TOP

Загадана баяцца

«Расійскі мядзведзь» заварочаўся ў бярлозе, хоць гэта звязана не з канцом зімовай спячкі, а з яго невыводнымі імперскімі замашкамі. Цынічны сілавы націск Крамля на суверэнную Украіну, які перарос у нахабную агрэсію паводле старых лякал, трымае чалавецтва пад прэсам стрэсавых навін і страху. 

Для мяне асабіста нічога новага і дзіўнага ў вераломных паводзінах Расіі няма. Яшчэ ў 1996 годзе пасля вандроўкі па суседняй краіне я напісаў верш «Беражы сябе, Украіна!», які гучаў і працягвае гучаць надзвычай трывожна, актуальна.

На расхістанасць дзяржаўнасці Украіны, якая назіраецца, перш за ўсё паўплывала доўгатэрміновая савецкая русіфікацыя. Украінцы, як і суседнія беларусы, былі пазбаўлены навучання на роднай мове ў школах і ВНУ, што прывяло да страты нацыянальнай самасвядомасці. Працэс яе адраджэння ідзе, але на гэта трэба час і спрыяльныя ўмовы.

Акрамя таго, ёсць яшчэ адна важная прычына. Пасля развалу СССР дзве рэспублікі — Беларусь і Украіна — засталіся ў сферы актыўнага ўплыву Расіі, што рэгулярна выяўляецца як у палітыцы, так і ў эканоміцы. Цэнтры «беларусістыкі» і «ўкраіністыкі», інстытуты стратэгічных даследаванняў, розныя фонды, суседскія спецслужбы метадычна падточваюць нацыянальны падмурак нашых дзяржаў, апрацоўваюць насельніцтва ў імперскім духу.

Пад прыкрыццём масіраванай хлуслівай прапаганды, каб узмацніць ціск на Украіну, прэзідэнт РФ У. Пуцін правёў маштабныя вайсковыя вучэнні. Зараз расійскія ваякі без знакаў адрознення і з афіцыйнымі шэўронамі акупіруюць Крым, але Крэмль сваю агрэсію аправяргае. А для запалохвання ўсяго свету адбыўся пуск з палігона «Капусцін Яр» міжкантынентальнай балістычнай ракеты РС-12М «Тополь».

Словам, Пуцін аддаў загад чалавецтву: «Баяцца!». Як жа рэагуюць на гэта расіяне? Невялікая частка выступае супраць агрэсіі, але большая заганяецца на шавіністычныя мітынгі, дзе распаўсюджаным стаў лозунг: «Верим Путину!». Пасля такіх клятваў, а таксама расцяжак «Путин — сила России!», якія віселі ў час выбараў ад Смаленска да Уладзівастока, кожнаму чалавеку ясна, што дрэйф расійскага грамадства ў бок сталіншчыны працягваецца.

Сучасныя расійскія лозунгі нагадалі вядомую «Песню про Сталина», напісаную вязнем ГУЛАГа Ю. Аляшкоўскім:

В чужих грехах мы сходу признавались,
Этапом шли навстречу злой судьбе,
Но верили вам так, товарищ Сталин,
Как, может быть, не верили себе.

Зноў людзі моляцца на ідала, забываючы, што ў іх ёсць уласная галава на плячах. Няўжо нельга азірнуцца на гісторыю, успомніць, што вычваралі дыктатары ў крывавым ХХ стагоддзі, каб спыніць бясчынствы новых узурпатараў улады? Можна! Але рабіць гэта трэба было своечасова і рашуча.

Цяпер у Расіі шэрагі змагароў за свабоду невялікія і расці наўрад ці будуць. Памяняць цывілізаваным шляхам аўтарытарнага кіраўніка немагчыма, бо выбары ўкрадзены, а выходзіць у паліцэйскай дзяржаве на вуліцы і плошчы з пратэстам — боязна. Як у Беларусі, крытыкаваць дзеянні ўлады там таксама нельга. У гэтыя дні людзей, якія выступаюць супраць уводу ўзброеных сіл у Крым, звальняюць з працы.

Затое закасцянелы на абслугоўванні савецка-расійскіх босаў, непатапляльны журналіст-падхалім У. Кандрацьеў, не зважаючы на драматычныя крымскія падзеі, горда заяўляе на НТВ з выпадку адкрыцця ХІ Паралімпійскіх гульняў, што Сочы пераплюнулі Лондан, і радуецца: «Сегодня очередной триумфальный день Путина!»

