TOP

Паўла Вінаградава арыштавалі на 25 сутак

Грамадзкага актывіста Паўла Вінаградава прызналі вінаватым у непадпарадкаваньні міліцыі і нецэнзурнай лаянцы. 

Паводле абодвух абвінавачваньняў ён атрымаў па 15 сутак. Часткова склаўшы два гэтыя пакараньні, агульны тэрмін скарацілі да 25 сутак.


Павал Вінаградаў размаўляе з жонкай у судзе

Супраць Вінаградава сьведчылі супрацоўнікі міліцыі Ўладзімер Данчанка і Алег Кратасевіч. Іхныя паказаньні супярэчылі адно адному.

Вінаградаў прасіў судзьдзю Тацяну Матыль зрабіць запыт у міліцыю Маскоўскага раёну Менску — паказаць на працэсе здымкі камэраў назіраньня, каб спраўдзіць, ці сапраўды ён парушаў закон.

Матыль сказала, што зробіць такі запыт.

Пасьля перапынку судзьдзя паведаміла, што менавіта ў той дзень камэры назіраньня не працавалі, таму што быў рамонт.

На самым пачатку разгляду справы Вінаградаў заявіў пра адвод судзьдзі.

Матываваў ён сваю заяву тым, што Матыль яго ня раз судзіла, і ейныя выракі не былі справядлівыя.

Раней Матыль арыштавала на 15 сутак Аляксандра Арцыбашава.


Аляксандар Арцыбашаў

Вінаградаў заявіў: яго і Арцыбашава хочуць «закрыць» напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы (23 сакавіка) і Дня Волі (25 сакавіка).

Увечары 13 сакавіка Аляксандар Арцыбашаў прыехаў на машыне да пастарунку, каб забраць адтуль Паўла Вінаградава, які прыходзіў адзначацца. Але калі Вінаградаў выходзіў з пастарунку, яго затрымалі міліцыянты.

Потым ДАІ затрымала й Арцыбашава. Ноч яны правялі ў турме на Акрэсьціна.

Алег ГРУЗЬДЗІЛОВІЧ, Радыё Свабода

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.