TOP

Паміж пеклам і раем

Сілавы ціск Расіі на Украіну — гэта не проста імперскае памкненне, спроба пад шумок адхапіць у суседкі, знясіленай бяздарнымі кіраўнікамі і павальнай карупцыяй, спакуслівы кавалак зямлі, павыхваляцца вайсковай мускулатурай. Ён мае старыя, жывучыя карані, выяўляе трагічнасць постсавецкіх рэалій. 

Пралітая кроў, ахвяры на Майдане ў Кіеве, у Харкаве, Данецку, як раней у Тбілісі, Вільнюсе, Маскве, застануцца на сумленні людзей, якія ніяк не могуць выкінуць з галавы сталінскія міфы, адпрэчыць злачынную ідэалогію таталітарызму.

Расія лічыць сябе паўнапраўнай пераемніцай СССР. Што ж за спадчыну ёй пакінулі бальшавікі, якімі кіравалі Ленін і Сталін? У рэдакцыйным артыкуле часопіса «Звезда» (№ 12 за 2013г.) пра іхнія гістарычныя дзеянні сказана так: «Спровоцировали кровавую гражданскую войну, разгромили крестьянство, навсегда подорвав отечественное сельское хозяйство, уничтожили или загнали в лагеря миллионы невинных людей, уничтожили или изгнали из страны цвет русской интеллигенции, своей внешней политикой привели к власти и вооружили Гитлера, в позорной войне с Финляндией положили, по официальным данным, около 150 тысяч солдат, не говоря уже о более чем 300 тысячах раненых и обмороженных, сумели так подготовиться к войне с Гитлером, что в первые месяцы потеряли только пленными 2,5 миллиона человек, и понадобились опять-таки колоссальные жертвы и усилия народа, чтобы спасти страну».

Змрочны пералік закрануў і не менш складаны пасляваенны час: «Ограбив страну, вытянув из нее все соки для построения военно-бюрократического монстра, они (бальшавікі. — С.З.) не смогли создать ни жизнеспособной экономики, ни достойной жизни — по сравнению с другими развитыми странами — своим гражданам. А в конце концов проиграли и «гонку вооружений», и экономическое соревнование вообще».

Многія савецкія людзі, якія верылі ва ўтопію і будавалі камунізм, пасля развалу СССР перанеслі сваё кандовае ідэалагічнае выхаванне ў незалежныя краіны, атруцілі ім розум дзяцей, унукаў. Гэты негатыўны працэс высвечвае выснова аргенцінскага пісьменніка Х. Борхеса: «Камунізм прапануе пекла і абяцае рай. Капіталізм запэўнівае, што, каб не скаціцца ў камуністычнае пекла, неабходна па-ранейшаму весці заўсёднае суровае жыццё. Людзі, натуральна, аддаюць перавагу камунізму».

«Любоў да камунізму» сярод беларусаў, расіян і ўкраінцаў выяўляецца ў тым, што шмат людзей, як раней, спадзяюцца на дзяржаву, не становяцца ініцыятыўнымі, гаспадарлівымі, самадастатковымі грамадзянамі.Тое ж самае адбываецца і з цэлымі краінамі. Напрыклад, Беларусі адразу трэба было будаваць узаемаадносіны з Расіяй не на выпрошванні халявы ў багатай суседкі, не на бясконцых крыўдах і шантажы, калі падачкі змяншаюцца, а на дакладнай праграме развіцця эканамічнага, навуковага і культурнага супрацоўніцтва, зыходзячы з рэальных умоў. Гэта тычыцца і стасункаў з іншымі краінамі.

Такі шлях у перспектыве застаецца, але як выйсці на яго з задушлівых абдымкаў Крамля, з крывых, аблудных сцяжын, на якіх дваццаць гадоў топчацца афіцыйны Мінск? Пакуль што Беларусь гандлюе незалежнасцю, працягвае паблажліва патураць імперскім памкненням Расіі, якая трымае сваю — часам брыклівую — саюзніцу пад каўпаком.

Знаходжанне паміж пеклам і раем мільёнаў беларусаў, расіян і ўкраінцаў змушае ўспомніць і савецкі суперінтэрнацыяналізм, які тасаваў народы, раскідваў іх па гіганцкай тэрыторыі ад Брэста да Уладзівастока, знішчаў нацыянальныя школы і ВНУ, выкараняў мясцовыя традыцыі і звычаі, прывёў да таго, што сёння па Маскве маршыруюць калоны ў чырвонай уніформе з мілітарысцкай сталінскай песняй: «Если завтра война, если завтра в поход».