Так у клубок цесна сплятаюцца шавіністычнае, мілітарысцкае вар’яцтва кіраўніка, халуйская шызафрэнія падручных і схільнасць да замбіраванасці даверлівага насельніцтва.

Кіраўнік Беларусі пачаў запалохваць грамадзян яшчэ раней. Новым сведчаннем нагнятання страху сталі папраўкі ў праект закона «О военном положении», якія накіраваны ў снежні 2013 года ў парламент. У дадатак да дадзенай магчымасці прадстаўнікам сілавых структур арыштоўваць людзей, праслухоўваць, аглядаць, правяраць памяшканні, уключаючы прыватныя кватэры, прапануецца яшчэ зняць з іх адказнасць за прымяненне зброі «па неабходнасці». Усё скіравана на тое, каб падавіць пратэст народа. Хто пойдзе на мірную маніфестацыю, калі ведае, што па ім будуць страляць сапраўднымі кулямі?

Расійская «Независимая газета» заўважае: «Мяркуючы па храналогіі падзей, папраўкі ў заканадаўства аб надзвычайным становішчы былі задуманы даўно, па выніках падзей у самой Беларусі, іншых краінах і задоўга да цяперашніх украінскіх…», а затым адзначае: «Створаная Лукашэнкам сістэма забівае іншадумства яшчэ ў зародку. У краіне, дзе той, хто аднойчы выказаўся супраць улады, аўтаматычна трапляе ў чорны спіс, а значыць, будзе мець складанасці з працаўладкаваннем і рашэннем іншых сацыяльна-бытавых праблем, не можа быць моцнай апазіцыі, здольнай да такога супрацьстаяння, як ва Украіне».

У маёй паэме «Зязюля», напісанай адразу пасля ўсталявання аўтарытарызму ў Беларусі, ёсць такія радкі:

Маленькія людзі вялікай бяды
Не маюць даўно над галовамі даху.
Іх дом, што ўрастаў у зямлю праз гады,
Накрыты цяпер не страхою, а страхам.
 
Маленькія людзі вялікай бяды
Змірыліся з гэтым, не рвуцца на волю.
Навошта?
Ім місы пустой баланды
І хлеба счарсцвелага лусты даволі.

«Маленькія людзі вялікай бяды» не зрэагавалі на ўпомненыя папраўкі да закона, на тое, што, калі іх прымуць, уладзе можна будзе беспакарана прымяняць зброю супраць мірных грамадзян, не вядуць абмеркавання ў СМІ. А без катэгарычнага супраціву людзей нішто дурное спыніць немагчыма. Беларусь — не дэмакратычная краіна, дзе парламент здольны заблакіраваць неправавы праект, прапанаваны кіраўніком. У нас усё, што ўзбрыдзе босу і яго дарадцам у галаву, беспярэчна штампуецца не абранымі, а практычна прызначанымі (ім жа!) дэпутатамі і сенатарамі.

Сучасныя кіраўнікі не хочуць быць менеджарамі, ім падавай карону цара. У «дворовых парней», што выбралі «особый путь», ад доўгай, неабмежаванай улады, якую яны на ўяўных, закрытых выбарах забяспечваюць шляхам фальсіфікацый і падтасовак, ад прысабечанага багацця даўно зносіць страху. Яны заганяюць народы ў таталітарны тупік, выпендрываюцца, каб уразіць свет, як пастарэлыя пеўні-забіякі перад маладзенькімі курамі. Баяцца іх не трэба, хоць арміі, якія яны ўзначальваюць, маюць не толькі іржавае ламачча, але і сучасную зброю. Ды той, хто пахваляецца сілай, часта аказваецца палахліўцам.

Заходнія палітыкі слаба рэалізуюць свае перавагі ў барацьбе з аўтакратамі, якія душаць правы і свабоды людзей. Яны ведаюць, з якімі монстрамі маюць справу, але размаўляюць з імі далікатна, як з нармальнымі, выхаванымі людзьмі. Гэта не прыносіць выніку. Еўропа яшчэ не зразумела, чым для яе скончыцца захоп Крыма, раздзіранне Украіны на часткі. Калі ўцяміць, будзе позна…

Прыклад заходнім палітыкам сёння паказваюць звычайныя людзі, якія на пратэстных маніфестацыях з голымі рукамі смела ідуць супраць узброеных да зубоў галаварэзаў. Загад «Баяцца!» не спрацоўвае, бо змагары за свабоду бачаць, як калоцяцца ад страху самі ўзурпатары і іхнія памагатыя.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Зона турбулентнасці

Слова Майдана

Задушаная дэмакратыя

Сталінскі тупік

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.