TOP

Зона турбулентнасці

Значная тэрыторыя былога СССР застаецца зонай палітычнай і эканамічнай турбулентнасці. Да яе належаць Беларусь і Украіна. Тое, што побач з Расіяй усім суседнім краінам ніколі не будзе спакойнага жыцця, стала ясна яшчэ ў першыя гады суверэннасці. Проста так «старэйшы брат» нікога не выпускае з цесных імперскіх абдымкаў на свабоду. 

Любоў афіцыйнай Расіі да «малодшай радні» неаднолькавая. Пакорлівая, згодная на ўсё Беларусь, дзе на троне сядзіць блізкі па духу і дзеяннях узурпатар, рэгулярна ўзнагароджваецца таннымі газам і нафтай, льготнымі пазыкамі. А Украіну з прычыны яе самастойнасці, калі не працуюць ні бізун, ні пернік, яна трымае ў «чорным целе» і чакае моманту, каб паказаць, хто ў постсавецкім рэгіёне гаспадар, каго трэба баяцца і слухацца.

Такая магчымасць з’явілася: пасля рэвалюцыйнага Майдана настаў час гэтак званай «слабой улады» — перыяд фарміравання ўраду, маштабнай рэарганізацыі, чым не прамінула скарыстацца Расія. Балбатня крамлёўскіх дэмагогаў пра братнюю любоў да ўкраінцаў вылілася ў рашэнне Савета Федэрацыі ў мэтах абароны рускамоўнага насельніцтва дазволіць прэзідэнту У. Пуціну выкарыстаць Узброеныя сілы РФ на тэрыторыі Украіны. Заўважце: не Крыма, дзе знаходзіцца Чарнаморскі флот РФ, а ўсёй Украіны! Пашча ўдава разявілася шырока.

Самае цікавае ў гэтай нецікавай, мярзотнай гісторыі тое, што ні кіраўніца верхняй палаты парламента В. Мацвіенка, якая па-халуйску арганізоўвала галасаванне за напад на суверэнную Украіну, ні яе сынок-алігарх браць у рукі аўтамат не збіраюцца. Далёкія ад такой думкі іншыя палітыкі, дэпутаты, міністры, якія з’яўляюцца адначасова звышбагатымі трымальнікамі акцый, уладальнікамі рознай нерухомасці, а таксама ўсе «расійскія патрыёты», што сядзяць на грашовых мяхах дома і за мяжой. Ваяваць пасылаюць просты люд.

Калі слухаў подлую хлусню пра ўкраінскую сітуацыю, якую істэрычна неслі з трыбуны расійскія сенатары, успомнілася іншая лухта — бясконца эксплуатуемы мясцовым узурпатарам маналог пра рускіх, што пасля развалу СССР тэрмінова выязджалі або сядзелі на чамаданах у Беларусі. Ніхто тых бежанцаў так і не ўбачыў, але язык працягвае мянташыць, а міф у свядомасці замбіраваных людзей разбурыць цяжка.

Даўно пара здаць у макулатуру байкі пра М. Хрушчова, які па п’янцы або каб дагадзіць сваёй палюбоўніцы падарыў Украіне паўвостраў Крым. Такой пабітай моллю дурнотай прыкрываюцца і сучасныя расійскія агрэсары, каб адхапіць «смачны» кавалак зямлі. А між тым ісціна простая. 60 гадоў назад афіцыйна быў прыняты закон Вярхоўнага Савета СССР аб перадачы Крыма са складу РСФСР у склад Украінскай ССР. Зроблена гэта было для лепшага гаспадарання на паўвостраве, забеспячэння засушлівых крымскіх земляў дняпроўскай вадой, хутчэйшай адбудовы разбураных вайной гарадоў і сёл.

Крывавы тыран І. Сталін пакінуў тут змрочную спадчыну, калі выкінуў са сваёй радзімы, паслаў на пакуты розныя народы. З вялікай цяжкасцю, з эксцэсамі, на працягу доўгага часу адбываецца вяртанне тых, хто выжыў, дахаты. Людзі многіх нацыянальнасцей — рускія, украінцы, татары, яўрэі, грэкі, беларусы, армяне пачалі жыць больш-менш мірна, але не ўсім гэта падабаецца. На жаль, расійскія і ўкраінскія ўлады за гады незалежнасці не сумелі данесці да людзей горкую праўду гісторыі, прыцішыць эмоцыі, развеяць да канца падазронасць.