З кім жа збіраюцца змагацца расійскія ваякі, якія абапіраюцца не на ўнутраныя і міжнародныя законы, а на неататалітарызм? Ніколі не паверыце — з братамі-украінцамі! Вось чым заканчваецца русіфікацыя, савецкая і любая іншая фальшывая ідэалогія.

Я ахопліваю позіркам тэрыторыю былога Савецкага Саюза, яго гісторыю. Блакадны Ленінград. Май 1942 года. Люты голад. Загадчыца планавага аддзела 7-й ГЭС Ірына Зяленская вядзе дзённік, у якім расказвае, як старэнькі бухгалтар Аляксандр Аляксандравіч цудам здолеў пракарміць зімою сваіх сабачак, хоць ужо не раз выносіў ім смяротны прысуд. Але прыйшла пара развітацца. Ён прывёў сабак на станцыю, каб ахоўнік іх застрэліў, а тушы забраў яго вечна галодны калега Борхаў. На нейкі час застрэленыя сабакі засталіся без прыгляду, і адну з іх скраў Новікаў, «человек, дошедший до полной размагниченности уже давно и в очень противной мелочной форме».

Ірына далей піша: «Его поймали, когда он уже сдирал шкуру с краденой собаки. Александр Александрович и Борхов пытались предъявить свои права на нее, но остались ни с чем: Новиков вцепился в свою добычу и после всякого вранья просто заявил, что он собаку не отдаст. А когда Борхов интеллигентно ему заявил: «Ведь вы же чужую собаку стащили, так же не делают», — тот ответил: «Теперь все можно».

Для мяне жудаснае тое, што ў нашы дні, калі няма голаду, калі кіраўніцтва Расіі літаральна купаецца ў нафтавых і газавых доларах, засоўваючы значную частку ва ўласныя кішэні, яно паводзіць сябе з украінскім Крымам так, як дахадзяга Новікаў з чужым сабакам у час блакады.

Сапраўды, цяпер усё можна. Ніхто не хоча жыць па законах, выхоўваць у сабе ўнутраную свабоду, якая падразумявае выкананне маральных нормаў, адказнасць за свае ўчынкі.

А знешняя свабода для аўтарытарных кіраўнікоў, чыноўнікаў, алігархаў, сілавікоў, для многіх людзей гэтак званай новай фармацыі азначае вольніцу, разбой, што выяўляецца паўсюдна.

Але ёсць іншыя прыклады. Украінскі Майдан, як бы на яго ні нападалі з паклёпамі, паказаў самаарганізацыю людзей, узаемную павагу, здольнасць падтрымліваць дысцыпліну і парадак у экстрэмальных умовах, чаму можа павучыцца любы народ. У суседняй, братняй краіне адбылося тое, пра што напісаў расійскі паэт Д. Самойлаў: «Люди хотят непосредственной демократии, не «буржуазной» и не «социалистической», а той, в которой ничем не оправдываются пытки, ложь, зажатые рты, угнетенная совесть, не той, которая существует в эмпиреях государства для полубогов, а истинной, очеловеченной, домашней, городской, повседневной».

Дэмакратычная, чалавечная сістэма кіравання патрэбна Беларусі. Безліч невырашальных лакальных праблем, пра якія пішуць або паведамляюць па тэлефоне чытачы, — гэта паказчык вялікай бяды народа, у якога адабралі магчымасць шляхам сумленных выбараў замяніць несвабоду на прававое, прыстойнае жыццё. Практыка паказвае, што няма ніякай управы не толькі на вярхі, але і на дробных чыноўнікаў.

Тым не менш, нягледзячы на невераемны ўціск, беларусам трэба змагацца за свае правы і свабоды, бо за іх гэта ніхто не зробіць. Пакуль жа яны сядзяць у аўтарытарным балоце паміж пеклам і раем, слухаюць зацяганыя да дзірак, «грозныя» прамовы кіраўніка, бадзёрую хлусню беларускага і расійскага тэлебачання, рыхтуюцца галасаваць невядома за каго на мясцовых выбарах.

Луста хлеба і міса супу на стале ёсць, шыбеніц на плошчах няма, значыць — жыць можна…

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Загадана баяцца

Зона турбулентнасці

Задушаная дэмакратыя

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.