БТ і «Белсат»: хто каго?!
Былы намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі, які вёў дэбаты кандыдатаў на першых прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе, Эдуард Мельнікаў сёння выкладае ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце і вядзе ток-шоў «Форум» на тэлеканале «Белсат».
Што тэлевядучы і медыяэксперт думае пра з’яўленне перадачы з такой самай назвай на дзяржаўным тэлебачанні? Як ацэньвае ўзровень культуры вядзення дыскусій беларускімі палітыкамі? І што госці перадачы будуць абмяркоўваць у бліжэйшых выпусках?
— 30 сакавіка ў эфіры «Белсату» — «Форум» да 150-годдзя з дня смерці Кастуся Каліноўскага. Постаць актуальная. Вось я задаў пытанне: як бы вы назвалі чалавека, які заклікаў забіваць чыноўнікаў, жаўнераў? Экстрэмістам, тэрарыстам… Але адкуль на беларускіх землях і блізка іх столькі паўстанняў, рэвалюцый? Амаль на кожнае пакаленне? Таму што людзі паўставалі супраць знявагі і прыгнёту. Натуральна, не абысціся без паралеляў у сённяшні час. Майдан, Плошча… Яшчэ адзін момант для дыскусіі — рэвалюцыі памяркоўным шляхам і гвалтоўныя. З аднаго боку, пытанне: ці гатовы вы ў выпадку гвалтоўнай рэвалюцыі на самае жудаснае? А з другога — памяркоўны супраціў зараз у нас не працуе, гэта дакладна. Таму напружанасць расце. З гэтага штосьці адбудзецца. Так ці інакш.
Што сталася са школьнай адукацыяй — тэма перадачы 13 красавіка. Тут таксама шэраг цікавых аспектаў. Сістэма адукацыі разбурана, настаўніцкая вольніца скасавана. З вучняў робяць адмысловы ідэалагічны «гатовы прадукт». Адна настаўніца на перадачы распавяла, як іх зачынілі і прымусілі ўступіць у «Белую Русь» пад пагрозай звальнення. А чаму прыгонны настаўнік можа навучыць дзяцей? Прыгоннаму мысленню толькі. Якраз такія вось «гатовыя прадукты» потым у якасці чыноўнікаў і начальнікаў нішчаць людскую годнасць, не бачаць людзей ва ўпор. Пра такія выпадкі мы расказваем ў іншай перадачы на «Белсаце» — «Маю права».
— Ці не ёсць праблемай для вашай перадачы тое, што міжсобку практычна дыскутуе адзін бок — так званая дэмакратычная супольнасць? Здагадваюся, што запрасіць на «Белсат» дзяржчыноўніка няпроста, але ці робяцца хоць бы спробы?
— Я заўсёды звяртаюся: «Спадарства чынавенства, калі ласка,прыязджайце, але рыхтуйцеся атрымаць нязручнае пытанне!» Бывае, чыноўнікі пагаджаюцца, мяркуючы, што гаворка пра «Форум», які ёсць і на БТ, але потым адмаўляюцца. Ды нават з дзіцячага садку не паедуць пасля абавязковых кансультацый з ідэолагам! Праблема маецца, хаця завочную дыскусію намагаемся трымаць: даем фрагменты выступаў прадстаўнікоў дзяржаўных органаў улады на прэс-канферэнцыях, міжнародных семінарах, куды можам патрапіць.
Зрэшты, нямала тэмаў, калі сярод дэмакратычнай супольнасці хапае супярэчлівых пазіцый — і адпаведна жывых спрэчак. Падчас тых самых палітычных дыскусій бываюць сапраўдныя бойкі. Неяк абмяркоўвалі эканамічныя праграмы партый, дык мне давялося спыніць перадачу, бо час выйшаў, а яны ўсё горача дыскутавалі.
Разам з тым, дастаткова апазіцыйных палітыкаў, якія не ідуць на дыскусію, ухіляюцца, бо прывыклі да маналогу ў незалежных СМІ. Іх журналісты папросту разбэсцілі прадстаўленнем рупару замест таго, каб задаваць вострыя пытанні, каб прымусіць паламаць галаву, падумаць. Некаторыя пасля эфіру «Форуму» наракаюць, што яго перабілі, не далі як след часу прамаўляць. Бо хацелася 15 хвілін выступаць. Гэта няўменне працаваць з рэальнай грамадскай свядомасцю — ну як іх будуць слухаць людзі на нейкім мітынгу?! У тэлевізары часам 40 секунд ператрымаеш кагосьці — усё, цягамоціна…
— Самі ці заводзіцеся?