Праўда сённяшняга часу заключаецца ў тым, што ў Крыме расійскія войскі выйшлі за тэрыторыю базіравання, пачалі захопліваць аэрапорты, нападаць на ўкраінскія ваенныя часткі, рабаваць зброю. А мясцовыя «шасцёркі», якіх ва ўладу ўпіхнула Расія, каб яны звярнуліся да яе па дапамогу, не разумеюць, што троны ў іх часовыя, што выбіцца ў «князі» не давядзецца. Проста з-за непатрэбнасці «адпрацаванага матэрыялу».

На дэстабілізацыю сітуацыі ва Украіне даўно працуе армія прафесійных правакатараў як звонку, так і ўнутры, як з доўгім языком, так і са зброяй у руках. Дзіўныя выразы гучаць у расійскіх СМІ ў адрас дэмакратычных украінцаў: «фашисты», «нацисты», «бандеровцы», «молодчики», «радикалы», «террористы», «люди боятся новых провокаций националистов», «кучка людей захватила власть» , «наши войска должны оставаться до нормализации обстановки», «если западники станут у власти, то майдан на Красной площади в Москве нам будет гарантирован». Па-першае, хто вы такія, каб «нормализовать обстановку» у суверэннай краіне? Па-другое, не там шукаеце вінаватых, кожны народ ставіць на месца свайго ўзарпатара сам! Паўтаруся яшчэ раз — вінаваты тыя, хто ўседазволенасцю, нахабствам, цынізмам, сквапнасцю даводзіць насельніцтва да рэвалюцыі. Гэта ведаюць сумленныя людзі на ўсёй планеце і таму кажуць: «Рукі прэч ад Украіны!»

Расійска-ўкраінскі канфлікт, які стаў буйнейшым міжнародным скандалам і можа перарасці ў сапраўдную вайну, змушае і беларусаў задумацца над уласнай нягеглай доляй.

Тутэйшым кіраўнікам-халяўшчыкам, якія арганізоўваюць за чужы кошт найперш камфортныя ўмовы сабе, родзічам і свайму клану, а затым больш-менш негалоднае жыццё і ўсяму насельніцтву, здаецца, што яны — героі. Безумоўна, спажываць дабро суседа, выкарыстоўваць, размяркоўваць атрыманае — лёгка. Але беларуская забяспечанасць — падманлівая. Па-першае, кіраўніку даводзіцца бясконца быць жабраком, займацца лавіраваннем, хітрыкамі, шантажом. Па-другое, расійская халява можа раптоўна спыніцца, сякера эканамічнага краху пастаянна вісіць над народам і краінай.

Амаль два дзесяцігоддзі аўтарытарны рэжым не ўмацоўваў незалежнасць Беларусі, а наадварот — здаваў яе. Страчаны статус нейтральнай дзяржавы, вырасла расійская ваенная прысутнасць, распрадаецца агульнанародная маёмасць: зямля, прадпрыемствы, будынкі. Цяпер краіна, як ніколі раней, наблізілася да «Северо-Западного края Российской империи», яе не трэба і заваёўваць.

Нягледзячы на дэкларуемыя ўладай стабільнасць, знешні спакой, парадак, Беларусь не выйшла з зоны турбулентнасці. Такі стан у любы момант можа скончыцца эканамічнай, а затым палітычнай і ўвогуле нацыянальнай катастрофай. Беларусам трэба тэрмінова мяняць свае адносіны да ўласнага лёсу. Слушна піша вучоны, дыпламат і публіцыст П. Садоўскі ў артыкуле «Зямля тутэйшых»: «Калі мець адпаведныя законы, што развяжуць ініцыятыву «тутэйшых» з улікам іх гістарычнага спадчыннага маёмаснага права перш за ўсё на зямлю, якое зарабілі іхнія прадзеды, дзяды і бацькі на працягу апошняга стагоддзя, жыццё павернецца да лепшага. У нас яшчэ ёсць агульны не да канца расцярушаны скарб — гісторыя, мова, культура. Гэта база для яднання, для разумення, што некалі трэба рабіць гістарычны выбар. Часу ў нас — прыблізна на паўпакалення. Яшчэ адно дзесяцігоддзе сяброўства ў «Саюзнай дзяржаве» з нашым суседам — і свайго ў нас амаль нічога не застанецца».

Пакуль у трох суседніх краінах не наладзіцца дэмакратычнае, прававое, цывілізаванае жыццё, датуль наверсе ўзурпатары і іхнія халуі будуць абдымацца і раскрадаць народнае багацце, а звычайныя людзі ўнізе ўкалваць на іх і нават праліваць невядома за што сваю кроў.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Легiтымнасць крытыкі

Задушаная дэмакратыя

«Піяністы» і «экстрэмісты»