ўтрэскаўся! Яна з Гародні і таксама скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працавала ў «Беларускай энцыклапедыі». Дарэчы, калі нарадзілася дачка Ілона (адбылося гэта ў Гародні), дык першым наведаць і павіншаваць Валю прыйшоў Васіль Быкаў…

 

Звычайна дома ў нас гаварылі: «Таму бацьку слава, у каго дзяцей поўная лава». Але ў мяне так не атрымалася. У наш час, калі б была поўная лава дзяцей, дык і іх бы не пракарміў, і сам бы дайшоў. Таму ў мяне адна дачка і адна ўнучка. Ілона таксама скончыла ўніверсітэт, цяпер малюе. А ўнучка Дамінічка яшчэ толькі вучыцца на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта. Што і як там будзе далей — гэтага я ўжо не ўбачу.


З жонкай Валяй
 
З унучкай Дамянічкай

Раней, як быў малады, прыязджаючы ва Ушачы, і дровы калоў, і касіў, і араў троху, цяпер жа мне цяжка ўсё гэта рабіць. Аднак паняцця вольнага часу ў мяне няма — заўсёды ў галаве нешта круціцца. Я нават у рэанімацыі вершы пісаў. Справа ў тым, што ў мяне дужа часта баліць галава, калі ж здараецца нейкае прасвятленне, тады я стараюся ці чытаць, ці пісаць. Так што «вольны час» у мяне — гэта калі галаву «схватвае». Аднак я хацеў бы, каб яго было меней».

Замест пасляслоўя

Напэўна, лагічней было б скончыць гэты артыкул сканіраваннем першай старонкі «Лепей», і я нават папрасіў падпісаць для мяне знакамітую кнігу рукапісаў. На жаль, не атрымалася. Не паспелі…

За гады знаёмства з Рыгорам Іванавічам Барадуліным у мяне з’явілася даволі шмат кніг з яго аўтографамі, але выбар быў спынены менавіта на «Кстах». І гэта не выпадкова. Так больш зразумела, у які СВЕТ зышоў ПАЭТ.

Аляксандр ТАМКОВІЧ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.