— Я магу наўмысна паддзець удзельнікаў перадачы, каб гутарка вастрэй пайшла. Мяжы не пераходжу, але без непрыемных, нязручных, нечаканых пытанняў немагчыма. Каштоўна, калі чалавек можа «адбрыць», адказваючы на такое пытанне вядучага ці апанента і яшчэ пры гэтым думку новую данесці. Такі понг-понг — аснова інфармацыйна-публіцыстычнага кантэксту.
Цяпер вось цікава было б даведацца, што тыя самыя былыя кандыдаты ў прэзідэнты думаюць пра ўнутрыпалітычныя і знешнепалітычныя варункі вакол Украіны, бо гэта ўплывае і на лёс беларусаў.
Заўважыў, што тыя, у каго паслядоўная пазіцыя, смела ідуць на дыскусію, не баяцца падставіцца пад пытанні. Сярод палітыкаў, напрыклад, Шушкевіч — абсалютна медыйны чалавек: грунтоўна мысліць, бачна, як выбудоўвае адносіны з аўдыторыяй — дакладна, экспрэсіўна фармулюе думкі. Лябедзька добра кажа, Калякін, Кастусёў. Эканамісты Заіка, Залескі, прадпрымальнікі Змітровіч, Балыкін, шмат хто яшчэ. Я тут не ацэньваю іх пазіцыю, погляды, а як мадэратар кажу.
Усцешна, што «Форум» выхоўвае медыйныя постаці ў грамадскім ландшафце. Госці кажуць, што потым іх пазнаюць на вуліцах.
— Вам давялося ў свой час папрацаваць на БТ, засяроджваючы па той бок экрана вялікую аўдыторыю. На «Белсаце» яна меней. Ці няма праз гэта шкадавання, што рэзананс не такі, які быў і мог бы быць?
— Давайце абапірацца на лічбы. Глядацкая доля БТ, гэта тры каналы, цяпер складае тыя самыя 8%, што і ў «Белсата». Асобна стаіць АНТ, якое паразітуе на прадукцыі расійскага Першага канала. З большага забаўляльнай. Але ж магчымасці БТ і «Белсата» непараўнальныя — тэхнічнае забеспячэнне і фінансаванне шматкроць лепей. Мы ж працуем у напаўпадпольных умовах, крыніцы інфармацыі абмежаваныя…
Але пусціце нас у кабельныя сеткі, дайце роўныя ўмовы, тады паглядзім, хто каго будзе глядзець! Гэткую «канкурэнтнасць» камунікацыйнай сітуацыі разумеюць тыя, «каму трэба». І вырашылі ўжыць на сваю карысць. Спачатку з’явілася ток-шоў з красамоўнай назвай «Ответный ход», прычым спачатку з тымі самымі тэмамі, што павінны былі быць праз тыдзень у нас. Ну, а потым наогул стварылі перадачу з такой самай назвай, як у нас — «Форум». Невыпадковасць такіх супадзенняў — відавочная.
Дарэчы, гэтая перадача на БТ няблага робіцца. І жвавасць ёсць, і пэўная вастрыня. У межах дазволенага, вядома.
І лепей вось такая творчая канкурэнцыя, чымьсці калі нашы здымачныя групы АМАП брутальна кладзе на зямлю ці падлогу!
«Белсат» — першае незалежнае тэлебачанне ў Беларусі, бясплатны тэлеканал на беларускай мове, які транслюецца праз спадарожнікі «Astra 4A» (4.8° E), Eutelsat 33 (33° E) і ў інтэрнэце на www.belsat.eu. У эфіры «Белсату» штодня з 19-й гадзіны свежыя навіны і каментары цягам інфармацыйна-публіцыстычнага вечара, а таксама дакументалістыка, культурніцкія і забаўляльныя праграмы, мастацкія фільмы, серыялы.
Фото Антона СУРЯПИНА